Доску Почета в Вилейке украшает портрет главного агронома ОАО «Нарочанские зори» Виктора Драчиловского

Галоўны аграном ААТ «Нарачанскія зоры» Вілейскага раёна Віктар Драчылоўскі: «Для нас, хлебаробаў, галоўнае, каб у жніўны час надвор'е не падвяло»

Пасля атрымання дыплома малады спецыяліст адслужыў у Савецкай арміі і ўладкаваўся аграномам-аграхімікам у родны калгас імя Кірава Навагрудскага раёна. Потым працаваў у суседнім «Прагрэсе», а таксама ў Навагрудскім саўгасе-тэхнікуме. Па службовых справах трапіў на Вілейшчыну, і запала ў сэрца больш падобная на курорт вёска Нарач. У мясцовым калгасе вакантнай была пасада галоўнага агранома... З таго часу выпускнік Гродзенскага сельгасінстытута Віктар ДРАЧЫЛОЎСКІ няспынна кіруе агранамічнай службай сельгаспрадпрыемства, рэарганізаванага ў ААТ «Нарачанскія зоры».

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», ганаровымі граматамі і дыпломамі Савета Міністраў, Мінсельгасхарча, Мінскага аблвыканкама, ВДНГ. Партрэт перадавога хлебароба ўпрыгожвае раённую дошку Гонару.


– Цёплыя дажджы паспрыялі наліву жытнёвых кала­соў, — акінуў позіркам збожжавы масіў галоўны аграном ААТ «Нарачанскія зоры» Віктар Драчылоўскі. — А яравы ячмень на пагорках выгараў. І для азімага рапсу не хапіла вільгаці. У спякотныя дні расліна асыпала перасохлыя струкі, мінулагодняй ураджайнасці гэтай культуры не атрымаем. Добра што ажывіліся пасевы кукурузы, шматгадовых траў, хутка пачнём другі ўкос. Уласнымі кармамі забяспечым 3,5 тысячы галоў грамадскага статка буйной рагатай жывёлы.

Сёлета ў канцы вясны і замаразкі сапсавалі пасевы. Нашы глебы пераважна супясчаныя і слаба ўтрымліваюць вільгаць, але азімыя больш-менш вытрымалі засуху. Збожжавы палетак у асноўным засеяны сартамі беларускай селекцыі. Трымаем моцную сувязь з вучонымі-селекцыянерамі НПЦ земляробства НАН Беларусі. З насеннем рапсу дапамагае аднакурсніца па сельгасінстытуце доктар сельгаснавук Ядзвіга Пілюк. Не забывае нас і аднакурснік Яўген Чэкін, які займаецца вывядзеннем раянаваных сартоў шматгадовых траў. Супрацоўнічаем з вучоным-селекцыянерам па кукурузе Мікалаем Надтачаевым. Цудоўныя дзелавыя адносіны склаліся і з Інстытутам аховы раслін.

— Некаторыя вашы аднакурснікі абралі навуковую дзейнасць. А ў вас не ўзнікала такога жадання?

— Пасля заканчэння аграфака меў прапанову вучыцца ў аспірантуры, але мяне заўжды вабіла праца на зямлі. Вясною, як толькі пацяплее, тэрмометрам вымяраю, наколькі прагрэлася глеба на ўчастках. Як толькі перавышае дзесяць градусаў, можна смела выходзіць у поле. У студэнцтве цікавіўся навуковымі доследамі, у час вытворчай прак­тыкі эксперыментаваў на палетках. Калі прыступіў да агранамічнай дзейнасці, абавязковым правілам стала з вясны да восені штодзённа іх аглядаць, каб прымаць правільныя рашэнні.

Мой шлях да аграноміі пачаўся з дзяцінства. Вырас у навагрудскай вёсцы Жданавічы. З братам Уладзімірам дапамагалі бацькам упраўляцца па гаспадарцы. Тата да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў трактарыстам, маці гатавала абед і адпраўляла мяне аднесці бацьку ў поле. Пакуль падсілкоўваўся, я на трактары замяняў яго. Потым ён прыдзірліва ацэньваў маё старанне, прымушаў выпраўляць недахопы. Вялікае шчасце — самастойна кіраваць сельгасмашынай. Кожныя канікулы праводзіў з татам у полі. Разам былі і на сенажаці — нарыхтоўвалі сена для ўласнай каровы.

— А як настаў час жыццёвага выбару, куды падаліся?

— У юнацтве марыў стаць ваенным. Зачытваўся кнігамі пра гераізм франтавікоў, любіў глядзець кінафільмы пра мужных герояў. У старэйшых класах рыхтаваўся да экзаменаў у ваеннае вучылішча: займаўся фізічнай падрыхтоўкай і больш увагі надаваў прадметам, якія неабходна было здаваць пры паступленні. У навагрудскай сярэдняй школе № 1 атрымаў атэстат сталасці і настроіўся ехаць у Чалябінскае вышэйшае ваенна-тэхнічнае вучы­лішча. Сваякі ад­гава­рылі: вельмі далёка ад родных мясцін. Павёз дакументы ў Кіеўскае вышэйшае ваеннае танкавае вучылішча, але не надта ўдала вытрымаў іспыты і па конкурсе не прайшоў (амаль 20 абітурыентаў на месца). Забраў атэстат і вярнуўся дамоў у канцы ліпеня. Да падачы дакументаў у ВНУ заставалася два дні. Вырашыў паступаць на аграфак Гродзенскага сельгасінстытута. Канешне, каб там быў інжынерны факультэт, то абраў бы яго.

З Навагрудка ў пяць гадзін раніцы аўтобус адпраўляўся ў Гродна. Сусед на матацыкле раненька адвёз мяне з нашай вёскі Жданавічы на аўтавакзал. У абласны цэнтр прыехаў апоўдні. Пакуль дабраўся да інстытута, прыём дакументаў завяршыўся. Растлумачыў, чаму спазніўся. Старшыня прыёмнай камісіі параіў звярнуцца да рэктара. З хваляваннем зайшоў у яго кабінет. Рэктар Ягораў выслухаў мяне і загадаў прыняць дакументы. На ўступных экзаменах атрымаў тры чацвёркі і тройку па сачыненні — такі вынік не гарантаваў залічэнне на вучобу. Параілі ўзяць мэтавае накіраванне. Старшыня навагрудскага калгаса імя Кірава Віктар Канстанцінавіч Прахарэвіч добра ведаў нашу сям'ю, таму выдаў дакумент. У канцы жніўня з вялікай радасцю атрымаў выклік на вучобу. На аграфаку выкладалі прафесіяналы. З задавальненнем канспектаваў лекцыі па раслінаводстве, земляробстве. За гады вучобы два семестры быў выдатнікам і меў павышаную стыпендыю ад гаспа­даркі. Паспяваў добра вучыцца і працаваць лабарантам на кафедры механізацыі. Зарабляў 70 рублёў у месяц, апроч таго мне давалі стыпендыю 51 рубель. Рыхтаваў студэнтам для заняткаў сельгасмашыны. Вытворчую практыку па аграноміі праходзіў у навагрудскім калгасе «Авангард». Настройваў агрэгаты на норму высеву насення, выконваў іншыя работы. Мае добрасумленныя адносіны да справы заўважылі і прапанавалі пасля атрымання дыплома працаваць у гаспадарцы, але мяне чакалі ў родным калгасе імя Кірава. Пачынаў там, потым быў пераведзены ў суседні «Прагрэс». Сем гадоў узначальваў агранамічную службу ў Навагрудскім саўгасе-тэхнікуме. За гэты час шмат карыснага пераняў у намесніка дырэктара тэхнікума Васіля Хмурца. Падкуплялі яго інтэлігентнасць і стрыманасць. Васіль Іосіфавіч ніколі не павышаў голас на падначаленых, але, калі заўважаў хібы ў рабоце механізатараў, загадваў зрабіць як належыць. У хвіліны адпачынку на полі мог расказаць забаўную гісторыю, каб падбадзёрыць, пры­ўзняць настрой.

— Віктар Уладзіміравіч, вы трыццаць тры гады ў камандзе дырэктара Генадзя Мечыслававіча Кучко. Як паступаеце, калі стаіць выбар: падтрымаць кіраўніка ў яго песімістычным учынку або несправядлівым намеры і быць у фаворы, аблашчаным ці зрабіць, як патрабуе сумленне, і трапіць у няміласць, мець непрыемнасці?

— Часцей трапляю ў няміласць, бо настойваю на сваім. Пераконваю фактамі, а потым атрымліваецца вынік і становіцца бачна, што маю рацыю. У мяне такі характар: калі перакананы ў чымсьці, іду да канца. І ў нашага дырэктара моцная харызма. Усё ж такі на першым плане справа, а не амбіцыі. Імкнуся рухацца наперад, пастаянна эксперыментую, нешта выпрабоўваю. Раней слабы ўраджай давала канюшына. Стаў аналізаваць, вышукваць адказы ў навуковай літаратуры. Прыйшоў да думкі, што пасля збожжавых, у прыватнасці ячменю, патрэбна сеяць канюшыну і за ёй пускаць каток для ўшчыльнення глебы. Так насенне лепш прарастае. Прымянілі гэты прыём і атрымалі заўважны вынік. Шмат іншых ідэй рэалізавана за гады працы.

— Як нараджаюцца яны ў вас?

— Да з'яўлення інтэрнэту сабраў уласную спецыялізаваную бібліятэку і пастаянна штудзірую літаратуру. У мяне больш за сотню агранамічных кніг. Цікаўлюся практычнымі навінкамі ў іншых гаспадарках. Пачую на розных семінарах пра новае — абавязкова імкнуся азнаёміцца, каб прымяніць у сябе. Калі гэта падыходзіць да нашых умоў, іду на эксперымент. Гаспадарка раскінулася на паўсотню кіламетраў, адна з найбольшых у раёне. Што­дзённа на легкавіку намотваю звыш ста пяцідзесяці кіламетраў. Імкнуся кожнае поле агледзець, сустрэцца і пагутарыць з механізатарамі. Не ў маёй звычцы павышаць голас на іх. Жыву больш сэрцам: яно не падманвае.

— У вашай штодзённай працы што самае складанае?

— Дасканалае выкананне тэхна­логіі, бо ад самай, на першы погляд, нязначнай дробязі залежыць канчатковы вынік. Не менш важна ведаць, каму якую справу даручыць. Канешне, аграрная навука не стаіць на месцы, тэхналогія пастаянна ўдасканальваецца. Каб не адставаць ад часу, карыстаюся інтэрнэтам. Там шмат карыснай інфармацыі. Чытаю навуковыя артыкулы і ў «Сельской газете», дарэчы, іх стала меней, а шкада… Выпісваю выданне з першага дня працы аграномам. Асабліва чакаю суботнія выпускі, насычаныя матэрыяламі на розныя тэмы.

— Віктар Уладзіміравіч, пэўна, аграрны спецыяліст павінен ведаць не толькі тэхналогію вытворчага працэсу?

— Не менш важна адчуваць людзей, умець з імі ладзіць. Механізатарам даю заданне і сачу за выкананнем. А ёсць і такія, за якімі не патрэбны кантроль. Заўсёды адмыслова рыхтуе глебу пад сяўбу прычапным дзесяціметровым у шырыню культыватарам трактарыст Аляксандр Снядко. А Сяргей Кезік у аптымальны тэрмін пасеяў яравы клін сеялкай з шырынёй захопу 12 метраў.

— У кожнага працаўніка свой характар. Гэта патрабуе адпаведнага падыходу?

— За дзесяцігоддзі сумеснай працы адзін аднаго добра ведаем. Варта толькі зірнуць на чалавека — і не трэба слоў. У нас склаўся адмысловы касцяк механізатараў, кожны дасканала валодае тэхнікай. Машынна-трактарны парк пастаянна абнаўляецца. Сёлета сем камбайнаў выйдуць у поле, усе ўборачныя агрэгаты гатовы да жніва.

На раённым свяце-кірмашы «Дажынкі» першыя ўзнагароды ў нашых механізатараў. Так было і летась. Штогод дэлегацыя на чале з дырэктарам Генадзем Кучко адпраўляецца на абласное свята хлебаробаў. У Год міру і стварэння прыкладаем усе намаганні, каб пацвердзіць сваё лідарства ў раёне. Ад старання кожнага залежыць агульны хлебны каравай краіны. Руплівая праца магчыма, калі над намі нішто не грукоча. Трывожаць сэрца страшэнныя падзеі, што адбываюцца ў суседзяў. Важна заставацца патрыётам. Як нядаўна адзначаў наш Прэзідэнт, у Беларусі заўжды бу­дзе шчаслівы той, для каго адданасць Радзіме і служэнне агульнай справе — не пустыя словы, а ўнутраны арыенцір. Менавіта так мы настроены жыць і працаваць.

— Што для вас значыць слова «патрыятызм»?

— Быць сумленным перад самім сабою, асабліва ў такі неспакойны час. Лічу правільным рашэнне ствараць у рэгіёнах атрады самаабароны. Гэта вельмі важная і патрэбная справа, кожны павінен умець абараняць Радзіму. Калі служыў, многія армейцы адпраўляліся ў Афганістан. Напісаў і я заяву на ўдзел у выкананні інтэрнацыянальнага доўгу. Але так сталася, што мяне не адправілі. З дванаццаці сяброў толькі два ўцалелі. Памяць пра іх нясу праз усё жыццё...

Асабіста для мяне патрыятызм — працягваць справу продкаў на роднай зямлі. Дзядуля Аляксей Купрыянавіч Драчылоўскі працаваў на зямлі. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя быў аднаасобнікам, а потым уступіў у калгас. Вадзіў мяне на свае былыя надзелы і расказваў, як гараваў на зямельцы. За польскім часам нялёгка было. Пасля вайны ён рана аўдавеў, жыў з намі пад адным дахам.

— Помніцца пах хлеба дзя­цінства?

— Ды яшчэ як! Пяклі яго ў печы. Круглыя боханы даставалі і выкладвалі на лаву, накрывалі льняным ручніком. Самая любімая страва дзяцінства — луста жытняга хлеба з конаўкай малака. Свойскі, ён доўга не чарсцвеў. Печ тапілі бярозавымі дровамі: яна моцна награвалася, боханы не падгаралі. На лапату клалі кляновыя ці дубовыя лісты, а на іх з дзяжы — цеста. Трымалі яе звычайна на печы. Пакідалі ў дзяжы рошчыну для наступнага замесу. Мы з братам заўжды з нецярпеннем чакалі свежаспечанага хлеба.

— Што сніцца з далёкага маленства?

— Рыбалка на нашай Плісе, што ўпадае ў Нёман. У крыштальна чыстай рачной плыні вадзілася фарэль (вудзільна вырабляў з арэшніку). Налаўчыліся яе лавіць, а маці гатавала смачныя стравы. Багатая на ўлоў і Нарачанка, вось толькі вольнага часу заўжды не хапае, каб парыбачыць. Вада ў рэчцы цёплая, а ў паўнаводнай Віліі халаднаватая. Там, дзе ўпадае Нарачанка ў Вілію, станеш нагамі ў ваду і адчуваеш: адна нага ў цяпле, а другая — у прахалодзе. Памяняеш ногі і зноў адчуваеш розніцу ў тэмпературы.

— Ці бываюць у вас моманты, калі сабою не задаволены?

— Усяго хапае, асабліва ў напружаны час, калі трэба паспець з нейкай справай тэрмінова справіцца. Калі што не атрымліваецца, так як хочацца, узнікае незадаволенасць. Але дамоў яе не нясу. Справамі гаспадаркі заклапочана і жонка Святлана Мікалаеўна, працуе яна дыспетчарам.

— Дзе вы пазнаёміліся?

— У дзень провадаў у армію майго старэйшага брата Уладзіміра. Бацькі зладзілі развітальную вечарыну, пасля застолля моладзь адправіла­ся ў клуб. У той вечар пагасцяваць да сваякоў з суседняй вёскі завітала Святлана, з ёю і сустрэліся на танцах. Прыглянулася мне. Запрасіў на танец, а потым разам падышлі да маёй маці. Прамовіў, што гэта нявестка. Сустракаліся два гады, а потым зладзілі вяселле. У Навагрудку ад саўгаса-тэхнікума атрымаў трохпакаёвую кватэру, там пачыналі сямейнае жыццё. У мяне былі ўласныя «жыгулі». Нарадзіліся дзеці. Дачка Таццяна скончыла тэхнікум, выйшла замуж і атабарылася ў Маладзечне. Сын Аляксей таксама мае сям'ю, працуе трактарыстам у нашай гас­падарцы, атрымаў жыллё. Нявестка скончыла аграфак Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта і зараз у дэкрэце. У іх падрастаюць Мікітка і Марк — так што ёсць каму працягваць маю агранамічную справу.

— Віктар Уладзіміравіч, не шкадуеце, што не сталі кадравым афіцэрам?

— Адкажу жартам: краіна не далічылася аднаго ваеннага. Голас у мяне камандзірскі. Калі гляджу парад па тэлевізары, душа трымціць. У Пячах сяржанцкія пагоны мне ўручаў камандзір дывізіі, фотаздымак з гэтай урачыстасці (быў змешчаны ў газеце) захоўваю як дарагую рэліквію. У час салдацкай службы добра засвоіў ваенную тэорыю і страляў выдатна, лёгка давалася страявая падрыхтоўка. З дзяцінства выхаваны так, што ўсё імкнуся выконваць сумленна. Часам падаецца, быццам нехта дапамагае мне: усё, што задумваю, атрымліваецца. Ганаруся, што стаў камандзірам хлебнай нівы.

— Што вам лягчэй даецца: у тры гадзіны ночы легчы спаць ці ўстаць на досвітку?

— Як калі атрымліваецца. Летам падымаюся з усходам сонца і вяртаюся з палёў з першымі зорамі. Люблю перад сном пачытаць, пагля­дзець тэлевізар. А потым моцны сон да раніцы — і новы працоўны дзень. У выхадныя лячу ў поле і там, сярод хлябоў, адводжу душу.

— Чым больш вопыту, тым лягчэй працаваць?

— Напэўна, наадварот: стано­вішся больш патрабавальным да сябе і падначаленых. Вось зараз даспявае збажына на палях. Звычайна пасля першай паловы ліпеня выводзім камбайны ў поле, пачынаем з уборкі насення рапсу і пераходзім на збожжавыя. Летась кожны з сямі экіпажаў намалаціў звыш тысячы тон зерня. Лепшымі ў раёне прызнаны нашы камбайнеры Андрэй Садоўскі і яго сын Руслан, Аляксандр Гарэлік і яго бацька Мікалай Аркадзевіч (працуе зваршчыкам у рамонтнай майстэрні, а ў жніво дапамагае сыну). У тройцы лепшых і камбайнер Віталь Буцько. Па выніках мінулагодняга жніва гаспадарка прызнана лідарам раённага спаборніцтва, мой партрэт занесены на раённую дошку Гонару.

Для нас, хлебаробаў, галоўнае, каб у жніўны час надвор'е не падвяло. Машынна-трактарны парк і збожжаток у выдатным стане, кожны агрэгат наладжаны, як швейцарскі гадзіннік. Звычайна завяршаем уборку збажыны за два тыдні. Ёсць усе падставы так справіцца і сёлета. На гэта нас настройвае і аб'яўлены ў краіне Год міру і стварэння.

НАША ДАВЕДКА

Натуральная ўрадлівасць сельгасугоддзяў ААТ «Нарачанскія зоры» Вілейскага раёна не перавышае 30 балаў, але гэта не стала перашкодай для хлебаробаў атрымліваць самыя высокія ўраджаі ў раёне. Кожны амаль з двух тысяч гектараў хлебнай нівы дае звыш паўсотні цэнтнераў зерня. Амаль па 40 цэнтнераў рапсу намалочваюць з кожнага гектара. Па 600 цэнтнераў зялёнай масы і па 120 цэнтнераў зерня атрымліваюць на кукурузных палях. Добра родзяць грэчка, шматгадовыя травы.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter