Дачка Івана Мележа: Пры любой нагодзе ен імкнуўся на сваё Палессе
05.02.2016 21:19:18
Яшчэ пры жыцці (а адве-дзена Мележу было да крыўднага мала — усяго 55 гадоў) яго творы назвалі класікай. Напісаныя ім раманы, п`есы, аповесці і апавяданні адразу ж пасля выхаду ў свет станавіліся сапраўднай з`явай беларускай нацыянальнай літаратуры. І сярод іх — вяршыня творчасці, трылогія «Палеская хроніка» з раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Снежань», дзеянне якіх адбываецца ў яго родных мясцінах, самай глыбіні Беларускага Палесся. Іван Мележ нарадзіўся ў вёсцы Глінішча, недалёка ад Хойнікаў, на Гомельшчыне. «Гэты сапраўды цудоўны край і яшчэ болей цудоўныя яго людзі — палешукі — увайшлі ў маю свядомасць з таго часу, як я стаў помніць сябе», — напіша ён, згадваючы вытокі свайго шляху ў літаратуру.
|
— Людміла Іванаўна, як адзначалі ў сям`і дні нараджэння бацькі?
— Шумных застолляў з гасцямі не было. Звычайна мы збіраліся толькі сваёй сям`ёй, бабуля гатавала пірог. Пасля вайны ў бацькі было слабае здароўе, хвароба нырак, пасля далучыўся туберкулёз. Ён лячыўся, есці яму многага было нельга, у тым ліку і яго любімыя дранікі. Таму ў нашым доме была ў асноўным вегетарыянская кухня, і гасцей на яе не збіралі. За кулінарыю і бацькоўскую дыету адказвала бабуля, маці маёй мамы.
Наогул, неяк так склалася, што ўсе абавязкі ў сям`і былі падзелены. Бабуля гатавала. Тата працаваў. «Цішэй, тата працуе», — я чула з дзяцінства. Мама па адукацыі была географам, але чалавекам творчым — выдатна шыла, вязала і мяне гэтаму навучыла. Яна выкладала ва ўніверсітэце, дык там усе дзівіліся, адкуль у яе такія шыкоўныя рэчы. Дасюль памятаю пашыты ёю бардовы касцюм з пінжаком на клятчастай падкладцы. Калі яны з бацькам ішлі ў госці ці ў тэатр, на іх нельга было не заглядзецца: з густам апранутая прыгажуня мама і тата — у доўгім плашчы, берэт на французскі манер.
— А ці вядома вам гісторыя іх знаёмства?
— Канешне. Гэта адбылося ў горадзе Багаруслане, адкуль родам мая мама і бабуля. У час вайны бацька быў цяжка паранены, пасля лячэння ў шпіталі яго прызналі «годным да нестраявой» і накіравалі ў тыл. Так ён трапіў у Багаруслан і воляй лёсу пасяліўся кватарантам у сваёй будучай цешчы, пазнаёміўся з дачкой гаспадыні Лідзіяй, маёй мамай. Яны ажаніліся ў 1943-м, калі бацьку было 22, а маме — 20 гадоў. Яна расказвала, як адсвяткавалі вяселле: паходам удваіх на рэчку і сядзеннем на беразе.
У Мінск бацькі перабраліся пасля заканчэння вайны, ужо разам са мной.
— Да вайны, у 1939-м, Іван Мележ вучыўся ў Маскоўскім інстытуце філасофіі, гісторыі і літаратуры, адкуль яго і прызвалі ў армію. 18-гадовы юнак з глухой палескай вёсачкі — і адразу паступіў у Маскву!
— Талент. Ведаеце, уся яго сям`я вельмі адораная. Сястра Юлія спявала ў хоры опернага тэатра, другая, Люба, закончыла бібліятэчны факультэт, брат Расціслаў вучыўся ва ўніверсітэце, вершы пісаў, маляваў. Усяго ў бацькі было два браты і тры сястры. Ён — старэйшы. Усе вывучыліся, уладкаваліся ў жыцці. Наогул, у Глінішчы расказвалі, што вельмі інтэлігентным вяскоўцам быў дзед майго бацькі па мацярынскай лініі — Дзяніс. Дарэчы, зараз мая малодшая сястра Ларыса спрабуе збіраць наш радавод, дык ёсць звесткі, быццам карані прозвішча Мележ чэшскія або венгерскія.
— Бацька часта бываў у родных мясцінах?
— Пры любой нагодзе імкнуўся на сваё Палессе. Любоў і цяга да бацькоўскай зямлі былі ў яго неверагодныя. Не раз і мяне, яшчэ малую, браў з сабой. Дарога няблізкая. Памятаю, як наша «Пабеда» пастаянна ў пясках застравала. І пазней там з бацькам бывала. Як прыязджалі, абавязкова наведвалі ўсіх родных і знаёмых. Во тады ўжо ладзіліся і застоллі, і вясковыя пачастункі ўсемагчымыя гатаваліся, ад гэтага было не адвярцецца. Часта бацькавы родзічы, землякі бывалі і ў нас у Мінску. Хто гасцяваў, хто жыў нейкі час, ён усім імкнуўся дапамагчы.
Наша сям`я вельмі ўдзячная за тое, што памяць пра бацьку шануюць у яго родных мясцінах. Я ездзіла ў Глінішча, калі там у 1983 годзе адкрывалі Дом-музей Івана Мележа, і на ўрачыстасці ў гонар яго 90-годдзя. Неверагодна, як усё змянілася ў гэтых мясцінах ад часу, калі мы бывалі там з бацькам! Цяжка нават уявіць, што гэта колішняя палеская глыбінка, так усё уладкавана, такія прыгожыя, адукаваныя людзі.
— У выхаванні бацька быў строгім?
— Напэўна, мама больш строгая. У адным з пісьмаў да яе ён нават пісаў, каб яна не надта сварылася на мяне, школьніцу, за чацвёркі. У нас у сям`і прынята было ўсё рабіць добра. Лічылася, што і вучыцца я павінна па максімуму. Муштравалі недарэмна, школу скончыла з сярэбраным медалём. Але нягледзячы на строгасць, чалавекам бацька быў вельмі добрым. Неяк на дачы я, малая, паказала яму злоўленую рыбку, дык ён так мне пра яе пакуты расказаў, што я ледзь не расплакалася, хутчэй адпусціла тую рыбку-гаротніцу і пра рыбалку назаўсёды забылася.
— Бацька дома размаўляў па-беларуску?
— І па-руску таксама, мама ж з бабуляй — расіянкі. Але калі браў тэлефонную трубку і абвяшчаў: зараз буду з хлопцамі гаварыць, тады ўжо гадзінамі па-беларуску, пра літаратуру ці якія іншыя пісьменніцкія справы.
— З кім сябраваў?
— З Іванам Шамякіным, яны землякі, аднагодкі, і дачы ў нас былі побач. Але бліжэй усё ж з маладзейшымі — Пташнікавым, Гілевічам, Сачанкам, Пестраком, Брылём, Адамовічам, Адамчыкам.
— А чым цікавіўся Іван Паўлавіч, акрамя літаратуры?
— Я вось зараз па тэлебачанні фільм гляджу «Людзі на балоце». Там такія словы ёсць: «Чалавеку патрэбен увесь свет». Гэта — пра майго тату. Ён выпісваў шмат газет, часопісаў, калі стала магчыма, то і такія, як «Англія», «Амерыка». Дома бібліятэка была велізарная, на цэлы пакой. Ён часта хадзіў засяроджаны па ім туды-сюды і ўсё думаў, думаў… З дзяцінства больш такім яго помню.
Цікавіла бацьку ўсё: прырода, людзі як асобы, іх характары. Тэатр, кіно, музыка. Ён нядрэнна маляваў і хораша спяваў. Любіў раманс «Гори-гори, моя звезда», украінскую «Ніч яка місячна, зоряна, ясная» і, канешне, беларускія песні. Памятаю, як ён быў узрушаны, калі на 55-годдзе, а яго адзначалі афіцыйна ў Доме афіцэраў, землякі Івана Паўлавіча, удзельнікі народнага хору вёскі Глінішча, прывезлі яму падарунак ад роднай зямлі — песні.
Музыку ён часта слухаў. І ў апошнія дні жыцця, калі ляжаў у бальніцы, з сабой у яго быў радыёпрыёмнік Sony. Гаварыў нам, што не сумуе, бо разам з ім «сонечка». Пачуццё гумару ў яго заўсёды было выдатным.
— Вы ўзгадалі знакаміты фільм «Людзі на балоце». Як думаеце, ці спадабаўся б ён бацьку?
— Не бяруся сказаць. Але дакладна ведаю, што бацька вельмі добра адрозніваў, што таленавіта, а што дрэнна. А фільм сапраўды добры. І гэта пацверджана самым галоўным крытыкам — гледачом. Мне ён таксама вельмі падабаецца. У ім адчуваецца настрой. З аднаго боку, рамантычны, з другога — суровая праўда жыцця. Дарэчы, я была на яго прэм`еры ў Доме кіно, тады ён размяшчаўся ў Чырвоным касцёле. Прысутнічала ўся здымачная група на чале з рэжысёрам Віктарам Туравым. Мы пасядзелі на ўрачыстай частцы, а пасля Тураў скамандаваў ісці ў банкетную залу. Фільм, сказаў, паглядзіце пасля, у кіно. Таму ў дзень прэм`еры мы засядалі на банкеце. А карціну паехалі глядзець з мужам пазней у кінатэатр «Дружба». І ведаеце, я ўдзячная Тураву за тое, што адбылося менавіта так. Бо я бачыла, як гля-дзелі гэты фільм звычайныя наведвальнікі кінатэатра — зала быццам не дыхала.
— Раман «Людзі на балоце» прынёс бацьку славу. Як ён яе ўспрымаў?
— Славу? Такія рэчы яго не надта цікавілі. Хаця матэрыяльна выхад гэтага рамана нашай сям`і, канешне, дапамог. Жылі, што называецца, на апошнія капейкі. Мама чакала другое дзіця, цяжарнасць была складаная. Бацьку патрэбны былі лячэнне і крымскі клімат.
У 1961 годзе, калі ён якраз закончыў пісаць раман, мы жылі з ім удваіх у Ялце. Гэта быў выдатны для мяне час удалечыні ад пільнага мамінага вока. Я рыхтавалася да выпускных экзаменаў. Бацька пра мяне клапаціўся, песціў. Запомніліся смачныя мармеладкі, якія ён мне купляў. А яшчэ мы з ім падоўгу гулялі. Дасюль часта сніцца, як мы ідзём з ім па ялцінскай набярэжнай…
— Ці праўда, што трылогія «Палеская хроніка» павінна была мець працяг?
— Карэктуру заключнага рамана трылогіі «Завеі. Снежань» мы вычытвалі з мамай. Да гэтага я перадрукоўвала асобныя старонкі з бацькавымі праўкамі. У канцы ён сапраўды напісаў: «Працяг будзе». А калі ўжо вычытвалі канчаткова, задумліва заўважыў на гэты конт: «Ці будзе, ці не будзе…» Бы прадчуваў. Тата памёр 9 жніўня 1976 года. У бальніцы, спынілася сэрца. А ў 1978-м выйшаў яго апошні раман «Завеі. Снежань».
— Ці перадаўся каму з нашчадкаў Івана Паўлавіча яго літаратурны талент?
— У той ступені, як у яго, не. Але і я, і мая малодшая сястра Ларыса — людзі творчых прафесій. Я — перакладчык з англійскай, італьянскай. І лічу, гэты выбар быў зроблены некалі пад уплывам бацькавай павагі да слова, любові да літаратуры, кнігі. Я ўдзячная яму за прывітую з дзяцінства прагу да чытання, кнігі спадарожнічаюць мне і дасюль. Сястра — прафесійны мастак-графік. Цікавы і вядомы мастак яе сын, унук Івана Мележа — Іван Сямілетаў. Усяго ў Івана Паўлавіча тры ўнукі і чацвёра праўнукаў.
svirko@sb.by