Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзiмiр Пракапцоў - аб папсе, жывапiсе, працы i сакрэтах прычоскi
03.03.2017 21:59:43
Нам ёсць куды імкнуцца
— Уладзімір Іванавіч, найперш прыміце нашы віншаванні! І раскажыце, за што даюць такія званні?
— Дзякуй, гэта сапраўды вельмі высокая ўзнагарода. Безумоўна, у гэтым не толькі мая заслуга, а ўсяго калектыву. Лічу, што мы атрымалі яе не толькі за мінулы год, які быў абвешчаны Прэзідэнтам Годам культуры, а за больш значны перыяд. Сёння наш музей з’яўляецца вядучай установай культуры. З міжнародных праектаў адзначу выставы ў Ватыкане і Мадрыдзе. Былі ў нас сумесныя праекты з Траццякоўскай галерэяй і Эрмітажам — кожны год мы адзначаемся нейкімі знакавымі праектамі. Вельмі шмат зроблена і нашымі супрацоўнікамі-рэстаўратарамі: яны вярнулі да жыцця нямала твораў сакральнага мастацтва, жывапісу, графікі i гэтак далей. У навуковым плане таксама ёсць здабыткі. Наогул зроблена вельмі шмат, і я вельмі ўдзячны сваім калегам.
— Што цікавага чакае наведвальнікаў у бліжэйшы час?
— Зусім нядаўна распачалася ўнікальная выстава — «Радзівілы: лёсы краіны і роду» з калекцыі Мацея Радзівіла. Але мы глядзім далёка наперад, ужо рыхтуемся да свайго юбілею, які будзе праз два гады. Нам вельмі важна паказаць музей у самым лепшым выглядзе. Безумоўна, самае галоўнае — развіццё музейнага квартала. У поўным аб’ёме, хутчэй за ўсё, да юбілею адкрыць яго не зможам — усё залежыць ад фінансавання, але думаю, што будынак на Карла Маркса да гэтага часу здадзім, і такім чынам будзе завершана першая частка комплексу. Для нас вельмі важна зрабіць гэты квартал, бо такім чынам пашырыцца выставачная плошча, будуць новыя экспазіцыі. Будуць і новыя музейныя тэхналогіі. Сёння музей павінен адпавядаць самаму высокаму еўрапейскаму ўзроўню. Гэта і клімат-кантроль, і ахова, і святло, і спецыяльныя інтэр’еры. Зрэшты, у нас многае з гэтага ёсць. Хаця праблем хапае: трэба, каб усе супрацоўнікі ведалі замежную мову, каб было тэхнічнае абсталяванне — аўдыягіды пад кожную выставу і да таго падобнае. Канешне, зроблена шмат за апошнюю пяцігодку, але ёсць куды імкнуцца.
— З якімі пытаннямі людзі прыходзяць да вас у кабінет?
— З самымі рознымі: ад вытворчых да навуковых. Мастакі імкнуцца зрабіць персанальныя выставы ў нас, гэта ж прэстыжна. Але нам плошчы не дазваляюць. Канешне, мы павінны рабіць выставы і са сваіх фондаў. У выніку на сучасных мастакоў застаецца не так шмат прасторы. Таму прыходзіцца адмаўляць, прычым не я адзін прымаю рашэнне аб гэтым, а цэлы вучоны савет. Ёсць план платных паслуг, які мы павінны выконваць. Мы павінны рабіць міжнародныя праекты з такімі знакавымі музеямі, як Траццякоўка, Эрмітаж. Вось у гэтым годзе 130 гадоў Марку Шагалу, ідуць перамовы наконт выставы з музея Ніцы.
Канешне, шмат сустрэч у гэтым кабінеце з пасламі. Сёлета спаўняецца 25 гадоў устанаўлення дыпламатычных адносін з рознымі краінамі. І ўсе хочуць зрабіць знакавыя праекты менавіта ў гэтым будынку.
І штодзённа ў гэтым кабінеце вырашаюцца вытворчыя пытанні. Будынак наш 1954 года, ён патрабуе рамонту, мяняем зараз асвятленне. Нядаўна падвесныя матэрыялы замянілі на сучасныя: цяпер замест вяровак стальныя тросікі. А гэта ўсё грошы. І мы павінны іх зарабляць, каб укладваць у абсталяванне. Гэта таксама праблема. Словам, пытанняў шмат. Гэта толькі з боку некаму здаецца, што дырэктар увесь час ходзіць па бенефісах, адкрывае выставы.
Зрабіў план — герой, не — двоечнік
— У мінулым годзе пашчасціла пабываць у Эрмітажы. Праўда, прыйшлося пастаяць у чарзе больш за гадзіну. Уладзімір Іванавіч, чаму ў наш музей не стаяць такія чэргі? Магчыма, не хапае рэкламы?
— Так, рэклама — рухавік прагрэсу і інтарэсу. Але тут павінна быць зацікаўленасць не толькі аднаго музея, а і гарадскіх улад. Прыгожая рэклама стварае зусім іншы вобраз горада. У нас у метро ходзяць два вагоны, за якія мы, дарэчы, плацім грошы. Мы хацелі б, каб музей пачынаўся не на прыступках, а на падыходзе да яго. Таму я выступіў з ініцыятывай у рамках святкавання 950-годдзя Мін-ска, каб у грамадскіх месцах была сацыяльная рэклама, на сценах з’явіліся творы беларускіх мастакоў, якія пісалі пра нашу сталіцу. На банерах можна было б размясціць шмат прыгожых карцін таго ж Мая Данцыга. Яго славутая карціна «Няміга», што называецца, летапіс горада. Музею не хапае грошай, каб укладваць у рэкламу. І атрымліваецца, што людзі ў спальных раёнах іншы раз і не ведаюць пра праекты, якія ладзяцца ў цэнтры горада, не толькі ў нашым музеі. Ёсць пытанні і да СМІ, асабліва да тэлебачання, якое папулярызуе папсу, а не высокае мастацтва. У гэтым плане і ў Санкт-Пецярбургу, і ў Маскве ўсё робіцца больш салідна. Нам гэтага нестае.
— Неяк вы прапанавалі даць самалётам назвы беларускіх дзеячаў мастацтва. Ідэя не знайшла падтрымкі?
— Гэта не я прыдумаў, а, што называецца, сусветная практыка. У Польшчы аэрапорт носіць імя Шапэна, у Італіі — Леанарда да Вінчы і г.д. Усе самалёты «Аэрафлота» падпісаны. Чаму нам, напрыклад, не даць ім імёны Івана Хруцкага, Янкі Купалы? А ў салонах хай бы ляжалі праспекты з іх творамі. Можа, нехта з замежнікаў, хто едзе сюды з дзелавой мэтай, раптам захоча завітаць у наш музей? Тым больш што такая рэклама не патрабуе вялікіх сродкаў — гэта ж вам не вуліцу перайменаваць. На жаль, такія ідэі ў нас вельмі цяжка прасоўваюцца. А мы, краіна ў цэнтры Еўропы, павінны быць наперадзе ва ўсіх кірунках.
За плённае супрацоўніцтва ў мінулым годзе Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б'ЯНКІ ўзнагародзіў дырэктара музея ордэнам Зоркі.
Я ўжо не ўзгадваю пра духоўнасць, на якой мы павінны выхоўваць моладзь. Мы павінны ўзбагачаць людзей. Вось місія музея.
На жаль, сёння музеі пераключыліся на заробкі сродкаў, іншы раз страчваючы гэтую місію. А культура — гэта фарміраванне духоўнасці нашых людзей. Мы не супраць зарабляць пазабюджэтныя сродкі, бо яны ідуць на прэмію супрацоўнікам. Але гэта не павінна стаяць у аснове асноў. Памры, але зрабі план — так не павінна быць. Матылькі, шакалад і іншае — нікога не хвалюе, што ты будзеш паказваць. Зарабіў — і ты герой. А той, хто рабіў высокамастацкія выставы, але недавыканаў план, — двоечнік. Гэта няправільна. Для чаго стваралі ўстановы культуры? Для адукацыі, захавання спадчыны, якую трэба лічыць фундаментам нашай нацыі.
Як старшыня канфедэрацыі творчых саюзаў хачу закінуць слова і ў абарону мастакоў. Адыходяць нашы класікі, многім зараз ужо за 80. Яна пакінулі свой след у XX стагоддзі, але трэба, каб засталіся творы і ад нашых сённяшніх суайчыннікаў. Вось толькі для гэтага павінны быць умовы. І першае ў гэтым — майстэрні. А сёння мастакі аддаюць за іх апошнія капейкі, бо плацяць, як за вытворчыя памяшканні: за электраэнергію бяруць па тых жа тарыфах, што і на трактарным заводзе. Я таксама маю майстэрню і плачу за яе не як жыхары дома на вуліцы Максіма Танка, а як вытворца. Так не павінна быць. Мастак жа не кожны дзень прадае свае творы.
За званнямі бегаюць толькі троечнікі
— Заўважыла, што ў савецкія часы званне «Народны» атрымлівала вельмі шмат мастакоў, а ў апошнія гады такіх у нас не назіраецца. Чаму? Няма годных?
— Ёсць мастакі, якія адпавядаюць гэтаму званню: Зоя Ліцвінава, Уладзімір Кожух, Андрэй Заспіцкі і іншыя. Саюзу мастакоў Беларусі тут трэба працаваць мэтанакіравана. На жаль, у народныя рвуцца тыя, хто не вельмі годны. У жыцці складваецца сітуацыя, калі таленавітыя людзі не ходзяць па высокіх кабінетах. У іх няма часу, бо яны сядзяць у майстэрнях і малююць. Яны сціплыя людзі. А вось троечнікі бегаюць па кабінетах і выбіваюць сабе званні. Я сам як член калегіі быў супраць двух прозвішчаў, якія вылучаліся на званне народных. І мяне падтрымалі члены калегіі. Памятаю, як яшчэ 15 гадоў таму Прэзідэнт сказаў, што званне народнага — гэта амаль Герой Беларусі. Што датычыць мастакоў, то яны павінны задаваць сабе пытанне, ці адпавядаюць узроўню Савіцкага, Шчамялёва, Паплаўскага, Данцыга? У плане званняў вельмі добра працуе наш Вялікі тэатр. Там актыўная дырэкцыя, ды і ўзровень выканаўцаў вельмі высокі. А тут Саюз мастакоў недапрацоўвае.
Вера ПРАКАПЦОВА — дачка народнага мастака Беларусi Паўла МАСЛЕНIКАВА. Адну са сваiх кнiг яна прысвяцiла бацьку
Яшчэ адзін важны момант: мастака патрэбна падтрымліваць не тады, калі яму ўжо каля 70, а значна раней. Паглядзіце, у якім узросце званні атрымлівалі ў савецкі час Вашчанка, Кішчанка, Шчамялёў? Ім было каля 50. Анікейчык наогул у 34 атрымаў званне. У ім бачылі перспектыўнага мастака-скульптара, і ён гэта званне апраўдаў цалкам.
— Уладзімір Іванавіч, калі б вам далі мільён долараў, на што патрацілі б?
— Па-першае, закупілі б творы некаторых нашых мастакоў. Напрыклад, Рушчыца. На жаль, толькі адна карціна была набыта Аленай Аладавай у пасляваенны час.
Ёсць і іншыя мастакі, пра творы якіх мы марым. І мільён долараў для гэтай справы мала. Трэба мільярд. Гэта калі не ўзгадваць пра тэхнічнае абсталяванне, якое нам патрэбна, а толькі пра закупку твораў. Няма ў нас і жывапіснага твора Шагала, ёсць толькі дзве графікі.
І самае галоўнае — трэба закупляць карціны сучасных мастакоў, каб не адбылося такіх лакун, калі чалавек адыходзіць з жыцця і яго работы разыходзяцца па свеце. Родзічы прадаюць, бо майстэрню трэба вызваляць, а іншых месцаў для захоўвання няма. Людзі пакідаюць след, і гэты след мы павінны мець у Нацыянальным мастацкім музеі.
І яшчэ такая думка. Кожны творчы чалавек, дзе б ён ні нарадзіўся, павінен штосьці зрабіць для сваёй радзімы. Лічу, што падарыць дзясятак-другі сваіх работ — добрая справа. Там зробяць музейчык ці галерэю і будуць яшчэ доўга цябе ўзгадваць. Яшчэ мастакі павінны рабіць так, каб самае лепшае было ў музеі. Бо па творах, якія вісяць на нашых сценах, будуць лічыць, якім ты быў мастаком. Я разумею, што такія работы шмат каштуюць і іх выгадна прадаць за мяжу. Але трэба разумець, што гэтыя карціны будуць вісець у чыімсьці катэджы і іх будуць бачыць яго гаспадары ды іх госці, а ў музеі — тысячы чалавек. Я амаль штогод прыязджаю ў родны Добруш і дару гораду свае работы. Таму заклікаю мастакоў: не шкадуйце сваіх твораў для родных мясцін.
Маляванне так зацягвае, што забываешся пра голад
— Памятаеце сваю першую карціну?
— У мяне нават захаваліся карціны школьнага перыяду. Я быў самавук, практыкаваўся на сценгазетах, перамалёўваў рэпрадукцыі з часопісаў. Ведаеце, як намаляваў сваю першую жывапісную карціну? Узяў мех ад бульбы, вымыў яго, нацягнуў на плот, пафарбаваў пакостам (пра грунтоўку я ў той час яшчэ нічога не ведаў) і так маляваў нацюрморты і пейзажы. Але калі гаварыць ужо аб прафесіянальных работах, а я скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта, то ў 1984 годзе зрабіў нацюрморт, прысвечаны Максіму Багдановічу «Апошні санет паэта». Гэта работа на рэспубліканскай выставе была высока ацэнена, і потым я падарыў яе нашаму музею разам з дзясяткам іншых работ. Некаторыя мае работы закуплены. У гэтым годзе, напрыклад, у музеі з’явілася карціна, напісаная на маёй малой радзіме. Былі закуплены і «Віцебскія мроі пра Парыж». Гэта такая парафраза: калі Марк Шагал ляціць з Бэлай над штыкетнікам, то я з музай сяджу на месяцы. Нядаўна скончыў работу, прысвечаную сваім бацькам.
Штогод 8 жнiўня, у свой дзень нараджэння, ПРАКАПЦОЎ робiць адмысловыя iмпрэзы, сустракаецца з прыхiльнiкамi сваёй творчасцi
— Я была ўпэўнена, што вам няма калі займацца творчасцю.
— Калі ёсць магчымасць, працую вечарамі. Напрыклад, учора не мог выйсці з майстэрні. Вось ужо памыў свае пэндзлікі, ужо апранаюся, потым гляджу і думаю: трэба вось тут падправіць. Але разумею, што заўтра магу пра гэта забыць, таму зноў адкрываю эцюднік і саджуся за працу. Купіў сабе вячэру, але я нават не ўзяўся за яе. Выйшаў з майстэрні каля дванаццаці гадзін. Іншы раз прыходзіш у суботу ці нядзелю ў майстэрню, набярэш бутэрбродаў, але так зацягвае праца, што забываешся пра голад.
Наогул прыходжу ў майстэрню кожную суботу гадзін у дзесяць, працую да чатырох, потым еду ў музей. Маляванне патрабуе шмат сіл, забірае энергію. Хачу сказаць, што я як мастак пішу ў сваё задавальненне. Гэта вельмі цяжкая праца, карціна забірае ўсе сокі з цябе. Іншы раз выходзіш з майстэрні як п’яны. Таму днём еду ў музей, пагляджу, як там справы, вып’ю кубачак кавы — развеяўся і зноў у майстэрню. Гадзін да адзінаццаці. Калі я крыху адпачыў, гляджу на работу іншымі вачыма, бачу, дзе трэба падправіць. Пішу адразу некалькі работ. Калі я пераключаюся з адной на другую, бачу свае недакладнасці. Больш за тое, выпрацаваў сваю сістэму. Спачатку пішу невялікі памер — эксперыментую на ім. А потым, калі знаходжу свой элемент, то пераношу яго на вялікае палатно.
— Звычайна мастакі з задавальненнем пускаюць да сябе гасцей, знаёмяць са сваёй творчасцю. Чаму вы ніколі не запрашаеце?
— На самай справе да мяне прыходзілі некалькі разоў тэлевізіёншчыкі. Што датычыць іншых… Мастак — ён жа творца-адзіночка. Днямі ён нікога не бачыць, але хоча кантакту. Таму пускае да сябе людзей, каб яны паглядзелі, пахвалілі. А як у мяне? Я ў майстэрні ў асноўным толькі ў суботу і нядзелю. Я часам нават адмаўляюся ад дыпламатычных прыёмаў. Бывае, сябры запрашаюць у лазню, але я не іду. Гэта ж цэлы дзень трэба патраціць. А мяне работа чакае. Калі ад’язджаю ў замежныя камандзіроўкі, гэта для мяне такая трата часу! Я цяпер і на мерапрыемствы, канцэрты рэдка хаджу, лепш у майстэрню. Разумею, што гады бягуць вельмі хутка, асабліва зараз, пасля шасцідзесяці. Пакуль магу штосьці зрабіць, не трэба марнаваць час. У маладосці крыўдзіўся, калі мяне не запрашалі на фуршэты, а цяпер, калі не запрашаюць, вельмі радуюся.
Мы з жонкай самадастатковыя людзі, кожны ў сваёй сферы
— Звычайна бацькі цягнуць за сабой дзяцей, вы свайго сына бралі ў майстэрню?
— Калі ён вучыўся ў гімназіі імя Ахрэмчыка, а потым у інстытуце, сам прыходзіў, я яго не цягнуў. Павел, а яго так назвалі ў гонар дзеда, народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава, — таленавіты хлопец. Потым на некаторы час ён адышоў ад мастацтва, а зусім нядаўна вырашыў вярнуцца. Але ён не толькі тэарэтык, а і практык.
— Жонку пускаеце ў майстэрню? Звычайна яна ежу, бутэрброды носіць?
— Я сам бяру з сабой бутэрброды. Жонка заўсёды занята на рабоце, Вера працуе загадчыцай кафедры ва ўніверсітэце культуры. Таму я нават прыбіраю ў майстэрні сам. Раз у год яна можа зазірнуць, каб прасачыць за парадкам і паглядзець, над чым працую. Мы з ёй самадастатковыя людзі: яна ў сваёй сферы, я ў сваёй.
— Калі выбіралі жонку, мабыць, у першую чаргу звярталі ўвагу на свайго будучага цесця?
— У нашым блізкім знаёмстве ў першую чаргу заслуга Вольгі Фёдараўны Нячай, якая была вучоным сакратаром Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Я быў аспірантам, сакратаром камсамольскай арганізацыі, а яна — старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Мы ладзілі розныя мерапрыемствы, рабілі выезды па Беларусі. Вольга Фёдараўна даручала нам з Верай нейкія справы: арганізаваць экскурсію, заказаць аўтобус. А потым мне як бы ненаўмысна: «Вера — кандыдат навук, такая цікавая дзяўчына, ты, Валодзя, таксама. Мне здаецца, што вы падыходзіце адно аднаму». Думаю, што Павел Васільевіч і Ніна Фёдараўна былі задаволены, што іх зяць са сферы мастацтва. Мне чаму лёгка з жонкай? Я ж магу да ночы прападаць на работе ці ў майстэрні, а магу наогул толькі на наступны дзень прыйсці дадому. Вера ведае «кухню» свайго бацькі, яна гэта бачыла.
— Ці ёсць у вас сябры?
— У мяне ёсць сябры-урачы, з якімі пазнаёміўся, калі вучыўся ў Віцебску. Напрыклад, Алег Суконка, заслужаны доктар-анколаг, таксама вядомы доктар Сяргей Жаваранак.
Што датычыць мастакоў, то мне імпануюць многія. Так, па просьбе якога-небудзь мастака магу прыйсці ў майстэрню, паглядзець яго работы, выпіць бакал віна, але не больш.
— Як часта заглядваеце ў кнігу водгукаў?
— Кожны раз, як заходжу ў музей. Там шмат цікавага і карыснага. Месяцы тры таму была сітуацыя: наведвальнік напісаў: «Няправільна пераклалі назву карціны». Я выклікаю рэдактараў. Яны прыходзяць да мяне з энцыклапедыяй, і я бачу, што можна перакласці так, а можна гэтак. Арыентую рэдактараў, каб не пісалі навуковымі тэрмінамі, лепш прасцей, каб усе зразумелі.
Другое. Цікаўлюся водгукамі пра тую ці іншую выставу. Яны бываюць розныя. Разумею, што нашы наведвальнікі — гэта не акадэмікі ці мастацтвазнаўцы. Усе хочуць бачыць Шышкіна, але трэба прапагандаваць і сваіх мастакоў, каб яны ведалі нашых.
Трэцяе. Там удзячнасці мастакам і экскурсаводам. Могуць напісаць і нейкую прапанову. Напрыклад: «Калі ў музеі будзе такі ці такі мастак?»
У многіх еўрапейскіх музеях ужо няма кніг водгукаў, але я спецыяльна пакінуў. Гэта ж грамадскі аналіз канкрэтнага праекта і работы музея. Некалькі гадоў таму напісалі скаргу на наглядчыцу, якая груба сябе паводзіла. І я павінен пра гэта ведаць. Калі ў наведвальнікаў ёсць сур’ёзная прэтэнзія, я нават сам магу ім патэлефанаваць.
Мы, дарэчы, практыкуем кнігі водгукаў, калі едзем са сваёй выставай за мяжу. Так было і ў музеі Ватыкана. Я нават не ўяўляў, што спішуць яе за месяц. Там водгукі людзей з розных куткоў, нават на кітайскай мове ёсць. Але самае прыемнае, што ёсць і на беларускай.
«А чаму Пракапцова ў цырульню не адпраўляеце?»
— Не магу не спытаць пра вашу прычоску? Хто ваш іміджмейкер?
— Гэта шавялюра ад маёй мамы. Зараз у мяне прычоска амаль адзін к аднаму, як была ў яе. Калі я быў студэнтам мастацка-графічнага факультэта, то мы ўсе марылі стаць Шагаламі. Быў у нас такі дэкан — Васіль Рыгоравіч Шаталаў, і ён ганяў усіх у цырульню. І быў такі выпадак, які памятаюць усе мае аднакурснікі, ён у чарговы раз заходзіць у аўдыторыю: «Іваноў, Пятроў, Сідараў — у цырульню!» Адзін з хлопцаў не вытрымаў: «А чаму Пракапцова не адпраўляеце?» — «А яму гэта прычоска да твару», — адказвае.
Самае цікавае было, калі мяне запрасілі працаваць у Саўмін. Ім патрэбны быў чалавек, які разбіраецца ў культуры. Прыйшоў туды на субяседаванне. «Беларускую мову ведаеце?» — спыталі. Даў станоўчы адказ, запоўніў нейкую паперу і стаў чакаць выкліку на працу. Праходзяць тыдзень, два, тры. Месяц, два — цішыня. Мяне ў інстытуце мастацтвазнаўства ўжо ўсе падколваюць. Я сам патэлефанаваў у Саўмін. Адказваюць: «Аддалі аб’ектыўку, але яна не вяртаецца. Чакайце». Праз паўгода нарэшце паклiкалі. Маё першае заданне было замена шыльд на беларускай мове. А праз некалькі месяцаў у рэзідэнцыі ў Заслаўі быў нейкі прыём. Асобы вельмі высокага ўзроўню. Усё прайшло добра. А пасля Кебіч пры сустрэчы, убачыўшы мяне, сказаў: «Ведаеш што, калі мне прынеслі тваю асабістую справу, гляджу — доўгія валасы, барада, нефармал нейкі. Я памочніку і сказаў, каб прывёў мне нармальнага чалавека, а не гэтага. А ты, аказваецца, нармальны хлопец». Разумееце, чаму паўгода не зацвярджалі маю кандыдатуру? Мабыць, на маё шчасце, не было іншых кандыдатаў. Словам, мая прычоска не замінала нават рабоце ў Савеце Міністраў.
Да таго ж я не люблю быць, як усе. Не хачу быць стандартным. У мяне няма мадэльера. Я сам выбіраю сабе адзенне. Нават кашулі сам сабе мыю і прасую. Па маладосці Вера папрасавала мне штаны і зрабіла дзве стрэлкі, з той пары гэта заўсёды раблю сам.
— Звычайна мастакі пакідаюць пасля сябе вучняў. У вас іх няма. Не шкадуеце?
— Па-першае, умоўна можна лічыць, што сын — мой вучань. Па-другое, для мяне важней пакінуць пасля себя годную каманду ў музеі і добрага пераемніка. Калі чалавек вырас у музеі, ён не будзе тут нічога ламаць, а калі прыйдзе сюды чалавек з боку, не ведаючы ўсіх тонкіх момантаў... Яшчэ горш, калі прыходзяць зусім з іншай сферы. Я тут як рыба ў вадзе. Гэта мой дом, мне тут лепш, чым у сваёй кватэры. Я — мастак, мастацтвазнаўца і магу нароўні размаўляць з любым народным мастаком. Магу, што называецца, на адной мове размаўляць з дырэктарам любога сусветнага музея. Магу адхіліць праект заходнееўрапейскіх мастакоў, бо наперад ведаю, як ён будзе глядзецца ў нас. Многіх адпраўляю ў Музей сучаснага мастацтва.
За васямнаццаць гадоў, што я тут, ужо памяняў тры каманды. Бо многія музейныя супрацоўнікі не разумеюць мяне, хаця я ў два разы старэйшы за іх. Я адчуваю, што я ўжо не належу сям’і. Магу дапамагчы прыбраць кватэру, у магазін схадзіць, астатні час я жыву мастацтвам, музеем. Такіх самых адносін хачу і ад падначаленых. Гэтаму і вучу іх. А часам даводзіцца бачыць іх слёзы. Гэта не таму, што я нейкі жорсткі. У мяне прафесійныя патрабаванні да падначаленых, так мяне выхавалі мае настаўнікі яшчэ за савецкім часам.
А кіраваць і працаваць у нашым музеі вельмі пачэсна і адказна для кожнага супрацоўніка, у тым ліку і для дырэктара. І я ўпэўнены, што толькі высокапрафесійнае кіраўніцтва разам з камандай аднадумцаў можа справіцца з гэтай задачай, нягледзячы ні на якія цяжкасці, і весці наперад гэты карабель, які называецца Музей.
Фота Дзмiтрыя КАЗЛОВА