Народный артист Советского Союза и Беларуси создал вокально-инструментальный ансамбль, который гремел на весь мир
14.01.2021 08:47:00
Елена БАСИКИРСКАЯ
Днямі Уладзіміру Мулявіну магло б споўніцца 80 гадоў. На бульвар імя маэстра да помніка ўдзячныя беларусы неслі кветкі пад знакамітую «Малітву», якая да гэтага часу ў сэрцах публікі і стала духоўным гімнам нашай краіны. «Песняры» — наш сапраўдны брэнд, а песні Мулявіна дагэтуль працінаюць сэрца, іх любяць і цэняць прыхільнікі. Сучасны беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» працягвае справу народнага артыста, але ў новай форме і ўжо 18 гадоў выходзіць на сцэну без маэстра. Не беларус па паходжанні, Мулявін стаў нашым нацыянальным сімвалам. А нарадзіўся ў расійскім Свярдлоўску, там скончыў музычнае вучылішча, працаваў у сібірскіх філармоніях. У 1963-м яго жыццё кардынальна памянялася, калі запрасілі ў Белдзяржфілармонію. Маэстра заснаваў пры ёй ансамбль «Лявоны», які ў 1970 годзе стаў «Песнярамі».
— Сам я па натуры фалькларыст. Люблю народную музыку, асабліва славянскую. На першым часе ў сваіх праграмах спрабаваў звязаць у адзін вузельчык фальклорныя мелодыі Беларусі, Расіі, Украіны. Але гэта была неймаверная задача. Здавалася б, яны падобныя па чыста славянскім духу, але ўсё ж адрозніваюцца адна ад адной. І гэтыя адрозненні трэба было выявіць, паказаць. У прыватнасці, знайсці тыя музычныя скарбы, ні на чые не падобныя, якія ў памяці народнай захоўвала беларуская зямля.
Калі летам 1970-га стала зразумела, што «Лявоны» паедуць ад БССР на Усесаюзны конкурс артыстаў эстрады, высокае начальства патрабавала памяняць назву ансамбля, бо цяперашняя занадта простанародная. Прычым у філармоніі паспелі аб’явіць конкурс з прызам у 30 рублёў на лепшую назву. Кажуць, былі варыянты «Вясёлыя галасы», «Арлы», «Палескія зубры». Тым часам Мулявін адправіў бас-гітарыста Леаніда Тышко і духавіка Уладзіслава Місевіча ў бібліятэку, дзе і знайшлі прыдатнае слова «пясняр». Гэты варыянт задаволіў і начальства, і калектыў. Пасля другога месца на вышэйназваным конкурсе (першае ў тым годзе не ўручалася), падзеленага з Львом Лешчанкам, першы канцэрт ансамбля адбыўся ў Гомелі. Хутчэй за ўсё гэта быў першы выпадак у гісторыі Белдзяржфілармоніі, калі на канцэрт яе артыстаў высадзілі дубовыя дзверы ў Палацы культуры, бо ўсе хацелі паглядзець на зорак, якія, дзякуючы тэлетрансляцыі Усесаюзнага конкурсу, сталі вядомымі на ўвесь свет.
— І пасля таго як мы, «Лявоны», усталі на ногі і назваліся «Песнярамі», справа крута памянялася. Асабліва шмат далі мне творчыя паездкі па беларускай глыбінцы, дзе ў найбольш чыстым выглядзе захаваўся наш нацыянальны мелас, — казаў Уладзімір Мулявін.
Беларуская аўтэнтыка адчувалася не толькі ў музыцы ВІА, але і ў знешнім выглядзе — ад касцюмаў да прычосак. Пераймаючы куміраў, савецкія хлопцы адпускалі вусы, абавязкова мелі валасы да плеч. Хоць такую моду маэстра ўвёў выпадкова.
— Мулявін узяў гітару пад дажджом. Там даху не было. Дакрануўся вуснамі да мікрафона. У яго яшчэ вусоў не было ніякіх. І за гітару… І яго тузанула токам. Пасля гэтага мы рагаталі скрозь слёзы, а ён адпусціў вусы, — успамінае Леанід Барткевіч.
МАЭСТРА быў вельмі патрабавальным да сябе: калі пасля першага выканання песні публіка рэагавала вяла, больш яе ніколі не спяваў, а нотныя запісы рваў і выкідаў. Дарэчы, усе творы Мулявін напісаў на ўсходзе сонца паміж чатырма і дзесяццю гадзінамі раніцы. А прымаючы новага кандыдата ў ансамбль, прасіў праспяваць куплет з «Белавежскай пушчы». Прэтэндэнт трапляў у састаў гурта, толькі калі мог узяць верхнія ноты.
Памяці маэстра рыхтуецца юбілейны альбом, прэм’ера якога ўжо ў наступным месяцы. Гэта 12 новых кампазіцый сучасных аўтараў, але кожная запісана ў фірменнай мулявінскай музычнай стылістыцы. Сучасная студыя «Песняроў» праектавалася і будавалася пры ўдзеле Уладзіміра Георгіевіча, але ён не паспеў тут папрацаваць. На памяць пра «хроснага бацьку» калегі захоўваюць сінтэзатар, які гучаў на канцэртах з яго ўдзелам. А яшчэ зрабілі выставу фота і вінілавых пласцінак розных эпох легендарнага гурта.
Праўнучка Ульяна МулявІна з мамай Таццянай усклала кветкі да помніка народнаму артысту СССР, заснавальніку ансамбля «Песняры» Уладзіміру МулявІну ў гонар 80-годдзя з дня яго нараджэння.
basikirskaya@sb.by