21 лютага да Міжнароднага дня роднай мовы радыёканалы Белтэлерадыёкампаніі рыхтуюць тэматычны эфір. Перадачы, прысвечаныя захаванню і прымнажэнню моўнай спадчыны, развіццю беларускай мовы, актуальным моўным працэсам у сучасным беларускім грамадстве, выйдуць у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, Міжнароднага радыё “Беларусь” і радыёстанцыі “Сталіца”.
На канале “Культура” плануецца прамая трансляцыя Рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове. Да ўдзелу ў акцыі, якую арганізуе Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Беларускім радыё, запрашаюцца ўсе, хто жадае праверыць свой узровень валодання роднай мовай. Дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок дапаўняе:
– Летась прамая трансляцыя ўжо ладзілася на нашай хвалі. Акцыя выклікала вялікую цікавасць сярод слухачоў. Спадзяюся, сёлета Рэспубліканская дыктоўка збярэ яшчэ большую колькасць удзельнікаў. З вялікім гонарам мы падтрымліваем ідэю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паколькі адна з задач нашага радыё – папулярызацыя беларускай мовы, сапраўднага духоўнага скарбу нацыі.
Пачатак трансляцыі Рэспубліканскай дыктоўкі – у 13:00. Нагадаем, што канал “Культура” гучыць на ультракароткіх хвалях, у дыяпазоне 87,5 –108 МГц, online-вяшчанне арганізавана на сайце www.radiokultura.by, а таксама ў Нацыянальным радыёплэеры radioplayer.by.