Восьмы год Таццяна Пашкевіч працуе паштальёнам першага аддзялення вузла паштовай сувязі Століна. Яна актыўна вядзе падпіску на перыядычныя выданні. Ведае, каму якія газеты і часопісы параіць, дастаўляе пенсіі, іншыя грашовыя выплаты, а таксама харчовыя і прамысловыя тавары першай неабходнасці.
Сярод найбольш актыўных падпісчыкаў на ўчастку Таццяны Уладзіміраўны — 80-гадовая Ніна Тарасевіч. У час вайны яе разам з бацькамі вывезлі ў рабства. Пасля вызвалення савецкімі воінамі сям'я вярнулася дамоў. Да выхаду на пенсію Ніна Каленікаўна выкладала родную мову і літаратуру ў Столінскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы. Яна ўзначальвае раённую грамадскую арганізацыю непаўналетніх вязняў Вялікай Айчыннай вайны. Пенсіянерка цікавіцца грамадска-палітычным жыццём. Выпісвае шмат выданняў. Пастаянныя падпісчыкі на газеты і часопісы Уладзімір Гліняніца, Марыя Мышапуд, Валянціна Стахавец. Ёсць на ўчастку і сябры нашага выдання. Шмат гадоў выпісваюць «Сельскую газету» Галіна Лысая і Вера Андрушчанка. Таццяна Уладзіміраўна спадзяецца, што колькасць чытачоў «сяльчанкі» ў наступным годзе павялічыцца.
Займаецца Таццяна Пашкевіч і зборам сродкаў для падпіскі на перыядычныя выданні для сацыяльных устаноў. А вольны час разам з мужам Сяргеем Пятровічам праводзяць з 13-гадовай унучкай Дар'яй. Бабуля расказвае дзяўчынцы пра далёкія запарожскія стэпы, дзе яна нарадзілася і вырасла. Пасля заканчэння сярэдняй школы чатыры гады працавала ля станка на кіеўскім камбінаце «Хімвалакно». Прыехала ў госці да сваякоў на Палессе. Зачаравала яе зямля продкаў. Выйшла замуж і засталася тут назаўсёды. Кожную раніцу на веласіпедзе імчыць Таццяна Уладзіміраўна па столінскіх вуліцах. Жыхары райцэнтра чакаюць свайго паштальёна.
Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки. Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter