«Ваш дружбак, Адам Русак»
24.05.2014 11:17:29
— Яго дабрыня і хлебасольнасць. Да нас прыходзіла шмат людзей — артыстаў, пісьменнікаў, журналістаў. Памятаю, як упершыню ўбачыла Ігара Міхайлавіча Лучанка. Як вось за гэтым інструментам ён паказваў свае першыя творы. Мама яго называла «камсамолец», таму што вельмі шмат тады гастраляваў у складзе канцэртных брыгад па лініі камсамола. Быў вельмі актыўны, здольны. Ды і цяпер такі ж. Ён вельмі паважаў Адама Герасімавіча. Робячы першыя крокі, кампазітар адчуваў падтрымку бацькі, ужо вядомага паэта-песенніка і музыканта. А мама яго карміла, таму што той заўсёды быў худым. І перш чым ён сядаў за піяніна, яна казала: «Ігарок, спачатку падсілкуйся». У нашай кватэры ўпершыню прагучала яго «Дзе ты, зорка мая прамяністая» на верш Адама Русака, а нядаўна гэту песню ў сучаснай аранжыроўцы запісаў дзяржаўны ансамбль «Песняры» пад кіраўніцтвам Вячаслава Шарапава. Ды многія творы на вершы бацькі зараз гучаць, абнаўляюцца, ім даюць другое жыццё, іх ведае моладзь. Таму што гэта лірыка высокага кшталту, вельмі прыгожыя словы.
— Творы Адама Русака прайшлі выпрабаванне часам, і вы вось ужо столькі год даносіце да людзей бацькаву творчасць, беларускую песню. Адкуль такая заўзятасць?
— Канешне, ад мамы, якая насамрэч стала яго нястомнай памочніцай. Займаюся арганізацыяй канцэртаў. Яны адбыліся на сто пятую гадавіну, сто шостую. Вялікі канцэрт з двух аддзяленняў арганізаваў аркестр Жыновіча. Тэкст вядучага і сцэнарый я сама напісала, бо вельмі хацелася паказаць і расказаць слухачам, як бацька ствараў песні. Прагучала і любімая музыка паэта, які скончыў Мінскае музвучылішча і Ленінградскую кансерваторыю па класу валторны і дваццаць год адпрацаваў салістам Ленінградскага тэатра оперы і балета. Быў прафесійным музыкантам. Калі пераехаў жыць у Мінск, уладкаваўся на працу таксама ў аркестр, у Белдзяржфілармонію. Менавіта любімыя мелодыі натхнялі яго. У душы ж быў паэтам, тонка адчуваўшым мілагучнасць роднага слова. Як сцвярджаў Генадзь Цітовіч, «між яго вершаваных радкоў нябачна прысутнічаюць лініі нотнага стану, на якім уяўляецца ключ, лад, контуры напеву». Таму кампазітары з задавальненнем бралі яго вершы. Міхаіл Якаўлевіч Фінберг таксама стварыў праграму з русакоўскіх песняў, паказваў яе ў Пясочным. Так што ўсе песні атрымалі другое жыццё.
Удалося арганізаваць і дабрачынны канцэрт на радзіме таты.
— Любіў рускія вальсы мінулых стагоддзяў — «Амурскія хвалі», «Бярозка», «На сопках Маньчжурыі», полькі. На ўсё жыццё самым яго любімым творам засталася «Капыльская вясельная полька». Дома на скрыпцы ён заўсёды іх іграў, а мы з сястрой акампаніравалі на піяніна. А яшчэ кадрылі, падэспань. Ён жа з маленства іграў на вяселлях разам з бацькам і старэйшым братам. Слава сямейнага трыа Русакоў грымела далёка за межамі роднай вёскі. Там казалі: «Няма цыганкоў — няма і вяселля». Праўда, мянушка гэта, як і легенда пра тое, што яго дзед Сямён з царскай службы прывёз жонку-цыганку, сумніўная. Наш сваяк высветліў, што Сямён Русак служыў дзесьці на мяжы з Румыніяй, на тэрыторыі сучаснай Малдовы. І таму больш верагодна, што і жонка яго была малдаванка. Ва ўсялякім разе ніякіх цыганскіх рысаў я ў сябе і ў маіх сваякоў не знаходжу: не ўмею варажыць, падманваць. Хіба што ўсе чарнявыя ды смуглыя. І ў сталым узросце, калі тата браў у рукі скрыпку, на вачах яго заўсёды выступалі слёзы.
— Ён быў чуллівым чалавекам?
— Так. Аднак слёзы з’яўляліся ад успамінаў пра дзяцінства. Ён пераважна быў маўклівым, не тлумачыў, чаму плача. Толькі праз многія гады, калі бацькі не стала, перачытваючы яго аўтабіяграфію, я зразумела тыя эмоцыі. Вальсы, полькі, кадрылі — музыка яго маладосці. А юнакі з Пясочнага і іншых вёсак, стварыўшы ў дваццатыя гады свой ансамбль, такім чынам зараблялі на жыццё, каб не вісець на шыі ў бацькоў. Ды і моладзь любіла музыку.
У сваіх успамінах Адам Герасімавіч пісаў, што бацька аддаў яго, маленькага хлапчука, свінапасам у панскі маёнтак, аднак матуля забрала Адасіка, калі таго там пабілі нагамі за якісьці ўчынак. Аднойчы малеча забраўся на дрэва перад панскім домам і доўга чакаў музыкаў, якія павінны былі прыехаць з горада. І на вершаліне дачакаўся, калі зайграў запрошаны аркестр.
Між іншым, любіў ён і грузінскую «Суліко». Чаму? Тата пачуў яе ў Грузіі, дзе гастраляваў з Ленінградскім аркестрам. Падчас вайны іх тэатр эвакуіравалі ў Арэнбург, і менавіта тады давялося пабываць у Закаўказзі. Бацька быў чарнявым, і яго там прымалі за свайго: калі пыталіся грузіны, як прозвішча, не раздумваючы адказваў: Русакадзэ. Армянам жа казаў, што Русакян. Наогул, ён заўсёды ўмеў жартаваць.
— Часта бываеце на бацькавай радзіме?
— Летам кожны год адпачываем. Некалі ў доміку ў Малінаўцы, што на Капыльшчыне, жыла цётка, татава сястра, а потым яна з’ехала да сваіх дзяцей, і хата засталася нам. Ездзілі туды мы з сястрой і бацькам яшчэ школьніцамі на нашым «Масквічы» шакаладнага колеру. Ён, творчы чалавек, і аўтамабіль былі несумяшчальнымі. Як правіла, калі выбіраліся на адпачынак, ад’язджалі ў шэсць раніцы, пакуль на вуліцах не было супрацоўнікаў ГАІ. І ўсё роўна машына глохла на першым жа перакрыжаванні. Тады ішлі за падмогай у бліжэйшыя гаражы. Здаралася, што толькі позна вечарам былі ў Малінаўцы. Мясцовы калгас у шасцідзясятыя гады набыў духавыя інструменты для свайго аркестра, і Адам Герасімавіч адразу вызваўся дапамагаць землякам. Дык вось мы з ім кожны вечар выпраўляліся ў вёску. Калі ўсе трактарысты ды камбайнеры вярталіся з поля, ён іх збіраў і вучыў ігры на інструментах. Майстар-клас працягваўся доўга. Так нарадзіўся Песачанскі духавы аркестр. Часта тата браў скрыпачку і граў прама на мехдвары, каб падняць дух працаўнікоў. Так любіў сваю радзіму і аднавяскоўцаў, так беззаветна служыў ім. І па сённяшні дзень мясцовыя жыхары з удзячнасцю ўспамінаюць аб гэтым. Малой радзіме прысвечана і шмат цёплых вершаў.
— Сярод пісьменнікаў старэйшага пакалення і кампазітараў ходзіць пагалоска, што менавіта жонка Адама Русака ўсім запраўляла. Ці так гэта?
— Дык для творчага чалавека заўсёды вельмі важна, каб хтосьці вёў яго справы. Бацька ніколі сам не хадзіў па рэдакцыях. Накідае некалькі строф на лістку са звычайнага сшытка і закіне ў шуфлядку стала. Мама, якая скончыла Ленінградскі літаратурны інстытут, добра адчувала мову, рыфму і бачыла, чаго вартыя вершы. Бывала, прасіла аднесці ў рэдакцыю. «А навошта мне гэта трэба?» — звычайна казаў бацька. І яна даставала тыя скамечаныя паперкі, па начах рэдагавала вершы, друкавала, а назаўтра несла выдаўцам.
— Ці перавыдаваліся творы бацькі пасля яго смерці?
— На жаль, не. Хаця яшчэ ёсць і рукапісы. Чатыры цікавыя пісьмы, што знайшла ў бацькавым архіве, Ісаака Любана, Леаніда Уцёсава, Міхаіла Ісакоўскага перадала часопісу «Мастацтва».Свае лісты ён падпісваў жартаўліва: «Ваш дружбак, Адам Русак». Наогул, у яго быў мяккі гумар. Узяць ліст да Ісаака Любана, з якім разам вучыўся ў музвучылішчы, сустракаўся ў Ленінградзе, які напісаў самыя вядомыя песні на яго словы: «Не шукай», «Толькі з табою», песню Марыны з кінафільма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» і самую папулярную — «Бывайце здаровы». Дык вось аднойчы, прыехаўшы ў Мінск з Масквы, Ісаак Ісаакавіч не наведаў даўняга свайго сябра. Бацька па дабраце душэўнай не мог пакрыўдзіцца, аднак напісаў яму: «Дарагі Ісаак! Ты перадай гэтаму Любану, каб наступным разам, калі ён будзе ў Мінску, не мінаў нашай хаты»...
— А як здарылася, што Адаму Русаку напісаў сам Леанід Уцёсаў? Яны былі знаёмыя?
— Асабіста не, а па творчасці ведалі адзін аднаго. Уцёсаў разам з дачкой Эдзіт выконваў папулярную на адной шостай частцы сушы песню «Бывайце здаровы». Аднойчы, калі я адправілася ў камандзіроўку ў Маскву, мама ўручыла мне зборнік вершаў бацькі, каб я перадала знакамітаму спеваку. Я знайшла дом, дзе жыў Уцёсаў, аднак кансьержкі мяне да яго не пусцілі. Бо паклонніцы натоўпамі дабіваліся артыста, і мяне прынялі за адну з іх. Тым не менш кніжачку яму перадалі, і Леанід Восіпавіч напісаў у адказ гэты ліст, завяршыўшы фразай: «Жывіце згодна вашым вершам».
— Гісторыя песні «Бывайце здаровы» проста неверагодная, столькі легенд і чутак звязана з ёю, нават дысертацыя па ёй напісана. Як магло здарыцца, што Адам Русак «згубіў» сваё аўтарства, а Міхаіл Ісакоўскі, пераклаўшы верш, падпісваў яго сваім прозвішчам?
— Блытаніну напачатку ўнёс паэт Анатоль Астрэйка, з якім бацька жыў на адной вуліцы ў Пясочным. Прыехаўшы на вакацыі з Ленінграда, тата і перадаў тэкст Астрэйку, які тады працаваў у «ЛіМе». Навошта спатрэбілася падпісваць верш у газетах «Правда» і «Літаратура і мастацтва», дзе ў 1937 годзе ён надрукаваны амаль адначасова, з заўвагай: «Запісаў ад А.Русака (калгас «Чырвоны араты» Капыльскага раёна) Анатоль Астрэйка», я дагэтуль не разумею. Напэўна, так патрабаваў рэдактар Ілля Гурскі, які сумняваўся і лічыў куплеты верша вясельнымі прыпеўкамі? Сапраўды, рытміка, напеўнасць, вобразнасць і трапнасць слова — усё ад вуснай народнай творчасці. З тым жа каментарыем песня змешчана і ў зборніку «Творчасць народаў СССР». Палічыўшы тэкст фальклорным, Ісакоўскі, пераклаўшы яго, і паставіў пад ім сваё прозвішча. Саюз пісьменнікаў Беларусі, звярнуўшыся да вядомага савецкага паэта, указаў, што ў твора ёсць аўтар. У саракавым годзе той даслаў ліст з прабачэннямі і абяцаў надалей не перавыдаваць верш. Аднак і пазней выходзілі кніжачкі з подпісам «М. Ісакоўскі». Адна з іх захоўваецца ў нашым архіве. Праўда, пераклад адыграў сваю ролю — твор заўважылі. Неўзабаве напісаў музыку на гэты тэкст мастацкі кіраўнік хору імя Пятніцкага Уладзімір Захараў. У наш час у базе дадзеных і беларускага аўтарскага таварыства, і расійскага ўсё ўказана правільна. А недакладнасці ўсё роўна сустракаюцца. Я нядаўна купіла падручнік па сальфеджыо расійскага выдання, дзе наогул пазначана, што гэта беларуская народная песня.
— Не менш таямніц звязана і з музыкай да яе?
— Хадзілі чуткі, што нібыта Ісаак Любан знішчыў нотны рукапіс, бо яму сказалі, што песня не ўдалася, што Ларыса Александроўская без яго ведама, патаемна сунула ноты ў радыкюль і азвучыла песню. Усё гэта лухта. Знакамітая спявачка вельмі абуралася тымі выдумкамі. Праўда тое, што 15 чэрвеня трыццаць сёмага года Ларыса Пампееўна яе ўпершыню выканала, і песня засталася ў рэпертуары артысткі назаўсёды.
— Людміла Адамаўна, як сёння жывуць нашчадкі паэта-песенніка, яго ўнукі?
— У маёй дачкі Крысціны нарадзіўся хлопчык, пакуль яна займаецца сямейнымі справамі. Сын вучыцца яшчэ ў школе. Доўгі час я выкладала італьянскую мову ў БДУ, дзе працавала старшым выкладчыкам, цяпер вось займаюся ўнукам і толькі перакладамі, акрэдытавана пры італьянскім пасольстве. Крысціна закончыла Белдзярж- універсітэт, факультэт міжнародных адносінаў, а потым і першы курс па эстрадным вакале Універсітэта культуры. Адкрыла святочнае агенцтва. Здзіўляе тое, што яна, не маючы харэаграфічнай падрыхтоўкі, была прынята ў балетную групу аркестра Фінберга і па кантракце працавала чатыры гады разам з прафесійнымі танцоркамі, выпускніцамі харэаграфічнага вучылішча. Восем год яна спявала ва ўзорным хоры «Тоніка».
— Напэўна, дзядулевы гены праявіліся?
— Мабыць. Мне здаецца, што і далей гэта будзе яе прафесійны накірунак. Дачка маёй сястры Наталлі, прадзюсара маскоўскага радыё, Надзея атрымала адукацыю па спецыяльнасці «японская мова і эканоміка». Чатыры гады працавала ў гандлёвым прадстаўніцтве Расіі ў Японіі. Таксама вельмі здольная дзяўчына.
— Дзякуй Вам за цікавую размову, поспехаў на ніве захавання беларускай песеннай класікі.
Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»