На радзіме Васіля Цяпінскага ў вёсцы Цяпіна Чашніцкага раёна ўшанавана памяць аб знакамітым друкары
24.02.2017 19:57:17
У школе на радзіме Васіля Цяпінскага ў Чашніцкім раёне дзейнічае сапраўдная… Цяпінская рэспубліка
ВАСІЛЬ ЦЯПІНСКІ-АМЕЛЬЯНОВІЧ (1530—1540—каля 1600 года) належаў да ліку людзей таго часу незвычайных — перадавых, захопленых працай, да якой сучаснікі адносіліся са скептыцызмам. Толькі ўявіце: у XVI стагоддзі наладзіць у мястэчцы сапраўдную друкарню! На гэта патрэбны не толькі сілы, энтузіязм, але і вялікія сродкі. Балазе ўсё гэта ў Васіля Цяпінскага было. А інакш свет не ўбачыў бы ўнікальнае для нашай гісторыі і літаратуры выданне 1580 года — Евангелле на беларускай і царкоўнаславянскай мовах, адзін з экзэмпляраў якога захоўваецца ў музеі ў Санкт-Пецярбургу. На радзіме ж такіх артэфактаў няхай і не засталося, але памяць аб друкары і асветніку захоўваецца.Карэспандэнт “СГ” пабывала ў Чашніцкім раёне і даведалася, чаму напрыканцы мая школьнікі заўсёды наведваюць месца былога маёнтка друкара і што можна купіць за мясцовую валюту — цяпіны.
ЭКСКУРСІЮ па радзіме Васіля Цяпінскага пачынаю з мясцовай сярэдняй школы. Менавіта яна лічыцца цэнтрам, дзе захоўваюцца звесткі аб знакамітым гістарычным дзеячы. Вялікі хол установы ўпрыгожвае памятная дошка — напамін аб друкары. У яе свая гісторыя. Дырэктар ёй Віктар Шалухін:
— Яшчэ ў 1990 годзе, 10 червеня, адзначалася важная для нашай вёскі дата — 450-годдзе са дня нараджэння Васіля Цяпінскага. Менавіта тады і вырашылі неяк увекавечыць як гэты дзень, так і саму памяць пра земляка. З тых часоў школа хоць і не носіць імя дзеяча, аднак мае сваю славутасць. У той жа час пісьменнік Барыс Беляжэнка падарыў ёй графічны партрэт друкара.
Партрэт гэты — рэпрадукцыя знакамітага палатна 1578 года. Такім, трошкі строгім і задуменным, мы прывыклі ўяўляць асветніка. Графічная выява — пачатак экспазіцыі школьнага краязнаўчага музея, дзе працуе выстава, прысвечаная Цяпінскаму. Гістарычны экскурс праводзяць самі школьнікі, удзельнікі гуртка “Юныя экскурсаводы школьнага музея”. Вучань 7-га класа Станіслаў Бармінаў засяроджвае ўвагу: “Паглядзіце, вось гэта рэпрадукцыя. Яшчэ ў нас сабраны багаты біяграфічны матэрыял, публікацыі розных часоў аб асветніку і нашай вёсцы. Ёсць і традыцыя — кожны год 19 мая адзначаем дзень друкара, шануем яго памяць”.
Вучаніца восьмага класа Ангеліна ХАМІШЧАНКА дэманструе копію Евангелля Васіля Цяпінскага
Напрыканцы вясновага месяца дзеці разам з настаўнікамі адпраўляюцца ў невялічкае падарожжа — наведваюць мясціны былога радавога маёнтка Цяпінскага. На жаль, ад яго засталося няшмат напамінаў... Якім быў — дакладна хто скажа? Бо, напрыклад, раней ва ўсіх крыніцах памылкова зазначалася, што знаходзіўся ён менавіта ў самім Цяпіна. Аднак на самай справе пабудова стаяла на Двары Цяпіна. Адлегласць жа паміж вёскай і Дваром — каля трох кіламетраў. Іх спрадвеку раздзяляюць вялікае поле, балацявіна і рэчка. Зараз, каб трапіць з Цяпіна ў Двор, трэба ехаць праз вёску Запружаны.
З розных гістарычных крыніц даследчыкі чэрпалі інфармацыю, па якой зараз можна меркаваць, што ўяўляў сабой Двор Цяпіна. На пагорку стаяў палац, на заходняй яго частцы — каменная хароміна больш позніх уладальнікаў. Асобны дом быў у прыслугі, там стаяла млякарня з лядоўняй, цагляны склеп, далей — панскае возера, з якога кошамі чэрпалі некалі карасёў. Двор упрыгожвалі ліпы, дубы, бярозы. Каскадам уздоўж рэчкі стаялі тры млыны. Непадалёку быў гасцінец з мостам цераз рэчку. Тут было 12 хат цяглых людзей, якія два разы ў тыдзень працавалі на пана, а таксама чатыры селяніна, якія выплачвалі “куніцу” па 48 грошай у год.
ЗАРАЗ ад былога багацця засталося няшмат: тэрасны парк з разнатраўем і разнаквеццем, рэшткі муроў млына, а ў хмызняку ля ракі Акоп і зараз жывуць завезеныя калісьці вінаградныя смаўжы. Праз рачулку ішла дарога да маёнтка, тут быў пракладзены мост. Рэшткі той панскай дарогі захаваліся да сённяшняга часу...
Вучань сёмага класа Станіслаў БАРМІНАЎ праводзіць экскурсію па школьным краязнаўчым музеі
Аднак частыя экскурсіі да маёнтка ўжо не ладзяцца: шлях да яе не вельмі спрыяльны. Хаця мясцовы люд добра памятае, калі месца гэта стала сапраўднай пляцоўкай для высокіх гасцей. Тады, у 1990 годзе, ладзілася свята ў гонар Цяпінскага, і ў вёску з’ехаліся пісьменнікі, паэты, журналісты з усёй краіны.
Загадчыца сельскага клуба Раіса Мацур малюе карціну таго дня так, быццам было гэта ўчора: “Тады да свята я разам з настаўнікамі рыхтавала сцэнарый. Вядома, усе ведалі, што ў нас нарадзіўся такі знакаміты чалавек. Але падрабязнасці яго біяграфіі раскопвалі, калі рыхтаваліся да свята. 10 чэрвеня надвор’е было добрае... Адкрывалі шэсце ад пачатку Цяпіна, людзі ішлі шарэнгамі, падыходзілі да кожнай хаты, віталі жыхароў, песні пелі, святкавалі. На сялібе ладзілі канцэрт. Цікавы факт — менавіта пры падрыхтоўцы да свята ў вёсцы палажылі першы асфальт”.
Тады з’явілася ў Цяпіна яшчэ адна славутасць — камень з дошчачкай. Стылізаваны напамін аб друкары зараз упрыгожвае тэрыторыю школы. Дзейнічае ў навучальнай установе і Цяпінская рэспубліка. Адносна маладая дзяржава — створана ў 1998 годзе — даволі моцная адукацыйная структура. Мяркуйце самі: рэспубліка мае свой герб — партрэт Васіля Цяпінскага, канстытуцыю, прэзідэнта і нават грошы. Педагог-арганізатар Марына Магнус тлумачыць сэнс такой школьнай дзяржавы:
— У нас няма піянерскай арганізацыі, аднак яе функцыі якраз і выконвае школьная рэспубліка. Пяць міністэрстваў падначальваюцца прэзідэнту — дзесяцікласніку Андрэю Папко. У кожнага міністра, у сваю чаргу, па два памочнікі. Міністр культуры каардынуе ўсе школьныя святы — канцэрты, вечарыны, міністр здароўя — спартыўныя акцыі, адукацыі — дні самакіравання, рэйды па захаванні дзённікаў, сшыткаў, школьнай мэблі. Так дзеці самі непасрэдна ўдзельнічаюць у жыцці школы.
Ёсць у рэспубліцы і свая валюта — цяпіны. Гэта своеасаблівы сродак існавання вучняў. З цяпінамі можна ўдзельнічаць у бяспройгрышных латарэях. Іншы раз становяцца яны і платай за парушэнне дысцыпліны — грашыма можна і штраф заплаціць, калі носішся па калідоры...
Настаўнік нямецкай мовы Ала КУЗЬМІНА і загадчык Цяпінскага сельскага клуба Раіса МАЗУР успамінаюць свята ў гонар друкара.
АДНАК Цяпіна знакаміта не толькі таму, што тут нарадзіўся асветнік. Лічыцца, што менавіта на месцы сучаснай вёскі Васіль Мікалаевіч надрукаваў сваю кнігу “Евангелле”. Як? Па адной з версій, тут дзейнічала друкарня. Даследчык творчасці Васіля Цяпінскага Доўнар-Запольскі, які адзін з першых сістэматызаваў звесткі пра яго, адзначыў, што архімандрыт Леанід назваў друкарню Цяпінскага вандроўнай, перасоўнай. Шрыфты друкарні, абсталяванай у Цяпіне, нагадваюць шрыфты Нясвіжскай друкарні і ўваходзяць у групу набору, які мае сваім вытокам выданні Францыска Скарыны, у прыватнасці, кракаўскія і віленскія. Літары ў рамках, і некаторыя ўпрыгажэнні падобны да кракаўскіх выданняў Скарыны, а малыя шрыфты — да шрыфтоў Нясвіжскай друкарні.
Аднак было б вельмі спрошчана сцвярджаць, што Васіль Мікалаевіч аднойчы ўзяў ды перавёз сваю друкарню з Нясвіжа ў Цяпіна. Для гэтага патрэбна было б пераадолець некалькі соцень кіламетраў з нялёгкім грузам на прымітыўных фурманках па бездаражы. І ўсё ж матэрыяльна-тэхнічная сувязь паміж Цяпінам і Нясвіжам, безумоўна, існавала. Не на голым месцы і не без нясвіжскага вопыту працягваў у Цяпіне вялікую справу Скарыны Васіль Мікалаевіч. Справа гэта вылілася ў цудоўны па ўсіх гістарычных і літаратурных мерках твор — Евангелле на дзвюх мовах — беларускай і царкоўнаславянскай.
Багата кніга не толькі тым, што ўпершыню змяшчала тэксты на дзвюх мовах, але і сваёй прадмовай. Невялікі, аднак сэнсава скончаны твор крытыкуе духоўных асоб, палітыку апалячвання і акаталічвання беларускага народа, выступае ў абарону культурных дасягненняў славян. Смела па тым часе...
Зараз у Чашніцкім гістарычным музеі маюць ксеракопію (паменшаны ліст) з кнігі “Евангелле”, якая захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу. Загадчык музея Людміла Касцянка тлумачыць: “Што цікава, з аднаго боку тэкст на беларускай мове, з другога — на царкоўнаславянскай. Усяго было 62 друкаваныя старонкі, прадмова больш трох лістоў і яшчэ лісты ад рукі. Але сёння мы не можам дакладна сказаць, што гэта напісаў Цяпінскі, бо почыркі розныя, значыць, нехта яму дапамагаў”.
Як хапіла грошай на выданне такой кнігі? Дырэктар музея выстаўляе гіпотэзу: “Чалавек задаўся мэтай, і, хутчэй за ўсё, каб выдаць кнігу, усё распрадаў, сам давёў сябе да беднаты”. А прадаваць было што: валодаў Цяпінскі маёнткам у Лідскім павеце (пры доме былі сад, выган, сенажаці, палі, іншыя ўгоддзі). Землі былі і на Міншчыне, і на Віленшчыне, і нават пад Кіевам.
Аднак па словах прадмовы бачна, як цяжка прыйшлося шляхціцу ў ажыццяўленні складанай справы па перакладзе евангельскіх кніг, наладжванні ўласнай друкарні, якія фінансавыя і іншыя перашкоды прыйшлося пераадольваць. У канцы жыцця Цяпiнскi, відаць, не захаваў за сабой усіх маёнткаў, бо ў студзені 1604 года Полацкі суд разглядаў справу паміж яго сынамі і жонкай пра падзел толькі Цяпіна. Астатнія маёнткі, магчыма, былі прададзены ім на пакрыццё выдаткаў, звязаных з кнігадрукаваннем.
Такое мецэнацтва сустрэць зараз няпроста. Але менавіта дзякуючы такім учынкам Васіль Цяпінскі і знакаміты. Пакідаючы вёску, яшчэ раз згадала: калі вучні клапоцяцца пра спадчыну гуманіста, імя асветніка будзе жыць яшчэ доўга.
ДАВЕДКА «СГ»
Васіль Цяпінскі нарадзіўся ў 30-я — пачатку 40-х гадоў XVI стагоддзя ў вёсцы Цяпіна Полацкага ваяводства (зараз Чашніцкі раён). Маёнткі Цяпінскіх былі раскіданыя па розных кутках краіны. Васіль Цяпінскі належаў да дробных землеўласнікаў. Род яго становіцца вядомым у актах Вялікага Княства Літоўскага толькі з XVI стагоддзя як «кроўнародасны» (блізка параднёны) з родам Слушак. У 1570-я гады Васiль Цяпiнскi на свае сродкі арганізаваў друкарню, дзе ў 1980 годзе выйшла кніга “Евангелле”. Усё жыццё стараўся распаўсюджваць ідэі гуманізму. У пачатку 1600 года быў забіты сваімі дваюраднымi братамi ўжо ў сталым узросце. Матывы гэтага злачынства невядомыя, але карані яго, магчыма, бяруць пачатак яшчэ з даўняй варожасці Васіля і Мацея Цяпiнскiх з-за маёмасці.
bizyk@sb.by
Фота аўтара