Топ-5 смелых, наватарскіх і проста вартых прагляду беларускіх спектакляў

Не шкада ні часу, ні грошай

Многія абвінавачваюць беларускі тэатр ў кансерватызме, адсутнасці актуальных тэм, цікавых рашэнняў і недахопе моцных рэжысёраў. Добрых спецыялістаў заўсёды не хапае. Але ж паглядзець у нас ёсць што — якраз дзякуючы тым таленавітым рэжысёрам і акцёрам, якія застаюцца ў прафесіі. Прычым нароўне са сталіцай сёння “руляць” і пастаноўкі з рэгіёнаў.

“Опіум”
Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн” (найбліжэйшыя паказы — 26 і 27 сакавіка ў студыі Black Beast Media, Мінск, вул. Валгаградская, 8)

artcorporation.by

Гэта першы беларускі спектакль, па-стаўлены дзякуючы народнаму фінансаванню. Акрамя таго, ён названы лепшым спектаклем 2016 года па версіі крытыкаў. А яшчэ “Опіум” адзін з першых падымае праблему наступства вайны ва Украіне.

У цэнтры сюжэта спектакля Аляксандра Марчанкі па аднайменнай п’есе Віталя Каралёва — звычайная сям’я з Рагачова, якая аказваецца на мяжы беднасці. Старэйшы сын толькі што страціў працу, малодшаму трэба паступаць ва ўніверсітэт, а грошай катастрафічна не стае. Не бачачы выхаду, адзін з юнакоў вырашае ехаць ва Украіну, каб зарабіць, рыючы траншэі на полі ваенных дзеянняў.

П’еса, напісаная ў жанры мак’юментары, або псеўдадакументалізма, багатая не толькі сэнсамі, адсылкамі да рэальных падзей, але і вельмі эмацыянальнымі дэталямі. Чаго толькі варты раскіданы па сцэне пясок, які персанажы спектакля кідаюць адзін у аднаго, нібы пыл, які ядуць і якім засыпаюць памерлага героя.

“На дне”
Магілёўскі абласны тэатр лялек (Магілёў, вул. Першамайская, 83)
 
teatrkukol.by

Пастаноўка прыцягвае да сябе ўвагу ўжо проста вызначаным жанрам: “экзістэнцыяльная драма ў двух актах адчаю”. Гэта дарослы спектакль, хаця і іграюць у ім лялькі і няма нават намёка на тое, што называюць “прыгожае мастацтва”. І без таго пачварны свет начлежкі з п’есы Максіма Горкага ўзмацняецца рэжысёрам Ігарам Казаковым выродлівымі лялькамі. Заганы ўсіх даведзены да крайнасці, і апраўдання ім не знаходзіцца. Вінаватымі ва ўсіх праблемах аказваюцца сам чалавек і яго духоўная пустэча. Для грамадскасці гэты спектакль — папярэджанне: мы ўсе ў рознай ступені адчуваем духоўнае дно, на якое апускаемся ўсё глыбей, але кожны дзень мы робім выбар адносна сваёй душы.

“Саша, вынесі смецце”
Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр (Мінск, вул. Казлова, 17)

bgmteatr.by

П’еса ўкраінскага драматурга Наталлі Варажбіт у пастаноўцы Дзмітрыя Бага-слаўскага здзіўляе гарманічным спалучэннем мінімалістычнай формы і глыбокага сэнсу. Спектакль пра сям’ю і маральны выбар яе галавы — мужчыны. Месца дзеяння — Украіна, 2014 год. Галоўны персанаж — афіцэр Саша, які памёр ад сардэчнай недастатковасці якраз да пачатку вайны, але працягвае разважаць, гаварыць, спрачацца. Ён упэўнены — смерць не апраўданне для таго, хто даў прысягу перад Радзімай. Яго жонка і цяжарная дачка гатовыя прыняць яго з таго свету, але ў тым выпадку, калі ён вернецца ў сям’ю, а не на вайну. У спектаклі жывыя спрачаюцца з мёртвым, а жанчыны паўстаюць супраць эгаістычных законаў мужчынскага свету, дзе іх доля — праводзіць, чакаць і аплакваць.

“З жыцця насякомых”
Незалежны тэатральна-музычны праект Святланы Бень (першы паказ адбыўся на сцэне РТБД, Мінск, вул. Крапоткіна, 44)

another.by

Гэты спектакль, па сутнасці, і не спектакль зусім. Ці то візуалізацыя іранічнай паэзіі, ці то вакальны перформанс. У аснове пастаноўкі Святланы Бень і Дзмітрыя Багаслаўскага — чатырнаццаць вершаў пра насякомых паэта Мікалая Алейнікава. На сцэне — усяго адзін акцёр, яна ж паэтка, спявачка, рэжысёр і лідар гурта “Сярэбранае вяселле” Святлана Бень, і два музыкі. У пастаноўцы няма традыцыйнай для спектакля лагічнай звязкі паміж часткамі, няма багатых дэкарацый (на сцэне — адна табурэтка), але шмат іншага: тут і музыка, і стракаценне жучкоў, і анімацыя, і непадробныя эмоцыі...

“Камера, якую дала мне маці”
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (Мінск, вул. Някрасава, 3)

ncsm.by

Спекталь польскага рэжысёра Дарыуша Язерскага называюць самай скандальнай пастаноўкай сезона. Ён свораны па матывах аднайменнага рамана амерыканскага празаіка Сюзаны Кейсен, якая правяла два гады ў псіхіятрычным шпіталі пасля спробы самагубства. Па сюжэце, ніхто са спецыялістаў не можа дапамагчы галоўнай гераіні, у якой раптоўна і невытлумачальна пачынае балець вагіна. Нягле-дзячы на спецыфічную тэму і ўзроставае абмежаванне 18+, спектакль не выглядае пошлым. У ім шмат адкрытых маналогаў і сцэн, у фокусе спектакля — сексуальнасць, але не секс. У спектаклі заняты ўсяго адзін выканаўца — актрыса РТБД Анастасія Баброва. І дзіўна, як ёй адной, з мінімальнымі дэкарацыямі ўдаецца трымаць залу ў напружанні і раскрываць глыбокую тэму чалавека, яго цела і пошуку сябе.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter