За што літара Ё ўганаравана помнікам, ці Урок другі: правапіс літары ё
18.04.2009 01:00:00
Літара ё ў беларускай мове мае вызначанае месца ў алфавіце і паслядоўныя правілы напісання.
Калі параўнаць выкарыстанне яе ў іншых мовах, то адкрыецца шмат цікавых фактаў. Напрыклад, у рускай мове, з якой ё прыйшло ў беларускую азбуку, разнабой у напісанні яе прывёў да некаторых казусаў. Гэтаму віной з’явілася даволі маруднае і да канца не прынятае ўключэнне ў правапісную рускамоўную практыку літары ё. Лічыцца, што яна не зусім прыдатная да скорапісу: пісаць без адрыву пяра ад паперы. Існавалі і тэхнічныя цяжкасці ў дакамп’ютарным друку. Традыцыйная неабавязковасць напісання спарадзіла шмат памылковых прачытанняў уласных і агульных імёнаў. Калі б было трывалае правіла, то на сёння мы маглі б мець іншае напісанне і прачытанне вядомых прозвішчаў. Напрыклад, кардынала Рышэльё (рус. Ришельё, фр. Richelieu), філосафа і пісьменніка Мантэскьё ( рус. Монтескьё, фр. Montesquieu), фізіка Ронтгена (рус. Рёнтгена, нем. Wilhelm Conrad Rontgen), мікрабіёлага і хіміка Луі Пастора (рус. Пастёра, фр. Pasteur), мастака і філосафа М. Рорыха (рус. Н. Рёриха, у перакладзе са старажытнаскандынаўскай: славай (Ro) багаты (Rich), англійскага палітыка Чорчыля (рус. Чёрчилля, англ. Churchill), аўстрыйскага фізіка Шродынгера (рус. Шрёдингера, нем. Schrodinger) і інш. Часам неадназначнасць прыводзіць да таго, што літару ё выкарыстоўваюць у словах, у якіх яе не павінна быць: афёра замест афера, грэнадзёр замест грэнадзер, у рускай мове — “бытиё” замест “бытие”, “опёка” замест “опека”.
Такая сітуацыя не магла не раздражняць розных людзей у розныя часы. Вядома, што да ўпарадкавання напісання літары ё прыклаў руку І.В.Сталін, і да канца яго жыцця пазначэнне ё больш менш вытрымлівалася. 24 снежня 1942 года загадам народнага камісара асветы ўведзена абавязковае выкарыстанне літары ё. Ужо ў наш час 3 мая 2007 года выйшла пастанова Міністэрства адукацыі РФ, якая прадпісвае абавязкова выкарыстоўваць літару ё ў імёнах уласных.
Можна было б не праводзіць аналогіі з рускім правапісам, каб не адна акалічнасць. Шматлікія імёны ўласныя засвойваюцца намі ва ўмовах білінгвізму. Гэта, хочаш не хочаш, накладае пэўны адбітак на напісанне і беларускіх слоў. Відавочна толькі адно: у адрозненне ад рускай у беларускай мове ё заўсёды пазначаецца. І калі рускія настаўнікі пазначэнне ё ў не акрэсленых правіламі 1956 года выпадках не лічаць за памылку, то для нашых вучняў будзе лічыцца памылкай, калі яны не пазначаць ё.
Чаму рускія так абыякава ставяцца да лёсу гэтай пакутнай літары? Адказ можна знайсці, калі ўзгадаць, што распаўсюджанню літары ё яшчэ ў XVIII—XIX стагоддзях перашкаджала стаўленне да “ёкаючага” вымаўлення як да мяшчанскага, маўлення “подлай чэрні”, тады як “царкоўнае”, “екаючае” вымаўленне лічылася культурным, прыстойным і інтэлігентным. Гэта становіцца зразумелым, калі ўзгадаць пра дамінуючую кніжна-пісьмовую традыцыю фарміравання рускай літаратурнай мовы. Нават у нашы дні яна ў своеасаблівым выгнанні: у гэтым пераконваемся, калі глянем на камп’ютарную клавіятуру IBM/Windows. Па сёння існуе думка пра нікчэмнасць у рускай азбуцы гэтай літары. Аднак гісторыя ўзнікнення самой літары даволі цікавая, і нездарма 4 верасня 2005 года ў гонар 160-годдзя ўстаноўкі манумента Мікалаю Карамзіну адбылося адкрыццё помніка літары ё. Дарэчы, 29 лістапада з’яўляецца Днём літары ё.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” напісанне літары ё амаль не памянялася: літара ё пішацца пад націскам: лёс, вёска, сёстры, цёмны, цёплы. Заўважым, што ў адрозненне ад правіла напісання о апушчана слова “толькі”: літара о пішацца толькі пад націскам. Параўнаем запіс 1959 года: літары о, ё пішуцца, як правіла, толькі пад націскам. Бачым, што сэнсавая нагрузка прыпадае на пабочнае словазлучэнне як правіла, што, аднак, не зусім суадносіцца са значэннем слова толькі. Можам меркаваць: такім чынам распрацоўшчыкі хацелі знайсці выйсце з даволі пікантнай сітуацыі, калі значэнне часціцы толькі ў сэнсе ‘абмежавальнае выдзяленне з мноства’, ‘выключна’ не зусім спалучаецца з як правіла.
У новай рэдакцыі правапіс літар о і ё размеркаваны па розных пунктах. У напісанні літары о ў простых словах выключэнне ліквідавана, а пры напісанні літары ё яно захоўваецца: Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапірын, ётацыя, ётаванне. Працягнем гэты невялікі пералік: ёдзісты, ёдзінол, ёданат, ёдны, ёдаформ, ёда- (дэфіцыт, прафілактыка і інш.), ёдзіраваны, ёдаформны, калія ёдзід, ёдапірон, ёдызм, ёдыпамід, ёціраваць, ётаваны. Ёсць яшчэ слова, якое падлягае выключэнню: ёркшырскі.
Да ўвагі чытачоў: матэрыялы рубрыкі друкуюцца паводле новай рэдакцыі правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.
Чытачы новай рубрыкі ўжо даслалі на нашу электронную скрыню irina@ng.by першыя пытанні
Мы с друзьями все время спорим, как правильно писать по-русски: беларуска, белоруска или беларусска? Беларуский, беларусский или белорусский?
Ирина
— Правільна пісаць па-руску: белорусский, белорусы, белоруска. Асабліва часта падобныя пытанні сталі ўзнікаць пасля прыняцця афіцыйнай назвы нашай краіны: на рускай мове — Республика Беларусь. Рашэнне аб перайменаванні БССР у Рэспубліку Беларусь было прынята Вярхоўным Саветам БССР 19 верасня 1991 года. У афіцыйнай назве на рускай мове быў захаваны нацыянальны кампанент, як, дарэчы, у некаторых назвах былых савецкіх рэспублік.
Моя фамилия на русском пишется Улезло (ударение на е). Как правильно она должна писаться на белорусском языке? Дело в том, что мой преподаватель белорусского сказал, что вместо е надо писать я (першы склад перад націскам). И надо ли вместо о писать а, т.к. оно не под ударением?
С уважением, Юрий Улезло
— Правільна: Улезла. Калі націск падае на е, то пераходу ў вашым прозвішчы е ў я адбывацца не можа. Канцавое о павінна перайсці ў а, таму што яно не пад націскам. Параўнаем: Галаўко, Глушко, Бурло і іншыя.
Прошу прощения, если мой вопрос окажется вне вашей компетенции. Дело в том, что моя девушка-японка изъявила желание изучать белорусский язык, но у нее в Японии сложно достать что-либо о белорусском языке. Мы посмотрели многие библиотеки в Токио, в т.ч. и университетские, однако ничего не смогли найти.
Возможно, вы сможете подсказать, изданы ли в Беларуси японско-белорусские (белорусско-японские) словари или другие издания для японцев, изучающих белорусский, или, что намного более вероятно, для белорусов, изучающих японский (вдруг и я выучу, наконец). Прошу прощения, что мое знание белорусского языка не позволило написать вам сообщение на нашем родном языке.
Николай
— На жаль, ні беларуска-японскага, ні японска-беларускага слоўнікаў пакуль што не існуе. Але ёсць падручнік па беларускай мове, выдадзены такійскім выдавецтвам “Дайгакушарын”. Гэта невялічкая кніжка Рунасукэ Куроды (Рунасукэ Курода. Частотны слоўнік беларускай мовы. 1500 слоў. Токіа, 1998. 171 с.), мае кішэнны фармат і зручная для карыстання. Складаецца з беларуска-японскага і японска-беларускага перакладных слоўнікаў, а таксама з кароткіх раздзелаў, у якіх выкладзены некаторыя асаблівасці беларускай фанетыкі і марфалогіі.