Зухаваць — не бібікаваць! ці Правапіс суфіксаў -ава-, -іва- і -ва-
21.11.2009 19:29:00
Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” напісанню складанага дзеяслоўнага суфікса -ірава- (-ырава-) адведзена прыярытэтнае месца, што выклікана яго пашырэннем у маўленчай практыцы. Хаця нават расійскія вучоныя С.Абнорскі, Л.Берг, П.Кузняцоў прадказвалі недаўгавечнасць функцыянавання запазычанага суфікса ў рускай мове і выцясненне гэтай марфемы суфіксам -ова-. Таксама прапаноўвалася абмяжоўваць яго выкарыстанне. Акад. Берг дзеясловы з суфіксамі -ирова- назваў “уродливыми” і рэкамендаваў замяняць іх “правільнымі”, “рус-кімі”, г.зн. дзеясловамі з суфіксам -ова-.
Аднак суфікс не толькі працягвае сваё існаванне, але і прагрэсіруе. Паводле манаграфіі прафесара М.Васілеўскага “Дзеяслоўнае словаўтварэнне”, выдадзенай у 1985 годзе, у рускай мове слоў з суфіксам -ірава- на той час налічвалася каля 800 адзінак, ва ўкраінскай — каля 110, у беларускай — больш за 300. На сёння колькасць іх значна павялічылася. Напрыклад, у роднай мове такіх слоў і словаформ звыш 900, прычым як толькі яны становяцца агульнаўжывальнымі, выходзяць з рамак вузкатэрміналагічнай лек-сікі, то лёгка замяняюцца суфіксам -ава- (-ява-): акамадзірав?аць і акамадав?аць, акампан?іраваць і акампанав?аць. Справа ў тым, что суфікс -ава-
(-ява-) мае даўняе паходжанне і, паводле вядомага лінгвіста ХХ стагоддзя француза Антуана Мэе (Мейе А. Общеславянский язык. М., 1951, с.183), яго карані трэба шукаць у індаеўрапейскіх мовах. Суфікс шырока ўжываецца ва ўсіх славянскіх мовах, з’яўляецца прадуктыўным. У беларускай мове пры яго дапамозе ўтвараюцца дзеясловы ад назоўнікаў (аванс — авансаваць, апека — апекаваць, баланс — балансаваць, друк — друкаваць, гора — гараваць, група — групаваць, зімаваць, галасаваць, гартаваць, паласаваць, асігнаваць, дыскантаваць, дэсантаваць, каласаваць, кватараваць, мышкаваць, нумараваць, сабараваць, чараваць, шпіталяваць, патэнтаваць, тытулаваць, дакументаваць, дэбютаваць, дыпламаваць, анансаваць, аргументаваць, арнаментаваць, лагарыфмаваць, нерваваць, пульсаваць, стымуляваць, стэнаграфаваць, фінансаваць, франкаваць, цытаваць, дняваць, летаваць, брашураваць, брукаваць, брыкетаваць, гнездавацца, каксаваць, мураваць, рубцаваць, руйнаваць, сіласаваць, сціртаваць, тарцаваць, цітраваць, фальцаваць, фастрыгаваць, цюкаваць, шлюзаваць, штрыхаваць, шыхтаваць, штабеляваць) і прыметнікаў (ласы — ласаваць, люты — лютаваць, марны — марнаваць, пусты — пуставаць, гатаваць, мілаваць, мацаваць, радаваць, раўнаваць, светлаваць, свежаваць, злаваць, ленавацца, любавацца, мудраваць, пільнаваць, пуставаць, сердаваць, сумаваць, хітраваць, цікаваць, шчыраваць, шчадраваць).
М.Васілеўскі адзначаў, што ў беларускай мове налічваецца каля 600 дзеяслоўных лексем з суфіксам -ава- (-ява-); з іх каля 280 адзінак — з іншамоўнай асновай, якія ў рускай мове ўжываюцца з суфіксам -ирова- (Васілеўскі М.С. Дзеяслоўнае словаўтварэнне. Мінск, 1985. С. 10). На сёння ў беларускай мове колькасць апошніх значна паменшылася, бо яны замяніліся формамі на -ава- (-ява-), але слоўнікі папоўніліся новымі лексемамі на -ірава-, якіх у 80-я гады мінулага стагоддзя не было ці якія ўжываліся рэдка.
Гісторыя суфікса -ава- (-ява-) даволі паказальная: з ім словы то ўзнікаюць, то знікаюць. Сёння мала каму вядомы ўключаныя ў слоўнік І.Насовіча гістарызмы і архаізмы: аплікаваць (з аплікант — ‘вучань пры адвакаце’, бахусаваць (з бахус — ‘п’яніца’), войтаваць (з ‘войт’ — афіцыйная асоба ў гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, маючых магдэбургскае права). Дынаміка словаўжывання ўказвае на прыдатнасць і высокую прадуктыўнасць суфікса ў роднай мове.
Суфікс -ава- (-ява-) можа мець розныя значэнні. Гэтым вымяраецца яго словаўтваральная функцыя. Пры дапамозе марфемы могуць утварацца дзеясловы, якія паказваюць на прафесію або спецыяльнасць таго, хто выконвае дзеянне, а таксама характарызуюць людзей паводле іх паводзін, сацыяльнага становішча, узаемаадносін, занятку: сталяраваць, майстраваць, крытыкаваць, карэспандаваць, патруляваць, пілатаваць, віжаваць, джыгітаваць, катаваць, махляваць, прэтэндаваць, шпегаваць, эквілібраваць, блазнаваць, бібікаваць (ад біць бібікі — ленавацца, гультаяваць), гарэзаваць, гультаяваць, паразітаваць, псіхаваць, сімуляваць, шальмаваць, байбусаваць, варагаваць, гасцяваць, жабраваць, калегаваць, парабкаваць, панаваць, рэкрутаваць, слугаваць, сябраваць, таварышаваць, цараваць. Сярод іх ёсць і наватворы, якія становяцца набыткам літаратурнай мовы: зухаваць —’праяўляць спрыт, ліхасць’ (Я.Брыль), праракаваць (К.Чорны), шпікаваць (І.Навуменка)
і інш.
Прадуктыўным ва ўтварэнні дзеясловаў з’яўляецца суфікс
-ава- (-ява-) са значэннем ‘выконваць дзеянне пры дапамозе чагосьці’: аркестраваць, арфаваць, бальзамаваць, баранаваць, бінтаваць, бічаваць, вапнаваць, веславаць, габляваць, галынаваць, дыскаваць, каландраваць, каркаваць, каранаваць, картаваць, кітаваць (кіт — замазка), клеймаваць, лугаваць (луг — раствор), мармураваць, прасаваць, пампаваць, пемзаваць, руставаць, салетраваць, свідраваць, свінцаваць, склюдаваць, сталавацца, траляваць, трыераваць, тушаваць (туш — фарба), фарбаваць, флейцаваць, флюсаваць, фугаваць, футраваць, харчаваць, ціраваць (цір — смала), чаранкаваць, шабраваць, шаляваць, шапкаваць, шліхтаваць (шліхта — клей), швартаваць, шнураваць, шпрыцаваць, шпунтаваць, шрубаваць, шрэдэраваць, штампаваць, шуфляваць, шыфраваць і інш. Дзеясловы тыпу азанаваць, баластаваць, бетанаваць, кампаставаць, пігментаваць, таршанаваць, ферментаваць, хлараваць, цэментаваць, асфальтаваць у рускай мове ўжываюцца з суфіксам -ирова-.
З гэтай семантычнай групы назіраем узнікненне шматлікіх наватвораў: васількаваць (К. Камейша), венкаваць (В.Дранчук), дзеразавацца (В.Адамчык), люстраваць (П.Пестрак), апылкаваць (А.Асіпенка), шыльдавацца (В.Зуёнак). Некаторыя з іх уваходзяць у актыўны ўжытак.
Ёсць словы, якія “правакуюць” неспакушанага носьбіта мовы на няправільнае напісанне. Да іх можна аднесці формы тыпу даследаваць, камандаваць, пакутаваць. Часта яны ўжываюцца без
-а-. Назіраем распаўсюджаную памылку: даследваць (трэба: даследаваць).
Новая рэдакцыя рэгламентуе напісанне слоў з суфіксамі -ава- (-ява-) наступным чынам.
Суфікс -ава- (-ява-) пішацца ў неазначальнай форме і формах прошлага часу тых дзеясловаў, якія ў першай асобе адзіночнага ліку губляюць гэты суфікс і заканчваюцца на -ую (-юю): галасую — галасаваць, галасаваў, галасавала, галасавалі, начую — начаваць, чаргую — чаргаваць, малюю — маляваць, камандую — камандаваць, пакутую — пакутаваць, даследую — даследаваць, будую — будаваць, рэкамендую — рэкамендаваць, характарызую — характарызаваць.
Суфікс -іва- (-ыва-) пішацца ў неазначальнай форме і асабовых формах цяперашняга часу дзеяслова, а таксама ў формах прошлага часу незакончанага трывання пасля збегу зычных, апошні з якіх л, р або н: падкрэсліваць, пад-
крэсліваю, падкрэсліваў, пад-
крэслівалі; падтрымліваць, ады-
грываць, выветрываць, запэўніваць, адрозніваць. Яны не могуць мець форм першай асобы адзіночнага ліку на -ую (-юю). Няправільна: падкрэслюю, падтрымлюю... Правільна: падкрэсліваю, падтрымліваю, адыгрываю, выветрываю, запэўніваю, адрозніваю.
Суфікс -ва- пішацца ў астатніх выпадках: выконваць, выконваю, выконваў, выконвалі; адказваць, вымешваць, адмерваць, заканчваць, загадваць, адорваць, разбэшчваць, падстрэльваць, раздумваць, заваёўваць, зацярушваць, дагульваць, размяркоўваць, забінтоўваць, рас-пілоўваць. У гэтых выпадках трэба перасцярагацца памылкі ва ўжыванні дзеясловаў з -ы-. Няправільна: прытанцовываць (трэба: прытанцоўваць), угаварываць (трэба: угаворваць), раздумываць (трэба: раздумваць), заваёвываць (трэба: заваёўваць), што выклікана інтэрферэнтным уплывам (веданнем рускай мовы). Гэтыя формы падсвядома і пераносяцца ў беларускае маўленне, бо рускай мове ўласцівы формы: пританцовывать, уговаривать, раздумывать, завоевывать...
У дзеясловах выйграваць і прайграваць пішацца суфікс
-ава-. У першай асобе яны маюць формы выйграю, прайграю, а не выігрываю, праігрываю. У беларускай мове пры дапамозе націску адрозніваюцца формы цяперашняга і будучага часу: што зраблю? — вЫйграю і што раблю? — выйграЮ.
Зваротная сувязь
Дзень добры! Маё імя па бацьку Фанавіч. Не ведаю, адкуль магло ўзяцца такое імя ўвогуле. Дзе ні шукаў, у каго ні пытаў — адказу не атрымаў. Можа, яно пайшло ад слова “фанат”, як нада мной часам здзекваліся ў школе? Дапамажыце, калі ласка.
Іван Фанавіч Бурлыка, г.Мінск
— Імя Фан сёння ўжываецца сапраўды рэдка. Вытворная форма: Фаня. Паходзіць з грэчаскай мовы phanos — светач, факел (той, які дае святло, свеціць). Слова ж фан (з англ. fan) мае значэнне ‘быць фанатам (заўзятарам каго-небудзь ці чаго-небудзь’, ‘апантаным кім-небудзь, чым-небудзь’). У Вашага бацькі добрае, светлае імя, так што з вас здарма здзекваліся.
Калі ласка, звярніце ўвагу на правільную форму падпарадкавальнай сувязі кіравання: здзекваліся, кпілі, смяяліся, жартавалі (з каго?) з мяне, сябра, брата і г. д.