Ізаіда не дачакалася Бужыторка, ці Вялікая літара ў асабовых назвах.
06.03.2010 17:27:00
Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
Сёння пагаворым пра асабовыя назвы, якія пішуцца з вялікай літары. Да іх адносяцца імёны, прозвішчы, мянушкі...
Імя вылучае чалавека з мноства людзей, дазваляе яму адчуць сябе асобай. Таму ў шэрагу краін на заканадаўчым узроўні забаронена даваць бязглуздыя імёны. Хаця жыццё паказвае, што нямала ёсць дзівакоў, якія спрабуюць у своеасаблівай форме звярнуць на сябе ўвагу. З’яўляецца мода на “дзіўныя” імёны. Яны падкрэсліваюць фанатычнае стаўленне да каго-небудзь. Так, вядомы факт, калі ў ХVІІ ст. англійскі рэлігійны фанатык па прозвішчы Бірбон перайменаваў сябе ў If-Christ-had-not-died-for-all-you-should-have-been-damned (Калі б Хрыстос не памёр за ўсіх, ты быў бы пракляты). У ЗША сёння можна сустрэць Лексуса, Фанту або Армані, з пачатку ХХ ст. распаўсюдзіліся імёны Голд (золата), Сільвер (срэбра), Б’юці (прыгажосць). Як водгук на модныя для свайго часу лацінаамерыканскія серыялы ў нас сталі з’яўляцца імёны Ізаўра, Сільвія, Хосэ Ігнасіа, Хуан.
Цікава, што чым больш вычварныя імёны, тым ніжэйшыя бацькоўская адукаванасць, узровень агульнай культуры. На адным з парталаў чытаем: “Колькі разоў прыходзілася ў гэтым пераконвацца пры наведванні з міліцыяй сем’яў алкаголікаў: глядзіш — вакол бруд, смурод, бутэлькі валяюцца, а па хаце бегае нямытае, занядбанае дзіця, якое завуць калі не Аскольд, дык Эсмеральда” (http://www.open.by/ entertainment/18936).
Мода на пэўныя імёны можа выклікацца і грамадска-сацыяльнымі з’явамі, падзеямі. Напрыклад, і зараз фіксуюцца рускія імёны тыпу Бужиторк (Будем жить при торжестве коммунизма!), Выкразнар (Выше красное знамя революции!), Даздраперма (Да здравствует первое мая!), Долонеграма (Долой неграмотность!), Даздрасмыгда (Да здравствует смычка города и деревни!), Догнат-Перегнат (Догнать и перегнать Америку), Изаида (Іди за Ильичем, детка), Винун (Владимир Ильич не умрет никогда), Крармия (Красная армия), Юралга (Юрий Алексеевич Гагарин), Ватерпежекосма (Валентина Терешкова — первая женщина-космонавт), Кукуцаполь (Кукуруза — царица полей) і інш. Такіх імён каля 400.
Імёны маюць даўнюю гісторыю. Вядома, што яны ў беларусаў з’явіліся яшчэ ў паганскія (язычніцкія) часы і былі хутчэй за ўсё мянушкамі. Людзі называліся па самых розных характарыстыках: па пэўнай рысе характару (Маўчун, Калатун, Дабрыня, Туляга і да т.п.), па падабенстве з аб’ектамі навакольнага асяроддзя (птушкай, зверам, раслінай: Зязюля, Мядзведзь, Заяц), па знешнасці (Віславух, Поўх, Руды). Сёння наглядна гэта бачым у прозвішчах, напрыклад Воўк, Волк, Вовк. Нягледзячы на агульную лексічную аснову, яны яскрава перадаюць усходнеславянскія карані і нацыянальную прыналежнасць іх носьбітаў.
Пасля прыняцця хрысціянства славяне сталі карыстацца імена-
словам. Хрысціян вучылі паважаць сваё імя, якое са “святцаў” выбіраў звычайна свяшчэннік. Так нарадзілася традыцыя кожнаму, хто прымаў хрышчэнне, даваць імя святога. Гэтым падкрэслівалася тое, што адзіным ісцінным прызначэннем чалавека ёсць святасць. Носячы імёны святых, мы павінны ўсведамляць далучанасць да іх подзвігаў і дабрачынных дзеянняў, якімі яны ўславілі Бога і дасягнулі святасці. Па веры стараемся пераймаць іх учынкі, просячы аб дапамозе і малітоўным заступніцтве. “Па імю павінна быць і жыццё наша” (Іаан Кранштацкі). З таго часу распаўсюдзіліся кананічныя імёны, якія прыйшлі да нас з грэчаскай, лацінскай, скандынаўскіх і іншых моў.
Славянскія імёны, як правіла, маюць празрыстую семантыку. Часта складаюцца са слоў, часткамі якіх з’яўляюцца -слаў, -мір, свята-, света-. Па іх можна зразумець, якім хацелі бачыць сваё дзіця бацькі: Бажэн (жаданы чалавек), Баляслаў (прагнучы славы), Барыслаў (змагар за славу), Баян (казачнік, апавядальнік), Браціслаў (браць славу), Браніслаў (бараніць славу), Брачыслаў (бразгаць славай), Будзімір (абуджаць мір), Вадзім (вaдзіцца, сварыцца), Ваіслаў (слаўны воін), Вячаслаў (больш слаўны), Грыміслаў, Дабрамір, Дабраслаў, Драгамір, Ждан (чаканае дзіця), Ісціслаў (услаўляючы ісціну), Мілаван, Міраслаў, Навамір, Перасвет (надзвычай светлы), Рагвалод (добры гаспадар), Радамір (радасць міру), Расціслаў (парастак славы), Ратмір (мірная раць), Рацібор (ратная барацьба), Свеціслаў (светлы славай), Светазар (народжаны на золку), Святагор (святая гара), Святаполк, Святаслаў, Уладзімір, Уладзіслаў, Усяміл, Усяслаў, Ціхамір, Яраполк, Яраслаў (народжаны вясной).
Паводле новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” з вялікай літары пішуцца:
імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, а таксама дадатковыя азначэнні пры гэтых назвах: Іван, Янка, Ясь, Яська, Ваня; Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала), Алаіза Пашкевіч (Цётка), Сымон Якаўлевіч Баранаў (Сымон Баранавых); Алесь Булавешка, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, Казімір Чацвёрты Ягелончык, Іаан Багаслоў, Кірыла Тураўскі, Сімяон Полацкі; Віктор Гюго, Джэк Лондан, Вольфганг Амадэй Моцарт; Дон Кіхот, Дон Жуан, Нестар Летапісец;
кожнае імя ў састаўных імёнах і прозвішчах, калі яны пішуцца асобна або праз злучок: Эрых Марыя Рэмарк, Іаган Себасцьян Бах, Джон Ноэль, Ханс Крысціян Андэрсен, Джавані Джакома Казанова, Жак Іў Кусто, Марыя-Луіза-Жазэфіна; Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, Марыя Складоўская-Кюры;
прозвішчы, а таксама імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назва роду, групы асоб ці ўжываюцца ў значэнні агульнай назвы: Міцкевічы, браты Гарэцкія, маёнтак Тышкевічаў, род Радзівілаў, абодва Жукі, бязродныя Іваны; Гагарыны, Заслонавы;
часткі састаўных асабовых імёнаў кітайцаў, карэйцаў, в’етнамцаў, бірманцаў, інданезійцаў, тайландцаў, цэйлонцаў, японцаў: Ань Лушань, Ван Янмінь, Сунь Ятсен, Таа Юаньмінь, Цзян Гуанцы (Кітай); Ан Чхан Хо, Чхве Чxі Вон, Пак Ін Но (Карэя); Нгуен Фук Ань, Нгуен Чай (В’етнам); Пі Маў Нін, Такін Кода Хмайн (Бірма); Сутан Такдыр Алішахбана, Прамудзья Ананта Тур, Утуі Тутанг Сантані (Інданезія); Кулаб Сайпрадыт, П’я Тасін (Тайланд); Карахара Карахіта (Японія);
пачатковыя часткі Ібн, Бен, Шах-, Мак-, Сан-, Сант-, Сен-, Сент-, Тэр- у іншамоўных асабовых імёнах, якія пішуцца асобна, разам або далучаюцца да іх праз злучок, а таксама пачатковыя О’, Д’, якія пішуцца праз апостраф: Ібн Сіна, Бен Алі, Шах-Джахак, Мак-Доўэл, Мак-Кінлі, Сан-Мартын, Сант-Эліё, Сен-Жуст, Сент-Эцьен, Тэр-Петрасян, О’Генры, Д’Аламбер, Д’Артаньян;
клічкі жывёл, птушак і іншых істот: конь Варанок, карова Красуля, сабака Рэкс, кот Кузя, курыца Рабка, папугай Гоша;
прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад асабовых імён і клічак жывёл, мянушак пры дапамозе суфіксаў -ов-, -оў (-ав-, -аў), -ёв-, -ёў (-ев-, -еў), -ын-, -ін-: Кузьмоў сусед, Скарынавы выданні, Багдановічаў верш, Міхасёвы прыгоды, Васілёў голас, Зосьчыны бацькі, Рагуліна малако;
адносныя прыметнікі, утвораныя ад імён і прозвішчаў, псеўданімаў, калі такія прыметнікі ўваходзяць у склад састаўных уласных назваў: Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Нобелеўская прэмія, Коласаўская стыпендыя (стыпендыя імя Якуба Коласа), Гарэцкія чытанні (чытанні, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму), Варфаламееўская ноч (гістарычная падзея ў Парыжы ў ноч святога Варфаламея), Маркаўскія рады (тэрміналагічная назва ў матэматыцы).