Столькі скарынаўскіх арыгіналаў у адным месцы вы яшчэ не бачылі!

Скарына і сапраўдныя арыгiналы

У бібліятэцы, як вядома, павінна быць ціха. Але ў бліжэйшыя дні ў нацыяналцы будзе шмат галасоў. У свята маўчаць нядобра. А іх наперадзе там адразу тры. Па-першае, 95-годдзе самой Нацыянальнай бібліятэкі, па-другое, прафесійнае свята, па-трэцяе, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Адсюль выстава «Францыск Скарына і яго эпоха» і міжнародны сімпозіум, якіх дагэтуль нават ва ўсёй Еўропе не ведалі, — так сцвярджае дырэктар НББ Раман Матульскі.

Штодзень у бiблiятэку прыбываюць каштоўныя экспанаты.

У гэтыя дні да ўнікальнага будынка на цэнтральным праспекце Мінска адзін за адным падвозяць падарункі. Некаторыя, на жаль, давядзецца вярнуць. Галоўнае ж, што хоць нейкі час рарытэты пабудуць у сценах бібліятэкі і кожны жадаючы зможа ўбачыць іх на свае вочы. Першым прывезлі Статут ВКЛ з Латвіі. Услед з Нацыянальнай бібліятэкі Славеніі ў Любляне даставілі скарынаўскую «Малую падарожную кніжыцу» — віленскае выданне каля 1522 года. Падобнае, дарэчы, нядаўна з’явілася і ў калекцыі Белгазпрамбанка. Яно таксама будзе на выставе. Наведвальнікі самі змогуць убачыць іх адрозненні, у тым ліку і стан. Верхнялужыцкая навуковая бібліятэка ў Гёрліцы (Германія) прадаставіць пражскую Біблію Скарыны, Расійская дзяржаўная бібліятэка — пражскую Кнігу Іўдзіфі. Усё гэта, вядома ж, арыгіналы, да якіх дакраналася рука нашага першадрукара. 

Знойдзецца на выставе і месца яго паслядоўнікам і калегам. Адзін фрагмент знакамітай 42-радковай Бібліі Гутэнберга з бібліятэкі Германіі чаго толькі варты. Наогул, пералічваць усе рэдкія экспанаты — справа няўдзячная. Абмяжуемся толькі геаграфіяй: Расія, Германія, Славенія, Славакія, Сербія, Польшча — гэтыя і іншыя краіны ласкава пагадзіліся паказаць нам свае рэдкія экспанаты. Высокі ўзровень беларускага кнігадрукавання на працягу пяці стагоддзяў прадэманструюць лепшыя старадрукаваныя кнігі паслядоўнікаў Францыска Скарыны з друкарняў Брэста, Нясвіжа,  Магілёва, Полацка, Слуцка і г.д., а таксама значныя і рэдкія выданні ХІХ—ХХІ стагоддзяў з фонду галоўнай бібліятэкі краіны. Раман Матульскі кажа, што міжнародны выставачны праект «Францыск Скарына і яго эпоха» павінен максімальна поўна прадставіць выданні беларускага першадрукара ў адзіным комплексе з еўрапейскімі старажытнымі кнігамі.


Ну і якая сучасная выстава без інтэрактыўнай праграмы? У наведвальнікаў будзе магчымасць пазнаёміцца з тэхнікай кнігадрукавання 500-гадовай даўнасцi, а таксама сучаснымі тэхналогіямі — 3D і 5D. Вядома, будуць тэматычныя заняткі і майстар-класы.

У прафесіяналаў бібліятэчнай справы будзе свая праграма. З нагоды юбілею кнігадрукавання беларусы сабралі вельмі прадстаўнічы сімпозіум — каля васьмісот удзельнікаў з 25 краін свету. Важная дэталь — форум пройдзе пад патранатам ЮНЕСКА. Генеральны дырэктар арганізацыі Ірына Бокава ўжо даслала сваё віншаванне з гэтай нагоды. Вядома, кніжная спадчына Скарыны і гісторыя нашага кнігадрукавання будуць у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сімпозіума. Цікавай абяцае быць размова кнігазнаўцаў, якія даследуюць еўрапейскую і нацыянальную кнігу, яе ўплыў на развіццё краін і цывілізацый, тое, як захаваць гэтую спадчыну і зрабіць яе даступнай для ўсяго свету. Раман Матульскі лічыць, што навукоўцы могуць нямала зрабіць для яднання народаў, у першую чаргу еўрапейскіх, якія маюць агульную культурную прастору.

Свята абяцае атрымацца на зайздрасць. І стаць яго ўдзельнікам можа кожны. Не чакайце чацвярга, калі афіцыйна распачнуцца мерапрыемствы. Ідзіце ў бібліятэку зараз. Некалькі дзён таму побач з будынкам заззяла кніга з сімволікай Скарыны. І зараз гэта самы папулярны арт-аб’ект у горадзе для фотасесій.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter