Паэтэса Анэля Тулупава была таксама вельмі таленавітай перакладчыцай кітайскай паэзіі
29.03.2018 09:44:21
У лютым былі 80-я ўгодкі беларускай паэтэсы Нэлі Тулупавай (1938—2001). Падпісвалася яна яшчэ такім чынам: Анэля Тулупава. Цяпер у друку з’яўляюцца артыкулы пра яе творчасць. Магчыма, калегі па пяры, тыя, хто поруч з ёй рабіў першыя крокі ў літаратуры, а таксама працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, у рэдакцыі часопіса “Вожык”, напішуць свае ўспаміны. Можа, выйдзе з часам кніга яе выбранай паэзіі. Мяркую, творчы набытак таленавітай жанчыны варты таго, каб пра яе памятаць.
Нэлі Тулупава цяпер вядомая нам як аўтар кніг паэзіі “Станцыя надзей”, “Дабрадзея”, “Босая цішыня”, “Гарывада”, “Скажыце ўсім”, “Сонца ў хату”, зборнікаў вершаў для дзяцей, аўтар аповесці “Пра што думае кіт”. Яна ж і паэтка: на яе вершы напісаны дзясяткі песень. Нэлі працавала ў літаратуры надзвычай натхнёна, шчыра. Імкнулася весці адкрыты дыялог з чытачом, старалася разгледзець найболей важкія, знакавыя з’явы жыцця.
Да таго ж паэтка не толькі сама тварыла — яна займалася мастацкім перакладам, прычым актыўна. У 80-я гады не было ў Беларусі такой увагі да кітайскай паэзіі, як маем сёння. Усплёск 50-60-х патрохі мінуў. Але яна, Нэлі Тулупава, здолела знайсці сваю кітайскую мастацкую прастору. І паяднала вакол сябе іншых паэтэс у адным важкім беларуска-кітайскім клопаце. Цяпер не ўсім вядома, што для выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэтэса ўклала кнігу выбранай паэзіі легендарнай кітайскай мастачкі слова Лі Цінчжаа. Нэлі Тулупавай дапамагалі пераўвасобіць вершы кітаянкі на беларускую мову іншыя таленавітыя беларускія творцы — Валянціна Коўтун, Яўгенія Янішчыц, Ніна Загорская, Вольга Іпатава… Варта заўважыць: асобы ў беларускай літаратуры далёка не шараговыя. Кожная з паэтэс, можна сцвярджаць смела, здзейснілася, адбылася.
Але так склаліся абставіны таго часу, што рукапіс кнігі “Мост цераз Млечны шлях” так і застаўся рукапісам. Праўда, у асабістую кнігу ініцыятаркі праекта “Я чакаю цябе” ўвайшлі асобным раздзелам пераклады самой Нэлі Тулупавай. Зборнік выйшаў у 1993-м. Але ж асобная кніга Лі Цінчжаа тады не ўбачыла свет у беларускамоўным перастварэнні. Аднак жа ў 2016-м кнігу Лі Цінчжаа, дзе ўжо былі змешчаны пераклады, здзейсненыя яшчэ і Н. Загорскай, і В. Коўтун, і В. Іпатавай, і Я. Янішчыц, выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда” — у серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая”. Рукапіс зборніка, дакладней, машынапіс, прынесла ў выдавецтва ўнучка паэтэсы Нэлі Тулупавай: Валерыя Радунь. На шчасце, кніга беражліва захоўвалася ў хатнім архіве. Нэлі Тулупава памерла ў 2001 годзе. Такая вось атрымалася гісторыя вяртання да чытача перакладчыцкага плёну, кітайскай увагі беларускай паэтэсы.
Калі кнігу рыхтавалі да друку ў “Звяздзе”, да старых перакладаў дадалі новыя. Іх зрабілі Юлія Алейчанка — вершы “Апяванне белай хрызантэмы” і “Вясна прыходзіць са спазненнем…”. Папрацавала і Валерыя Радунь — “Ручай амывае пясок”, “Кветка магноліі”, “Брыдкая служка”. Ранейшыя пераклады былі зроблены з рускай мовы: беларускія паэтэсы звярталіся да кнігі Лі Цінчжаа ў перакладзе рускага перакладчыка М. Басманава. А вось і Юлія Алейчанка, і Валерыя Радунь карысталіся падрадкоўнікамі, якія падрыхтавала вядомая беларуская кітаістка Дар’я Нечыпарук. Дзякуючы такім творчым намаганням мост, па якім ідзе ў славянскі свет легендарная кітайская паэтэса Лі Цінчжаа, стаў яшчэ шырэйшым.
Алесь Карлюкевіч
Голас Радзімы № 12 (3564), чацвер, 29 сакавіка, 2018 у PDF