![](/upload/iblock/5a9/5a93514db1727614e6caa93cff1369ae.jpg)
Бярозавы сок на Брэстчыне нарыхтоўваюць ва ўсіх 13 лясгасах. Як правіла, сезон доўжыцца каля трох тыдняў. Усё залежыць ад надвор'я і геаграфіі. Напрыклад, у паўночна-ўсходніх раёнах збор бярозавіку пачалі крыху пазней, чым на поўдні. Жадаючых папоўніць запасы шмат, але ў лясгасах абяцаюць задаволіць попыт насельніцтва на 100 працэнтаў. Жыхарам рэгіёна плануецца рэалізаваць да тысячы тон нарыхтаванай прадукцыі.
Читайте также
Пад Брэстам лідар продажу — Мухавецкае лясніцтва. Ляснічы Сяргей Кашырскі расказвае, што пяць дзялянак дазваляюць максімальна забяспечыць попыт:
— У планах нарыхтаваць каля 100 тон. Ужо сабралі больш за 20. Мы працуем толькі для насельніцтва. Бяруць па-рознаму, ад дзвюх бутэлек да вялікіх каністраў. Бывае, у лес прыязджаюць машыны ад арганізацый. Людзі скінуліся, аплацілі транспарт і прыехалі на нарыхтоўку.
Лясніцтвы па-ранейшаму прапануюць толькі самавываз. На прафесійным слэнгу гэта называецца «купля каля пня». Насельніцтва самастойна купляе тару і залівае ў яе сок, не адыходзячы ад бярозы. Прадукцыя хутка псуецца, тэрмін захоўвання 12 гадзін. Паколькі лясгасы не прадпрыемствы харчовай прамысловасці, то і гандляваць, як піўзаводы квасам, з бочак не могуць. Таму і прадаюць з рук у рукі, непасрэдна каля бяроз. А далей пакупнік павінен у бліжэйшы час закансерваваць напітак.
![](/upload/iblock/3a3/3a32629687c699d367f66e7a0f639867.jpg)
Ляснік Мухавецкага лясніцтва Уладзімір Дарашэнка складае спіс пакупнікоў. Штодзень да яго на дзялянку прыязджаюць каля 20 чалавек:
— Кожны дзень мы прадаём больш за паўтары тоны. Можна прыехаць па папярэднім запісе ў 8.30 і ў 17.00. У астатні час мяшкі напаўняюцца сокам. Запіс — па тэлефонах, якія лёгка знайсці на сайце лясгаса.
Уладзімір ужо шмат гадоў адпускае бярозавік. У гэтыя дні ён бярэ адпачынак і працуе нарыхтоўшчыкам. Грошы невялікія, але не ў іх справа:
— Абуджэнне прыроды, свежае паветра... Тут набiраешся сіл. Бываюць, вядома, няштатныя сітуацыі. Напрыклад, трапляюццаі агрэсіўныя пакупнікі, нападпітку. Даводзіцца нават міліцыю выклікаць. Але гэта выключэнне.
Читайте также
— Да раніцы, спадзяюся, усё закатаю. Папрацаваць давядзецца, але ж піць бярозавік будзем усё лета. І танна, і карысна. У газіроўцы, самі ведаеце, адна хімія. Мне нават пах салодкай вады непрыемны.
Свежы бярозавік сам па сабе не мае смаку. Як вада. Водар раскрываецца толькі ў сукупнасцi з дадаткамі, а іх мноства. Брэстаўчанін Віталь Шукайла набірае сок разам з сынам Дзімам і дзеліцца маленькай хітрасцю. У шклянку ён кідае цукеркі. Атрымліваецца дзівосны напітак са смакам барбарысу. А ляснік Уладзімір Дарашэнка робіць з соку квас. Кідае ў бочку добрую жменю сухафруктаў: яблыкі, грушы. І адпраўляе яе на некалькi месяцаў у склеп. У летнюю спякоту такі халодны напітак добра асвяжае.
Даступнасць і таннасць прапановы — галоўная зброя супраць парушальнікаў. Прыемна, што ў гэтым годзе іх лясніцтвы не фіксавалі. Ды і ў намесніка начальніка Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргея Штыка даных аб парушальніках няма. І ўсё ж нялішнім будзе нагадаць: за незаконны збор бярозавіку фiзічныя асобы могуць атрымаць штраф да 20 базавых велічынь. Калі такое ж парушэнне здзяйсняе ІП, сума ўзрастае да 100 базавых велічынь, а юрыдычныя асобы могуць заплаціць нават да 500 базавых.
alexbresta@gmail.com
Фота аўтара.