Оператор ЗСК Николай Бурин из ОАО «Гастелловское» доводит зерно нового урожая до нужной кондиции

Слесар Мікалай Бурын: «Вялікі гонар звацца гастэлаўскім хлебаробам»

Мікалаю БУРЫНУ з ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага раёна праца ў радасць з дзяцінства. Аддаючы маці грошы, заробленыя летам на збожжатоку, ён адчуваў сябе шчаслівым чалавекам. Зямля спрадвеку карміла яго продкаў. Бацькі трымалі карову, свіней, хатнюю птушку, усёй сям'ёю ўпраўляліся па гаспадарцы.

З татам і братамі Мікалай касіў травы, хадзіў за плугам, даглядаў сад, апрацоўваў агарод. Пасля атрымання атэстата сталасці ў Сеніцкай сярэдняй школе адразу пайшоў працаваць у майстэрню, вывучыўся на слесара па рамонце сельгасмашын. Прафесійны вопыт набываўся паступова, затое цяпер нават з самай складанай тэхнікай Мікалай Мікалаевіч спраўляецца паспяхова. Выконвае і абавязкі аператара камп'ютарызаванага зернесушыльнага комплексу — з пачатку жніва і да позняй восені займаецца дапрацоўкай збожжа. Гаспадарка славіцца рэкорднымі ўраджаямі сельгаскультур, намалоты зерневых дасягнулі амаль сотню цэнтнераў на круг. 

За шматгадовую руплівую працу, значны асабісты ўклад у развіццё АПК, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў перадавы хлебароб узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Плённая дзейнасць адзначана таксама ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча і Мінскага аблвыканкама. У складзе дэлегацыі неаднаразова прадстаўляў гастэлаўскую гаспадарку на раённым свяце-кірмашы «Дажынкі», дзе адзначаўся дыпломамі і атрымоўваў каштоўныя падарункі. Партрэт перадавіка ўпрыгожваў дошку Гонару сельгаспрадпрыемства, яму прысвоена званне «Заслужаны работнік ААТ «Гастэлаўскае».


Невялікую івацэвічскую вёску Даргужы, што ўдалечыні ад шумных гарадоў і аўтамагістраляў, з усіх бакоў акружаюць мурожныя лугі і хлебныя нівы. Звілістая неглыбокая рачулка стужкай абвівае навакольную мясцовасць і поўніць крынічнымі водамі Грыўду — прыток паўнаводнай ракі Шчары. У былыя часы на прыбярэжным лузе ўлетку звінелі косы: уся вёска выходзіла на сенажаць. Вясёлымі галасамі абуджалася наваколле, а пасля дружнай працы вяскоўцаў на прыбранай лугавіне вежамі ўзвышаліся стагі сена. У сэрцы Мікалая Бурына застаўся ўспамін пра сядзібу дзядулі Аляксандра і бабулі Соф'і, якія жылі ў суседняй вёсцы Гладышы. Непадалёку ад падворка знаходзілася пачатковая школа, дзе вучыліся іх унукі. Мікалай скончыў тут два класы.

— На жаль, зрэдку бываў у мілым сэрцу куточку, — іскрынкі ўспыхнулі ў вачах Мікалая Бурына. — У нашай вёсцы Даргужы (там налічвалася некалькі падворкаў) школы не было. З братамі Віктарам і Васілём хадзілі на заняткі за некалькі кіламетраў, часам заставаліся ў дзядулі і бабулі. Дзеля нас бацькі вырашылі пераехаць бліжэй да сталіцы. Купілі дом у прыгараднай вёсцы Скарынічы, абсталявалі яго, навялі парадак на сядзібе. Маці пайшла даіць кароў на жывёлагадоўчую ферму вядомага калгаса імя Гастэлы, тата (раней працаваў бухгалтарам у івацэвіцкім калгасе) пасля пераезду на Міншчыну пасвіў гастэлаўскі статак. На скарыніцкай ферме было шмат ручной працы, з братамі дапамагалі матулі на ферме: раздавалі кармы жывёле, раздойвалі першацёлак, убіралі памяшканне. Стамляліся моцна, а трэба было яшчэ ўпраўляцца па хатняй гаспадарцы. У час летніх канікул працавалі на калгасным збожжатоку. Без справы ніколі не сядзелі. Старэйшы брат Васіль захапіўся веласпортам. Скончыў сталічны інстытут фізкультуры і ўладкаваўся спартыўным інструктарам у калгас імя Гастэлы. Потым вырашыў перакваліфікавацца ў аўтаслесары і займаўся гэтай справай да выхаду на заслужаны адпачынак. 

— А хто паўплываў на ваш жыццёвы выбар?

— Напэўна, дзядуля Аляксандр Бурын. Слыў ён руплівым гаспадаром і мяне з братамі да працы на зямлі прывучаў. Любіў слухаць яго ўспаміны пра неспакойныя падзеі Грамадзянскай вайны. Служыў ён у кавалерыйскай дывізіі знакамітага савецкага маршала Сямёна Будзённага, шмат цікавага пра яго расказваў. Прымаў удзел і ў змаганні з белапалякамі. Гаварыў, што на кані (быў той хутканогі, паслухмяны) гнаўся за ворагам. Адгрукацела Грамадзянская — дзед вярнуўся да мірнай працы на зямлі: вырошчваў хлеб, гадаваў жывёлу. 

Івацэвіцкая зямля, адкуль мае радавыя карані, багатая на слынных асоб. Усяму свету вядома імя земляка Андрэя Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША. Каля былога фальварка Мерачоўшчына, дзе нарадзіўся знакаміты беларус, адкрыты мемарыяльны музей-сядзіба. З гэтых мясцін і беларускі пісьменнік Яраслаў Пархута. 

Больш як сорак гадоў таму наша сям'я перабралася на Міншчыну, але родныя мясціны не забываем. У вечнасці спачываюць дзядулі і бабулі, а іх мудрыя запаветы заўсёды ў сэрцы: не квапіцца на чужое, не зайздросціць нікому, працай услаўляць род, жыць прыстойна. З жонкаю Галінай Іванаўнай менавіта так імкнуліся выхоўваць дачок Вікторыю і Марыну.  

— Ці помніцца бацькоўская хата, дзе зрабілі першы крок?

— Асацыіруецца ў мяне з духмяным пахам жытнёвага хлеба, выпечка якога нагадвала сапраўдны рытуал. Маці загадзя замешвала муку з рошчынай і ставіла дзяжу ў цёплае месца, каб цеста падышло. З раніцы запальвала дровы ў печы і на спецыяльнай шырокай лапаце падавала яго на зыркі чарэнь. Пакуль хлеб выпякаўся, у хаце панавала цішыня. Нам з братамі не цярпелася паспрабаваць адламаную ад бохана скарынку. Яе непаўторны пах і праз гады ні з якім іншым не пераблытаць. Няма ўжо нашай хаты… З далёкага дзяцінства не магу забыць, як з сябрамі-равеснікамі забаўляліся на возеры каля вёскі Перасадзічы. Плаваць я не ўмеў і амаль не патануў (ускочыў у глыбокую ўпадзіну). Хлапчукі з берага ўбачылі і кінуліся ратаваць мяне. Бацькам не расказаў пра здарэнне, доўга баяўся ступіць нагой у ваду. А вось парыбачыць люблю. Набыў розныя прыстасаванні, цяпер у вольны час імчу на легкавіку да асіповіцкай вёскі Лапічы, на Свіслач. Нядаўна на спінінг выцягнуў шчупака вагою больш за шэсць кілаграмаў і папрасіў сяброў сфатаграфаваць мяне з такім багатым уловам. На час жніва пра гэта хобі забываю: на першым плане праца на зернесушыльным комплексе. У нас ён камп'ютарызаваны, на маніторы адлюстроўваецца ўвесь тэхналагічны працэс. За суткі перапрацоўваем да 300 тон збожжа. У гаспадарцы жніво пачалося з абмалоту пасеваў азімага ячменю. Засуха адмоўна паўплывала на ўраджайнасць: зерне паступае з поля непераўвільготненым, агрэгат апрацоўвае большую колькасць збажыны.

— Мікалай Мікалаевіч, кіраваць такім высокатэхналагічным абсталяваннем, увогуле выконваць абавязкі слесара па рамонце сучасных сельгасмашын — справа складаная. Дзе гэтаму вучыліся?

— Пасля атрымання атэстата сталасці ў Сеніцкай сярэдняй школе звярнуўся да тагачаснага старшыні калгаса імя Гастэлы Яўгена Сямёнавіча Ліўшыца з просьбай прыняць мяне на працу. Кіраўнік нашу сям'ю добра ведаў: за высокія надоі малака маці Марыя Сяргееўна атрымала ордэн «Знак Пашаны» і ганаровае званне «Заслужаны калгаснік калгаса імя Гастэлы», а бацька Мікалай Аляксандравіч быў у ліку перадавых жывёлаводаў. Старшыня часта бачыў, як я дапамагаў матулі даіць калгасных кароў, і прапанаваў заняцца слясарнай справай. Замацавалі мяне за групай рамонтнікаў сельгасмашын. Корпаўся ў вузлах і дэталях, не ўсё атрымлівалася, але перамагло жаданне навучыцца. А калі з'явілася мажлівасць паспрабаваць сябе на ЗСК, з ахвотаю ўзяўся за гэта. Мне пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам вопытнага спецыяліста Мікалая Штыбіна, ён мой настаўнік. Тэхналагічнае абсталяванне ЗСК замянілі на імпартны камп'ютарызаваны ЗСК «Рыела», яго прапускная сутачная здольнасць — 50 тон зерня. Неаднаразова Мікалай Паўлавіч выходзіў у прызёры абласнога і раённага спаборніцтваў сярод загадчыкаў зернесушыльных комплексаў, зараз узначальвае вытворчую брыгаду гаспадаркі. ЗСК абслугоўваем з маладым спецыялістам Віталём Галасем. 
Жніво ў гаспадарцы пачалося з абмалоту азімага ячменю. Працуем пазменна па 12 гадзін, потым пачнём даводзіць да кандыцыі зерне пшаніцы, трыцікале, яравога ячменю. Сёлета яно паступае сухім, павысілася прапускная здольнасць агрэгата (рэжым яго дзейнасці рэгулюецца аўтаматычна). Для прафілактыкі спыняем на некалькі гадзін, у час сушкі збажыны сочым на маніторы за тэмпературай зерня і самой печы. Затым ячмень рыхтуем для фуражу. Насенны матэрыял збожжавых будзе даводзіцца да неабходнай кандыцыі на ЗСК побач, на ім іншая сістэма ачысткі збажыны. 
На хлебную ніву выведзена сем збожжаўборачных камбайнаў. У мінулыя гады больш як па дзве тысячы тон зерня намалочвалі за сезон механізатары Андрэй Таляронак і Алег Царэнка. Некалькі гадоў запар яны перамагалі ў спаборніцтве сярод уборачных экіпажаў рэспублікі. У ліку лепшых на раённых «Дажынках» неаднаразова былі і вадзіцелі, занятыя на перавозцы збожжа. Агранамічная служба гаспадаркі робіць стаўку на вырошчванне такіх сартоў сельгаскультур, якія больш спрыяльна вытрымліваюць засуху і іншыя экстрэмальныя сітуацыі. 

На ЗСК хопіць спраў да глыбокай восені. Пасля ўборкі зерневых на спецыяльным абсталяванні пачнём пратручваць насенне для азімай сяўбы, а завершым сезон на збожжатоку дапрацоўкай абмалочанага насення кукурузы. Потым вярнуся да свайго асноўнага занятку на жывёлагадоўчым комплексе — абслугоўвання механізмаў. Таксама прымаю ўдзел у рамонце сельгастэхнікі, каб вясною без праблем выйшла ў поле.

На збожжаток па некалькі разоў на дзень завітвае дырэктар Станіслаў Часлававіч Сакалоўскі. Цікавіцца, ці ўсё ладна ідзе. Аглядае ачышчанае зерне, каб не было пераўвільготненым. Ён чалавек прынцыповы, патрабуе спраўляцца з палявымі работамі якасна і ў вызначаны тэрмін. 

— Больш як дваццаць гадоў працуеце ў адной з лепшых гаспадарак рэспублікі. Сваім жыццёвым выбарам задаволены?

— Вялікі гонар звацца гастэлаўскім хлебаробам. Усё ладзіцца, і ў хаце парадак. Жонка Галіна Іванаўна — цудоўная гаспадыня (вырасла ў працавітай палескай сям'і), і гэта на генным узроўні перадалося дочкам. Колькі радасці было, калі пачулі, што мяне ўзнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».
Усе разам адпраўлялі на ўрачыстасць, якая праходзіла ў сталічным Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Паціснуўшы руку, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Турчын падзякаваў гастэлаўскім перадавікам за поспех на хлебнай ніве і пажадаў новых здзяйсненняў. Нас запрасілі ў Палац Рэспублікі, а потым у Палац Незалежнасці на ўрачысты сход з удзелам Прэзідэнта. Неаднаразова кіраўнік дзяржавы бываў у нашай гаспадарцы. Памятаю, як аглядаў збожжаток, гутарыў з хлебаробамі. Ён, як чалавек з народа, цудоўна ўсведамляе і асэнсоўвае, што харчовая небяспека краіны — аснова эканамічнай небяспекі. Залежыць яна ад старання кожнага на сваім працоўным месцы.
— Мікалай Мікалаевіч, што значыць для вас аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Без трывалага міру немагчыма нічога стварыць. Асабліва гэта актуальна зараз, калі паблізу з нашымі межамі грымяць выбухі, узрываюцца бомбы і міны. Мяне непакояць гэтыя падзеі. У нас з жонкай Галінай Іванаўнай падрастаюць трое ўнукаў, турбуемся, як складзецца іх лёс. Мне пашчасціла нарадзіцца і жыць пад мірным небам, пра агнявыя саракавыя раней чуў толькі ад старэйшых. Шмат сваякоў па лініі маці загінулі. Самаадданай працай усе разам павінны мацаваць краіну, каб яна станавілася магутнай і ні ад каго не залежала. Уключаеш тэлевізар і толькі чуеш пра ваенныя падзеі. Такое напружанне адчуваў, калі служыў у арміі: тады ў Польшчы склалася няпростая палітычная сітуацыя. Нас перавялі на казарменнае становішча, і мы чакалі загаду для адпраўкі навесці парадак у палякаў. Як важна, калі кладзешся спаць і ведаеш: твой сон ёсць каму зберагаць.

— Дзе вам выпала служыць?

— Пасля прызыву нас, навабранцаў, адправілі ў крымскі горад Сакі. Раней ніколі не выязджаў нікуды з Беларусі, а тут упершыню ўбачыў мора. З воінскай часці нас мала адпускалі. Займаліся страявой і баявой падрыхтоўкай. Пасля вучэбкі мяне накіравалі ў манеўровую групу, якая ўваходзіла ў склад ахоўных войск. Потым перавялі ў горад-герой Севастопаль. Захаплялі марская гавань, белакаменныя муры ўздоўж цэнтральных вуліц да Графскай прыстані. У гэтай частцы горада ладзіліся ўрачыстасці, а мы забяспечвалі правапарадак. Ахоўвалі і рэзідэнцыі, размешчаныя на Чарнаморскім узбярэжжы. Напрыклад, Юрыя Андропава ў Лівадзіі, што ў Ялце. Аж дух захоплівала, як праз парадныя вароты на высокай хуткасці імчалі аўтамашыны, вадзіцелі высокапрафесійна кіравалі імі. Бачыў, як на ўрадавую дачу Леаніда Брэжнева з'язджаліся кіраўнікі краін сацыялістычнай садружнасці. Не аднойчы адпраўлялі нас ваеннымі самалётамі ў саюзныя рэспублікі для аховы членаў урада ў час правядзення важных дзяржаўных мерапрыемстваў. Армейская служба пашырыла кругагляд, умацавала патрыятызм. Адслужыў два гады і вярнуўся да бацькоў. 

— Доўга пасля службы халасцякавалі?

— Выпадкова сустрэўся на вясковай вуліцы з незнаёмай дзяўчынай, вельмі зацікавіла мяне. Галіна прыехала ў гастэлаўскі калгас з драгічынскай вёскі Дробаты, уладкавалася даіць кароў. Хутка без асаблівай пышнасці зарэгістравалі шлюб. Сямейнае жыццё пачыналі ў пакоі калгаснага інтэрната. Калі нарадзіліся дзеці, у аграгарадку Ураджайная нам выдзелілі катэдж. Сад пасадзілі, агарод апрацоўваем, жыллё прыватызавалі. Старэйшая дачка Вікторыя скончыла Нацыянальную дзяржаўную політэхнічную акадэмію і працуе інжынерам, выйшла замуж за аднакурсніка. Падаравалі нам унукаў Данілу і Кірыла. Малодшая, Марыя, — выпускніца сталічнага ўніверсітэта радыёэлектронікі, муж яе таксама скончыў гэту вышэйшую навучальную ўстанову. У чэрвені яны сталі бацькамі першынца Лёвы. Выхадныя, святы праводзім разам. 

— А дзе любіце адпачываць?

— У савецкія часы па калгасных пуцёўках адпраўляліся з жонкай у санаторыі на Чарнаморскае ўзбярэжжа, таксама любілі наведвацца на яе малую радзіму, у Дробаты. Непадалёку ад вёскі нясе свае воды да Прыпяці хуткацечная рэчка Ясельда. Шкадую, што мала даводзіцца вандраваць па Беларусі, але спадзяваюся: падрастуць унукі — будзем усе разам адкрываць для сябе запаветныя куточкі роднай краіны.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter