Печатают билет и дают сдачу — как работают терминалы самообслуживания, установленные на железнодорожном вокзале в Минске
22.07.2019 16:48:22
Илья КРАСОВСКИЙ
На чыгуначным вакзале ў Мінску запрацавалі першыя тэрміналы самаабслугоўвання, якія дазваляюць пасажырам самастойна аформіць праязныя дакументы на цягнікі рэгіянальных ліній эканамкласа і гарадскіх ліній. Аплаціць білет можна любой банкаўскай картай, уключаючы міжнародныя. Тэрміналы таксама прымаюць купюры, манеты і нават выдаюць рэшту дробнымі грашыма. Карэспандэнт «Р» даведаўся аб навінцы падрабязней.
Меню тэрміналаў інтуітыўна зразумелае.
Загадчык білетных кас станцыі Мінск-Пасажырскі Людміла Сідарэнка ўдакладняе, што ўсяго на чыгуначным вакзале дзесяць тэрміналаў самаабслугоўвання: чатыры ў касавым зале, тры ў падземных пераходах, два каля чыгуначных шляхоў і адзін у раёне білетных кас на вуліцы Дружнай.
Самі тэрміналы немаленькія — шмат месца займае сховішча банкнот. Масіўныя, металічныя, у прыемнай воку сіне-шэрай палітры яны выглядаюць салідна. У сярэдзіне працоўнага дня паток пасажыраў не такi бурны. Але зуciм іншая справа зранку і ўвечары — з 7.00 да 9.00 і з 16.00 да 19.00, а таксама ў суботу i нядзелю, калi людзi масава едуць на дачы. У гэтыя часы нагрузка на звычайныя касы вельмi вялiкая.
Апараты прымаюць аплату банкаўскімі картамі, а таксама купюрамі і манетамі.
Зараз сiтуацыя прынцыпова iншая. Вось да тэрмінала падышла пажылая пара, у руках тоўстыя сумкі і каляска. Жанчына дастала з футарала акуляры, узіраецца ў экран. Хвiлiна — і юзеры старэйшага пакалення рэціраваліся ў бок кас: мабыць, неабходнасць вадзіць рукамі па сэнсарнаму экрану напалохала іх. Па-старому ім больш звыкла.
Але нічога складанага няма, бо меню тэрміналаў інтуітыўна зразумелае. Для зручнасці карыстальнікаў на сэнсарных экранах адлюстроўваецца час адпраўлення бліжэйшых цягнікоў у найбольш папулярных напрамках. Новыя апараты прымаюць аплату банкаўскімі картамі, у тым ліку і бескантактавымі, а таксама купюрамі і манетамі. Самы дробны намінал — 10 капеек. І што важна, яны выдаюць рэшту. Калі падчас замовы білета маніпуляцыі з экранам спыняцца на пэўны перыяд часу, тэрмінал ласкава прапануе карыстальніку для роздуму дадатковыя 14 секунд, інакш верне на галоўны экран. Толькі вось яшчэ адзін важны момант: забытую ў тэрмінале банкаўскую картку прылада не засмоктвае і не сігналізуе пра яе — наступны пасля вас карыстальнік зможа бесперашкодна яе забраць. Так што будзьце пiльнымi! У любым выпадку невялікая відэакамера над купюрапрыёмнікам бесперапынна назірае за карыстальнікамі падчас работы з тэрміналам.
На этапе пацвярджэння друку білетаў можна націснуць кнопку «адмена» і ўнесеныя сродкі (наяўныя або з банкаўскай карты) вернуцца, прычым гатоўка адразу ж. Пасля друку здаць білет назад ужо не атрымаецца. Але ў гэтым няма нічога нязвыклага — у касах грошы за квіток у цягніках з непранумараванымі месцамі таксама не вяртаюцца.
Цяпер праезд у цягніках гарадскіх і рэгіянальных ліній эканамкласа, акрамя новых тэрміналаў, можна аплаціць у білетных касах Беларускай чыгункі, непасрэдна ў цягніках, смарт-картай, на якую папярэдне запісаны тарыфныя адзінкі, банкаўскімі карткамі пры праездзе ў першай тарыфнай зоне (Мінск — Беларусь, Мінск — Міханавічы, Мінск — Гарадзішча). Таксама пасажыры могуць аформіць доўгатэрміновыя праязныя дакументы. Дарэчы, сучасныя спосабы аплаты праезду ў цягніках гарадскіх ліній з непранумараванымі месцамі дазволілі адмовіцца ад аднаразовых талонаў для кампасціравання. А ўжо ў верасні гэтага года Беларуская чыгунка плануе ўкараніць продаж электронных праязных дакументаў на цягнікі гарадскіх ліній і рэгіянальных ліній эканамкласа на сваім афіцыйным сайце.
Фота аўтара.