У чацвер, 25 мая, Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адзначае сур’ёзны юбілей — 90 год ад моманту заснавання. На працягу наступнага тыдня гледачоў тэлеканала «Беларусь 3» чакаюць сустрэчы з любімымі артыстамі опернай и балетнай трупы, дакументальныя фільмы, запісы знакавых пастановак, тэлеверсіі канцэртаў і яскравыя прэм’еры. Акрамя таго, галоўны сацыякультурны канал краіны прыадкрые для сваёй аўдыторыі таямніцу мастацкага свету адзінага ў Беларусі тэатра оперы і балета, дасць магчымасць дакрануцца да яго амаль векавой гісторыі і атрымаць асалоду ад прагляду пастановак беларускай і сусветнай класікі.
Новая пастаноўка балета «Дон Кіхот» стала для тэатра ўжо сёмай.
Па запаветах Станiслаўскага
Праграма да 90-годдзя Вялікага тэатра пачнецца аповедам пра жыццёвы і творчы шлях выбітнай артысткі балета, вядомага педагога Аляўціны Карзянковай у аўтарскай праграме Уладзіміра Арлова «Люблю і памятаю». Серыя выйдзе ў эфір 22 мая ў 15:30. У гэты ж дзень ў 22:20 «Беларусь 3» прапануе тэлеверсію канцэрта «На біс» прымы Вялікага тэатра Аксаны Волкавай.З аўторка па пятніцу ў праграме «Кадры жыцця» гледачоў чакаюць сустрэчы з народнымі артыстамі Беларусі Анастасіяй Масквіной, Антонам Краўчанкам, Нінай Шарубінай і галоўным рэжысёрам Вялікага тэатра Ганнай Маторнай. Госці студыі падзеляцца ўспамінамі пра самыя важныя этапы станаўлення свайго майстэрства і, як заўсёды, пракаменціруюць архіўныя кадры з фондаў Белтэлерадыёкампаніі.
Зазірнуць за кулісы і даведацца, хто стварае тэатральную казку, дазволіць цыкл «Вялікі тэатр. 90 гадоў», што будзе выходзіць у вячэрнім эфіры з аўторка па пятніцу. Дзесяць небанальных, кранальных і вельмі асабістых гісторый ад тых, хто шмат гадоў сціпла служыць мастацтву, прычым не толькі на сцэне. Пра тэатр — словамі людзей, якія працуюць у майстэрнях па вырабе сцэнаграфіі і пашывачных цэхах, у цэхах па асвятленні спектакляў, за кулісамі… і нават пад сцэнай, дзе размешчана шматтоннае механічнае «сэрца» Вялікага. Сёння Вялікі тэатр Беларусі — самы важны па статусе і шматлюдны па штатным раскладзе тэатр краіны. Тут немагчыма працаваць па разліку — усе героі праекта «Вялiкi тэатр. 90 гадоў» жывуць па запаветах Станіслаўскага і «любяць мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве».
— Мы пакажам, з якім творчым багажом Вялікі тэатр увайшоў у 90-ы сезон, і пазнаёмім гледачоў з дзейнасцю ўсіх падраздзяленняў. Па сутнасці, кожная з дзесяці серый праекта — гэта такі закулісны рэпартаж, павольнае назіранне за жыццём унутры Вялікага, — кажа дырэктар «Беларусь 3» Наталля Марынава.
Таксама на наступным тыдні ўвазе гледачоў тэлеканал прапануе падборку самых знакавых пастановак: оперу Джакама Пучыні «Багема», балет «Спартак» Арама Хачатурана, абноўленую оперу Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» і прэм’ерны паказ тэлеверсіі балета Людвіга Мінкуса «Дон Кіхот». Ну а 26 мая ў 15:10 у эфіры «Беларусь 3» — гала-канцэрт «Замкавыя забавы ў Нясвіжы». А гэта значыць, што тэлегледачы ў чарговы раз змогуць сустрэцца з шэдэўрамі сусветнай класікі ў выкананні зорак айчыннай тэатральнай сцэны.
Пра што не ведаюць гледачы
Але ж галоўны падарунак ад Белтэлерадыёкампаніі чакае нас 27 мая. У 21:05 на «Беларусь 3» — прэм’ера дакументальнага фільма «Пра што не ведаюць гледачы» уласнай вытворчасці медыяхолдынга. Здымачная група некалькі месяцаў назірала за жыццём вялікай тэатральнай сям’і, наведвала рэпетыцыі, запісвала інтэрв’ю з супрацоўнікамі розных падраздзяленняў… Дакументальная стужка раскажа пра сённяшні дзень жамчужыны нацыянальнага тэатральнага мастацтва, а таксама пра магчымасці сцэны і падрыхтоўку артыстаў да кожнага выступлення.Тэлеверсія гала-канцэрта да 90-годдзя Вялікага тэатра Беларусі, які адбудзецца напярэдадні святочнай даты, будзе паказана ў нядзелю ў 21:05. Завершыць святочны тыдзень дакументальны фільм «Валянцін Елізар’еў» пра жыццёвы і творчы шлях выбітнага харэографа і балетмайстра, мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра. Аўтар стужкі Ніна Мажэйка дапаўняе:
— Мне вельмі хацелася, каб гледачы ўбачылі яго зусім з іншага боку. Таму мы паехалі з Валянцінам Мікалаевічам у Азербайджан, на яго малую радзіму. І зрабілі ўсё для таго, каб атрымалася прыгожая гісторыя, прасякнутая гарачым сонцам Баку і салёным паветрам Каспійскага мора. Мне здаецца, у Баку Валянцін Мікалаевіч сапраўды раскрыўся па-іншаму. Мы прагуляліся па месцах яго дзяцінства, знайшлі дом, у якім жыла яго сям’я… Такі матэрыял — гэта, вядома, вялікі журналісцкі поспех. Яшчэ былі здымкі ў Санкт-Пецярбургу (у елізар’еўскім Ленінградзе), дзе адбыўся яго творчы ўздым. Ну і на мінскай сцэне, вядома!
leonovich@sb.by