Очереди за огурцами и луком-севком: сезонные рынки заиграли новыми красками свежей зелени

Прылавак зелянее, сонейка блiшчыць

У разгары сакавік: сезонныя рынкі ажывіліся і зайгралі яркімі фарбамі. Свежыя гародніна і зеляніна сёлета з’явіліся на прылаўках нашмат раней, чым звычайна. Віноўніца такой урачыстасці — мінулая зіма, якая стала самай цёплай за ўсю гісторыю метэаназіранняў у нашай краіне. Прагуляўшыся ўздоўж доўгіх шэрагаў Камароўскага рынку, «Р» даведалася, як змены клімату адаб’юцца на цэнах.

Агуркі апанавалі прылаўкі, але цэны моцна скачуць: адны прадаюць кіло за 2,5 рубля, іншыя — за 7.

Вочы разбягаюцца

На рынак іду ў спадзяванні ўбачыць мора «зялёных» пунктаў з агуркамі. Дзіўна, але сезон даўно пачаўся! Сёлета на Віцебшчыне гэтая гародніна ў цяпліцах саспела ўжо 10 студзеня. Агуркі апанавалі прылаўкі, але кошты моцна скачуць: некаторыя кілаграм прадаюць за 2,5 рубля, іншыя — за 7. Ёсць з пупырышкамі, ёсць без. Прадавец Ксенія Ігнатава раіць прыгледзецца да гатунку «Зазуля» — гэта правераны часам гібрыд ранняга тэрміну паспявання. Агуркі навобмацак моцныя, і, кажуць, вельмі смачныя.





— У сакавіку кошты на агуркі яшчэ кусаюцца, але людзі ўсё роўна бяруць. Вельмі ўжо хочацца ім пасля зімы паласавацца, — суразмоўца пераключае ўвагу на новых пакупнікоў.

Вывучаю прылаўкі са свежай зелянінай. Кошты прыкладна аднолькавыя: 100-грамовыя пучкі каштуюць у раёне 80 капеек — 1 рубля. Рады пахнуць кропам, пятрушкай, салатай. Вольга Сафарава, да прыкладу, зялёную цыбулю вырошчвае ў сваёй цяпліцы.




— Мы яе ацяпляем, пастаянна падтрымліваем тэмпературу ад 17 да 25 градусаў. На падыходзе сакавітая ліставая салата.

У продажы ўжо з’явілася чарамша — гэта шматгадовая травяністая расліна, лісце якой па выглядзе нагадвае ландыш, а па смаку — часнок. «Мядзведжую цыбулю», як яе яшчэ называюць, з рук купляць не варта: нелегальныя гандляры зрываюць чырванакніжную расліну, а рабіць гэта катэгарычна забаронена. Прадаўцы ж на рынках маюць афіцыйныя даведкі, што самастойна выгадавалі чарамшу на сваім прысядзібным участку. На рынку пунктаў з духмянымі букецікамі ўжо поўна.

Збіральніца грыбоў Марыя Тарас упэўнена, што ў гэтым сезоне будзе вельмі добры ўраджай.

Народ тоўпіцца і ля прылаўкаў са свежым хрэнам. Увесну карняплоды прыбіраюць без страты таварнасці і смакавых якасцей — каштуюць яны ад 2 да 5 рублёў, у залежнасці ад памеру пучка. Ажыятаж назіраецца і ў сезонных журавін. Пунсовая ягада так і вабіць пакупнікоў: на яе яшчэ трымаецца выгадная цана. Сёлета пашанцавала: снегу не было, танных журавін шмат. За 7 рублёў можна набыць цэлы літр вітамінаў. Пад канец сезона, ходзяць чуткі, кошт паднімецца як мінімум на рубель.

У чаргу станавіся!

Многія пакупнікі дзівяцца, што ў сярэдзіне сакавіка ўжо адкрылася частка рынку, дзе гандлююць саджанцамі. І сапраўды: гэта ўнікальны выпадак, на які таксама паўплывала анамальна цёплая зіма. Святлана, спецыяліст гадавальніка «Саджанцы Клецка», тлумачыць:

— Мы выйшлі на рынак нашмат раней, чым звычайна: гандаль заўсёды пачынаецца, у лепшым выпадку, у самым канцы сакавіка. Глядзіце, на парэчках ужо пупышкі амаль распускаюцца. Буякі, сліва, ды і многія іншыя саджанцы таксама ўжо гатовы да высадкі. Кізіл, звярніце ўвагу, ужо з кветкамі! Тэрмінова ўсё трэба саджаць.

Вольга Сафарава зялёную цыбулю вырошчвае ў цяпліцы, дзе пастаянна падтрымлівае тэмпературу ад 17 да 25 градусаў.

Прадавец папярэджвае: сезон пачаўся раней, але і будзе на месяц карацейшым. Калі раней саджанцы прадавалі аж да 10 мая, то сёлета плануюць гандляваць максімум да сярэдзіны красавіка.

Прагнозы дае і Марыя Тарас. Збіральніца грыбоў упэўнена, што ў гэтым сезоне будзе цудоўны ўраджай. Летась грыбоў было вельмі мала, таму цэны на іх цяпер зашкальваюць. На прылаўку ў жанчыны акуратна раскладзены пакеты з сушанымі белымі грыбамі. Усяго за 50 грамаў яна просіць 10 рублёў, а за 500 грамаў — 100 рублёў! Будзем спадзявацца, што будучы ўраджай лясных дароў не будзе на вагу золата.

Прадаўцы саджанцаў выйшлі на рынак нашмат раней: звычайна гандаль пачынаецца, у лепшым выпадку, у самым канцы сакавіка.

На рынку зараз папулярныя і рады з заморскімі таварамі.

— Яно і зразумела, што людзей шмат. Цэны моцна знізіліся, — разважае мужчына ў чарзе. — Яшчэ месяц таму клубніцы каштавалі 35 рублёў за кіло, а цяпер па 10—12 можна знайсці.

Сапраўдны натоўп стаіць каля самага хадавога прадукту ў гэтыя дні. Усе гаспадыні выдатна памятаюць мінулагоднія квэсты па пошуку цыбулі-сеянкі. У Нідэрландах, а гэта наш асноўны імпарцёр, з-за засухі ўраджай тады знізіўся на 44 працэнты. Танную цыбулю амаль адразу разабралі, а рэшткі прадавалі ў дзесяць разоў даражэй — бралі 40 рублёў за 1 кілаграм!

Галоўны сезонны рынак краіны працуе на поўную моц.

— Прадказаць сітуацыю сёлета даволі складана, — дзеліцца прадавец. — Пакуль цыбуля каштуе 6—6,5 рублёў, лепш не зацягваць і закупляцца проста зараз.

Галоўны сезонны рынак краіны працуе на поўную моц. Дзякуючы цёпламу надвор’ю сёлета прылаўкі пад адкрытым небам закрываліся зімой усяго на пару дзён. Паступова «прачынаюцца» і больш дробныя адкрытыя кірмашы. Увогуле, сезон пачаўся!

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter