В музее сельского учителя собрано множество военных редкостей
26.10.2024 11:17:00
Алена ЯСКО
Цікавы дамашні музей давялося напаткаць на Мядзельшчыне падчас адной з камандзіровак. Яго стваральнік і ініцыятар — мясцовы краязнаўца Яўген Антановіч, які больш за 20 гадоў настаўнічаў. Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі на станцыі Княгінін. Працаваў у Занарацкай школе, потым у школе № 177 Мінска. З 2008 года пачаў распрацоўваць тэму Першай сусветнай вайны і вывучаць з вучнямі-мінчанамі чатыры бітвы ў Занарацкім рэгіёне, даследаваць невядомыя пахаванні вайскоўцаў Рускай імператарскай арміі ў раёне Княгінін — Чарэмшыцы — Калодзіна. А яго сядзіба ў Занарачы дзякуючы знаходкам і своеасабліваму творчаму падыходу ператварылася ў музей. Па словах субяседніка, галоўным стымулам для яго сталі вучні і ўнукі: пра вайну з імі трэба было гаварыць на зразумелай дзецям мове…
Яўген Антановіч.
Яўген Уладзіміравіч з дзяцінства і сам цікавіўся ваеннай тэматыкай.
— У 50‑я гады мінулага стагоддзя наш дом размяшчаўся на надзейным фундаменце былой ваеннай піларамы на станцыі Княгінін, — узгадвае ён. — Я рабіў тайком вандроўкі на месца былых артылерыйскіх складоў Расійскай арміі за парахавой саломкай для ракет. Ганарыўся тым, што будаўніцтва новага дома ў 60‑х гадах бацька вядзе каля былой ваеннай вузкакалейкі Першай сусветнай вайны. Бацькі хваліліся суседзям, што я вельмі завіхаюся пры копцы сваёй дзялянкі бульбы.
Але на самай справе хлопчык цікавіўся знаходкамі: кожны раз траплялася салдацкая дробязь. Ён збіраў відэльцы і лыжкі, крыжыкі, розныя шкляныя бутэлечкі, невядомыя скураныя сумачкі. Але найбольш каштоўнай знаходкай былі стрэляныя гільзы, пападаліся і цэлыя патроны. Пазней у ролі настаўніка Яўген Антановіч вывучаў наваколле падчас паходаў і летнікаў, рэалізоўваў некалькі даследчых праектаў, збіраў з вучнямі мясцовыя легенды і аповеды старажылаў. Адначасова яго калекцыя папаўнялася знаходкамі. Іх ён творча пераасэнсоўваў у сваім міні-музеі.
А колькі тут металічных муляжоў боепрыпасаў — для хлопчыкаў сапраўдная скарбніца! Ёсць і гармата, хоць і несапраўдная. Гаспадар таксама збірае незвычайныя таблічкі і ўпрыгожвае імі сядзібу. Лазня на яго мове атрымлівае назву «Кабинет общественных организаций». Але ўсё ж галоўнае ў яго сядзібе — экспанаты, звязаныя з гістарычнай тэматыкай.
— У дзяцінстве мы выконвалі просьбу бацькоў: не капаць магілы, не трывожыць салдацікаў той вайны, — кажа краязнавец. —
Дарэчы, уся наша станцыйная дзетвара, якая засталася жыць у бацькоўскіх хатах, не парушыла табу, захавала тайну дзяцінства пра адно пахаванне, дзе стаяў крыж і прапелер ад самалёта.
Яўген Антановіч паказвае экспанат.
Цяпер няёмка, што да сотых угодкаў тых гістарычных падзей я сабраўся зрабіць добрую справу — аднавіць пахаванне, але не атрымалася.
Жывучы ў Занарачы, настаўнік прыслухоўваўся да ўспамінаў тутэйшых старэйшых людзей аб назвах мясцовасці. Яны стараліся падзяліцца, што чулі пра тыя падзеі ад сваіх родзічаў. Звесткі былі асобныя, абрывачныя.
— З 1976 па 1996 год мы «перакапалі» навакольныя палі з вучнямі, калі выязджалі на бульбу ў калгасе і на сваіх дзялянках, — тлумачыць ён. — Паўсюль сустракаліся асколкі і косці, косці, косці… За гэты час знайшлі амаль 400 ваенных боепрыпасаў і паведамілі пра іх у ваенкамат, сапёры іх знішчалі.
З дзяцінства Яўген Антановіч захаваў успаміны з мінулай вайны пра нямецкі браняпоезд, які, знаходзячыся на станцыі, абстрэльваў Гарадзішча, Сваткі, Даўжані. Казалі дарослыя і пра тое, як немец з самалётаў бамбіў вёскі Новікі і Альсевічы. У мясцовых таксама існуе вера, што іконы з княгінінскай царквы і маленні вернікаў уратавалі бліжэйшыя вёскі ад няшчасця быць спаленымі з людзьмі, як Брусы і Новікі.
Сотні кіламетраў былы настаўнік прайшоў па мясцовых сцежках з вучнямі ў пешых, водных, лыжных, веласіпедных вандроўках. Па яго меркаванні, сапраўдны мужчына павінен выхоўвацца праз добрае фізічнае здароўе, праз пераадоленне сябе. Як вопытны педагог, ён умела выкарыстоўваў жаданне хлопчыкаў стаць лепшым з лепшых.
А галоўнае, што перадаваў і перадае сваім вучням і ўнукам пажылы настаўнік: «Кожны мужык можа і абавязаны абараніць сваю Радзіму». І гэта мудрасць зразумела нават дзяўчынкам.