Ёсць такое перакананне, што, пазнаёмiўшыся з кнiгай пра гiстарычна адметныя мясцiны, чытач пажадае пабываць у многiх з iх, каб на свае вочы ўбачыць краявiды з Замкавай гары на Браслаўшчыне або наведаць самы маленькi горад нашай краiны — Дзiсну, сфатаграфавацца ля адной з самых высокiх святынь Беларусi — Троiцкага касцёла. Дарэчы, у яго сцены замураваны два артылерыйскiя снарады Першай сусветнай, а вышыня касцёла дасягае 59 метраў.
І гэта толькi жменька цiкавостак, пра якiя распавядае ў краязнаўчым выданнi Алесь Карлюкевiч. Праваднiкамi ў мiнуўшчыну сталi старыя паштоўкi з калекцыi гiсторыка Уладзiмiра Лiхадзедава. Яны дазваляюць зрабiць вiртуальную вандроўку ў любы куточак Беларусi. Атрымлiваецца асаблiва цiкава, калi збiраемся адкрыць гарады цi паселiшчы з багатай гiсторыяй. А такiх на Вiцебшчыне нямала.
На паштоўках добра вядомы гарадок паўночна-заходняй Вiцебшчыны Верхнядзвiнск, якi раней называўся Дрысай.
— Калi б мы тут вандравалi ў пачатку ХХ стагоддзя, то, вядомая справа, зазiрнулi б на пошту i тэлеграф, у гарадское вучылiшча, прайшлiся б па Паштовай вулiцы, не абмiнулi б Старамаскоўскую, дзе размяшчалася казначэйства, — звяртае ўвагу Алесь Карлюкевiч. — Зайшлi б i ў касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыi. А пасля накiравалiся б адпачыць у Гарадскi сад.
У кнiзе расказана, як у Верхнядзвiнску i ваколiцах адбывалiся жахлiвыя падзеi Вялiкай Айчыннай вайны.
Прыбалтыйскiя i ўкраiнскiя калабарацыянiсты правялi ў гэтых мясцiнах у трохкутнiку Себеж — Асвея — Полацк карную аперацыю пад назвай «Зiмовае чараўнiцтва». Тысячы людзей былi забiты, спалены. Яшчэ большая колькасць выведзена пешшу ў розныя часовыя канцлагеры, а затым перапраўлена ў лагер смерцi Саласпiс пад Рыгай.
Адна з паштовак пачатку ХХ стагоддзя расказвае пра хрэсны ход у Празароках на Глыбоччыне. Менавiта ў гэтым паселiшчы пахаваны пачынальнiк беларускага тэатра Ігнат Буйнiцкi. У кнiзе распавядаецца, як Буйнiцкi вывеў на сцэну беларускi «мужыцкi» танец, а ў 1907‑м у сядзiбе Палiвачы паблiзу паселiшча заснаваў самадзейны тэатр ды арганiзоўваў прадстаўленнi ў Празароках i iншых мясцiнах Глыбоччыны.
Дарэчы, Глыбокае — радзiма Героя Савецкага Саюза Канстанцiна Максiмавiча Пятроўскага. У Вялiкую Айчынную вайну наш зямляк служыў першым памочнiкам капiтана па палiтычнай частцы лесавоза «Стары бальшавiк». Цеплаход перавозiў грузы ў складзе саюзнага канвою з Рэйк’явiка (Ісландыя) у Мурманск — ваенную тэхнiку, палiва, прадукты харчавання, расказвае Алесь Карлюкевiч:
— 28 мая 1942 года караван атакавалi варожыя самалёты i падводныя лодкi. Адна з бомбаў трапiла ў «Стары бальшавiк». Англiчане, якiя суправаджалi караван у якасцi эскорту, прапанавалi экiпажу пакiнуць лесавоз. Але нiводны марак не сышоў з судна. Экiпаж разам з Пятроўскiм змагаўся супраць пажару, карабель выстаяў i даставiў у Мурманск патрэбныя фронту грузы.
Ёсць сярод герояў выдання слаўныя асобы вучоных, падарожнiкаў, мастакоў, пра каго апавядаецца ўпершыню. Кнiжная навiнка зацiкавiць усiх, хто любiць родны край.
basikirskaya@sb.by