День белорусской письменности превратился в серьезный международный форум

Слова пад белымi крыламi

Сiмвалiчна, што з’яўленне свята беларускага слова звязана з постаццю славутага першадрукара Францыска Скарыны. Менавiта тады, калi ва ўсiм свеце шырока адзначалася 500-годдзе з дня яго нараджэння, у Мiнiстэрстве культуры i друку Беларусi ўзнiкла iдэя мерапрыемства, падчас якога будуць ушанаваныя духоўныя традыцыi беларускага народа. Тым больш у грамадстве адчувалася гарачая зацiкаўленасць у веданнi сваiх каранёў. I вось 25 мая 1994 года з’явiўся Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Беларусi «Аб устанаўленнi свята — Дня беларускага пiсьменства i друку». Упершыню яно адбылося ў тым жа 1994 годзе на радзiме Францыска Скарыны ў Полацку.

— Але сапраўдны стымул да развiцця новае свята атрымала, калi 26 сакавiка 1998 года быў абнародаваны Указ Прэзiдэнта № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях i памятных датах у Рэспублiцы Беларусь», — лiчыць мiнiстр iнфармацыi Iгар Луцкi. — Там зацвярджалася, што Дзень беларускага пiсьменства адзначаецца ў нашай краiне штогод у першую нядзелю верасня. За дваццаць шэсць гадоў свайго iснавання Дзень беларускага пiсьменства, якi мае на мэце прапаганду дасягненняў айчыннай пiсьмовай культуры, зрабiўся сапраўды нацыянальным святам. 

Давайце разам успомнiм, як змянялася, як шырылася мерапрыемства, якое на сёння ператварылася ў буйны мiжнародны форум.

Занатаванае ў бронзе i камнi

Кожны год у Дня беларускага пiсьменства новая сталiца — горад, адметны сваёй культурнай, гiстарычнай спадчынай. 

I кожны раз у гэтай святочнай сталiцы, ды i ва ўсiм рэгiёне, з’яўляюцца важкiя здабыткi: рэстаўруюцца архiтэктурныя помнiкi, адчыняюцца кнiжныя крамы, мемарыяльныя знакi, скверы. Напрыклад, падчас першага дня пiсьменства ў Полацку з’явiўся помнiк лiтары Ў — самай нацыянальнай лiтары беларускага алфавiта. На пастаменце напiсаныя словы народнага паэта Рыгора Барадулiна: «Ад Еўфрасiннi, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет». 

Дзень беларускага пiсьмен­ства 2001 года, якi адбываўся ў Мсцiславе, стаў адметным: у iм прымаў удзел Аляксандр Лукашэнка. Тады ў старажытным горадзе з’явiўся помнiк першадрукару Пятру Мсцiслаўцу, у адкрыццi якога браў удзел Прэзiдэнт.
Полацк — адзiны горад, якi рабiўся сталiцай Дня беларускага пiсьменства тройчы: у 1994-м, 2003-м i 2017-м.
 Адной з самых запа­мiнальных падзей Дня беларускага пiсьменства ў Оршы стала адкрыццё Рагвалодава каменя — паменшанай копii каменнага дакумента, датаванага XII стагоддзем. Тады ж усталявалi памятную дошку ў гонар аршанскага кнiгавыдаўца Спiрыдона Собаля. У 2007 годзе ў месцы чарговай прапiскi свята — Шклове — з’явiўся помнiк Сямёну Зорычу, колiшняму ўла­дальнiку i мецэнату. У 2010-м у Хойнiках паўстала скульптурная кампазiцыя «Па старонках твораў Iвана Мележа» i адкрыўся комплекс «Сядзiбны дом». У 2011-м Ганцавiчы ўпрыгожылi помнiк Якубу Коласу i Алея Пiсьменства. Калi ў 2012 годзе свята прымала Глыбокае, там адкрыўся сквер славутых землякоў з бронзавымi бюстамi i гандлёвы цэнтр «Родны кут». У Iванава ў 2018-м усталявалi памятны знак, прысвечаны XXV, юбiлейнаму Дню беларускага пiсьменства. У мiнулым годзе ў Слонiме з пастамента зiрнуў на свае былыя ўладаннi бронзавы Леў Сапега. Адметна, што тады ў свята з’явiўся свой сiмвал: фiгура зубра, зробленая з дэталяў i шрыфтаў друкарскага абсталявання XIX — пачатку ХХ ст. з калекцыi гiсторыка i калекцыянера, аўтара праекта «У пошуках страчанага» Уладзiмiра Лiхадзедава. Даўжыня зубра — больш за 2,5 м, вышыня — 1,5 м. 


I гэта далёка не ўсе здабыткi.

— Сведчанне таму, як наша дзяржава падтрымлiвае беларускае кнiгавыданне, — адкрыццё новых кнiжных крамаў у сталiцах Дня беларускага пiсьменства, — нагадвае мiнiстр Iгар Луцкi. — За часы iснавання свята новыя кнiжныя крамы з’явiлiся ў Ганцавiчах, Шчучыне, Рагачове, Iванаве i Слонiме. Гэта не проста гандлёвыя кропкi, яны дораць сустрэчы з сучаснымi беларускiмi аўтарамi, робяцца культурнымi цэнтрамi.

Шлях да святыняў

Ад самага пачатку Дзень беларускага пiсьменства быў скiраваны на духоўнае выхаванне. Яго важная частка — рэс­публiканская навукова-асвет­нiцкая экспедыцыя «Да­ро­га да святыняў» з Дабрадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. Прадстаўнiкi творчай i навуковай iнтэлiгенцыi, духавенства кожны раз па новым маршруце цягам тыдня перад пачаткам свята праязджаюць па гарадах i вёсках, каб завяршыць шлях у сталiцы форума. Дзень беларускага пiсьменства пачынаецца з сустрэчы Дабрадатнага Агню, урачыстых службаў у храмах, з пасадкi Сада малiтвы. «Дарога да святыняў» мае свае традыцыi i пастаянных удзельнiкаў, але з’яўляюцца i новыя. У 2019 годзе ў экспедыцыi ўзяў удзел ансамбль сярэднявечнай музыкi «Вiр» з Барысава — яго юныя артысты Хрысцiна Гайдук, Васiль Лайкоў i Веранiка Лайкова аказалiся першымi дзецьмi ў гiсторыi «Дарогi да святыняў». Даводзiлася даваць па 5 — 6 канцэртаў у дзень — i для дзяцей-сiрот, i для пенсiянераў, i для салдат у вайсковых частках, але ўражаннi засталiся незабыўныя. А кiраўнiк экспедыцыi Алесь Лапата-Загорскi ўспамiнае, як у Светлагорску ў 2016 го­дзе ўдзельнiкi разбiлiся ажно на 13 груп дзеля выступленняў у школах, потым сышлiся яшчэ ў 6 месцах, дзе сабралася больш дарослая аўдыторыя, а пасля адбылася агульнагарадская канферэнцыя. 

Увесь горад быў задзейнiчаны ў святочных мерапрыемствах, i гэта галоўная задача экспедыцыi: каб кожны населены пункт адчуў атмасферу Дня беларускага пiсьменства.

Лепшыя на Парнасе

У 2015-м пры падтрымцы Прэзiдэнта ­Аляксандра Лукашэнкi з’явiлася прэстыжная Нацыянальная лiтаратурная прэмiя для аўтараў лепшых твораў у розных жанрах. Упершыню яна была ўручана ў Шчучыне.

— Безумоўна, дзякуючы таму, што Прэзiдэнт падтрымаў iнiцыятыву пiсьменнiкаў, павя­лiчылася вага прэмii, — лiчыць першы намеснiк старшынi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Алена Стэльмах. — Прэмiя мае аўтарытэт не толькi ў нашай краiне — падчас стасункаў з лiтаратарамi замежжа даводзiцца часам бачыць i зайздрасць, калi расказваеш, што ў нас ёсць Нацыянальная лiтаратурная прэмiя, i апiсваеш, як яна ўручаецца. 

Адметна, што ў прэмii ёсць намiнацыя «Дэбют» — за лепшую дэбютную кнiгу года. Такiм чынам падтрымлiваюцца маладыя лiтаратары, адкрываюцца новыя iмёны. Сярод лаўрэатаў гэтай намiнацыi былi Сяргей Клiмковiч, Маргарыта Латышкевiч, Юлiя Алейчанка, Станiслава Умец.

Юныя галасы

Свята беларускага слова адрасавана ўсiм пакаленням, ад самых маленькiх да самых сталых. Немагчыма застацца абыякавым, калi на сцэну падымаюцца юныя чытальнiкi, каб атрымаць узнагароду за перамогу ў Рэспублiканскiм конкурсе юных чытальнiкаў «Жывая класiка».

— Упершыню гэты конкурс адбыўся, калi Дзень беларускага пiсьменства праходзiў у Быхаве, у 2013 годзе, — успамiнае Алена Стэльмах. — Прапанову яго стварыць унесла Лiлiя Станiславаўна Ананiч, якая ў той час займала пасаду мiнiстра iнфармацыi. На сцэне тады выступалi юныя чытальнiкi толькi з Быхаўскага раёна. Але конкурс прыцягваў вялiкую цiкавасць, фармат трэба было пашыраць. У 2006-м у Рагачове конкурс стаў абласным. Тады вельмi запомнiлася выступленне школьнiка з Петрыкава Уладзiмiра Булавы, якi абраў для чытання твор вялiкага сябра Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, кабардзiна-балкарскага паэта Салiха Гуртуева. Гэта было тым больш знакава, што сярод гледачоў фiнальнага этапа конкурсу заўсёды пiсьменнiкi з розных краiнаў, якiя прыязджаюць на Дзень беларускага пiсьменства. Рэспублiканскi маштаб конкурс «Жывая класiка» набыў з 2017 года, калi свята зноў завiтала ў Полацк. Тады ж заключны этап здымала СТВ. У апошнiм конкурсе, фiнал якога адбыўся ў Слонiме, прымалi ўдзел 15 тысяч юных чытальнiкаў. 


Дарэчы, сёння ва ўмовах пандэмii конкурс пашырыў фармат: юныя ўдзельнiкi дасылаюць свае вiдэаролiкi, iх можна знайсцi ў iнтэрнэце, далучыцца да абмеркавання.
У 2019 годзе старажытны Слонiм перадаў эстафету сталiцы Дня беларускага пiсьменства Бялынiчам.

Сувязi мацнеюць

Госцi форуму з розных краiн прымаюць удзел у навукова-практычнай канферэнцыi i круглым стале Дня беларускага пiсьменства. У мiнулым годзе там сабралiся прадстаўнiкi з 14 краiн. Ад самага пачатку правядзення сярод арганiзатараў круглага стала, а таксама ягоным неаднаразовым мадэратарам быў намеснiк дырэктара РВУ «Выдавецкi дом «Звязда», галоўны рэдактар штотыднёвiка «Лiтаратура i мастацтва» Аляксей Чарота.

— Круглы стол носiць назву «Мастацкая лiтаратура як шлях адно да аднаго», праводзiцца з 2007 года менавiта падчас Дня беларускага пiсьменства, —
распавядае Аляксей Iванавiч. — За гэты час у Беларусi пабывалi пiсьменнiкi з дзясяткаў краiн, нават з такiх экзатычных, як Эквадор. Усе беларускiя лiтаратурныя выданнi рыхтуюцца да дыскусii, стараюцца прадставiць удзельнiкаў на сваiх старонках. Дарэчы, партал «Созвучие» на сайце Выдавецкага дома «Звязда» нарадзiўся ў многiм дзякуючы форумам, якiя адбываюцца падчас Дня беларускага пiсьменства i Мiнскай кнiжнай выставы. Усе карэспандэнты партала з-за межаў Беларусi не аднойчы там бывалi. Дзякуючы форуму ў часопiсе «Нёман» нарадзiўся сумесны праект з казахстанскiм Iнстытутам лiтаратуры i мастацтва iмя М. Ауэзава, перыядычна ў часопiсе выходзяць падборкi лiтаратуразнаўчых артыкулаў супрацоўнiкаў iнстытута. Усе запрошаныя на наш форум адгукаюцца вельмi актыўна, дасылаюць пасля цёплыя лiсты, друкуюць у сваiх краiнах добрыя водгукi. Тэмы дыскусiй заўсёды вострыя… Стан кнiгавыдання ў свеце, цi захаваецца кнiга на паперы, цi патрэбныя ўзаемныя пераклады, пра сучасную моладзь i яе клiпавае мысленне. А на Днi беларускага пiсьменства ў Iванаве з нашага круглага стала была наладжана анлайн-трансляцыя з дапамогай iнфармацыйнага агенцтва «Спутник», гучалi пытаннi ад гледачоў. 

Дыскусii адбываюцца не ў замкнутым коле — заўсёды прыходзяць жадаючыя паслухаць унiкальныя развагi. Актыўны ўдзел прымаюць мясцовыя лiтаратары. Адзiн з арганiзатараў лiтаратарскiх дыскусiй — Саюз пiсьменнiкаў Беларусi.

— Кожны год мы запрашаем нашых замежных калег на вялiкiя святы — гэта Мiнская мiжнародная кнiжная выстава-кiрмаш i Дзень беларускага пiсьменства, — расказвае Алена Стэльмах. — Памiж гэтымi святамi iдзе напружаная праца — перакладчыцкая, выдавецкая. Дзякуючы святу ажыццявiлася шмат сумесных праектаў. Апошнiм часам такiя праекты з’явiлiся ў нашага творчага саюза з Узбекiстанам, актыўна супрацоўнiчаем з Казахстанам. Найбольшая дэлегацыя прыязджае традыцыйна з Расii. Звычайна нашы замежныя госцi з’яўляюцца з пэўнымi напрацоўкамi. Той жа чачэнскi паэт Адам Ахматукаеў не першы раз выдае кнiгi сваiх перакладаў беларускiх паэ­таў, паэт з Кабардзiна-Балкарыi Салiх Гуртуеў таксама падрыхтаваў зборнiк сваiх перакладаў пад назвай «Мае беларускiя госцi».

Ва ўмовах пандэмii

Дзень беларускага пiсьмен­ства — гэта абавязкова Фестываль кнiгi i прэсы, дзе можна набыць навiнкi, сустрэцца з аўтарамi. Гэта ўрачыстае тэатралiзаванае шэсце, падчас якога ўвасабляюцца героi беларускай гiсторыi. Гэта кiрмаш народных майстроў i выступленнi народных калектываў… Свята, якое ахоплiвае ўсю краiну. А як адбудзецца ў гэтым, вельмi складаным годзе? Мiнiстр iнфармацыi Iгар Луцкi падзялiўся планамi:

— У мiнулым годзе Слонiм перадаў эстафету сталiцы Дня беларускага пiсьменства Бялынiчам. Безумоўна, эпiдэмiялагiчная сiтуацыя, якая склалася, паўплывае на фармат правядзення мерапрыемства, унясе свае карэктывы. Будуць выкарыстаны новыя сучасныя формы працы. Напрыклад, правядзенне мiжнароднага круглага стала з удзелам пiсьменнiкаў плануецца ў рэжыме анлайн-моста. Фiнал рэспублiканскага конкурсу юных чытальнiкаў «Жывая класiка» гледачы змогуць пабачыць у тэлеверсii. У звычайным рэжыме будуць працаваць пляцоўкi «Фестываль кнiгi i прэсы», «Слова пiсьменнiка», «Друкарскi двор». 

Калi адзначалася 500-годдзе беларускай кнiгi i свята прымаў Полацк, Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваiм вiтаннi гасцям i ўдзельнiкам нагадаў, што Дзень беларускага пiсьменства стаў сапраўдным сiмвалам незалежнасцi Беларусi.

ФАКТЫ «СБ» 

Дзень беларускага пiсьменства ў Слонiме прыняў 50 тысяч гасцей, больш за 200 журналiстаў.

Адзiн са складальнiкаў свята — навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнiкоў Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, iншых навуковых устаноў нашай краiны. У 2019 годзе яна прайшла пад назвай «Слонiмскiя чытаннi — 2019» i ўключала 26 дакладаў лiтаратараў, гiсторыкаў, археолагаў, этнографаў.

За час правядзення свята ў яго сталiцах адкрылiся новыя крамы ААТ «Белкнiга»: 

2011 год — гандлёвы павiльён, г. Ганцавiчы,

2015 год — кнiжная крама «Несцерка», г. Шчучын,

2016 год — кнiжная крама «Першацвет», г. Рагачоў,

2018 год — кнiжная крама «Верасень», г. Iванава,

2019 год — кнiжная крама «Санет», г. Слонiм.
У сваiм вiтаннi з юбiлейным, дваццаць пятым Днём беларускага пiсьменства Прэзiдэнт адзначыў: 

— Святкуючы Дзень беларускага пiсьменства, мы аддаём данiну павагi ўсiм тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнiчаў асвеце i ўзняў на высокi ўзровень беларускае мастацкае слова.

Продкi пакiнулi нам неацэнны скарб — родную мову, выдатнымi ўзорамi якой з’яўляюцца творы Францiшка Багушэвiча i Максiма Багдановiча, Янкi Купалы i Якуба Коласа, Уладзiмiра Караткевiча i Iвана Мележа.

Упэўнены, што, зберагаючы iх спадчыну, сённяшняе пакаленне беларусаў сваёй плённай стваральнай працай будзе ўмацоўваць суверэнiтэт i незалежнасць Радзiмы.

Аляксандр Лукашэнка, 
2 верасня 2018 года.
cultura@sb.by

Фото БЕЛТА, Сергея Лозюка, Виталия Пивоварчика, Владимира Шлапака.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter