Яна штодня праходзіць на працы дзесяцікіламетровы ўчастак і прабягае ў вольны час марафон
Бег у дапамогу
Вольга Бутрымава прыйшла ў 25-е аддзяленне паштовай сувязі 9 гадоў таму. У яе быў дыплом эканамічнай ВНУ, але яна пайшла ў паштальёны. Дзяўчыне прапанавалі няпросты ўчастак — гістарычны цэнтр, дзе сканцэнтраваны каля 170 арганізацый, шматпавярховыя дамы і прыватны сектар.
Вольга кажа, што нават узрадавалася:
— Ён самы цікавы ў горадзе: тут архітэктурныя жамчужыны, любавацца веліччу якіх маю магчымасць кожны дзень. А якой энергетыкай напоўнены вуліцы старога горада!
Яна шчыра лічыць Гродна родным і любімым, хоць родавыя карані ў Расіі. Бацька Вольгі быў ваенны, і сям’і давялося пажыць у Кіргізіі, Украіне, Манголіі, куды яго закінула служба. У Гродна прыехалі 30 гадоў таму.
— У маё выхаванне бацькі з дзяцінства заклалі стрыжань — цяжкасцям не здавацца. Гэта дапамагае выстаяць у складаных жыццёвых сітуацыях. Дарэчы, прафесія паштальёна навучыла глядзець на свет па-іншаму: знаходзіць радасць у простых рэчах. Я не чакаю, пакуль хтосьці зробіць маё жыццё маляўнічым, а сама ўношу ў яго фарбы, — кажа Вольга.
Характару Бутрымавай, унучцы начальніка памежнай заставы і дачцэ кадравага афіцэра, не займаць: калі чымсьці загарэлася, то дойдзе да пераможнага канца. Пяць гадоў таму ў яе жыцці адбылася падзея, якая дапамагла раскрыцца з новага боку. Вольга разносіла пошту, калі погляд спыніўся на аб’яве аб тым, што гараджан запрашаюць далучыцца да марафону Дружбы “Гродна-Друскінінкай”. Яшчэ ў юнацтве яна захаплялася лёгкай атлетыкай, у сур’ёзны спорт не пайшла, але цікавасці да яе не згубіла. Словам, вырашыла з іншымі гараджанамі сустракаць марафонцаў.
Распавядае, што сярод тых, хто дабег да фінішу, быў гродзенец гадоў сямідзесяці:
— У яго на фінішы нібы крылы раскрыліся. Гэты сапраўдны марафонец і прабудзіў ва мне бегуна, які драмаў 18 год. Вырашыла, што ў наступным годзе таксама пабягу, і пасля працы адправілася на стадыён пачынаць трэніроўкі з нуля.
А потым быў яе першы марафон з Гродна ў Друскінінкай. Яна стойка пераадолела роўна палову шляху, калі “хуткая”, не чакаючы непрытомнасці, зняла з дыстанцыі аслабелую марафонку. На наступны год яна ўсё-такі перасекла фінішную адзнаку:
— Вы не ўяўляеце, якое было пачуццё, калі я ўбачыла на ўездзе ў горад знак “Гродна”. Тады зразумела, чаму ў людзей на радзіме адкрываецца другое дыханне.
Самым жа важным спартыўным выпрабаваннем для гродзенскага паштальёна стаў міжнародны зімовы марафон “Дарога жыцця”, прысвечаны гадавіне вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады.
Вольга, якая вырасла ў афіцэрскай сям’і, з дзяцінства ўвабрала пачуццё патрыятызму. Распавядае, што для яе прабегчы гэтую дыстанцыю было асаблівым гонарам, да таго ж прадзядуля быў карэнным пецярбуржцам:
— Не перадаць пачуццяў, якія тады адчула. Дастаткова нават проста задумацца над тым, які жах перажылі ленінградцы ў вайну, каб не скардзіцца на свой лёс, калі нават нам здаецца, што ён няпросты.
Такое незвычайнае захапленне марафонскім бегам дапамагло Бутрымавай сустрэць аднадумцаў з усёй Беларусі, стаць пастаянным удзельнікам міжнародных марафонаў. Будучы членам Маладзечанскага клуба аматараў бегу “Рэгіён”, мэтанакіраваная гродзенка ўжо бегае ультрамарафон.
У мінулым годзе яна стала пераможцай адкрытага першынства Маладзечанскага раёна ў 12-гадзінным бегу, пераадолеўшы 86 кіламетраў 100 метраў.
Начальнік аддзялення паштовай сувязі № 25 Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” Ала Цітова кажа, што яшчэ большай павагай да калегі пранікся калектыў, калі даведаліся аб незвычайным яе захапленні:
— Вольга ў любой справе такая: адказная і мэтанакіраваная. Не выпадкова і ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства яна заняла другое месца. Мы па-сапраўднаму ганарымся сваёй калегай і вельмі любім за чалавечнасць і спагадлівасць. Дарэчы, яна з’яўляецца членам Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, была абрана дэлегатам V Усебеларускага сходу.
Калі паштальён Бутрымава паважліва і захоплена пачынае распавядаць аб сваіх кліентах, разумееш, што менавіта ў такіх зносінах рэалізуецца яе імкненне дарыць радасць людзям і сустракаць такое ж пачуццё ў адказ:
— У мяне на ўчастку ёсць два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, дарэчы, верныя падпісчыкі “Народнай газеты”, энергіяй якіх я проста захапляюся, — Валянціна Пятроўна Баранава і Сямён Фёдаравіч Падафёдаў. Я ніколі не чула, каб гэтыя людзі скардзіліся на жыццёвыя цяжкасці. У іх усім нам павучыцца б мудрасці і цярпенню. Уяўляеце, Сямёну Фёдаравічу 99 гадоў, а ён кожны дзень робіць комплекс з 30 практыкаванняў!
Пагутарыўшы з няўрымслівай Вольгай Бутрымавай, разумееш, што любая прафесія можа стаць творчай, калі да яе так ставіцца. Вольга тлумачыць проста, чаму столькі гадоў застаецца паштальёнам:
— Раней у мітусні я не заўважала, як адна пара года змяняе другую. Цяпер хаджу па Гродна пешшу і, нягледзячы на хуткі працоўны рытм, маю магчымасць назіраць за жыццём горада, мець зносіны з людзьмі, таму заўсёды нашу з сабой фотаапарат, каб “спыніць” непаўторнае імгненне. Гэта і ёсць тыя моманты, за якія я палюбіла прафесію.
Творчых задумак у Бутрымавай шмат. У яе архіве незвычайных здымкаў і замалёвак з жыцця гараджан ужо хопіць на цэлую арыгінальную кнігу, якую яна марыць выдаць. А яшчэ Вольга працуе над сцэнарыем фільма пра Гродна і гродзенцаў. Кажа, што прафесія паштальёна ёй у творчых планах ніколькі не перашкаджае. З самай раніцы яна на нагах, а пасля працы штодня прабягае яшчэ дзесяць кіламетраў на стадыёне, будучы перакананай: у руху — жыццё.
infong@sb.by
Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.