У чарговым экалагічным фестывалі, што ладзіўся на Віцебшчыне, паўдзельнічалі беларусы з Латвіі
04.10.2017 15:01:25
Беларускі горад Мёры ў сярэдзіне верасня зладзіў чарговы, VI экафестываль “Жураўлі й журавіны Мёрскага краю”. Ганаровымі ўдзельнікамі яго былі танцавальны гурт “Лянок” і вакальны “Пралескі” — з Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Нагадаю, што фэст — гэта ўжо культурны і экалагічны брэнд гарадка на Віцебшчыне. Некалькі гадоў таму ў раёне рэалізаваны буйны міжнародны праект: укладзены сродкі ў аднаўленне балотаў нацыянальнага заказніка “Ельня”. Гэта найбуйнейшае ў Еўропе балота з багатай флорай і фаунай. На Ельні гняздуюцца жоравы і рэдкія віды птушак, там расце шмат журавін. Менавіты жураўлі ды журавіны й далі назву экафестывалю, на які прыязджаюць госці з розных краін: эколагі, арнітолагі й фотамастакі. Яны могуць назіраць за птушкамі ў біноклі, фатаграфаваць іх, прайсці па драўляных мастках, пракладзеных углыб балот, наведаць візіт-цэнтр: там раскажуць і пакажуць, якія велізарныя багацці ў Ельні.
На гэты раз надвор’е не спрыяла, прагулкі па балоце адмянілі. Аднак ні вецер, ні дождж не спалохалі ўдзельнікаў і гасцей фэсту. Шумеў кірмаш, зазывалі сельскія падвор’і, людзі гандлявалі журавінамі. А за некалькі хвілін да пачатку фэст-канцэрта нечакана дождж спыніўся, пра што жартавалі сябры: артысты з Даўгаўпілса прывезлі ў Мёры добрае надвор’е.
Пачынаючы з самага першага фестывалю, жаданымі гасцямі Мёраў заўсёды былі творчыя калектывы суайчыннікаў з Даўгаўпілса. Адкрываў сёлета канцэртную праграму вакальны ансамбль “Пралескі” (кіраўніца Настасся Малышава) латгальскай народнай песняй з перакладам на беларускую мову. На фестывалі “Жураўлі й журавіны Мёрскага краю” адбылася прэм’ера новага танца: “Латгальскай кадрылі”. З імпэтам выканаў яе танцавальны гурт “Лянок” (кіраўніца Марына Медунецкая). Беларускія танцы чаргаваліся з песнямі на беларускай ды латышскай мовах. Гледачы дарылі нашым артыстам шчодрыя апладысменты, асаблівай жа ўвагі былі ўдастоены юныя танцоры Валеры Медунецкі ды Людміла Малыгіна з “Рускай кадрыляй”.
Начальнік аддзела культуры Мёрскага райвыканкама Аляксандр Тронькін падзякаваў партнёрам за яркае выступленне, уручыў фестывальныя сувеніры.
Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілскай гарадской думы і аддзел культуры Мёрскага райвыканкама звязвае Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы культуры і шматгадовае партнёрства. У плыні культурнага абмену Даўгаўпілс чакае артыстаў з Мёраў на восеньскі фэст “Кірмаш беларускі ў Даўгаўпілсе”.
ЦБК выказвае падзяку Генеральнаму консульству Беларусі ў Даўгаўпілсе за візавую падтрымку.
Ганна Рамановіч
Голас Радзімы № 38 (3542), чацвер, 5 кастрычніка, 2017 у PDF
![](/upload/iblock/762/762d2118f84e9da765727f6236204362.jpg)
На святочнай сцэне ў Мёрах