Дивная история врача-алкоголика, рассказанная им самим

Градус жыцця

Алкаголік, які папраўляецца і які вось ужо 32 гады не п'е — так называе сябе дзятлаўскі псіхіятр-нарколаг Віктар Белавус. Цяпер ён урач вышэйшай катэгорыі, але ў свой час адчуў, што значыць скаціцца на самае дно. Маладосць яго, на жаль, прайшла ў алкагольным забыцці. І толькі калі маладога медыка з трэскам выгналі з працы і ён трапіў у ЛПП, адбыўся той самы пераломны момант... Напярэдадні Новага года карэспандэнт «Р» пагутарыла з доктарам аб «мастацтве піцця», пра тое, як навучыцца распазнаваць у задавальненні хваробу і змагацца з ёй.


Медыкі рыхтуюцца да на­вагодніх свят загадзя. У гэты час колькасць вострых атручэнняў алкаголем, у тым ліку і са смяротным зыходам, прыкметна ўзрастае. Спыніць гэты вал праблем немагчыма — хто хоча выпіць, той знойдзе вы­піўку дзе заўгодна і калі заўгодна. Доктар Белавус разважае так:

— У славян створана вялікая, у двукоссі, алкагольная культура. Як там, у вершах Маршака: «...смутак, раскаянне, весялосць, поспех, узнагарода, новы чын і проста п'янства без прычын...». Калі 50—100 грамаў ствараюць чалавеку настрой — калі ласка. Але калі з'яўляюцца праблемы, тады варта задумацца, ці трэба такім чынам святкаваць.

Складана ўсвядоміць, што мой суразмоўца, ужо немалады чалавек з разумным праніклівым позіркам, быў хворы на алкагалізм. Хоць яго ўласная гісторыя так добра пачыналася. Віктар Мікалаевіч Белавус нарадзіўся і вырас у невялікім гарадку Дзятлава. Пасля школы паступіў у Жалудоцкае медвучылішча. Фота таго «зорнага» выпуску разам са шматлікімі граматамі і дыпломамі да гэтага часу вісіць у рамцы на сцяне ў кабінеце доктара. Потым паступіў у Мінскі медінстытут, вучыўся на ваенна-медыцынскім факультэце ў Куйбышаве.

І вось малады лейтэнант медслужбы Віця Белавус едзе на службу ў Германію лячыць савецкіх салдат і афіцэраў. Да 25 гадоў праблем з алкаголем у маладога ўрача не ўзнікала. На стыпендыю ў 28 рублёў асабліва ж не разгуляешся. Падчас вучобы ў Мінску нават даводзілася падпрацоўваць фельчарам на «хуткай». У Германіі ж матэрыяльны бок жыцця перастаў хваляваць доктара Белавуса. Атрымліваў дойчмаркі, савецкія грошы ішлі на кніжку, за год набягала на машыну.

— Там працэс пайшоў вельмі хутка, — азіраецца ў мінулае Вік­тар Мікалаевіч. — П'янкі, гу­лян­кі... Праз год упершыню прач­­нуўся і зразумеў, што нічога не памятаю з учарашніх падзей. Праз два гады сталі трэсціся рукі. Начальнік аптэчнага пункта Фядотыч наліваў 100 грамаў спірту, глюкозу дадаваў туды, і я тры гадзіны, як агурочак.

Натуральна, пачаліся прабле­мы. Сяк-так адслужыўшы 5 гадоў, з'ехаў у Казахстан. Служыў у Сяміпалацінскай вобласці, недалёка ад кітайскай граніцы. Грошай хапала. Набіраў «пойла» і зачыняўся ў кватэры на 9 сутак. Таму што на дзясяты дзень, калі не з'явішся на службе, можна было патрапіць пад трыбунал. Увогуле, у 1980-м медурача звольнілі за банальную п'янку. Напісалі так: за ўчынкі, якія дыскрэдытуюць высокае званне афіцэра.

Пасля звальнення з ваеннай службы Віктар Белавус вяр­нуўся дадому на Гродзен­шчыну. Уладкаваўся ў Дзятлаве ўчастковым тэрапеўтам. Не піў 40 дзён. Але перад Новым годам калегі заклікалі выпіць шампанскага за свята. Прачнуўся толькі трэцяга студзеня. З'ехаў у Кіеў, зноў уладкаваўся ўрачом. І зноў зрыў, звальненне. Пасля вяртання ў Гродна «зашыўся», але пра­тры­маўся толькі дзевяць ме­сяцаў. Не вытрымаў, пасля дзвюх чарак 

«Восеньскага букета» патрапіў у рэанімацыю. Калі выйшаў з бальніцы, Вік­тар ужо нават не хаваўся — збіраў каля крамы з прахожых па 20 капеек, лячыўся ў псі­ха­неўралагічнай бальніцы ў Астроўлі, стаяў на ўсіх уліках. Уладкаваўся на камбікормавы завод, але не для таго, каб там працаваць. Выносіў мяшок камбікорму за прахадную — атрымліваў за яго літр гарэлкі.

— Алкаголік, калі захоча выпіць, ён можа папросту нешта ўкрасці, абмяняць, падмануць, — з горыччу кажа Віктар Мікалаевіч. — Усё гэта звычайнаму чалавеку незразумела і недаступна. Сябры для яго — тыя, хто налівае. Ворагі — тыя, хто гэтаму перашкаджае. У выніку 26 красавіка 1984 года па рашэнні суда мяне адправілі ў ЛПП на два гады. Мне было тады 35 гадоў.

Лячэбна-працоўны прафі­лак­торый, або ЛПП, — месца асаблівае. У тыя часы стрыглі нагала і выдавалі спец­вопратку. Падабенства з турмой  амаль абсалютнае. Разам з Белавусам лячэнне праходзілі 1200 алкаголікаў з усей вялікай краіны. Адзін аднаго лепшы. Тады ён і пачаў аналізаваць сваё жыццё. Аказалася, што прапіў усё: грошы, працу, свабоду. Што далей? Толькі турма ды могілкі.

— Часу падумаць хапала. Ме­на­віта там былі прынятыя тры стратэгічныя рашэнні, дзякуючы якім не п'ю ўжо тры дзясяткі га­доў, — працягвае аповед доктар. — Я 26 красавіка лічу другім днём свайго нараджэння. Кожны год у гэты дзень еду ў ЛПП. Адміністрацыя мяне сустракае вельмі паважліва. Нядаўна далі грамату за маю працу. Выснова першая: хто я ёсць — алкаш, хворы чалавек. Гэта хвароба хранічная і невылечная. Толькі на сённяшні дзень я непітушчы алкаголік, які папраўляецца. Выснова другая: чым я адрозніваюся ад культурна пітушчых людзей? Яны, «сволачы», ім трэба выпіць 100—200 грамаў, і хопіць. Яны гэта могуць. У алкаголіка здольнасць кантраляваць колькасць выпітага алкаголю адсутнічае. Па сутнасці, гэта і ёсць асноўная прыкмета хваробы. Выснова трэцяя: «закон першай чаркі» — не чапай першую, не будзе другой і ўсіх астатніх.

За высокім плотам ЛПП свае правілы, вельмі жорсткія, але шмат у чым спра­вядлівыя. Датэрміновае вызваленне Віктар Белавус зарабіў сумленна. Не парушаў рэжым і парадак, падпарадкоўваўся. Незалежны Акадэмік — так клікалі Віктара таварышы па няшчасці. Выйшаў на свабоду ў 1985 годзе. З вялікай цяжкасцю аднавіўся на працы. Заставалася ўсяго 3 тыдні таго тэрміну, як прозвішча Белавус магло б перастаць лічыцца ў спісах практыкуючых урачоў. Далей пайшла вучоба, змена спе­цыя­лізацыі. Спачатку падлеткавы тэрапеўт, потым фізіятэрапеўт, і вось нечакана доктару прапана­валі ўзначаліць... раённую нар­калагічную службу. Такое рашэнне прыняў Аляксандр Канаваленка — тады галоўны нарколаг Гродзенскай вобласці. 

— Ад такой прапановы стала ніякавата, — успамінае Віктар Белавус. — Хлопцы, я толькі паўтара года, як выйшаў з «п'янай турмы». Раптам сарвуся? І тут прагучала вельмі важная фраза: «Доктар, мы ў цябе верым». Пагадзіцеся, гэта вельмі магутны штуршок. 

Так Віктар Белавус, алкаголік і ўрач, пачаў лячыць такіх жа хворых людзей, як ён сам. Больш за трынаццаць гадоў аддаў працы ў міжраённым нар­калагічным аддзяленні «Жыба­ртоўшчына». Невялікая бальнічка на 60 ложкаў у былым панскім маёнтку Ігната Дамейкі. За аддзяленнем былі замацаваны 4 раёны — Шчучынскі, Навагрудскі, Дзят­лаўскі і Карэ­ліцкі. 

— Тады як было? Два «залёты» на працы — і на 3—4 месяцы да мяне. З кожным разбіраюся. Складана было спачатку. Асабліва, калі міліцыя пачала прывозіць людзей, з якімі я сядзеў у ЛПП. «О, Акадэмік, прывітанне», — пазнавалі адразу. Спачатку быў жорсткім з імі. Маўляў, не бу­дзеце выконваць патрабаванні, адпраўлю туды, дзе мы з вамі пазнаёміліся. За доўгія гады працы праз мае рукі прайшлі 17,5 тысячы пацыентаў. Усякага люду хапала. Была і жаночая палата. Там чацвёртую выснову зра­біў: перад гарэлкай усе роўныя. І партыйныя, і беспартыйныя, і начальнікі, і падначаленыя, і багатыя, і бедныя... Пасля трэцяй чаркі мяжа сціраецца. Пасадзі генерала і радавога. Як яны будуць адчуваць сябе? Няёмка. Дай ім па дзве шклянкі гарэлкі, і праз гадзіну яны будуць у адным званні. 

Шмат вады ўцякло з тых часоў. Сёння самы лепшы падарунак для не падобнага на іншых доктара Белавуса — тэлефонны званок прыкладна такога зместу: «Вы мяне, напэўна, ужо не памятаеце. 10 га­доў таму я быў вашым пацыентам, і вы расказвалі сваю гісторыю. Проста хачу сказаць, што мне вельмі дапамагло ваша лячэнне. Усё добра ў мяне». Псіхіятр-нарколаг з 30-гадовым стажам працы і 32-гадовым стажам «без бутэлькі» ўпэўнены: да канца зразумець і адчуць эмоцыі алкаголіка можа толькі алкоголік. 

— Літа­ральна пазаўчора зноў быў званок, — з усмешкай успамінае размову псіхіятр-нарколаг. — Мужчына на іншым канцы провада расказваў мне пра свой лёс і пра тое, як паўплывала на яго даўняя сустрэча са мной. Хто толькі не быў за доўгія гады ва ўтульным кабінеце доктара Белавуса. Ужо на ганку мудры ўрач робіць на развітанне пятую выснову: 

— Што б ні было наліта ў вашым бакале ў навагоднюю ноч — шампанскае, гарэлка, кефір або таматавы сок, Новы год усё роўна наступіць. І толькі вам вырашаць, якім ён будзе.

tanula.K@mail.ru

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter