70 лет сегодня исполнилось бы белорусской поэтессе Евгении Янищиц
20.11.2018 06:44:00
Владимир СУББОТ
Яўгенія ЯНІШЧЫЦ, 1966 год.
Кароткім выдаўся яе жыццёвы лёс. Праз пяць гадоў пасля трагічнай пагібелі паэткі са здымачнай групай Беларускага тэлебачання я адправіўся ў яе родныя мясціны. За назву праграмы ўзялі радок «Палесся мілае дзіця» з сатырычнай лысагорскай паэмы, дзе адзіная з тагачасных літаратараў
Яўгенія Янішчыц падаецца станоўчай гераіняй:
З глыбінь народнага жыцця
Увысь ірвалася Янішчыц —
Палесся мілае дзіця.
I вось тыдзень таму зноў наведаў родныя мясціны Яўгеніі Янішчыц. Сустрэўся са сваякамі, сябрамі, землякамі таленавітай паэткі. Асірацелымі вокнамі глядзеў на Ясельду пустуючы дом дзяцінства Яўгеніі Янішчыц, з якога бацькі ў 1966 годзе перабраліся ў драўляны новабуд у вёсцы Велясніца.
Вучнёўства будучай паэткі пачыналася з Рудкаўскай пачатковай школы. Першая настаўніца Вольга Васільеўна Лойка праз дзесяцігоддзі ўзгадвае пявучую гаворку сваёй вучаніцы. Дзяўчынка лёгка ўсвойвала пісьмо, чытанне. А да матэматыкі асаблівых схільнасцяў не выяўляла.
![](/upload/iblock/9af/9afa5895df399e3df5bed9efdba9e800.jpg)
Першыя парасткі літаратурнага даравання ў Яўгеніі праявіліся ў Мерчыцкай васьмігодцы. У чацвёртым класе яна прысвяціла сваёй маці верш і паказала яго настаўнікам. Яны не паверылі, што гэта радкі школьніцы. Перакананне прыйшло педагогам пасля святочнай вечарыны з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, якую рыхтаваў з вучнямі выкладчык роднай мовы і літаратуры Аркадзь Міронавіч Грэчка. Яўгеніі Янішчыц выпала прачытаць верш народнага паэта «За падаткі». Яна вырашыла дапоўніць выступленне сучаснымі радкамі, прысвечанымі класіку беларускай літаратуры. У школьнай бібліятэцы нічога не знайшла і напісала сама верш. Паэтычныя радкі вясковай школьніцы сталі з’яўляцца ў пінскай аб’яднанай газеце «Полесская правда», а потым і ў рэспубліканскіх выданнях.
Юнае дараванне чакалі ў Парэцкай сярэдняй школе, куды яна прыйшла ў дзявяты клас. Творчым дарадчыкам яе стаў настаўнік Фёдар Цудзіла. На ўроках літаратуры Яўгенія чытала аднакласнікам свае вершаваныя радкі, выступала на школьных святах. Фёдар Фёдаравіч з вялікай прыемнасцю ўзгадваў, як у тыя гады сярод вучняў і настаўнікаў школы панавала паэтычная атмасфера. Прыродны талент ярка ўзняў на літаратурны Алімп Яўгенію Янішчыц.
Дарэчы, такое прозвішча ёй засталося ад першага мужа маці Ёзаса Янішчыца, які загінуў у Вялікую Айчынную вайну. Ён быў адным з першых трактарыстаў на Піншчыне, слыў адменным кавалём. Вырабляў самыя розныя прылады для сялянскай працы. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі неяк да іх на ясяльдзянскі хутар завітаў сусед, каб паладзіць плуг. Ёзас узяўся за справу. А яго жонка Марыя Андрэеўна тым часам пайшла на раку бялізну паласкаць. Раптам на хутар наляцелі фашысцкія карнікі. Нехта з мясцовых данёс акупантам, што хутаране дапамагаюць партызанам. Гаспадара разам з суседам схапілі і пагналі па бальшаку да ясяльдзянскага моста. Там над імі доўга здзекваліся. Сяляне, якія побач працавалі і бачылі катаванне, расказвалі, што рукі карнікаў былі запэцканы крывёю ахвяр. Ёзас Янішчыц мужна трымаўся да апошняга дыхання. Яго і суседа нелюдзі знішчылі, і ніхто не ведае, дзе іх магілы.
![](/upload/iblock/aa4/aa439a7bf2e28cd8a03ea8d02911f731.jpg)
З боллю ў сэрцы ўзгадвала пра гэта і маці паэткі. Пасля вайны да яе пасватаўся Іосіф Пракапчук. Сярод вяскоўцаў слыў як майстар з залатымі рукамі. Быў, як і першы муж Марыі Андрэеўны, механізатарам. З любым заняткам па гаспадарцы спраўляўся цудоўна. Акарамя таго, не было яму роўных сярод мясцовых музыкаў. Яго гармонік гучаў на вясковых вяселлях і святах. З Марыяй Андрэеўнай яны зышліся і жылі без афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу.
НАРАДЗІЛАСЯ дзяўчынка, і яе запісалі на прозвішча маці — Янішчыц. Калі Яўгенія атрымлівала пашпарт, магла яго памяняць. Але, як пісала ў пісьме брэсцкаму літаратару Уладзіміру Калесніку: «Што датычыцца прозвішча, то яно не такое і прыгожае, каб любавацца ім. Скажу толькі адно, што для нашай сям’і, і асабліва для мамы, яно дастаўляе горкую, незабыўную памяць вайны».
У час майго апошняга наведвання вёскі Рудка каля пакінутай хаты Янішчыцаў суседкі наперабой узгадвалі, як заўзята Яўгенія працавала з імі на калгасным полі: сярпом жала жыта, вязала снапы, нястомна церабіла лён, варочала пакосы і зграбала сена на ясяльдзянскіх лугах. Увосень пасля школьных заняткаў дапамагала бацькам капаць бульбу. Ніякай сялянскай працы не цуралася. І чым бы ні была занятая, заўжды штосьці напявала. Аднавяскоўцы лічаць, што гэта ад бацькі-музыкі. Любімай народнай песняй яе была «Шумяць вербы ў канцы грэблі…»
Узгадваючы пра гэта, жанчыны заспявалі. Лёгкі ветрык падхапіў галасы і панёс па-над ціхай плынню Ясельды. Здавалася, што іх журботны спеў пра няўдалае каханне чуе Яўгенія, душа якой вітае над роднымі прасторамі. Таленавітая творца пакінула не толькі землякам, а ўсёй Беларусі сваю духоўную спадчыну. Яна невымерная нічым, як душа чалавека. Невычэрпная, як крыніца. Без яе няма народа. Паэзія яе адразу ўзяла высокую планку, як вось гэтыя радкі юнай паэткі:
Столькі думак самых шчырых!
Светлы шлях мне пажадай.
Заўтра будзе сіні вырай
І бясконцы небакрай.
Будзе лета з навальніцай
І вясёлкай над ракой.
Толькі мне не паўтарыцца
А ні летам, ні зімой.
Калі ў 1966 годзе сям’я Янішчыц пераехала ў прасторны драўляны дом, што пабудавалі ў вёсцы Велясніца, дачка пасябравала з новай суседкай Лідай Саўчук. Яўгенія ў той час вучылася на філфаку Белдзяржуніверсітэта. Прыязджала дамоў і з цёткай Лідай адпраўляліся ў бор па грыбы, дзе самае святое давярала ёй, раілася. Як самы дарагі падарунак шануе суседка хусцінку, што ёй прывезла Яўгенія з Амерыкі, дзе прадстаўляла Беларусь у ААН. Прысвяціла паэтка ёй радкі:
Як жыцця твайго палова —
Выспеў жыта жоўты край.
Цётка Ліда Саўчукова,
Мне на шчасце колас дай…
Такі прыродны дар і кароткі жыццёвы шлях. Немаладых гадоў суседка змахнула з вачэй наплыўшую слязу і ўзгадала, як пасля вяселля Сяргей Панізнік і Яўгенія пасадзілі ў Велясніцы каля бацькоўскай хаты дзве бярозкі. Адна з іх чамусьці хутка загінула.
![](/upload/iblock/7ed/7edfef3d14f8d094707e4c9858889a36.jpg)
ЯК кожны чалавек, Яўгенія Янішчыц прагла жаночага шчасця. Радавалася сыну Андрэю, якога бязмерна любіла. Да апошняга свайго дня клапацілася пра маці, лёсу якой не пазайздросціць. Двойчы ўдава, перажыла дачку і двух сыноў. Марыя Андрэеўна ўмела трымацца. Вырасла ў вялікай сялянскай сям’і. Тры сястры сталі медыкамі. Марыя Андрэеўна цудоўна шыла. У пасляваенныя гады не толькі аднавяскоўцы, але і жыхары навакольных вёсак апраналіся ў яе. Посцілкі і вышыўкі красаваліся ў пакоях яе дома, дзе даводзілася неаднойчы бываць. Марыя Андрэеўна лічыла, што дачка ў спадчыну пераняла любоў да працы і талент адчуваць прыгажосць свету. Як сведчаць вершы, паэмы, празаічныя творы, Яўгенія Янішчыц бясконца любіла родны край, сваіх працавітых землякоў. Горад яе ўражваў, хваляваў, здзіўляў, але не выклікаў таго захаплення і паэзіі, якія нараджала вёска. Скіраванасцю да вясковых праблем напоўнена яе паэма «Ягадны хутар».
Сэрцам заўсёды была з родным краем, рыфмаваным радком прызнаецца «разам з вамі, землякі, і ў зямлі не боязна».
Сваёй першай кніжцы Янішчыц намервалася даць назву верша «Непрыручаная птушка», але потым перадумала. У гэтых радках, нібыта прадказваючы сваю трагедыю, паэтка звяртаецца з просьбай:
А будзе што не так — малю:
Скруціце стомленае крылле
І кіньце ў родную раллю.
Творчы лёс у адрозненне ад жыццёвых пакут складваўся ўдала. Адна за другой выходзілі кнігі «Дзень вечаровы», «Ясельда», «На беразе пляча», «Пара любові і жалю», «Каліна зімы». У 1988 годзе, у якім трагічна завяршылася жыццё таленавітай паэткі, як падсумоўванне пражытага ёю выйшла кніга выбранага «У шуме жытняга святла».
Да 70-годдзя Яўгеніі Янішчыц Нацыянальная акадэмія навук Беларусі арганізавала чатырохтомнае выданне. Творы паэткі перакладзены на многія мовы свету.
![](/upload/iblock/f5c/f5c1981cfac49fc3a3655dace220ffb0.jpg)
Пра сябе казала: «Я — поле, я сціхлая ў горадзе вёска…» У сэрцы яна заўжды жыла паміж горадам і вёскай. Напэўна, невыпадкова лёс звёў Яўгенію Янішчыц і з нашай газетай. На працягу некалькіх гадоў яна працавала літкансультантам у «Сельской газете», потым — у часопісе «Маладосць». Званнем лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі ўганаравана ў 1978 годзе за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы». Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы адзначана ў 1986-м за лірычны зборнік «Пара любові і жалю». У яе творах адчуваецца воля пачуццяў, якімі жыла багатая душа.
![](/upload/iblock/143/143f9c9b17d28d767bc296de30be1c3a.jpg)
Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў лічыў, што «Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтак Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая. Гэта вялікае няшчасце, што яна так рана пайшла з жыцця. Але ў тым і нейкае наканаванне — даўно і не намі сказана, што Бог бярэ да сябе найлепшых. Але шкада — месца Жэні ў нашай паэзіі засталося пустое, мабыць, яго доўга не будзе каму заняць. Бо гэта — дужа годнае месца».
КАРОТКІМ выдаўся яе век... Усяго сорак гадоў наканаваў лёс. Душа яе, пэўна, лунае над Беларуссю, над роднымі вёскамі Рудкай і Велясніцай, мілай сэрцу рэчкай Ясельдай. Яе імя носіць Пінская раённая бібліятэка. У адным з мікрараёнаў Пінска і ў вёсцы Парэчча ёсць вуліцы імя Яўгеніі Янішчыц. Парэцкая базавая школа названа ў гонар беларускай паэткі.
![](/upload/iblock/cb3/cb3373436ef5531d02ae967e43681877.jpg)
Пінскі раён
Фота аўтара і з сямейнага альбома