Бывшая свинарка Нина Бакунец-Колбик: хочу рассказать правнукам, как в 21 год стала Героем Соцтруда

Герой Сацыялістычнай Працы Ніна Бакунец-Колбік: «Кінула танцы і бягом да сваіх свінаматак»

Свінарка былой столінскай гаспадаркі «17 Верасня» Ніна БАКУНЕЦ больш за паўвека таму ўвайшла ў гісторыю краіны як самы малады Герой Сацыялістычнай Працы. Такое высокае званне ў 21 год атрымала, як адзначалася ва Указе Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, «за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака і іншай сельгаспрадукцыі».

Працаваць у калгас сялянская дачка прыйшла адразу пасля заканчэння Хорскай сямігадовай школы. Даглядала цялят, а потым перайшла на свінаферму. За маладой жывёлаводкай замацавалі групу свінаматак. Даводзілася ўсё рабіць уручную, але гэта руплівую дзяўчыну не пужала. Заўзята выконвала сваю справу. І поспех не прымусіў сябе доўга чакаць: атрымала больш за дваццаць галоў прыплоду ад кожнай з двух дзясяткаў свінаматак. Удвая павялічыла сваю групу і трывала замацавала сябе сярод лепшых жывёлаводаў рэспублікі. Зорку Героя Сацыялістычнай Працы і ордэн Леніна перадавой свінарцы ўрачыста ўручалі ў Крамлі вясною 1966-га. У той жа год яна выйшла замуж і стала Бакунец-Колбік.

Працоўная дзейнасць Ніны Фёдараўны адзначана таксама медалём «За доблесную працу.  У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна», ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча, Брэсцкага аблвыканкама, Беларускага аграпрамысловага саюза. Выбіралася дэпутатам Столінскага раённага і Брэсцкага абласнога Саветаў дэпутатаў, унесена як ганаровы працаўнік у Кнігу пашаны Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза.


Выцягнутая на некалькі кіла­метраў уздоўж хуткацечнай ракі Гарыні столінская вёска Туры патанае ў садах. Вуліцы шчыльна забудаваны дыхтоўнымі дамамі, перад многімі з якіх пярэстымі восеньскімі фарбамі палаюць кветнікі. Некаторыя сядзібы засаджаны радкамі маліны і дурніц, на агародах крутабокія гарбузы. Ад моста цераз раку да суседняй вёскі Хорск вядзе заасфальтаваная цэнтральная вуліца. З-за агароджаў выглядаюць усыпаныя пладамі грэц­кіх арэхаў разгалістыя дрэвы. У канцы гэтай вуліцы, побач з машынным дваром гаспадаркі, за высокай сцяной вінаградніка, узвышаецца мураваны з чырвонай цэглы дом Героя Сацыялістычнай Працы Ніны Фёдараўны Колбік. Пад восеньскімі промнямі сонца даспяваюць сінія гронкі пладоў.

У свой час пра перадавую свінарку шмат пісалі ў газетах, запрашалі яе на розныя святы і ўрачыстасці. Партрэт Ніны Фёдараўны Бакунец-Колбік упрыгожваў раённую Дошку гонару. З шасці герояў Сацыялістычнай Працы Століншчыны пяцёра адышлі ў нябыт. Слынным землякам пры­свечана спецыяльная экспазіцыя ў раённым краязнаўчым музеі. Імя вядомай палескай настаўніцы Героя Сацыялістычнай Працы Ганны Іванаўны Кавалец прысвоена Вялікамалешаўскай сярэдняй школе, якой педагог аддала ўсё жыццё. Руплівай працай здабыла гонар і славу Ніна Фёдараўна. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў калгасе. З мужам Фёдарам Васільевічам Колбікам выхавалі двух сыноў і дачку, дачакаліся чацвярых унукаў. Аўдавелая гаспадыня адна засталася ў прасторным доме. Як настаюць халады, перабіраецца да дачушкі Наталлі, якая жыве побач. Падчас размовы Ніна Фёдараўна раз-пораз адказвала на тэлефонныя званкі, нешта ўдакладняла, давала парады. У светлым доме яе панавалі чысціня і парадак. Праз расчыненыя дзверы была бачна ўтульная кухня.

— Мелася ў мяне печ, але дзеці вырашылі разабраць, — Ніна Фёда­раўна пераводзіць позірк на прасторны пакой. — Карыстаюся газавай плітой. Раней, калі была вялікая сям'я, трымалі карову, свіней, курэй і гусей, выручала печ. Чыгу­намі застаўляла яе. Самым галоў­ным прадуктам у нас заўжды была бульба. Колькі розных страў выраблялі! Парылы, смажылі, тушылі з мясам і грыбамі, гатавалі дранікі, у гаршках запякалі з салам. Бульба не пры­ядалася ніколі і ў самыя важныя святы была на стале. І цяпер, калі на мой дзень нараджэння збіраюцца дзеці, унукі, сваякі, сябры, то абавязкова застолле ўпрыгожваюць стравы з яе.

— Вырошчваеце бульбу на прысядзібным участку ці ў полі?

— Пасля таго як не стала мужа, адмовілася ад сотак у полі. Толькі каля дома садзім. Сыны трактарам пераворваюць зямлю. Участак вялікі, больш за дваццаць сотак. Вырошчваем гародніну. Сёлета добра ўрадзілі гарбузы. Іх насенне высушылі і прадалі закупшчыку. Некаторыя ў вёсцы займаюцца дурніцамі і малінай: попыт на ягады вялікі. Ад суседняга Давыд-Гарадка да Альшан растуць фермерскія сады. Ёсць дзе зарабіць грошы — толькі не лянуйся. Наш калгас «17 Верасня» стаў часткай ААТ «Новая Прыпяць». Гэта адна з найбольш буйных гаспадарак у раёне. Узначальвае яе малады дырэктар Андрэй Засімовіч. Ад былога калгаса ў нашай вёсцы Туры засталіся машынна-трактарны двор і жывёлагадоўчыя памяшканні, дзе ўтрымліваюцца кормнікі.

— Цікавіцеся справамі аб'ядна­най гаспадаркі?

— Цэнтрам яе стаў аграгарадок Альшаны, што больш за дзесяць кіламетраў ад нас. Пэўна, у такой вялікай гаспадарцы лягчэй манеўраваць тэхнікай, зніжаць затраты на вытворчасць прадукцыі. Радуе тое, што сельгаспрадпрыемства развіваецца. Побач з суседняй вёскай Хорск цяпер сучасная малочна-таварная ферма на 800 галоў. Моладзь атрымае магчымасць працаваць там. Ці можна параўнаць з тымі ўмовамі, якія некалі былі на нашай свінаферме? Круглы год хадзіла ў гумавых ботах, механізацыі не было. У кормазапарніку варылі бульбу для свіней. Карміць іх трэба было тры разы на дзень. Цягалі ваганеткі з кормам па падвеснай дарозе, а яны часта абрываліся. Пакуль рамонтнік зварваў дэталь, насілі поўныя вёдры. Стомы не адчувалі. А вечарамі ляцелі ў клуб патанчыць.

— Мо там і будучага мужа су­стрэлі?

— У вёсцы ўсе адзін аднаго добра ведалі. На пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя прымалі перасяленцаў з Мярлінскіх хутароў. У той мясцовасці ствараўся ваенны палігон, і ўсіх тутэйшых выселілі. Па суседстве з намі стала жыць сям'я Колбікаў. Старэйшы за мяне на два гады Фёдар Колбік уладкаваўся працаваць кавалём на калгаснай кузні. Калі на свінаферме здараліся паломкі ваганетак, рамантаваў іх.

Залатыя рукі меў. Спрытна зварваў жалезныя дэталі, удзячны былі яму за гэта. У нейкі момант сэрцам адчула яго адносіны да сябе. Мне і дваццаці гадоў яшчэ не было, як сталі сустракацца. Пасля працы вечарамі хадзілі ў клуб. Дзяўчат у нашай вёсцы хапала, а кавалераў неставала. На матацыклах пры­язджа­лі хлопцы з суседніх вёсак і з Давыд-Гарадка. Пад гармо­нік скакалі не толькі ў выхадныя, а і сярод тыдня. А ў святы гулянне доўжылася далёка за поўнач. Павесяліцца прыходзілі і маладыя сем'і. Тэлевізараў не было, яднаў усіх вясковы клуб. Дзверы яго не зачыняліся круглы год. Фёдар пра­водзіў мяне з гулянак дамоў.

— Доўга сустракаліся?

— Штодня бачыліся на працы. І ў святы былі разам. Мае сяброўкі ўжо мелі сем'і: многія з іх пасля заканчэння сямігодкі адразу выходзілі замуж, яшчэ ў школьныя гады рыхтаваліся да замужжа. На перапынках даста­валі свае прылады і вышывалі ручнікі, сурвэткі, карціны для рамак. Тады ў нас модна было займацца рукадзеллем. І я імкнулася гэта рабіць, але дома. Цяпер нікому не патрэбныя ляжаць мае вышыўкі на гары­шчы. Ганьбай лічылася, калі хто пасля васямнаццаці гадоў затрымліваўся ў дзеўках, але мяне гэта не хвалявала. Жыла сваёй працай на ферме. Спачатку даглядала 19 свінаматак, потым дабавілі яшчэ амаль столькі. Шмат карыснага пераняла ад старэйшай свінаркі Аляксандры Сцяпанаўны Трухановіч. Не аднойчы, калі пачыналіся апаросы, ноччу прыходзіла на ферму. Памятаю, як на танцах у клубе ўбачыла, што зайшоў узрушаны бацька. І паве­даміў: вартаўнік прыбягаў — на ферме апарос пачаўся. Кінула танцы і бягом да сваіх свінаматак. Своечасова ўсё ўладзіла, а тут і другая пачала парасіцца. Да позняй ночы хапала клопату. Днём звычайна дамоў на абед не хадзіла. З сяброўкамі восенню выбралі на калгасным агародзе агуркі і пасалілі ў бочцы, усю зіму елі з паранай бульбай. Нават і зараз не люблю абіраць шалупінне, вару яе ў мундзірах. Так захоўваецца больш натуральнага смаку.

— Ваш шлях да працоўнага алімпу быў імгненным. За кароткі час па вытворчых паказчыках не толькі абышлі калег па калгасе, але і ўзняліся да вяршынь лепшых жывёлаводаў краіны. Што гэтаму найбольш садзейнічала?

— Усе разам працавалі на вынік, у перадавікі ніколі не рвалася. З першых дзён сур'ёзна ўзялася за справу. Не шкадавала рук і часу, каб усё атрымлівалася як належыць. Пры неабходнасці і ноччу з мужам хадзілі на ферму. За год ад кожнай свінаматкі атрымлівала па два апаросы, і агульны прыплод вырастаў да 22 парасятак. Гэта высокі паказчык. Мяне прызналі лепшым жывёлаводам Брэстчыны. Штогод атрымлівала не менш за 22 парасяты ад кожнай асноўнай свінаматкі. Калі яны дасягалі 15 кілаграмаў, перадавала ў групу дарошчвання маладняку. За тры гады працы выгадавала амаль 1900 парасят. Імкнулася прымаць актыўны ўдзел у паляпшэнні пароднасці свіней, у разгортванні механізацыі на ферме. За мной замацавалі павялічаную групу свінаматак — 25 асноўных і 17 разавых. У мяне быў самы нізкі падзёж маладняку, а прыплод у разліку на свінаматку найбольшы. За чарговыя працоўныя поспехі ў 1970-м атрымала медаль «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна». Адзначалася і грашовымі прэміямі. Сваімі высокімі заробкамі дапамагала бацькам разлічвацца з калгасам за пазыку, якую бралі на будаўніцтва хаты. Зараз у ёй жыве мая дачка Наталля. Памятаю, як атрымала 420 рублёў дэкрэтных. За такія грошы можна было набыць матацыкл. Вырашыла пашыць паліто. Мяне часта выклікалі на розныя маладзёжныя нарады, сустрэчы. Хацелася прыгожа выглядаць. У модзе была бастонавая тканіна. Купіла такі адрэз і каракулевы каўнер. У давыд-гарадоцкіх краўцоў заказвала шыць абноўку.

— Слава за працоўныя здабыткі не закруціла галаву?

— Прыемна было адчуваць такую ўвагу да сябе. У той год, калі атрымала званне Героя Сацыялістычнай Працы, і загадчык свінафермы Фёдар Іванавіч Бакунец быў адзначаны ордэнам «Знак Пашаны». Калгас грымеў высокімі вытворчымі паказчыкамі, да нас на свінаферму прыязджалі пераймаць перадавы вопыт. Зоркай Героя былі адзначаны і працоўныя дасягненні старшыні суседняга калгаса «40 год Кастрыч­ніка» Івана Дзмітрыевіча Янкоўскага.

Разам адправіліся ў Брэст, а адтуль паляцелі ў Маскву. Мне толькі споўніўся 21 год. Хваляванне не пакідала ўсю дарогу.

— Упершыню ляцелі самалётам?

— Раней даводзілася толькі на кукурузніку з Пінска ў Давыд-Гарадок. Так хутчэй дабіраліся ў наш аддалены куток. А ў Маскву ляцелі вялікім самалётам. У ім быццам у хаце сядзела, пазірала зверху на зямлю. Сталіца ўразіла мноствам народу, прыгожымі вуліцамі і плошчамі. Упершыню пра­ехала ў метро, прайшлася па Чырвонай плошчы. У Крэмль з'ехаліся перадавікі з усёй краіны. Пасля ўрачыстасці нас шыкоўна частавалі. Дамоў вярталася акрыленая жаданнем працаваць яшчэ лепш. У той год два разы наведвалася ў Маскву: прымала ўдзел у VII з'ездзе кааператараў і злёце моладзі, прысвечаным 25-годдзю разгрому фашыстаў пад Масквой. Шмат сабралася ўдзельнікаў з розных саюзных рэспублік. Ваенная тэматыка мяне цікавіла. Ад бацькі шмат чула пра яго франтавыя шляхі-дарогі. Прымаў удзел у вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дайшоў да Берліна. Мая дачка Наталля захоўвае яго дакументы на баявыя ўзнагароды. На тым маскоўскім маладзёжным фестывалі, які доўжыўся некалькі дзён, мы жылі ў палатках. Перад ад'ездам на форум старшыня калгаса паставіў мне задачу пабываць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі, каб перадаць міністру просьбу аб выдзяленні такарнага станка. Знайшла такую магчымасць і патрапіла ў кабінет міністра. Выслухаў ён мяне, запісаў адрас і паабяцаў дапамагчы. Здзіўленнем было, калі вярнулася з Масквы, а станок ужо атрымалі.

— Ніна Фёдараўна, ваша жыццё напоўнена мноствам цікавых па­дзей. Якія найбольш памятныя?

— Вяршыня ўсяго — атрыманне ганаровага звання Героя Сацыя­лістычнай Працы. Так здарылася, што той год стаў асаблівым у маім жыцці. У канцы кастрычніка з Фёдарам пажаніліся, некалькі дзён гулялі вяселле. Віншаваць нас прыехаў першы сакратар райкама камсамола. Ад калгаса ў падарунак атрымалі тэлевізар (у той час ён быў адзіным у нашай вёсцы), жылі ў бацькоў мужа. Кожны вечар у хаце збіраліся аднавяскоўцы, садзіліся на падлогу і да апоўначы глядзелі тэлеперадачы. Сям'я была вялікая. Выказала думку пра будаўніцтва ўласнага дома. Свекрыві гэта не спадабалася, і яна заявіла, што можам перабірацца да маіх бацькоў. На кані перавезлі пажыткі і асталяваліся там, пакуль не збудавалі ўласны дом.

— Шмат гадоў ужо на заслужаным адпачынку, а ці прыгадваецца праца на свінаферме?

— Зараз меней успамінаю, а напачатку, як перайшла да цялят, то дыхала ёю. Працу маю на свінаферме перапыніла цяжкая хвароба, амаль год лячылася. Урачы выхадзілі і параілі больш лёгкі занятак. Даглядала цялятак, а потым да выхаду на заслужаны адпачынак прымала малако ад насельніцтва.

— Які перыяд вашага жыцця лічыце найбольш шчаслівым?

— Напэўна, цяперашні, бо нічога не трэба рабіць. Здароўе падводзіць, без кавенькі не магу і кроку зрабіць. Не шанавала сябе ў маладыя гады, як на крылах лятала. Думала, што заўжды буду такой спрытнай. Дзякуючы дзецям і ўнукам на падворку і агародзе парадак. Мы з мужам сыноў і дачку з малых гадоў прызвычайвалі да сялянскай працы. Яны чароды кароў пасвілі, а статак у вёсцы быў вялікі. На агародзе і ў полі дапамагалі нам. І цяпер падтрымліваюць мяне. Імкнуся і сама прапалоць грады. Натамлюся і вяртаюся ў дом, адпачну і зноў бяруся за працу. Без яе не ўяўляю жыцця. Цікаўлюся падзеямі ў краіне і свеце. Балюча ўспрымаю тое, што адбываецца на тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі. У напружаны час больш сур'ёзна асэнсоўваеш усё. Колькі разоў наш Прэзідэнт выказваў ініцыятыву правядзення дыялогу па мірным ўрэгуляванні канфлікту. На жаль, заходнія палітыкі жывуць іншымі задумамі. Украіну выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Спадзяваюся, што ўсё ж такі розум возьме верх у гэтай складанай палітычнай сітуацыі. Мару, каб дзеці і ўнукі жылі пад мірным небам. Малюся, каб ціха было на нашай зямлі.

— У вас была магчымасць даць дзецям адукацыю?

— Канешне, мы з мужам добра зараблялі. Пасля фермы ён перасеў на трактар і быў у перадавіках. Сыны пасля заканчэння школы пайшлі па яго слядах. Старэйшы Юра пасля атрымання атэстата сталасці сеў за руль трактара (кіраваць ім навучыўся ў школьныя гады). Адслужыў у арміі і адразу на другі дзень выйшаў на працу. Прыклад з яго ўзяў і малодшы сын Аляксандр. Займелі яны сем'і. Нявестак самі выбіралі. Жонка Аляксандра дапамагала даіць карову. Не ўсё так гладка ў яе атрымлівалася, і мне даводзілася перадойваць. Цяпер жывуць асобна, двое дзетак у іх. Дачка Наталля атрымала прафесію повара і вярнулася дамоў, выйшла замуж за мясцовага. Адразу жылі з намі, а потым перайшлі ў дом маіх бацькоў. Здарылася бяда: зяць загінуў. Без таты засталіся старэйшая ўнучка Дзіна і ўнук Яўген. Жыццё часам прыносіць шмат непрадказальнага. У нас з мужам было шчаслівае сямейнае жыццё. На залаты юбілей планавалі павянчацца, але лёс інакш распарадзіўся… Пасля смерці мужа засталася ў доме адна. Цешу сябе ўспамінамі, не забываю дарогу да храма. Раней у нас была каплічка, а ў 1996 годзе адкрылася царква. Будоўля з'яднала людзей. Вера напаўняе маё сэрца духоўнасцю. Некалі магла і моцнае слова сказаць, пасварыцца з кім, а зараз больш патрабавальная да сябе. Імкнуся жыць па праваслаўных канонах.

— Нарадзіліся вы перад Каля­дамі. А які час года больш любіце?

— З дзяцінства з нецярпеннем чакала летніх дзён, калі ўсё навокал красуе, шмат сонца і цяпла. І зіма па-свойму цудоўная. Памятаю, як маці напаліць печ, а мы вечарам грэемся на ёй. А якая цудоўная сёлета выдалася восень! У некаторых гаспадароў яблыні ад такога цёп­лага надвор'я зацвіталі. Не толькі любая пара года мае сваю прыгажосць, а і кожны дзень нясе нешта новае, невядомае. Трэба толькі ўмець радавацца гэтаму.

— Пра што марыце?

— Пабольш пажыць на свеце, дачакацца праўнукаў, каб расказаць ім, як стала Героем Сацыялістычнай Працы.

— Дзякую за сустрэчу. Няхай ваша мара здзейсніцца, а нашчадкі будуць вартыя слыннай бабулі!

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter