Ураджэнка Віцебска спявачка Юлія Руцкая стала Заслужанай артысткай Кыргызстана
Творчым падарункам для ўсіх, хто сабраўся на вечарыне, стала выступленне папулярнай эстраднай спявачкі Кыргызстана Юліі Руцкай. Яна — сябар “Світанку” і Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі, кавалер медаля Францыска Скарыны.
Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Гучалі беларускія песні, дэманстраваліся відэафільмы пра родную Беларусь.
А ў Амбасадзе Беларусі распавялі: нядаўна спявачцы Юліі Руцкай прысвоена ганаровае званне “Заслужаны артыст Кыргызкай Рэспублікі”. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Алмазбек Атамбаеў падпісаў 31 снежня 2016 года. Адзначана супляменніца за асаблівы ўнёсак у захаванне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны кыргызкага народа, падрыхтоўку, арганізацыю і правя-
дзенне Сусветных гульняў качэўнікаў, мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю нацыянальна-вызваленчага паўстання і трагічных падзей 1916 года, а таксама за вялікія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці па выніках Года гісторыі ды культуры.
Дарэчы, Юлія Руцкая — сябра і нашай газеты. Мы сустракаліся з ёй пад час І і ІІ Фэстаў мастацтваў беларусаў свету (“Надыхацца паветрам Айчыны”, ГР №37, 2.10.2014), пасяджэнняў Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі (“Ёсць падтрымка — будзем працаваць”, ГР №36, 22.09.2016). Віншуем Юлію з высокім званнем! Жадаем далейшых творчых поспехаў ды шырокай гастрольнай геаграфіі. Хацелася б, каб у спісе яе “гастрольных краін” Беларусь заўсёды займала першыя пазіцыі.
Нагадаем: нарадзілася Юлія ў Віцебску. Бацьку, Сяргея Барысавіча, перавялі працаваць у Кыргызстан, калі дзяўчынцы было пяць год. І ўдалечыні ад Бацькаўшчыны сям’я Руцкіх засталася жыць надоўга. Сяргей Руцкі быў намеснікам міністра, затым міністрам лёгкай прамысловасці, а пасля — Амбасадарам Беларусі ў Бішкеку. Маці, Святлана Іванаўна, выкладае ў музычнай школе па класе фартэпіяна.
Юлія Руцкая прадстаўляе Кыргызстан на міжнародным узроўні, яна — дыпламант шматлікіх вакальных конкурсаў краін СНД і Балтыі. Спявачка вядомая за межамі сваёй другой радзімы, а ў Беларусі яе лічаць сваёй і запрашаюць на канцэрты. У яе рэпертуары ёсць і беларускія песні, а “Мой родны кут” (музыка Ігара Лучанка на словы Якуба Коласа) Юлія выконвае на кожным са сваіх сольных канцэртаў.
Біяграфія Ю. Руцкай уключана ў энцыклапецыю “Кто есть кто в мире 2012” Маркіса (ЗША) і ў “2000 выдающихся людей 2012” (Вялікабрытанія).
Карына Міронава