Знiчкi Айчыны
01.10.2009 21:00:00
![Баранавічы. Цэнтральны вакзал. Канец ХІХ ст.](/voiceimg/0309/370905.jpg)
Так, быў час, калі шмат што ў баранавіцкай старонцы трымалася на выключным энтузіязме мясцовай інтэлігенцыі. У 1908 годзе ў парку, які сёння ў Баранавічах завецца Старым, быў адкрыты летні тэатр. Аматары чытання, інтэлігенцыя, людзі, нераўнадушныя да мастацкага слова, запрашалі ў Баранавічы пісьменнікаў з розных гарадоў Расіі. І ці не самым легендарным госцем таго часу стаў Шолам-Алейхем, класік яўрэйскай літаратуры, пісьменнік, вядомы ўсяму свету. Дарэчы, у знакамітага аўтара “Тэўе-малочніка”, іншых запамінальных твораў ёсць апавяданне “Станцыя Баранавічы”. Так, на сустрэчу з чытачамі буйнога чыгуначнага вузла яўрэйскі пісьменнік прыехаў у 1908 годзе. А калі гаварыць пра яго твор з цыкла “Чыгуначныя апавяданні”, то найперш кідаецца ў вочы, што ў апавяданні шмат гумару, іроніі. У цэнтры — апавядальнік, шчодры на вострае слова, пасажыр, якому трэба сыйсці менавіта ў Баранавічах.
“— Гэта Баранавічы?
— Баранавічы.
Гэта было падобна да яўрэйскага вітання адзін аднаго пры бласлаўленні Месяца:
— Шолам-алейхем.
— Алейхем-шолам”.
![Баранавічы. Царква. 1916 г.](/voiceimg/0309/370906.jpg)
Атмасфера асветы, культурны асяродак заўсёды спрыяюць фарміраванню цікавых асоб. Так яно складвалася і ў Баранавічах ды бліжніх ваколіцах. Сярод ура-джэнцаў Баранавіч адна з самых яркіх фігур — Навум Натанавіч Мейман. Нарадзіўся ў 1911 го-дзе. У 1932 годзе закончыў вучобу ў Казанскім універсітэце. Ужо ў 26 (!) гадоў абараніў доктарскую дысертацыю па матэматыцы. Вучань славутага Мікалая Чабатарова. Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Маскве. Што цікава, займаўся болей фізічнымі праблемамі: працаваў у Інстытуце фізічных праблем, а затым — у Інстытуце тэарэтычнай і эксперыментальнай фізікі АН СССР. Навуковыя вышукі нашага земляка былі высока ацэнены савецкім урадам: у 1953 годзе Мейман быў уганараваны Сталінскай прэміяй — за распрацоўку пытанняў тэарэтычнай фізікі. Цяпер вядома, што менавіта Навум Натанавіч зрабіў сур’ёзны ўнёсак у матэматычны бок распрацоўкі ядзернай зброі. У наступныя гады свайго жыцця шмат займаўся палітыкай. Як вучоны ў нечым паўтарыў лёс акадэміка Сахарава. У1988 годзе вучоны і праваабаронца Навум Мейман пакінуў Савецкі Саюз. Быў абраны ганаровым прафесарам Тэль-Авіўскага універсітэта. Памёр у Ізраілі ў 2001 годзе.
У размове пра славутых ураджэнцаў Баранавіч нельга абысці ўвагай і яшчэ адну знакамітую ўраджэнку паселішча. У 1892 годзе ў Баранавічах нарадзілася Каміла Мікалаеўна Крушэльніцкая. Закончыла гімназію. Жыла і працавала ў Маскве. Была парафіянкай каталіцкага храма Святога Людвіка. У сваёй кватэры збірала знаёмых, вяла дыскусіі на рэлігійна-філасофскія тэмы. Стварыла падпольны каталіцкі гурток. У чэрвені 1933 года разам з іншымі паплечнікамі па веры была арыштавана. Патрапіла ў лагер. На Салаўках выйшла замуж. Працягвала прапаведаваць свае перакананні. У 1937 годзе Каміла была расстраляна. Пагадзіцеся, такая цвёрдасць у перакананнях вартая павагі і з’яўляецца добрым маральным прыкладам для грамадства.
![Баранавічы. Аўтапрабег Варшава – Масква. Стаянка. Пачатак ХХ ст.](/voiceimg/0309/370907.jpg)
Баранавічы — радзіма фізіка Георгія Мікалаевіча Барздова (нарадзіўся ў кастрычніку 1949 года). Доўгія гады прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Барздоў чытае ў БДУ курс “Тэарэтычная механіка”.
Баранавічы дваццатага стагоддзя — гэта і лёсы герояў вайны: паветранага аса Сяргея Грыцаўца, мінскага падпольшчыка Івана Кабушкіна, славутага беларускага кінарэжысёра Міхаіла Пташука, паэта Валянціна Таўлая, чыё імя носіць гарадская бібліятэка. Дарэчы, шукаючы памяткі даўніны, калі надарыцца вам патрапіць у Баранавічы, то не мінайце і гарадскую бібліятэку. Як і ў мясцовым музеі, тут вядзецца надзвычай вялікая работа краязнаўчага характару. Збіраецца літаратура па гісторыі горада і раёна, матэрыялы пра славутых ураджэнцаў края. Дарэчы, сярод іншых адметных кніг, звязаных з баранавіцкім краязнаўствам, ёсць тут і зборнік старых баранавіцкіх паштовак, выдадзены, між іншым, у саміх Баранавічах.
Алесь Карлюкевіч.
Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава