Галоўны аграном ААТ «Вазнясенскі» Жабінкаўскага раёна Ларыса Марчук: «Выйду ў поле і слухаю, як зямля моцы набіраецца»

Жыццё ў кожнага складваецца па-свойму. Галоўнаму аграному ААТ «Вазнясенскі» Жабінкаўскага раёна Ларысе МАРЧУК пасля заканчэння Хмелеўскай сярэдняй школы давялося вызначыць далейшы шлях у складаны час распаду нашай вялікай краіны. Яна цвёрда вырашыла стаць аграномам. Сярод абітурыентаў гэтай спецыяльнасці ў беларускіх вышэйшых навучальных установах трымаўся высокі конкурс. Значна меншы ён быў у Велікалукскім сельгасінстытуце, што ў Пскоўскай вобласці Расіі. Каб не рызыкаваць, скарыстала гэту магчымасць, паспяхова здала ўступныя экзамены і стала студэнткай. З першых дзён вучобы захапілася асновамі вядучай аграрнай прафесіі. На старэйшых курсах паглыблена вывучала ахову сельгаскультур ад хвароб і шкоднікаў. За перыяд пераддыпломнай практыкі, якую праходзіла ў жабінкаўскім калгасе «Усход», шмат карыснага пераняла ў галоўнага агранома Васіля Паўлавіча Гулько.

Паспяхова завяршыла вучобу і вярнулася дамоў маладым спецыялістам. Працоўную дзейнасць пачала аграномам-аграхімікам у жабінкаўскім калгасе «Перамога», потым узначаліла агранамічную службу гаспадаркі. Пастаянна набывала практычны вопыт. Сем гадоў таму стала кіраваць раслінаводчай галіной у ААТ «Вазнясенскі» Жабінкаўскага раёна. Па ўраджайнасці сельгаскультур гаспадарка лідзіруе ў раёне і ўпэўнена трымаецца сярод лепшых на Брэстчыне. За высокія вытворчыя паказчыкі галоўны аграном адзначалася на абласных «Дажынках». Працоўную дзейнасць Ларыса Іванаўна сумяшчае з грамадскай работай, неаднаразова выбіралася дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў.


Вялікі рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, радавод якога з Брэстчыны, разважаючы пра вытокі грамадства, адзначаў, што «нараджацца і ўзыходзіць нацыя пераважна павінна на зямлі, на глебе, на якой хлеб і дрэвы растуць». І сапраўды, у працавітых сялянскіх сем'ях вякамі складаліся і адшліфоўваліся пэўныя прынцыпы. З цягам часу яны выкрышталізоўваліся ў запаветы, якімі карыстаемся ў жыцці. Менавіта на людзях працы і высокага сумлення трымаецца аснова нацыі. Спрадвеку так вялося і ў мясцінах, якія прымыкаюць да Прыбужжа, адкуль сялянскія карані Ларысы Марчук. У складаны час яе продкі поўнілі шэрагі абаронцаў нашай зямлі ад ворагаў, не шкадавалі сябе ў працы. Бацька Іван Мікітавіч — спрадвечны хлебароб. На трактары апрацоўваў калгасныя палі, убіраў ураджай. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак паўтара дзясятка гадоў запар у жніво выводзіў камбайн на хлебную ніву. Маці Любоў Дзмітрыеўна была рабочай на Жабінкаўскім цукровым заводзе, а потым даіла калгасных кароў. Ларыса, як старэйшая з трох сясцёр, часцей за ўсіх дапамагала маці на ферме, а часта і замяняла яе на дойцы. Працай бацькі выхоўвалі дочак.

— Жыла наша сям'я разам з аўдавелай бабуляй Ганнай у яе доме, — узгадвае Ларыса Марчук. — Памятаю, як вучыла мяне смажыць бліны ў печы. Хутка пераймала яе вопыт. Ад маці даведалася, як зручней выконваць іншыя гаспадарчыя справы. Усёй сям'ёю дружна палолі грады, бульбу на сотках у полі, трымалі парадак на двары. Агародчык перад домам патанаў у кветках. У старэйшых класах адзін дзень на тыдні займаліся на Жабінкаўскім міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце. Юнакі атрымлівалі прафесію вадзіцеля, а дзяўчаты — швачкі. Але мяне цягнула да працы на зямлі. Сваю мару здзейсніла. На студэнцкія канікулы ляцела дамоў, дзе мяне чакалі родныя і сябры. У сельскім клубе нашай вёскі Жыцень летам штовечар ладзіліся танцы, шмат моладзі збіралася.

— Мо там і свайго суджанага сустрэлі?

— Пазнаёміліся на вяселлі ў майго стрыечнага брата. Ігар працаваў трактарыстам у суседнім калгасе. Амаль два гады сустракаліся. Чакаў ён, пакуль скончу вучобу ў сельгасінстытуце. Пасля чацвёртага курса згулялі вяселле і абвянчаліся ў храме Брэста. Першыя гады жылі ў яго бацькоў у вёсцы Палявая Рэчыца. Нарадзіўся сын. Свякроў адразу ўступіла мне месца каля печы. Я гатавала ежу для ўсёй сям'і, па гаспадарцы ўпраўлялася. Дзве каровы трэба было даіць. Спатрэбілася навука бабулі і маці. Як сын падрос, пайшла працаваць аграномам-аграхімікам у ААТ «Арэпічы». Ад гаспадаркі атрымалі новы дом у вёсцы Вярхі і перабраліся туды. Муж памяняў прафесію, стаў лесніком. Бацькі яго працавалі ў лясніцтве да выхаду на заслужаны адпачынак, і наш Дзмітрый абраў гэту прафесію. Скончыў лесатэхнічны факультэт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і вярнуўся спецыялістам лясной гаспадаркі. Займеў сваю сям'ю. Дачка Юлія маладзей за яго на адзінаццаць гадоў, заканчвае сярэднюю школу. Іх выпускны клас эксперыментальны: знаёміліся з вытворчым працэсам на цукровым і льнозаводах, камбікормавым камбінаце.

— Якім выдаўся 2023 год для вашай гаспадаркі?

— Запомніцца кліматычнымі анамаліямі. Але выстаялі. Калі падсумоўваць вынікі, ёсць чаму радавацца. Увогуле на працягу сямі гадоў, як узначальваю агранамічную службу ў ААТ «Вазнясенскі», атрымліваем самыя высокія ў раёне ўраджаі. Усё выконваем па тэхналогіі: кожны ўчастак зямлі ў нас даследаваны. Ведаем, як найлепш заправіць яго. Падбіраем самыя перспектыўныя сарты сельгаскультур, таму і вынікі прадказальныя. Амаль па 60 цэнтнераў збожжа даў кожны з 1270 гектараў. Атрымалі рэкордныя 138 цэнтнераў зерня кукурузы з гектара, у засекі засыпалі амаль 10 тысяч тон зерня збожжавых і кукурузы. Парадаваў высокім ураджаем азімы рапс — па 47 цэнтнераў насення з 280 гектараў. На перапрацоўку адправілі яго звыш тысячы тон. Справіліся з выкананнем дзяржзаказу па сельгаскультурах.
Пераважную частку нашага севазвароту займаюць кармавыя культуры. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і ялавічыны. Задача раслінаводства — забяспечыць грамадскі статак якасным уласным фуражом. На кожную з 2629 галоў буйной рагатай жывёлы назапасілі звыш 35 цэнтнераў кармавых адзінак (больш чым у 2022‑м). Валавы намалот зерня на тысячу тон перавышае мінулагодні, што гарантуе поўнае забеспячэнне кармавога балансу ўласнымі канцэнтратамі. Больш за паўтоны на кожную з 880 кароў павялічыўся надой малака. Звыш дваццаці тон яго штодзённа адпраўляем для перапрацоўкі на ААТ «Савушкін прадукт». Гадавы надой ад каровы сёлета перавысіць 9500 кілаграмаў.
Ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі атрымліваем пераважную частку фінансавых паступленняў. Паляпшаецца дабрабыт працаўнікоў: сярэднямесячны заробак па гаспадарцы перасягнуў дзве тысячы рублёў. Такімі поспехамі завяршаем Год міру і стварэння.

— Эстафету прыме абвешчаны Прэзідэнтам Год якасці. Якія ў вас задумы?

— Мо яшчэ ранавата гэтым дзяліцца. Пакуль падлічваем вынікі, вышукваем нявыкарыстаныя рэзервы. Пры высокім узроўні паказчыкаў не так проста яшчэ ўздымацца. Кожны працэнт прыросту патрабуе пільнага падліку. Мінулі тыя часы, калі за валавым аб'ёмам не бачылі фінансавых затрат. Цяпер кожная капейка на ўліку.

Лічу, што своечасова Прэзідэнтам падпісаны ўказ пра абвяшчэнне Года якасці. Пераважная частка прадукцыі, якая вырабляецца аграрным сектарам, рэалізуецца за мяжой. Канкурэнцыя на знешнім рынку патрабуе высокай якасці. Тыя ж кармы для жывёлы павінны адпавядаць стандартам, бо ўплываюць на атрыманне добрай прадукцыі.

— У гэтыя зімовыя дні зямля спачывае, а аграному атрымліваецца перадыхнуць?

— Пра які адпачынак можа ісці размова, калі ў мяне зараз самы час выніковых справаздач? Канешне, менш напружання, як было ў вяснова-летні сезон, калі не пакідала поле ад усходу да заходу сонца. Да вясны трэба распрацаваць маршруты асноўных палявых работ на ўвесь год. Не лішне асвяжыць веды на семінарах па вырошчванні сельгаскультур, зазірнуць у інтэрнэт, пачытаць спецыялізаваную літаратуру. Пастаянна знаходжу нешта новае, вывучаю, прыкідваю, як можна прымяніць у нашых умовах. Люблю гэтыя кароткія дні года з казачнымі туманамі, атрымліваю асалоду ад такога надвор'я. Мо таму, што восенню нарадзілася. Праз лічаныя дні сонца паверне на лета, дзень стане павялічвацца. А як цудоўна, калі ў маразы снег рыпіць пад нагамі! Выедзеш у поле, а там пануе чароўная цішыня. Зямля моцы набіраецца.

— Ці былі ў вас моманты сумнення ў жыццёвым выбары, калі нешта не атрымлівалася?

— Ды яшчэ колькі! Асабліва на пачатку працы. Задум мела шмат, а каб здзейсніць іх, не хапала вопыту. З гадамі ўсё ўсталявалася. Чалавек больш стамляецца маральна, чым фізічна. Ад фізічнай стомленасці ратуе моцны сон, а ад маральнай цяжка знайсці лекі. Менавіта ў такі момант важна не прымаць неабдуманых рашэнняў, не панікаваць. Нашаму калектыву пашчасціла на дырэктара Надзею Рыгораўну Кандрацюк. Умее патрабаваць і, калі неабходна, падтрымаць чалавека. Заўжды прыслухоўваецца да меркаванняў спецыялістаў. Па адукацыі яна эканаміст, у памяці трымае кожную лічбу. Моцны аналітык. Упэўнена вядзе людзей за сабою, ведае ўсіх у калектыве. Цікавіцца не толькі вытворчымі справамі, а і клопатамі падначаленых. Шмат дапамагае. Памятаю, як у першы год маёй працы галоўным аграномам не ўсе ў гаспадарцы верылі, што ў мяне атрымаецца. А калі сабралі высокі ўраджай сельгаскультур, Надзея Рыгораўна першай павіншавала з поспехам. Часта з ёю абмяркоўваем важныя справы, заўжды знаходзім паразуменне і прымаем рашэнні.

— Ларыса Іванаўна, ваша праца патрабуе пастаянных кантактаў з людзьмі. У вас больш сяброў ці таварышаў?

— Багата сяброў з маладосці, многія з іх атабарыліся ў гарадах. Калі прыязджаюць у вёску, сустракаемся. Ёсць пра што паразважаць, дзялюся з імі самым запаветным. І яны мне давяраюць свае таямніцы. Падтрымліваю цудоўныя адносіны з калегамі па працы. Разам з імі ў будні і святы.

Паважаю людзей шчырых, інтэлігентных, багатых на інтэлект. У нашай невялікай вёсцы ўсе адзін аднаго ведаюць. Часцей сустракаюся са старэйшымі жыхарамі. Цікава мне гутарыць з нашымі механізатарамі, паляводамі. Па суседстве з намі ў вёсцы Вярхі жыве былая выкладчыца Брэсцкага дзяржпедуніверсітэта Ніна Спірыдонаўна Хмарук. Зімою яна перабіраецца ў гарадскую кватэру ў Брэст, а з вясны да позняй восені знаходзіцца ў вёсцы. Звяртаецца да мяне за прафесійнымі парадамі па гародніцтве. З ёю цікава разважаць на самыя розныя тэмы. Жанчына яна тактоўная і шчырая, у яе можна павучыцца, як несці радасць жыцця.

Самы лепшы мой сябра і дарадчык — мама. Сапраўднае свята для мяне, калі з бацькам гасцююць у нас. Да кожнага прыезду рыхтую падарункі. Зімовымі доўгімі вечарамі вяжу цёплыя шкарпэткі, світары, з радасцю іх дару. Матуля — чалавек чуллівы і спагадлівы. Калі цяжка захварэла бацькава маці, бабуля Ганна, маці звольнілася з цукровага завода. Працавала даяркай і да апошніх дзён глядзела за ёю. У цяжкія моманты мы з сёстрамі замянялі маму на ферме. З малых гадоў не цураліся аніякай сялянскай працы, у школе добра вучыліся. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Сястра Алена працуе юрыстам у Жабінкаўскім райвыканкаме, малодшая Ганна скончыла аграфак Гродзенскага сельгасінстытута і пачынала аграномам у нашым раёне, а зараз кіруе ААТ «Рагазнянскі». З маленства нас прывучалі жыць сумленна, нікому не зайздросціць. Так і сваіх дзяцей выхоўваем. Шчасце не ў тым, каб рабіць тое, што хочаш, а каб заўжды хацелася таго, што робіш. Па знаку задыяка я вагі. Рашэнні адразу ніколі не прымаю, разважаю, аналізую сітуацыю, раюся. У працы на зямлі шмат рызыкі, надвор'е загадзя не замовіш. Год на год не прыходзіцца. Зямля адчувае клопат пра яе і аддзячвае ўраджаем.

— Праца агранома карпатлівая, асабліва ў сезон. Акрамя прафесійных абавязкаў, у чым бачыце сэнс жыцця?

— У сям'і і любімай справе. Праца лепш спорыцца, калі родныя здаровыя. Ад нашага ўнутранага настрою шмат у чым залежыць агульны поспех. Ганаруся, што працую на зямлі, вырошчваю хлеб. Лічу гэта сваім хлебаробскім патрыятызмам. Заключаецца ён ў добрасумленным выкананні службовых абавязкаў. Кожны павінен з усёй адказнасцю займацца сваёй справай, бо ад гэтага залежыць эканамічны патэнцыял краіны. Асабліва важна зараз, калі так неспакойна ў свеце.
З цікавасцю слухала па тэлевізары, як наш Прэзідэнт на плянарным пасяджэнні саміту ў Дубаі жорстка выказаўся пра канфлікты, войны і іх ініцыятараў. На гэтым форуме ён прадставіў пазіцыю нашай краіны па рашэнні пытанняў кліматычнай і экалагічнай бяспекі і заклікаў міжнародную супольнасць не выказваць «заклапочанасць», а дзейнічаць дзеля захавання жыцця на планеце.
Пужаюць падзеі ў нашай паўднёвай суседкі і на Блізкім Усходзе. Як маці, хачу падзякаваць Аляксандру Рыгоравічу за тое, што нашы сыны могуць спакойна працаваць на зямлі, вырошчваць хлеб, выконваць грамадзянскія абавязкі.

— Ваша прафесія ў нейкай ступені рамантычная. Што для вас значаць прыгажосць, любоў?

— З гадамі ўсё больш адчуваеш сэнс гэтых слоў. Многія саромеюцца выказваць свае пачуцці, лічаць гэта ледзьве не вяршыняй непрыстойнасці. Пачуцці — найбольш эмацыйны дар, дадзены нам. Усё натуральнае, арыгінальнае прыцягвае да сябе. Чалавека ў першую чаргу ўпрыгожвае не знешні выгляд, а напоўненая душа. Калі яна багатая, то там заўжды ёсць месца для пачуццяў. Кахаць — значыць пазіраць не адзін на аднаго, а ў адным накірунку.

— Амаль тры дзесяцігоддзі працуеце на зямлі. За гэты час набыты вялікі практычны вопыт. Што параіце маладым спецыялістам, хто толькі ўзяўся за хлебаробскую працу?

— Самае галоўнае — дакладна выконваць абавязкі. У наш час амаль усё залежыць ад вытрымлівання тэхналогій, асабліва гэта важна ў раслінаводстве. Вялікую ролю ў станаўленні маладога спецыяліста адыгрывае вытворчая дысцыпліна. Пачынаць трэба з сябе, не скарацца перад цяжкасцямі. Як не бывае летняга неба без навальнічных хмар, так і ў жыцці ўсялякае здараецца. Варта навучыцца цярпенню і стрыманасці. Сусвет не стаіць на месцы. За асноўнай вытворчай дзейнасцю не ўпускаць магчымасць сачыць за ўсім новым. Колькі гадоў працую, а не адмаўляюся бываць на розных практычных семінарах, нарадах, канферэнцыях, дзе выступаюць вучоныя, практыкі. Шмат карыснага можна адшукаць у спецыялізаванай літаратуры. На планеце мяняецца клімат, і гэта ўплывае на схемы прымянення хімікатаў ад хвароб і шкоднікаў сельгасраслін, унясення ўдабрэнняў. Калі тыя ж цукровыя буракі не апрацаваць своечасова, то шкоднікі падточаць каранёвую сістэму — гэта адаб'ецца на ўраджаі. Закупачныя цэны на нестандартную прадукцыю значна меншыя, што ўплывае на фінансавы вынік. Так і па збожжы. Калі насенне не апрацаваць і не ўнесці пад пасевы ўдабрэнні, асабліва азот, то ў зерні будзе недастаткова клейкавіны. З яго не атрымаецца якасная мука для хлебапячэння. Усё гэта трэба ўлічваць і імкнуцца рабіць так, каб праца была плённай. Як кажуць, усё цудоўнае — ад сонца, а ўсё добрае — ад чалавека.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter