Вяртанне праз стагоддзі
Хіба не самы маштабны праект — выпуск факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, які быў пачаты Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пры падтрымцы Банка БелВЭБ яшчэ ў 2013 годзе. Яго плануюць завяршыць у юбілейны 2017 год. Праект прадугледжвае перавыданне 25 кніг, якія надрукаваў Францыск Скарына ў Празе (1517—1519) і Вільна (1522—1525). У аснове факсімільнага выдання — электронныя копіі кніг першадрукара, якія знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Пры гэтым максімальна захоўваюцца структура, змест, асаблівасці шрыфтоў і гравюр арыгінальных выданняў.
З прыблізна 500 вядомых асобнікаў кніг Скарыны толькі 10 знаходзіцца ў Беларусі. Таму факсімільнае выданне скарынаўскіх работ дазволіць пазнаёміцца з імі шырокаму колу грамадскасці, не трацячыся на квіткі, не пераадольваючы сотні кіламетраў і не просячы аб доступе ў замежныя бібліятэкі і архівы.
У чаканні будучых прэм’ер
Магчыма, па інфармацыю пра Скарыну мы хутка будзем хадзіць не толькі ў бібліятэкі і музеі, але і ў тэатры. Завяршыўся конкурс твораў для драматычнага тэатра “Францыск Скарына і сучаснасць”, ініцыяваны Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і Нацыянальнай бібліятэкай пры падтрымцы Беларусбанка. Конкурс праводзіўся ў пяці намінацыях: гістарычная п’еса, сучасная п’еса, п’еса па матывах, інсцэніроўка і сцэнічная ідэя. У кожнай намінацыі плануецца аб’явіць уладальніка асноўнай і дзвюх заахвочвальных прэмій.
Пасля аб’яўлення пераможцаў конкурсныя п’есы збіраюцца апублікаваць у зборніку. Адна з п’ес дакладна ўбачыць свет на сцэне РТБД, іншыя, магчыма, будуць пастаўлены на сцэнах іншых тэатраў. У планах таксама паказ п’ес-пераможцаў за мяжой — Скарына заслугоўвае, каб пра яго больш ведалі ў свеце.
Выдавецкая галерэя
Яшчэ адна арыгінальная ініцыятыва Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — выдавецкі праект “Мастацкая Скарыніяна”. Вядома, постаць Скарыны здаўна прыцягвала ўвагу творцаў розных жанраў. І за апошнія сто гадоў створана столькі значных аб’ектаў мастацтва, што толькі па іх можна меркаваць пра Скарыну як пра аднаго з найбольш выбітных дзеячаў айчыннай культуры. На дадзены момант яны захоўваюцца не толькі ў розных кутках нашай краіны, але і за мяжой.
Дзякуючы праекту Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Мастацкая Скарыніяна” ўсе творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншых форм творчасці, прысвечаныя асобе і спадчыне беларускага першадрукара, цяпер можна пабачыць у вельмі даступнай форме. Каштоўнасць выдання павялічваецца таксама за кошт таго, что многія з прадстаўленых у выдавецкай серыі твораў мастацтва раней не былі вядомыя шырокай аўдыторыі.
Машына часу
Падрыхтоўка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання не магла абысціся без уключэння ў справу дзяцей — калі, як не з маленства, прывучаць да чытання? “У гасцях у Францыска Скарыны” — так называецца новая дзіцячая кніга Выдавецкага дома “Звязда”, выпушчаная спецыяльна да Дня беларускага пісьменства. Яе аўтары — вядомая пісьменніца Алена Стэльмах і пяць дзяўчынак рознага ўзросту, кожная з якіх прыдумала сваіх герояў і іх незвычайныя прыгоды. Згодна с сюжэтам кнігі, граф Эмерык пры вельмі загадкавых абставінах знаходзіць незвычайны куфэрак, з дапамогай якога ён можа падарожнічаць у часе. І вось граф, яго дачка Альжбэта, садоўнік Аловак, труска Розачка і шэраг іншых цікавых герояў адпраўляюцца на 500 гадоў назад — у друкарню Францыска Скарыны.
Неверагодныя прыгоды чакаюць не толькі герояў, але і чытачоў, якія павінны падчас чытання выконваць займальныя практычныя заданні. Кніга не толькі цікавая, але і карысная, бо пабудавана на рэальных фактах з гісторыі Беларусі, пераплеценых з легендамі і паданнямі сівой мінуўшчыны.
Самалёты ляцяць да Францыска
Імем Францыска Скарыны ў краіне названы вуліцы, праспекты, бібліятэкі, школы, універсітэт у Гомелі. А генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў прапанаваў надаць імя першадрукара і Нацыянальнаму аэрапорту. Ідэю падтрымаў міністр культуры Барыс Святлоў, які паабяцаў, што пытанне мусіць быць вырашана да канца гэтага года.
НАВІНКІ ВЫДАВЕЦТВАЎ
“Сава Дым і яго жанчыны” (“Мастацкая літаратура”)
У кнігу прозы Георгія Марчука ўвайшлі тры раманы, якія адлюстроўваюць жыццё беларусаў у горадзе, мястэчку і вёсцы. У першым рамане, па назве якога названы зборнік, галоўны герой, апынуўшыся ў горадзе, паддаўся спакусе жыць выключна для ўласнай асалоды. У другім — “Кветкі правінцыі” — малады чалавек, які пачынае самастойнае жыццё, мусіць даследаваць прычыны самагубства маці. А ў трэцім рамане — “Паляшук” — апавядаецца пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які застаўся адзіны на ўсю вёску, куды прыязджаюць шукаць сэнс жыцця турысты — прадстаўнікі розных прафесій.
“Маё невымаўля” (“Кнігазбор”)
Зборнік вершаў маладой паэтэсы Насты Кудасавай прыйдзецца даспадобы нават тым, хто не надта любіць паэзію. Разгарнуць кнігу варта хаця б дзеля таго, каб пакаштаваць новых смакаў беларускай мовы. Наста — выдатны майстар паэтычных наватвораў кшталту “ніскімныя ночы”, “ехаць чалавекаспынам” або “невыгаўкны свет у вачах сабакі”. Ды і ў змесце можна знайсці шмат блізкага і шчырага. У кнізе “Маё невымаўля” схаваны перажыванні чалавека, закаханага ў жыццё і ў зямныя лёсы — лёс паэта, жанчыны, жука, сабакі, мядзведзя, сасны, ветру...
“Нябесны фатограф” (“Чатыры чвэрці”)
У паэтычнай кніжцы Міколы Маляўкі “Нябесны фатограф” сабраны шэраг вясёлых і сур’ёзных вершаў на самыя розныя тэмы — пра сяброўства, працу, каханне і прыгоды. Тут ёсць і любоў, і шчырая ўсмешка, і крыху сатыры. Рэальны свет сплятаецца з фальклорнымі вобразамі, а мірная цішыня разбаўляецца грымотамі жыццёвых навальніц.
“Святло імёнаў дарагіх” (“Чатыры чвэрці”)
Можна сказаць, што гэтая кніга прысвячаецца ўсім, каму надакучыла чытаць сухія біяграфіі беларускіх майстроў слова. Васіль Макарэвіч пастараўся не толькі ўзнавіць жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, але і заглыбіцца ў творы, пранікнуць у іх “лабараторыю”, зразумець, дзе тояцца і адкуль пачынаюць бруіць вытокі іх паэтычнага слова і таленту. Чытач пазнаёміцца з сакрэтамі біяграфіі і творчасці не толькі сталых аўтараў А.Куляшова, А.Вялюгіна, А.Русака, але маладзейшых С.Гаўрусёва, А.Сербантовіча, А.Наўроцкага і нашых сучаснікаў І.Катлярова, Г.Пашкова, К.Камейшы.
“Осторожно, злые гоблины!” (Издательский дом “Звязда”)
Наталья Марчук знакомит с удивительными для белорусских сказок героями. На страницах книги читателя встретят не привычные лешие, водяные и русалки, а гоблины, которые однажды решили доказать всем, что они ужасно злые. С этого момента и начинаются удивительные приключения принцессы Диодоры, единственной и неповторимой, и принца Фонифлена, которые совершенно не случайно попадают на борт проклятого корабля “Летучий ирландец”.
“Интернет-сыщик” (“Беларусь”)
Неудивительно, что в век компьютеров и новейших технологий появилась книга с таким названием. Кого сегодня заставишь сесть за приключения Ивана в дремучем лесу? А тут знакомые мониторы, браузеры, клавиатуры... Герои сказочных повестей Владимира Куличенко — смышленые школьники, отважные ученые и необычные роботы — напомнят, что наука — тоже волшебство, а интернет может творить настоящие чудеса.