Пра любоў да родных мясцін, пра павагу да бацькоў разважаў на сустрэчы з юнымі чытачамі галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка” і “Буся” Уладзімір Ліпскі
28.02.2018 10:34:19
Мой сын Ігар прыйшоў нядаўна са школы — і пачаў складаць свой радавод. Захапіўся! Нават урокі на потым адклаў. У новым сшытку запісаў свае прозвішча ды імя, калі нарадзіўся, дзе жыве, вучыцца. Прыкладна такія ж звесткі пазначыў пра бацькоў, бабуляў ды дзядуляў. Такое заданне на сустрэчы з трэццякласнікамі ў мінскай гімназіі № 74, што была прымеркавана да Дня роднай мовы, даў пісьменнік, галоўны рэдактар часопісаў “Вясёлка” і “Буся” Уладзімір Ліпскі. “Вы нават не ўяўляеце, як гэта цікава — даведвацца пра сябе, сваю сям’ю”, — казаў дзецям Уладзімір Сцяпанавіч.
Часопіс “Вясёлка” з аўтографам рэдактара Ул. Ліпскага — каштоўны падарунак для чытача
Дарэчы, так пачаў рабіць колісь і ён сам. Яшчэ школьнікам, жывучы ў невялікай вёсачцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельшчыны, разаслаў пісьмы ва ўсе раёны Беларусі з пытаннем: ці ёсць там Ліпскія? З розных мясцін прыходзілі станоўчыя адказы. Не супыніў пошукаў дапытлівы вясковец і ў дарослым жыцці. Даведаўся пра сваіх прашчураў аж да 17-га калена! Шукаў звесткі пра свой род і ў архівах, і ў царкоўных метрыках. У выніку з’явілася кніга “Я: Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод”, урыўкам з якой, між іншым, пачынаецца падручнік па беларускай літаратуры для вучняў 6 класа.
Са многімі Ліпскімі, хоць і не блізка роднымі, пісьменнік пасябраваў, лістуецца з тымі, хто мае такое ж прозвішча, жывучы ў Расіі, Амерыцы, Германіі... Добра ведае цёзку і па імені — Уладзіміра Ліпскага, кіраўніка фальклорнага ансамбля “Радзімічы”. Не раз на творчых сустрэчах бываў у Ельскай школе-інтэрнаце, кіруе якой Дзмітры Ліпскі...
Менавіта з аповеду пра сябе, цікавасці да родавых каранёў пачаў Уладзімір Сцяпанавіч урок-сустрэчу з гімназістамі. Расказваў пра родныя Шоўкавічы, якія ў вайну карнікі амаль цалкам спалілі разам з жыхарамі. Тыя ж, каму цудам удалося ўратавацца ў лясах і балотах (сярод іх і Ліпскія), адбудоўвалі вёску. Аднак сёння “жывыя” ў Шоўкавічах усяго некалькі хат... Уладзімір Сцяпанавіч напісаў пра родную мясцінку кніжку “Адпяванне жывых”. “Было раней у вёсцы сорак хат, — казаў пісьменнік. — І пра кожную сям’ю можна пісаць асобна...”. У планах яго — пабудаваць каплічку на мясцовых могілках. З такой ідэяй, кажа, будзе звяртацца да вернікаў. “Можа, такія працэсы, калі паміраюць ды знікаюць вёскі, натуральныя, але ж гэта ўсё роўна вельмі балюча! — уздыхае Уладзімір Сцяпанавіч. — Хочацца, каб месцы, дзе раней былі пасяленні, у якіх нараджаліся і раслі дзеці, гулялі вяселлі, дзе працавалі, радаваліся, верылі, спадзяваліся, кахалі, былі хоць неяк ушанаваныя. Дзе крыж ці каплічку можна паставіць, дзе валун, дзе нейкі спецыяльны знак... Мяркую, у Год малой радзімы ўсім нам варта над гэтым падумаць. Хочацца, каб цэлы рух такі пайшоў па Беларусі!”
Трымаць увагу слухачоў — асаблівае майстэрства
Сам Уладзімір Ліпскі на месцы бацькоўскай хаты зрабіў зону адпачынку — для ўсіх. Па-першае, разам з ляснічымі надалі статус “Помніка прыроды” вялікаму дубу, з якога пачынаецца, упэўнены пісьменнік, Шоўкаўская дубрава, што ахоўваецца дзяржавай. Цяпер можна фатаграфавацца на яго фоне. А побач — альтанка, у ёй сядзяць-адпачываюць, успамінаюць былое тыя, хто прыязджае магілкі прыбраць... І ажно да вуліцы там ідзе ліпавая алея. “Якія ж яшчэ дрэвы можа пасадзіць Ліпскі?” — усміхаецца. Прыглядае за ліпкамі сусед Мікола Трацэўскі. Абапал былой сядзібы стаіць плот. А над брамай размешчаны герб роду Ліпскіх з граблямі ды муравой, у рамцы якога пазначаны прозвішчы былых аднавяскоўцаў: Трацэўскія, Ліпскія, Сыцькі, Корзуны, Мілюты... “Такая любоў да сваёй роднай мясцінкі, жаданне зрабіць для яе нешта карыснае павінны быць у кожнага”, — упэўнены пісьменнік.
Як прызнаецца Уладзімір Сцяпанавіч, ён аддзячыў і сваіх малапісьменных, але ж мудрых, святых людзей — маму і тату — за тое, што тыя далі яму ўбачыць свет, за іх каштоўныя ўрокі жыцця. Ён прысвяціў ім кніжкі “Маці. Малітва сына” і “Бацька. Пісьмы на неба”. І на кожнай сустрэчы з чытачамі ўдзячны сын з цеплынёй ды любоўю згадвае сваіх блізкіх. “Заўсёды гавару дзецям: калі пачуеш, зразумееш голас роду, сумлення, калі будзеш імкнуцца неяк аддзячыць бацькам ужо толькі за тое, што далі табе жыццё, то выйдзе з цябе чалавек”, — кажа пісьменнік.
Вельмі проста, зразумела, дасціпна расказваў дзецям Уладзімір Сцяпанавіч пра складаныя рэчы: любоў ды пашану да роднай зямлі, мовы, бацькоў. Дарэчы, менавіта на такіх трох вялікіх ісцінах і грунтуецца праца найстарэйшага беларускага часопіса для дзяцей “Вясёлка”, галоўрэдам якога ўжо амаль 40 гадоў з’яўляецца Уладзімір Сцяпанавіч. Добрыя традыцыі пераймаюць і часопіс для дашкалят “Буся” ды першы ў Беларусі “глянец” для дзяцей “Домік”.
Уладзімір Ліпскі ўсё жыццё сябруе з дзецьмі. Увайшоў у клас — і ўжо ў кантакце з імі. Свой! А як віртуозна трымае ўвагу слухачоў! То сур’ёзнае што прачытае, то гумарэску. Смешны выпадак раскажа... Нават правёў майстар-клас па напісанні казак — за пяць хвілін. “Усё тое добрае, што закладваецца ў дзяцінстве, застаецца, — упэўнены мудры сябар дзяцей. — Таму я не стамляюся сустракацца з маімі маленькімі чытачамі. Вяду нават падлікі: летась, напрыклад, было ў мяне 98 самых розных сустрэч са школьнікамі ў 18 гарадах і 25 вёсках Беларусі. 50 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак пабывалі ў музеі “Вясёлкі”, што створаны пры рэдакцыі часопіса”.
Героямі казкі-інсцэніроўкі пісьменніка Уладзіміра Ліпскага былі дзеці
Пісьменнік упэўнены: дзіцячая аўдыторыя — самая шчырая. І яму нават у час камп’ютарных тэхналогій лёгка размаўляць з юнымі чытачамі на адной мове. А з малодшым унукам Толікам, якому ён прысвяціў кнігу “Сонца над галавою”, гэты дзядуля і ў футбол любіць згуляць, і ў шахматы, і пафіласофстваваць. “Асноўныя жыццёвыя прынцыпы спрадвеку нязменныя: Дабро заўжды перамагае Зло, — усміхаецца Уладзімір Сцяпанавіч. — І не важна, у якіх дэкарацыях гэта адбываецца: у трыдзявятым царстве ці на прасторах інтэрнэта. Праз казкі, апавяданні, можа, трошкі ў новым гучанні мы й цяпер вучым разумець родную мову, любіць зямлю, на якой жывем, людзей шанаваць, якія вядуць па жыцці”.
Напрыканцы ўрока трэццякласнікі падарылі шаноўнаму госцю свае малюнкі па ягоным творы “Прыгоды Нуліка”: ён ёсць у школьнай праграме. На памяць пра сустрэчу ў малых засталіся кніжкі з аўтографам аўтара і нумары часопіса “Вясёлка”. Здзівіла Уладзіміра Сцяпанавіча вучаніца 3 “А” класа Вераніка Самкова: прынесла яму на свежы подпіс кніжку “Аўцюкоўцы” ўжо з аўтографам, які ён пакінуў ў 1997 годзе маці дзяўчынкі, Вікторыі. Цяпер на адной старонцы гумарыстычнага зборніка — два аўтографы, і ў сямейным кнігазборы Самковых ёсць сапраўдны рарытэт.
Кацярына Мядзведская
Голас Радзімы № 9 (3561), чацвер, 1 сакавіка, 2018 у PDF