Намеснік дырэктара РУП «Шыпяны-АСК» Смалявіцкага раёна Яўген Пучко: «З душой спавіўся колас залаты…»

Аграном, якога ніколі не пакідала жаданне працаваць на зямлі, які ўпарты ў прыняцці рашэнняў і які піша вершы, зычыць сынам быць стваральнікамі

Па 60 цэнтнераў зерня на круг дала азімая пшаніца беларускай селекцыі ў смалявіцкім РУП «Шыпяны-АСК». Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці элітнага насення збожжавых і рапсу. Пяты год гэтай галіной кіруе выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага аграўніверсітэта Яўген ПУЧКО. Летась на абласным свяце-кірмашы «Дажынкі», што ладзілася ў Стоўбцах, за працоўныя поспехі Яўген Аляксандравіч адзначаны ганаровым дыпломам. Сёлета па выніках жніва РУП «Шыпяны-АСК» прызнана пераможцам спаборніцтва сярод гаспадарак Смалявіцкага раёна. Па вытворчых і эканамічных паказчыках сельгаспрадпрыемства — адно з лепшых на Міншчыне і ў рэспубліцы.

Сумесна з вучонымі-селекцыянерамі НПЦ па земляробстве НАН Беларусі тут на доследных дзялянках выпрабоўваюцца варыянты вырошчвання збожжавых і апрабуюцца новыя сарты сельгаскультур. Дзейнічае ў гаспадарцы адзіны ў краіне поўнафункцыянальны насенны завод. Так, насеннем рапсу беларускай селекцыі, вырашчанага на шыпянскіх палях, засяваецца ў рэспубліцы да 30 тысяч гектараў.


  У любой справе поспех шмат у чым вызначаецца індывідуальнымі здольнасцямі чалавека. Продкі намесніка дырэктара РУП «Шыпяны-АСК» Яўгена Пучко вырошчвалі хлеб, гадавалі жывёлу. Дзядуля Васіль Іванавіч Пучко прайшоў франтавымі шляхамі-дарогамі, прымаў удзел у вызваленні Прагі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля разгрому гітлераўскай Германіі вярнуўся дамоў, пабудаваў дыхтоўны драўляны дом у карэліцкай вёсцы Беразавец. З жонкай Верай Кліменцьеўнай трымалі жывёлу, пчол, хатнюю птушку. Карані другога дзеда Савелія Іванавіча Кіркова вядуць да чарнаморскага ўзбярэжжа Балгарыі. У Вялікую Айчынную маладога балгарына прызвалі ў армію, але з фронту накіравалі на кемераўскія вугальныя шахты. Аднойчы ён, выходзячы з забою, заўважыў, як на транспарцёр упала знямоглая дзяўчына. Кінуўся на дапамогу. Так і пазнаёміліся. Беларуска Людміла Тармола стала яго жонкай. У пасляваенныя гады маладая сям'я прыехала на радзіму гаспадыні ў ціхае мястэчка Мір. Другой Бацькаўшчынай для Савелія Кіркова стала карэліцкая зямля. Цяжкая праца на вугальнай шахце ўкараціла яго жыццё. Аўдавелая Людміла Якаўлеўна любіла расказваць унуку Яўгену пра дзядулю, якога ён ніколі не бачыў. Савелій Кіркоў пасадзіў у Міры сад, штогод радуюць дрэвы яблыкамі і грушамі. Вандроўкі да бабулі Людмілы ўнук чаргаваў з паездкамі ў вёску Беразавец, дзе яго сустракалі дзядуля Васіль і бабуля Вера. 

— У вёсцы грэшна летам марнаваць час, — адзначае Яўген Пучко. — Звычайна дзядуля Васіль падымаўся на досвітку, каб да ўзыходу сонца скасіць росную дзялянку травы. І мяне навучыў трымаць у руках касу. Жыта разам сярпамі жалі, бабуля снапы вязала. Стаялі яны на нашай палосцы, пакуль камбайны не закончаць уборку збожжавых на калгасным полі. Бывала, і цапамі з дзедам абмалочвалі снапы. Запомнілася грукатанне па збажыне. Навучыў і за плугам хадзіць. Ніколі не павышаў голас, прызвычайваў да сялянскіх заняткаў. Наказваў: бярэшся за справу — выконвай так, каб не ўзнікала патрэбы перарабляць. Дзякуючы яго выхаванню ў мяне ўзнікла жаданне вучыцца на агранома. Пасля заканчэння дзесяці класаў Карэліцкай сярэдняй школы № 2 паступіў на агранамічнае аддзяленне Навагрудскага дзяржагракаледжа, праз чатыры гады атрымаў дыплом і падаў дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны аграўніверсітэт. Але задума не здзейснілася: слаба здаў тэсты. Восенню пайшоў у армію, служыў механікам-вадзіцелем на БМП-2. На сумесных расійска-беларускіх ваенных вучэннях бачыўся на палігоне з расійскім дзяржаўным дзеячам Дзмітрыем Мядзведзевым. Пасля даведаліся, што госць даў высокую ацэнку нашым сумесным дзеянням. 

— Падчас службы, напэўна, задумваліся пра будучае?

— Не пакідала жаданне працаваць на зямлі. Настроены быў атрымаць вышэйшую агранамічную адукацыю і займацца любімай справай. У дваццаць гадоў сэрца прагне кахання. У час службы сябры пазнаёмілі з навучэнкай Навагрудскага дзяржагракаледжа Вольгай. Перапісваліся. Пашчасціла ўбачыцца, калі быў у кароткім водпуску. Не забыць тыя дні, што правялі ў горадзе майго юнацтва. Гулялі па брукаваных вулачках, дзе некалі крочыў Адам Міцкевіч. Тая памятная сустрэча ў Навагрудку вырашыла лёс. Пасля завяршэння службы пажаніліся. Вольга скончыла вучобу і атрымала накіраванне на працу ў свіслацкае ААТ «Акр-Агра». Прыехалі ў гаспадарку. Тагачасны дырэктар Лісоўскі прыязна сустрэў нас. Два гады адпрацавалі і пераехалі да бабулі Людмілы Якаўлеўны ў Мір. Да апошніх дзён даглядалі яе. У суседніх гаспадарках не было вакансій аграномаў. Працаваў жывёлаводам-селекцыянерам і завочна атрымліваў вышэйшую агранамічную адукацыю ў Гродне.

— Дзе стартавалі як аграном? 

— У адным з лепшых у Карэліцкім раёне СВК «Жухавічы». Шмат карыснага пераняў у галоўных спецыялістаў Валерыя Максімавіча Грамыкі, Генадзя Сцяпанавіча Каласоўскага і намесніка дырэктара Міхаіла Міхайлавіча Штыцько. Калі ў 2018 годзе атрымаў прапанову ўзначаліць раслінаводчую галіну ў смалявіцкім РУП «Шыпяны-АСК», яны ўгаворвалі застацца. Спрацаваў матэрыяльны стымул. У нас з Вольгай падрасталі двое сыноў. У аграгарадку Алесіна атрымалі жылы дом. Атабарыліся на новым месцы. Маем невялікі агарод, пасадзілі садовыя дрэўцы. Старэйшаму сыну Канстанціну ўжо дзесяць гадоў, даганяе яго малодшы Аляксей.

— Яўген Аляксандравіч, з чаго пачалі дзейнасць у Шыпянах?

— У гаспадарку прыйшоў на пачатку лета 2018 года. Самы час быў убіраць на зялёны корм яравы рапс. Ад Сяргея Паўлавіча Навіцкага пераняў эстафету кіравання раслінаводствам. Праехаў па палях і сенажацях, пераканаўся, што яны максімальна акультураныя. З агульнай плошчы 7200 гектараў сельгасугоддзяў ворыва займае звыш шасці тысяч. У некаторых мясцінах мінеральныя глебы чаргуюцца з тарфянікамі, таму такія плошчы збожжавымі не засееш. Усё гэта ўлічыў пры распрацоўцы севазвароту кластарнага тыпу. Іх шэсць варыянтаў. Прымяняем чатыры: два чатырохпольныя па 250 гектараў, па адным пяціпольным і шасціпольным, а таксама асобна травяны севазварот. Найбольшыя плошчы займаюць збожжавыя, кукуруза і рапс.
Асноўны накірунак у раслінаводчай галіне — вытворчасць насення збожжавых і рапсу. Кожны гектар хлебнай нівы сёлета даў па 47 цэнтнераў зерня. Засыпалі ў засекі 8500 тон ураджаю, што забяспечвае ўнутраныя патрэбы і дае магчымасць рэалізоўваць насенны матэрыял. Зараз вядзём уборку кукурузы на сілас і абмалот пачаткаў. З гектара атрымліваем па 400 цэнтнераў зялёнай масы і па 100 — кукурузнага зерня. Большую частку яго плюшчым, а астатняе сушым. Справіліся з дзяржзаказам па продажы збожжа і насення рапсу.

Яўген Аляксандравіч прапанаваў агледзець асеннія палі. За вядомай вёскай Верхмень, дзе некалі ў пачатковай школе пачынаў сваю педагагічную дзейнасць малады Якуб Колас, МАЗы і трактары з прычэпамі, да верху гружаныя здробленай зялёнай масай, няспынна кіравалі ад кормаўборачнага камбайна да сіласных траншэй. Суседні масіў да далягляду ўсланы аксамітавым зялёным дываном. Эксперыментальна засеялі яго сумессю кармавых культур, каб вясною забяспечыць грамадскі статак зялёным кормам. 

Звілістая дарога прывяла да пшанічнага поля. Асобныя дзялянкі вызначаюцца рознай гушчынёю пасеваў. Тут сумесна з вучонымі-селекцыянерамі НПЦ па земляробстве НАН Беларусі эксперыментуюць зніжэнне нормы высеву.

— Удвая менш высеялі насення азімай пшаніцы «амелія», выведзенай кандыдатам сельгаснавук Ігарам Васільевічам Сацуком, — позіркам акідвае рунь Яўген Пучко. — Пачыналі эксперымент з пяці гектараў, а сёлета ў дзесяць разоў пашырылі доследнае поле. Такі падыход да справы зніжае вытворчыя затраты, павышаецца ўстойлівасць раслін да захворванняў і палягання. Летась гэты сорт пшаніцы даў па 80 цэнтнераў зерня з гектара на нашых супясчаных землях. Пераканаліся, што можна меншай колькасцю насення атрымаць аднолькавы валавы збор. На прарэджаных участках фарміруецца больш урадлівы колас. Эксперымент распаўсюджваецца ў гаспадарках рэспублікі. Пры высокай шчыльнасці раслін расход спажыўных рэчываў большы.

Эксперыментуем і з выкарыстаннем гербіцыдаў. На досленых палях максімальна вытрымліваем тэхналагічныя рэгламенты правядзення сяўбы і догляду пасеваў.

— Якім выдаўся для вашага калектыву аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Для сейбітаў кожны год стваральны. Аператыўна справіліся са жнівом, завяршаем уборачныя работы на палях. Настае час падсумоўваць вынікі. Прыемна, што выраслі заробкі ў калектыве. Гаспадарка ўпэўнена развіваецца, жывём пад мірным небам. Мяне, як і ўсё грамадства, хвалюе неспакой у свеце, жахлівыя падзеі на Блізкім Усходзе. Полымя вайны не сціхае ў суседняй Украіне, марыянетачныя ўлады якой прадаліся Захаду. Са школьных гадоў цікаўлюся гісторыяй. Сённяшнюю сітуацыю параўноўваю з нападам мангола-татараў на старажытную Русь. Як птушка фенікс, славяне пераадолелі смуту і згуртаваліся пад харугвамі Масквы. А якім складаным выдалася мінулае стагоддзе: рэвалюцыі, Першая і Другая сусветныя войны. Перамаглі ворагаў. Жыць бы ў спакоі, але новае выпрабаванне выпала на наш час. Сыноў выхоўваю, каб шанавалі спадчыну, што дасталася ад продкаў. 

— Пяты год кіруеце раслінаводчай галіною перадавой гаспадаркі. Што адчувалі на раённых «Дажынках» у аграгарадку Пліса, калі вам уручалі дыплом лепшага хлебароба? 

— Акрамя мяне за старанне на жніве адзначаліся наш камбайнер Генадзь Іваноў і вадзіцелі МАЗаў на перавозцы зерня Аляксей Кудзінаў і Аляксандр Бацяноўскі. Канешне, прыемна адчуваць такую ўвагу. Дамоў вярнуўся з грашовай прэміяй, парадаваў родных. Праца на зямлі нялёгкая, звязана з рызыкай. У складаных сітуацыях не цураюся браць на сябе адказнасць. На заводзе рабочы не выйдзе на працу — станок можна прыпыніць, а калі няма людзей на полі ці на ферме — трагедыя. Летась у час сяўбы рапсу зламаўся энерганасычаны трактар, тыдзень прастаяў. Пасеялі пазней, але культура не нарасціла патрэбную па фізіялогіі зялёную масу, што адмоўна адбілася на ўраджайнасці. Важна мець рэзерв кадраў. Сёлета ўсе ўборачныя экіпажы на жніве былі без памочнікаў. З прыемнасцю прымаем у калектыў кожнага новага працаўніка. З горада вярнуліся да нас Аляксандр Бацяноўскі і Аляксей Раманоўскі, абодва адзначаны грашовымі прэміямі.

— Што ў працы хлебароба самае значнае?

— Імкненне атрымаць з поля максімальную аддачу і не нашкодзіць, нашчадкам пакінуць урадлівую зямлю. Максімальна забяспечыць пасевы неабходным для атрымання запланаванага выніку. Даводзіцца даказваць дырэктару пра неабходнасць набыцця прэпаратаў па доглядзе сельгаскультур. Не адступаю, настойваю на сваім, таму лічаць мяне ўпартым. Але гэта ўпартасць абгрунтаваная. Я хутчэй Фама-нявернік, бо ўсё пераправяраю.
За гады працы прыйшоў да высновы: трэба слухаць сэрца, яно ніколі не падвядзе. Нельга стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень. Падобных гадоў не бывае, як і аднолькавых палёў. У кожнага працаўніка складваецца пэўны шаблон, і яго, у залежнасці ад сітуацыі, трэба карэкціраваць. З армейскіх часоў звыкся рана падымацца, а вечарамі позна заседжваюся: аналізую вынікі дня, абдумваю справы на будучае. Тым, хто толькі пачынае працоўную дзейнасць на зямлі, жадаю расці ў прафесіі. Нават пры няўдачах не апускаць рукі, каб не згубіць інтарэс да справы. Прыгадваюцца словы нашага Прэзідэнта, што спыняцца на паўдарозе не варта, трэба ўпэўнена крочыць далей. 
— Чым можна заахвоціць моладзь да працы на зямлі?

 — Тры асноўныя ўмовы: адпаведныя заробкі, добраўпарадкаванае жыллё і гарантаваныя выхадныя. Вось лепшая матывацыя!

— Што спыталі б у цікавых асоб, калі б давялося сустрэцца з імі?

— Не спытаў, а папрасіў менш даваць загады зверху. Быццам на месцы не валодаем сітуацыяй і не імкнёмся да поспеху. Нават на тэрыторыі нашага Смалявіцкага раёна розныя кліматычныя ўмовы, а загад усім аднолькавы — прыступаць да той ці іншай палявой работы. Тады для чаго спецыяліст пастаўлены кіраваць тэхналагічным працэсам? На месцы лепш відаць сітуацыю. Важна знайсці сваё прызванне і любіць тое, што робіш. Аграном як сапёр: ураджай атрымліваецца раз у год, памылішся — добрага выніку не чакай. 

— Што ўспамінаецца з дзяцінства?

— Дарагая сэрцу бабулі і дзядулі вёска Беразавец з драўлянымі хатамі. Зімою з комінаў уздымаецца дым і сцелецца па-над падворкамі. Цішыня навокал, і толькі парыпвае бялюткі снег пад нагамі. Часта таксама прыгадваюцца за мірскай рэчкай мураваныя вежы старажытнага замка. Калі-нікалі ўяўляю, як у гэтых мясцінах адбываліся важныя гістарычныя падзеі. Магнітам вабіць да сябе таямнічы Мірскі замак.

— Сёлета выдалася спрыяльная для працы хлебаробаў восень. А якую пару года больш любіце?

— Цяжка вызначыць, бо ў прыроды няма дрэннай пагоды. З вясны да першага снегу штодзённа заняты справамі на палях. Люблю здымаць на тэлефон незвычайныя краявіды. Асабліва цудоўна атрымліваюцца на захадзе сонца насычаныя фарбамі пейзажы. Часам бяру з сабою сыноў. Старэйшаму Косціку купіў тэлескоп. Праз яго можна глядзець на Месяц, іншыя планеты і бачыць зоры. Аб чым яшчэ марыць, калі жывём у мірнай краіне? З жонкай імкнёмся выхоўваць дзяцей, каб паважалі сябе і іншых. Паказваю ім прыклад, што трэба ўсё рабіць як належыць. 

— А кім бы хацелі бачыць сыноў у будучым?

— Стваральнікамі. Яны таксама ўпартыя, люблю з імі бавіць вольны час. За ўсё жыццё толькі аднойчы, дзякуючы атрыманай за першынство ў абласным спаборніцтве пуцёўцы, адпачываў у санаторыі «Сасновы бор». Ледзьве дачакаўся канца змены. Ганаруся нашым працавітым родам, які ўславіў у сваіх літаратурных творах стрыечны дзядуля беларускі пісьменнік Раман Тармола. Зрэдку даводзілася з ім сустракацца, але запомнілася, як дакараў мяне за смаленне цыгарэт. Пасля таго не маю гэтай звычкі. Шкадую, што мала бачыліся. А кнігі яго шаную і свята захоўваю для сыноў. Неяк у бабулі Людмілы Якаўлеўны сабраліся раднёю павіншаваць яе з днём нараджэння. Прыгожа на застоллі выступаў і наш Раман Тармола. Калі яго не стала, мая маці вылепіла бюст. Усталявалі на магіле ў Міры. Нешта ад яго таленту і мне дасталася. Вось адзін з маіх вершаў:

Вясна. Стаю ў цішы палёў,
Гляджу, як птушкі прылятаюць.
Вітаю першых жаўрукоў, 
Па-над раллёю што лунаюць. 
І хто б чаго ні гаварыў,
Я тут душою спачываю.
Удзячны лёсу, што адкрыў
Шлях да зямнога суперраю. 
З душой спавіўся колас залаты,
І рук мазолі, што яго пестуюць,
І гэта неба, поле, луг, лясы.
А промні сонца золатам пульсуюць.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter