Першая ў свеце кніга пад такой назвай была прыдумана, створана і надрукавана 400 гадоў таму нашымі продкамі-беларусамі
21.02.2018 16:26:44
Сталыя чытачы газеты, магчыма, памятаюць тэкст “Скарб з Лонданскай бібліятэкі” (ГР, 2.06.2016) — з сенсацыйным падзагалоўкам: “Беларускія навукоўцы здолелі даказаць, што ў Буквара — беларускія карані”. Згадаем, пра што гаворка. “Дзякуючы спрыянню брытанскіх беларусістаў, прафесараў Лонданскага ўніверсітэта, і перш за ўсё Джыма Дынглі, у мяне з’явілася магчымасць вывучыць гэты надзвычай каштоўны помнік нашай культуры і нават зрабіць некаторыя копіі”, — паведаміў журналістам Алесь Суша. Беларускаму даследчыку ўдалося яшчэ ўдакладніць, што першая ў свеце кніга пад назваю “Буквар” была выдадзена 24 ліпеня 1618 года ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі (цяпер гэта — паселішча ва ўсходняй Літве, за 14 км ад Электрэнай). Гэта было, удакладняе Алесь, адно з самых старадаўніх і ўплывовых беларускіх выдавецтваў у Вялікім Княстве Літоўскім. Там выходзіла нямала кніг на царкоўнаславянскай, старабеларускай і польскай мовах”.
Сёлета ў Буквара — юбілей. І ў Беларусі, запэўнілі спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі, пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 400-годдзю першага беларускага Буквара: і ў нашай краіне, і за мяжой. Між тым, калі пару гадоў таму СМІ паведамілі пра знаходку беларускага Буквара 1618 года выдання, то было нямала скептыкаў. Але ёсць аргументы! Раней лічылася: першы ў свеце буквар з’явіўся на тэрыторыі Беларусі ў 1631-м. Было дакладна вядома, што выйшаў ён у Куцеінскай друкарні магілёўца Спірыдона Собаля. Гэта ў Оршы: там, дзе зліваюцца рэчкі Дняпро і Куцеінка, захаваліся разваліны некалі знакамітай друкарні. Адтуль і ў Маскву кнігі паступалі. Цяпер даказана: першая ў свеце кніга пад назвай Буквар была прыдумана, створана і надрукавана таксама беларусамі, але — на 13 гадоў раней, у 1618-м.
Па наш час зберагліся два асобнікі падручніка, па якім вучыліся нашы далёкія продкі. Няпоўны — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі, поўны — у Вялікабрытаніі, у Middle Temple Library, гэта значыць бібліятэцы “Мідл Тэмпл”. Туды, сцвярджаюць гістарычныя даведкі, кніга трапіла ў XVII стагоддзі дзякуючы калекцыянеру навучальных выданняў Роберту Эшлі. Потым асобнік апынуўся ў кнігазборы лонданскіх барыстараў — членаў карпарацыі адвакатаў. Тая ўстанова — не для ўсіх даступная, і, мабыць, таму кнігу да 2016 года ніхто і не бачыў. Хоць, аналізуючы звесткі з ускосных крыніц англійскіх бібліёграфаў, беларускія кнігазнаўцы здагадваліся аб магчымым існаванні Буквара. І вось дзякуючы садзеянню брытанскіх беларусістаў у вядомага кнігазнаўцы і культуролага, супрацоўніка Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы ў 2016 годзе была з’явілася магчымасць пабачыць, патрымаць у руках найкаштоўны помнік беларускай культуры, вывучыць, зрабіць лічбавую копію. Так што цяпер можна будзе ўбачыць і нават віртуальна пагартаць адно з самых старажытных выданняў Вялікага Княства Літоўскага.
І ўвесь 2018-ы пройдзе ў Беларусі пад знакам 400-годдзя Буквара. Нацыянальная бібліятэка рыхтуе маштабны праект, які, мяркуе гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, стане лагічным працягам святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Пра тое ён казаў на нядаўняй прэс-канферэнцыі. “Мэта праекта — вывучаць, папулярызаваць у грамадстве першую ў гісторыі кнігу, у назве якой ёсць слова “Буквар”. Да гэтага былі, вядома, іншыя навучальныя выданні, але гэта — першы “Буквар” з азбукай, малітвамі і гравюрамі. Па кнізе нашы продкі вучыліся не толькі грамаце, але й духоўнасці”.
Мяркуецца, што будзе зроблена факсімільнае перавыданне першага Буквара. Пройдзе шэраг прэзентацый. У планах Нацыянальнай бібліятэкі — паказаць у Беларусі арыгінал “Буквара” 1618 года. Прынамсі, перамовы на гэтую тэму ўжо вядуцца, і кіраўнік місіі Амбасады Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі ды Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Іан Фокс запэўніў: будуць прыкладзены ўсе намаганні дзеля гэтага. Галоўным партнёрам праекта стала бібліятэка “Мідл Тэмпл”.
Іна Ганчаровіч
Голас Радзімы № 8 (3560), чацвер, 22 лютага, 2018 у PDF