Пра героя-партызана Васіля Каржа цяпер ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў расійскім Растове-на-Доне
10.05.2018 08:47:49
Колькі сябе памятаю з ранняга дзяцінства, я, пра сябе, ганарыўся, што ведаў, бачыў на ўласныя вочы, дый нават чуў голас чалавека, якога можна б назваць Волатам зямлі Беларускай. А Васіль Захаравіч пры ўсіх ягоных заслугах заставаўся вельмі простым у стасунках з людзьмі. Як звычайны вясковец. А яму ж лёсам столькі ўсяго было дадзена: і болю, і славы… Больш падрабязна пра тое чытайце ў інтэрнэце: http://peramoga.belta.by/ru/leader?id=272626 Цікавы таксама артыкул “Правдоруб Корж” https://www.sb.by/articles/pravdorub-korzh.html?page=user&%3Bid= На прыкладзе жыцця Героя Савецкага Саюза можна рабіць выснову, што волатамі не нараджаюцца — імі становяцца, мацуючы сіл, беручы на свае плечы вялікую адказнасць за сваю зямлю, свой народ, сваю Бацькаўшчыну.
Неяк, з гадамі, я адчуў: прыходзіць і мая пара, каб не толькі як мастаку, але й грамадзяніну, земляку дакрануцца струной беларускай душы да вобраза чалавека-легенды, якога не стала ў 1967-м. Цяпер па ўзросце я нават старэйшы за яго, з сівізною ў галаве ды барадзе. Магу сабе дазволіць пісаць вобраз Васіля Каржа, калі ўпэўніўся: жыццёвы досвед, адшліфаванае ў працы майстэрства дапамогуць мне належным чынам ускласці даніну павагі Волату — з чыстым сумленнем і на тым узроўні мастацкім, якога зямляк-Герой заслугоўвае.
Магчыма, сёння маладым людзям такія Волаты, што ўтрымалі на сваіх плячах Бацькаўшчыну, здабылі Перамогу ў барацьбе з гітлераўскім нацызмам, і не надта ўжо цікавыя. Можа, у юнакоў цяпер іншыя героі, з якіх робяць яны свае жыцці? Ды гэта не адмаўляе каштоўнасці таго подзвігу. І па-ранейшаму жыццё кожнага чалавека мае вялікую вартасць на зямлі.
Старшыня-Герой сярод землякоў
Прычым у кожным з нас ёсць мера чалавечнасці: любові, міласэрнасці, дабрыні... Па тым, падаецца мне, і можна вызначаць сапраўдную вартасць любога з нас. І не абавязкова ж мець неймаверную сілу, каб застацца ў памяці людзей асілкам, волатам. Гэтую вартасць можна прыдбаць і сваімі справамі на карысць жыцця, роду, Айчыны. А людзі-Волаты ў гэтым спрадвечным руху — як прыклад усім нам. Вось што, дарэчы, казалі пра Васіля Каржа яго сябры і паплечнікі з партызан: “Ён быў строгі да сябе, паблажлівы да іншых і бязлітасны да ворагаў. Умеў зачараваць суразмоўцу, пераканаць, захапіць яго на добрую справу. Ён вучыўся перамагаць сябе і ўладарыць над сваімі пачуццямі, але так і не навучыўся хаваць сваіх пачуццяў. Дзяцей ён любіў усёй душой, называючы іх нашым маладым падлескам”.
Помніццца з дзяцінства: “Корж едзе… Корж!”. Гэтак у нас крычала басаногая малеча, бегучы яшчэ ад калгаснага амбару, што стаяў на павароце пясчанай дарогі ў вёску. Дзеці першымі, а многія і ўпершыню пабачылі, як набліжаюцца бліскучыя аўтамабілі. Наперадзе, як вялізны жук, гойдалася на дарожных ямках, важна паўзла блакітная “Победа” нашага Каржа. За ёю, ззяючы нейкім серабрыста-бежавым колерам, рухалася “Волга”: быццам затаілася ў лясных нетрах лань, гатовая сарвацца з месца. Чаму вобраз лані бачыцца з далечы гадоў? Бо спераду мы ўбачылі бліскучую цацку, вельмі падобную да лані.
Калі машыны спыніліся ў вёсцы, з іх выйшлі мужчыны ў касцюмах і гальштуках, жоўтых саламяных брылях. І толькі наш Васіль Захаравіч, старшыня калгасу “Партызанскі край”, быў у цёмна-карычневай скураной куртцы, палатнянай вышыванцы — і без гальштука. Трохі рыжаваты, заўсёды ў вясёлым настроі — такім і помніцца. Яго мы часта бачылі ў нашай вёсцы — прыязджаў па справах калгасу, які быў прыгожым вынікам ягонай старшынёўскай працы. Калгас — некалькі вёсак, а нашая, пад назвай Гоцк, хоць і была на самым водшыбе, але ж мнагалюдная. Таму й мела, пэўна, свой асаблівы гаспадарчы інтарэс у вялікіх планах старшыні з залатою зоркай Героя Савецкага Саюза на генеральскім кіцелі.
Шмат чаго мы чулі ад дарослых пра знакамітага партызанскага генерала. Вось у каго, дарэчы, варта павучыцца, як трэба любіць сваю малую радзіму! Перспектывы для кар’еры ў яго адкрываліся такія, што магла закружыцца галава: пасля вайны Васіль Захаравіч вучыўся ў Акадэміі Генштаба Узброеных Сіл СССР. З 1949-га па 1953-ці ён быў намеснікам міністра лясной гаспадаркі Беларусі. Але ягонай дапамогі чакалі землякі — і ў 53-м Васіль Корж вярнуўся ў родныя мясціны, больш за дзесяць гадоў кіраваў калгасам “Партызанскі край” у сябе на радзіме, у вёсцы Хорастава. У той час, варта дадаць, фактычна й вёскі не было: карнікі яе спалілі пад час вайны, ацалелыя жыхары жылі ў зямлянках. Так што трэба было нанава ўсё перабудоўваць. Таму й не спакусіўся герой высокімі пасадамі, а жыў сярод нас, разам з намі. Працаваў штодзённа, жыў звычнымі сялянскімі клопатамі: араць, сеяць, касіць, убіраць — і будаваць, будаваць... Жывою легендай называлі яго вяскоўцы, бо да таго мірнага жыцця, мы ведалі, былі ў яго яшчэ два ваенныя жыцці, кожнае з якіх — як подзвіг. Ён жыў з намі ў 1953-63 гадах, а ў апошнія гады жыцця ў Мінску. Памёр 5 мая 1967 года, пахаваны на Усходніх могілках беларускай сталіцы.
А ў маіх успамінах дзяцінства ён і сёння жывы. Вось бачыцца мне: пакуль госці ў акружэнні вяскоўцаў гавораць пра сваё, мы, дзятва, снуем вакол машын. А нам дазволена й асцярожна памацаць тыя бліскучыя цацкі на бачынах, што ззяюць на сонейку, нібы відэльцы. Мы злёгку дакранаемся да казачных “фаэтонаў”, і мне здаецца, што яны спусціліся з-за хмар: як тыя серабрыстыя ваенныя самалёты, што калі-нікалі праляталі над Гоцкам з Лунінецкага аэрадрому.
Пазней, калі ў Гоцку паставілі цагельны завод (бо гліны ўсялякай прамысловай там, казалі, на сто гадоў хопіць), калі пабудавалі масты, дарогі, то нам, дзецям, была ўжо чым хваліцца перад равеснікамі з суседніх вёсак. А як з драўлянай старой школы мы перайшлі у двухпавярховую новую з кабінетамі ды лабараторыямі, спартыўнай залай, то радасці нашай не было межаў. І за ўсім тым стаяў “наш Корж”, чалавек вялікай мужнасці, вялікага сэрцы, вялікага сумлення.
Як беларус з Палесся аказаўся ў далёкай Іспаніі, у антыфашысцкім супраціўленні, — пра тое я даведаўся пазней. Цяпер вядома: баявы досвед набыў ён у партызанскай барацьбе ў Заходняй Беларусі — у атрадзе Кірылы Пракопавіча Арлоўскага. У 20-я гады актыўна ўдзельнічаў у станаўленні савецкай улады ў Беларусі, затым арганізоўваў сельгаскамуны ў Слуцкім, Старобінскім раёнах. “З 1931 года працаваў у органах НКУС БССР, — чытаем у інтэрнэце. — Калі пачалася вайна ў Іспаніі, Васіль Корж добраахвотна паехаў туды і ваяваў у складзе інтэрнацыянальнай брыгады. У 1937-м за паспяховае выкананне баявых заданняў ён быў узнагароджаны ардэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі”.
Той іспанскі досвед вельмі спатрэбіўся яму ў гады Вялікай Айчынай, калі разгарнуўся вялікі партызанскі рух на беларускім Палессі. (Значна пазней, у поставецкі ўжо час, адкрылася: аказваецца, перад вайной быў Васіль Корж больш за месяц у мінскай турме (яго падазравалі ў шпіянажы на карысць Польшчы), а на пачатку вайны — і ў сталінскім ГУЛАГу. — Рэд.). Пра вялікія страты, што наносілі партызаны Каржа ворагу, ёсць весткі ў розных крыніцах. Але вось што важна: ён імкнуўся пазбягаць лішніх ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Наколькі дазваляла тады абстаноўка, стараўся не завязваць баі ў вёсках ці паблізу іх. Патрабаваў ладзіць засады далей ад населеных пунктаў: каб не наклікаць бяду на мірных жыхароў. Партызаны дапамагалі сялянам усім, чым маглі: вясной — араць і сеяць, восенню — збіраць ураджай. А ў 1944-м, перад пачаткам вызваленчай аперацыі “Баграціён”, Корж загадаў камандзірам партызанскіх брыгад вывесці з зоны баёў усё мірнае насельніцтва ў лес: каб выратаваць яго ад знішчэння і згону ў фашысцкае рабства.
Каб на далей аблегчыць працу мастацтвазнаўцам, трохі раскажу пра сваю аўтарскую задуму, сімвалізм у карціне-партрэце “Легенда пра генерала Каржа”. Повязь з роднай зямлёй і ў той жа час “палёт духу” героя сімвалізуюць буслы — яны й цяпер лётаюць над мясцінамі, у якіх нарадзіўся Васіль Захаравіч. Вобраз партызанскага брыгаднага генерала, Героя Савецкага Саюза мне хацелася выявіць як Волата, і таму ягонае плячо прыкрывае, нібыта каваны шчыт, генеральскі кіцель. А побач са “шчытом” бачым дзве расліны-сімвалы: рэліктавая папараць сведчыць пра старажытнасць нашай Бацькаўшчыны, а малады дубок увасабляе моц яе сённяшнюю, спадзявання на маладое пакаленне. Каласы жыта ў руках Волата — сімвал Жыцця, а землямерны інструмент, які ў маім вясковым дзяцінстве называлі “казой” — сімвал і земляробства, і сяўбы, і адмеранага лёсам кожнаму шляху на Зямлі. Вянчае ж гэта ўсё — салют Перамогі, які “расцвітае” над знішчанай вайною вёскай. Тры чырвоныя стужкі з надпісамі ёсць сімвалы “трох жыццяў”, якія пражыў Корж. Яшчэ я не ўтрымаўся ды намаляваў на палескіх палях экскаватар, прыкмету меліярацыі, якой старшыня актыўна займаўся. Ад такога цуда мы, дзеці, не адыходзілі, калі ён у нашых мясцінах з’явіўся: дужа нам цікава было, як жалезны “зубр” так спрытна й хутка зямлю капае. Дзесьці пад небасхіл ёсць згадка пра вобраз далёкай Іспаніі: з ветраком, шпілямі старых будынкаў, Дарэчы, там і мне пашчасціла пабываць, так што, як водзіцца, земляка памянуў добрым каталонскім віном, а таксама ягоны гераізм на той зямлі.
І яшчэ цікавыя факты пра майго земляка падказвае інтэрнэт — у пацвярджэнне таго, якога маштабу была гэтая асоба. У пасляваенныя гады, як цяпер стала вядома, Васіль Захаравіч быў у цесным сяброўстве з маршалам Георгіем Жукавым. Пазнаёміліся ж яны яшчэ ў Слуцку, ваеначальнікі шмат у чым сышліся і да канца жыцця падтрымлівалі сувязі. Разам яны й праводзілі час: палявалі на балотах на качак, прычым Жукаў часта заставаўся на ноч у бацькоўскай хаце Каржа. Своеасаблівым знакам мужнасці, высакародства Васіля Каржа можна лічыць і тое, што ў пасляваенны мірны час Корж часта наведваў свайго апальнага сябра ў Маскве.
Праўдзівая кніга мемуараў Васіля Каржа пабачыла свет толькі ў 2008 годзе: у савецкі час ёй не давалі ходу. З’яўленню кнігі паспрыяла малодшая дачка героя Зінаіда, яна ж перадала працы бацькі-Героя ў Нацыянальны архіў Беларусі.
Уладзімір Банцэвіч, мастак, старшыня Саюза беларусаў Дону
Голас Радзімы № 17 (3569), пятніца, 11 мая, 2018 у PDF