Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Сівец распавяла, як бабуля паўплывала на яе творчасць, раскрыла сакрэт Брыка, Шусі і… шчасця
25.01.2017 19:39:38
ВЕРШЫ таленавітай паэтэсы Таццяны СІВЕЦ адносяць да філасофскай лірыкі, бачаць у іх постмадэрнізм ці спалучэнне некалькіх літаратурных напрамкаў. Але калі яшчэ займацца самааналізам, кажа яна, на творчасць не хопіць часу. Ляціць ён імгненна, а мая суразмоўца ўжо ў дваццаць адзін год была членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, пасля стала галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, газеты “Літаратура і мастацтва”, а сёння зусім невыпадкова ўзначальвае “Медыцынскі веснік”. Таццяна аўтар ужо сямі кніг, яна і драматург, і перакладчык, і вядучая тэлепраграмы “Дыяблог. Пра літаратуру” на Беларусь 3... У снежні абрана старшынёй Міжнароднага фонда Янкі Купалы. Гэтая прыгожая і танюткая жанчына здзіўляе працавітасцю і здольнасцю да незвычайнай рэфлексіі ў сваіх творах.
— Таццяна, знайшла вашу рускамоўную цытату — каб нарадзіўся верш, вам трэба адчуць “любовь”. Мелі на ўвазе каханне?
— Правакацыйнае пытанне. Па-рознаму, канешне, бывае. Найперш усё ж такі павінна быць любоў да чалавека, да зямлі, на якой ты жывеш і працуеш. Часам гэтае пачуццё ператвараецца ў каханне, і тут цяжка акрэсліць межы, бо гэта як два станы паветра…
— Творчасць паэта заўсёды звязана з нейкімі перажываннямі, уражаннямі. Вашы вершы нельга назваць дэпрэсіўнымі, але і радасць у іх не ліецца праз край. Гэта асаблівая філасофія вашай асобы. Які настрой патрэбен, каб напісаць? І ці лічыце сябе шчаслівай?
— Зараз абсалютна дакладна магу сказаць — так, я шчаслівы чалавек. Люблю сваю работу, занятак, якім займаюся пасля і, канешне, людзей, што побач. І, напэўна, гэтага дастаткова. Унутранае самаадчуванне найчасцей залежыць ад твайго стаўлення да жыцця. Чалавек шчаслівы, калі ён хоча быць такім, калі разумее, што тое, з-за чаго мы перажываем, плачам, — усё дробязі, якія праз год-два не ўспомняцца. Самае страшнае, што можа быць, — смерць. Шчасце жыць — гэта самае галоўнае, да чаго я прыйшла ў свае амаль 35 гадоў і чаго, магчыма, не разумела, калі пісала вершы, напоўненыя тугой і сумам, якімі часам мяне папракаюць. У творчасці можна недзе палунаць, паперажываць, але трэба вяртацца на зямлю.
— Сёння вашы вершы больш шчаслівыя?
— Сёння вершаў менш, таму што шчаслівыя вельмі складана пісаць. Калі кепска — прасцей, боль выліваецца ў радкі. Дарэчы, я бяруся за аловак не адразу, як нешта здараецца. Ёсць пэўны момант, калі ты гэта перажыў, перапрацаваў у сабе, і тады яно кладзецца. У мяне звычайна прыходзяць першыя адзін-два радкі, і пасля пачынаецца напісанне. Я ніколі не ведаю, чым скончыцца верш. Калі ты ставіш кропку, адчуваеш асалоду. Дзеля гэтага, напэўна, і працуюць паэты.
— Тое, што вы ў радках часта звяртаецеся да Бога, невыпадкова?
— Маё дзяцінства ішло якраз у гады, калі ўсё грамадства адыходзіла ад савецкага атэізму да прыняцця рэлігіі, адчыняліся цэрквы, касцёлы. Мяне, дарэчы, пахрысцілі, яшчэ таемна, нават не ў царкве, а ў нейкай прыбудове пад Мінскам. Гэта таемная далучанасць да высокага дапамагае ў жыцці. Калі чалавеку кепска, ён падае ў перажыванні, і трэба за нешта ўхапіцца. Ніякія матэрыяльныя каштоўнасці, справы не могуць утрымаць мяне ў душэйнай раўнавазе, і рэлігія — апірышча, якое, пры ўсёй празрыстасці і лёгкасці, вельмі моцнае.
— Вас крытыкавалі за тое, што вы засяроджаны на сабе і сваіх пачуццях, а навокал шмат іншых тэм. Як вы ставіцеся да такіх водгукаў?
— Апошнім часам я радуюся, бо крытыкі неяк вельмі дакладна трапляюць у тое, што адбываецца ў маёй паэзіі. Крыўдна, калі негатыўна выказваюцца наконт таго, чым паэт ганарыцца, і не заўважаюць тое, што трэба. Былі розныя закіды ў мой бок, і гэта абсалютна натуральна. Галоўнае, каб чытачы пры гэтым разгарнулі кнігу і зрабілі ўласныя высновы. Любы паэт, які нават кажа, што яму ўсё роўна, чытае, хвалюецца і кожны раз з нейкім трымценнем разгортвае “Літаратуру і мастацтва” — ці напісалі пра яго. Нягледзячы на тое, што цяпер я не галоўны рэдактар ЛіМа, усё адно выпісваю газету і з цікавасцю чытаю матэрыялы пра маіх калег. Артыкулы Дар’і Латышавай, Насты Грышчук, Марыны Весялухі — гэта заўсёды позірк удумлівага цікаўнага крытыка.
Мяне сапраўды часам папракаюць, што вершы занадта разумныя, складаныя. Адукацыю, канешне, не схаваеш. Прасцей напісаць паэму, чым нешта такое, у чым кожны знойдзе сваё і скажа: “Гэта як пра мяне”. Калі тваё, інтымнае, становіцца даступным усім — на мой погляд, найвышэйшы пілатаж у паэзіі. Чытаеш творы Леаніда Дранько-Майсюка, Раісы Баравіковай, Навума Гальпяровіча, Алеся Разанава, Вольгі Куртаніч і многіх-многіх іншых, там знаходзіш сябе і разумееш: вось той алімп, да якога хочацца дакрануцца. І добра, калі маладыя хочуць быць падобнымі на некага. Галоўнае, своечасова спыніцца і сказаць: “Бродскі заканчваецца, і пачынаюся я”. У паэзіі таксама трэба быць смелым. Таму што сарамлівыя застаюцца на старонках старых часопісаў. Тыя, хто не баіцца выходзіць да сваіх чытачоў у бібліятэках, інтэрнэце, магчыма, застануцца ў гісторыі. Хаця літаратура — цётка сур’ёзная. Яна яшчэ разоў дваццаць падумае, каго пакінуць. Таму ўсе нашы гульні ў класікаў, канешне, дзіцячыя. Усё будзе вядома гадоў праз сто.
— Таццяна, на матузкі парвала адзін крытык вашу кнігу «Куды прапала малпа Маня?», за якую вы атрымалі “Залатога купідона”. Фактычна гэта лепшая дзіцячая кніга 2013 года. Абурана яна: чаму няма адказу на тое, хто такія Брык і Шуся?
— Гэта тое самае, што спытаць, хто такі Чабурашка. Брык і Шуся — загадка, якую трэба разгадваць, ці схадзіць у тэатр і паглядзець. Таму што да пэўнага часу ў ТЮГе ішла п’еса «Брык і Шуся шукаюць лета» (спадзяюся, яна вернецца). Мне прапанавалі напісаць нейкі твор для самых маленькіх, і менавіта з яго пачалася гісторыя кнігі «Куды прапала малпа Маня?»
Амаль кожнае лета ў дзяцінстве я праводзіла ў вёсцы Рафалова на Талачыншчыне. Мая бабуля, калі нехта падаў, казала: “Брык, паваліўся”. І гэтае слова для мяне настолькі роднае... Мой герой заўсёды хацеў знайсці краіну вечнага лета, і таму ён паспрабаваў хоць на дрэва ўздзерціся, каб паглядзець зверху. Ён упаў і сам сказаў фразу: “Брык, паваліўся!” Ну а Шуся — маленькая істотка, якая ўвосень нарадзілася ў лісці, і жыцця ёй роўна да першага снегу. У фінале Шуся засынае. І для мяне ў нечым было прыемна даведацца, што мамы плакалі, а дзеці не. Значыць, гісторыю кахання і жыцця, якое мае канец, зразумелі дарослыя, а маленькім было цікава. У дзяцей павінна быць надзея, што ўсё будзе добра, таму для іх я напісала працяг. Брык і Шуся засталіся, працуюць у тэатры. Яны вырашылі быць дэтэктывамі, іх запрасілі ў заапарк, таму што прапала малпа Маня. Магчыма, будзе далейшае развіццё прыгод з імі, бо калі я сустракаюся з дзецьмі ў бібліятэках, яны просяць напісаць і нават падказваюць, куды героі могуць патрапіць — у цырк, космас.
— Тое, як вы любіце родную мову, вы перадалі вершам, які напісалі зусім нядаўна:
Калі ты пакінеш мяне, дык прынамсі
Вершы мяне не пакінуць...
Калі вершы пакінуць мяне,
дык прынамсі
Словы мяне не пакінуць...
Як словы пакінуць мяне,
то хіба застанецца
Мова...
Як мова пакіне, дык не застанецца
Мяне.
Гэта ўсё ідзе ад вёскі? Бо ў Мінску, дзе вы раслі, асяроддзе рускамоўнае…
— Так, для кагосьці мова матчына, а для мяне найперш бабуліна. Калі я пайшла ў школу, зразумела — “мальцы”, “дзеркачы” прыдумала не яна, а так размаўляе цэлы народ. Мне здалося, што гэтыя словы зрабілі цікавай у маіх вачах бабулю і робяць адметнай мяне. Таму я пачала глыбей вывучаць мову, чытаць па-беларуску, і нечакана для сябе заняла трэцяе месца ў алімпіядзе па беларускай мове па горадзе Мінску. Я зразумела, што нешта магу, і вырашыла — буду гаварыць і пісаць па-беларуску. Тым больш мой паэтычны настаўнік, вядомы пісьменнік Артур Вітальевіч Вольскі, які кіраваў гуртком у суседняй 176-й школе, прыгадаў выпадак, калі яму, такому ж маладому чалавеку, Аляксандр Твардоўскі сказаў: “Хлопчык, ты беларус. Пішы па-беларуску”. Артур Вітальевіч таксама меркаваў, што вершы на роднай мове — гэта маё, сапраўднае, і атрымліваецца лепш.
Я вельмі ганаруся вясковымі каранямі сваіх бацькоў і спачуваю сучасным дзецям, у якіх няма бабулі і дзядулі ў вёсцы.
— Апошні ваш апублікаваны верш — “Ён корміць мяне, як птушку, гранатавым зернем з рук...” — пазначаны “З нізкі “Бакінскі дзённік”. Рыхтуецца новы зборнік?
— Да зборніка, відаць, яшчэ пару разоў трэба з’ездзіць у Баку. Гэтая нізка — успамін пра гэты горад, які люблю і нават кахаю. Бо пасля Мінска нідзе мне не было так лёгка, утульна і так хораша не пісаліся творы. Два разы я паехала туды на працу, а ў кастрычніку 2016 года вырашыла ўзяць адпачынак на вандроўку, каб пабачыць сваіх перакладчыкаў і аўтараў, з творамі якіх працавала сама. Нечакана стала ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Азербайджана, таму што пасля другой паездкі нарадзілася “Баку” (увайшло ў апошнюю кнігу “Разняволенасць” (2016). — Аўт.). Як мне сказалі, вы адзін чалавек-замежнік, які напісаў паэму, прысвечаную нашаму гораду. Спадзяюся, што маю любоў да яго падзеліць па-азербайджанску цяпер ужо добрая сяброўка Кінуль Арыф, носьбіт мовы, якая перакладае твор.
— Давайце вернемся ў той час, калі вы вырашалі, кім стаць. Вы ўжо расказвалі раней, што на сямейным савеце пастанавілі — двух медыкаў у сям’і хопіць. Ваш бацька — доктар медыцынскіх навук, брат — кандыдат. Гэта была ваша “кропка” ці вы проста паслухмяная дачка? Пытанне такое задаю, бо рэдактарам “Медыцынскага весніка” сталі, напэўна, нездарма…
— Як паслухмяная дачка я б зараз абараніла дысертацыю і працавала, магчыма, у навуковай сферы альбо ў школе, таму што скончыла педуніверсітэт. Але аказалася, дачка не такая, і ўсё ж дайшла да медыцыны і працуе зараз галоўным рэдактарам адпаведнага выдання. Таму ў пэўным сэнсе дзіцячая мара здзейснілася. Але пры гэтым разумею: мае бацькі ў многім мелі рацыю, і вельмі ўдзячна таму, што яны не ціснулі і дазволілі зрабіць уласны выбар. Калі я, рыхтуючыся доўгі час да экзаменаў у інстытут замежных моў, па расповедах даведалася, што там вельмі мала беларускай мовы, і раптам сказала, што хачу паступіць туды, дзе яна будзе, бацькі пайшлі насустрач. Падаваць дакументы ў педуніверсітэт, напэўна, стала самым лепшым агульным рашэннем. Гэтыя гады згадваю з такой прыемнасцю, бо яны былі напоўнены беларускай мовай, літаратурай, творчасцю, досведам, які перадавалі самыя лепшыя выкладчыкі, што ў той час сканцэнтраваліся ў адным месцы.
— Паспрабуй запытайся ў паэта пра яго планы. Але ўсё ж такі…
— Напрыканцы мінулага года мяне абралі старшынёй Міжнароднага фонда Янкі Купалы. Гэта вельмі ганаровая і адказная пасада, і я крыху ў шоку пасля такой падзеі. Планы звязаны з тым, каб у час 135-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа зрабіць нешта патрэбнае для прасоўвання іх творчасці, у тым ліку і па-за межамі нашай краіны. А свае ўласныя планы — ніколі не ведаеш, які верш напішаш заўтра.
— Вялікі дзякуй за цікавую размову, Таццяна. Жадаю вам творчых поспехаў!

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА