У песні, прысвечанай памяці беларускага святара і паэта Казіміра Сваяка, ёсць такія важкія словы: “Моў прыгожых ёсць на свеце многа,/ Ды найпрыгажэйшая — свая...”
02.09.2015 15:20:44
У песні, прысвечанай памяці беларускага святара і паэта Казіміра Сваяка, ёсць такія важкія словы: “Моў прыгожых ёсць на свеце многа,/ Ды найпрыгажэйшая — свая...”
Згадаў нядаўна знакамітае выслоўе “Нам не дано предугадать, чем слово наше отзовется”, калі ў інтэрнэце выпадкова адшукаў песню на свае словы “Памяці Казіміра Сваяка”. Аўтар музыкі і выканаўца — Аляксандр Якіменка. Так здарылася, што з Аляксандрам мы знаёмы завочна. Нямала гадоў таму я даслаў яму свае вершы — і з часам пачалі з’яўляцца нашы з ім агульныя песні: “Астравеччына”, “Дачка лесніка”, “У Міхалішках”…
Казімір Сваяк. Карціна Язэпа Драздовіча
Калі я даслаў песню “Памяці Казіміра Сваяка” ў беларускую перадачу латвійскага радыё “Домская плошча”, мне паведамілі: песню выпусціць у эфір нельга, яе можна слухаць толькі ў вузкім коле слухачоў. Што ж, хай так і будзе! Вось я і разаслаў песню сваім сябрам і знаёмым. Быў вельмі ўсцешаны, калі ад іх пачалі прыходзіць добрыя водгукі, падзякі.
Сёлета быў ў сваёй роднай вёсцы Падольцы на Астравеччыне, наведаў школу: там праходзіла творчая сустрэча. Быў прыемна ўражаны, як там шануюць памяць земляка, паэта і святара Казіміра Сваяка. Спадзяюся, і нашай з Аляксандрам Якіменкам песні наканаваны добры лёс. Дасылаю вам верш “Казімір Сваяк”, каб у беларускіх суполках замежжа была магчымасць развучыць словы песні. Звярну ўвагу: радкі з майго верша “І маё часамі сэрца плача, /Бо такі ж у роднай мовы лёс” пераклікаюцца з такім радком Казіміра Сваяка: “Пішу, бо сэрца плача”…
Станіслаў Валодзька, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, г.Даўгаўпілс, Латвія
Станіслаў Валодзька
Казімір Сваяк
Вёсачка Барані — за барамі —
Мілая радзімка Сваяка,
Дзе ўзяла пачатак свой уранні
Слынная жыцця яго рака.
Слухалі тут белыя бярозкі
І пачуў нарэшце белы свет,
Як з чароўнай Музай-беларускай
Шчыра гаварыў Сваяк-паэт.
Моў прыгожых ёсць на свеце многа,
Ды найпрыгажэйшая — свая.
Як на беларускай мове з Богам
Годна размаўляў святар Сваяк.
Колькі гора наш народ пабачыў,
Колькі здзекаў люд наш перанёс!
І маё часамі сэрца плача,
Бо такі ж у роднай мовы лёс.
Толькі ўсё ж я скрусе не скаруся:
Ёсць яшчэ на свеце сваякі,
Што ўтрымаюць гонар беларусаў. —
Жыцьме Беларусь вякоў вякі!..
Даведка ГР
Ксёндз-літаратар Канстанцін Стаповіч (літаратурны псеўданім Казімір Сваяк) нарадзіўся 6 (19) лютага 1890 года ў вёсцы Барані Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. У 1924 годзе ў Вільні пабачыў свет яго адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі “Мая ліра”. Пачынаецца ён вершам “Мест прадмовы”, у якім паэт спавядаецца: “Пішу я, бо плача сэрца”. Доўгі час пра ягоную літаратурную творчасць ведалі толькі спецыялісты-літаратуразнаўцы. Да чытача Казімір Сваяк пачаў вяртацца ў 1988-89 годах: тады некаторыя яго вершы былі надрукаваны ў часопісах. У падручніках па беларускай літаратуры для ВНУ пачала па-новаму, аб’ектыўна разглядацца яго творчасць. Пазней з’явіліся рэпрынтныя выданні “Мая ліра”, малітоўнік “Голас душы”, чацвёртае выданне дзённіка “Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі”. У вёсцы Барані дзейнічае Музей Казіміра Сваяка.