Залатое кальцо Якуба Коласа
19.09.2016 22:17:30
Стаўбцоўскі край — радзіма Коласа. І першым, хто стаў рупіцца пра наладжванне тут мемарыяльнага заказніка, быў старэйшы сын паэта — Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. На працягу дваццаці гадоў ён як тагачасны дырэктар коласаўскага філіяла аб`ядноўваў чатыры сядзібы ў адзіны комплекс. Кропкі на невялікай адлегласці адна ад адной і ўяўляюць так званае «Залатое кальцо Коласа».
—Пачатак коласаўскага філіяла, пачатак пачаткаў самога паэта — мястэчка Акінчыцы, — расказвае дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. — Тут Канстанцін Міцкевіч нарадзіўся і тут пражыў усяго з паўгода. Мы прынцыпова захавалі драўляную хату сям’і.
«Гняздовішча» Міцкевічаў пра многае можа расказаць: сям’я жыла ў дабрабыце, але небагата. Бацькі — малазямельныя сяляне. Тата — ляснік, маці — майстрыха на ўсе рукі. Зараз як рарытэты глядзяцца вышыванкі, зробленыя яе рукамі. Беларускі арнамент на абрусе, фіранках, пасцельнай бялізне. Наведвальнікі музея могуць не толькі пабачыць, але і пагайдаць калыску, у якой падрастала немаўля.
У Акінчыцах бацькі Коласа пражылі два гады. Мястэчка належала князям Радзівілам. Міхал Міцкевіч, тата Коласа, служыў у магнатаў. З акінчыцкай хаты Міцкевічы з`ехалі ў красавіку 1883 года. На пяць гадоў сям’я асела ў сядзібе Ласток (яе яшчэ звалі Сухошчына). Мястэчка ў цэнтры яловага лесу. Да нашых дзён захаваліся жытло Коласа і гумно. Ласток — месца неверагоднага прастору і пейзажу. Да бацькі Коласа збіраліся леснікі, аб`ездчыкі, завітвалі розныя паны з лясніцтва, і іх гутаркі былі першым знаёмствам Канстанціна Міцкевіча з людскімі характарамі і поглядамі на жыццё. Сёння Ласток уяўляе сабой унікальную сядзібу. З усяго філіяльнага комплексу ён адзіны захаваўся ў першапачатковым выглядзе, без правак і рэстаўрацыі. Пры хаце ёсць і стары сад. Той самы, які карміў сям’ю Міцкевічаў яблыкамі ды грушамі. Дарэчы, у паэме «Новая зямля» Колас пакінуў вершаванае апавяданне пра грушы-сапяжанкі — прысвячэнне роднаму саду і хутару Ласток.
Радзівілаўскі ляснік Міхал Міцкевіч у чарговы раз змяніў месца жыхарства ў 1890 годзе. Калі сям’я пераехала ў Альбуць, паэту споўнілася восем.
— Сваю Альбуць Якуб Колас пакінуў у самым бадай што лепшым і вядомым яго творы, у паэме «Новая зямля», — дзеліцца Соф’я Міцкевіч, загадчыца філіяла «Мікалаеўшчына». — Тутэйшая зямля натхніла будучага майстра на творчасць. Яе ў паэме Колас назваў Парэччам. Зрэшты, у Альбуці паэт напісаў першы свой верш і атрымаў свой першы ганарар. Бацька Міхал Міцкевіч так уразіўся паэтычнай спробай сына Канстанціна, што выдаў яму сярэбраны рубель! Для таго часу грошык немалы. Бацькі Коласа рупіліся пра адукацыю сына, таму накіравалі яго на навучанне ў Нясвіж у настаўніцкую семінарыю.
Сёння Альбуць — мемарыяльны дом, які поўнасцю рэканструяваў побыт і жыццё сям’і Міцкевічаў. Пабудовы сядзібы — нібыта раздзелы «Новай зямлі». Ёсць будынак, прысвечаны пчалярству і рыбалоўству. Ёсць з самабытнымі прыладамі, якія ў сям’і Міцкевічаў рабілі сваімі рукамі. Вядома, што дзядзька Якуба Коласа Антось быў вялікім майстрам-прыдумшчыкам. Валодаў складанай і тонкай тэхналогіяй пляцення не толькі з саломкі, але і з бяросты і карэньчыкаў дрэў. Арыгінальная частка комплексу — «хатка знахаркі». Экспазіцыя размешчана ў гумне — тут печка, засушаныя зёлкі, загадкавыя вадкасці ў шкляным і гліняным посудзе, ступкі-таўкачыкі...
— Маці Якуба Коласа, як і ўсе сялянскія жанчыны, добра разбіралася ў лекавых уласцівасцях раслін, — паведамляе дырэктар музея Зінаіда Камароўская. — Калі сям’я, дзеці хварэлі, лячыцца ў доктара не ўсім было па кішэні. Таму ў Міцкевічаў ратаваліся зёлкавымі напоямі, іншымі народнымі рэцэптамі. У нашай «хатцы знахаркі» на экскурсіях мы раскрываем лекавыя формулы сям’і Коласа і нават прапануем пачаставацца гарбатай з кветак і зёлак. Расліны збіраем і нарыхтоўваем самі. Такі падыход прываблівае наведвальнікаў, робіць нашыя зносіны з людзьмі больш цёплымі і жывымі.
«Хатку знахаркі» ў Альбуці жартам называюць яшчэ і «хаткай Захарыка», па прозвішчы аўтара экспазіцыі. Мастак Георгій Захарык, захоплены Коласам, і зараз працуе над новай экспазіцыяй, інтэрактыўны праект будзе мець назву «Флора і фаўна ў жыцці і творчасці Якуба Коласа».
— Перш-наперш мы разлічваем на дзіцячую і юнацкую аўдыторыю, — расказвае Георгій Захарык. — Наша мара — захапіць сучасных малых гісторыямі пра птушак, кузурак, жывёл і растлумачыць, што ўсе яны разам з раслінным светам і з намі ўзаемазвязаны, усё павінна суіснаваць у гармоніі. Акрамя выхаваўчага моманту, тут ёсць чыстае азнаямленне. Хто з сённяшняй гарадской дзятвы ведае грыбы і можа адрозніць ядомыя ад неядомых? У нашай экспазіцыі мы робім дыяраму «Кветкавы гадзіннік». І гульню пра жывёл «Пазнай, чый след». Будзе нават мікраскоп, праз які можна паглядзець на простую травінку, на кропельку вады і зразумець: у іх ёсць свой свет, сваё жыццё. Падрыхтоўку экспазіцыі мяркуем завяршыць да канца гэтага года.
Альбуць, бадай, самы папулярны з мемарыялаў і той, што пастаянна аднаўляецца. А ў Смольні, апошняй з чатырох мемарыяльных сядзіб, нашы сучаснікі ўзводзяць коласаўскі сад. На велізарнай паляне пры паселішчы Міцкевічаў пасадзілі з тры дзясяткі маладзенькіх дрэўцаў. Ліпы, дубкі і клёны пакуль толькі-толькі прыжываюцца. Ёсць і імянное дрэўца, якое пазначана таблічкай «Якуб Колас». А было ж, што ў пачатку 1910-га сам паэт саджаў тут дрэвы. Хацеў дадаць утульнасці закінутаму адзінокаму кутку прыроды. Яго ліпы ўжо як волаты. Дарэчы, хата ў Смольні будавалася, калі Канстанцін Міцкевіч сядзеў у Мінскім астрозе за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з`ездзе. У гэтым мястэчку сям’я пасялілася пасля смерці бацькі Якуба Коласа. Хату будаваў дзядзька Антось. У Смольні паэт працаваў над сваімі шэдэўрамі «На ростанях», «Сымон-музыка». Сядзіба знакамітая і тым, што менавіта тут летам 1912 года сустрэліся два песняры — Купала і Колас. Сустрэліся па-свойску, Міцкевічы былі вельмі гасціннымі. Гэта адчуе кожны, хто надумае адправіцца сцежкамі песняра.
Алеся УЛАДЗІМІРАВА