Штораніцы пяць паштальёнаў адпраўляюцца з карэспандэнцыяй па сваіх участках у добрушскай Церахоўцы. Загадвае аддзяленнем паштовай сувязі Марыя Кулакова. Пасля заканчэння сярэдняй школы яна паступіла ў Віцебскі каледж сувязі, па размеркаванні вярнулася на Гомельшчыну. Чатыры гады працавала аператарам у 44-м аддзяленні паштовай сувязі абласнога цэнтра. Выйшла замуж, нарадзіла першынца і ўгаварыла мужа вярнуцца на яе малую радзіму — у Церахоўку. Купілі ў гарпасёлку двухпакаёвую кватэру. Родная Церахоўка стала надзейным прычалам для маладой сям'і.
Больш як дваццаць гадоў разносяць пошту Таццяна Лепянкова і Таццяна Філіпава. На іх участках многія выпісваюць па некалькі выданняў. З Расіі пасля выхаду на пенсію вярнулася ў родную Церахоўку былы мадэльер Ганна Мураўцава. Яна выпісвае па некалькі газет і часопісаў. Актыўныя падпісчыкі чыгуначнік Уладзімір Лагоша, спецыяліст сельскай гаспадаркі Іван Шкляроў. Чытаюць тут і «Сельскую газету».
Працавіты калектыў аддзялення паштовай сувязі неаднаразова прызнаваўся лепшым у Добрушскім раёне. Пэўная заслуга ў гэтым і начальніка Марыі Кулаковай.
Добрушскі раён
Фота аўтара