В издательском доме «Звязда» вышла литературоведческая новинка «Наперад ісці чалавеку гуманнаму…»

У чым загадка Багдановiча?

У выдавецкiм доме «Звязда» выйшла лiтаратуразнаўчая навiнка «Наперад iсцi чалавеку гуманнаму…» Алiны Сабуць

У выданнi аўтар аналiзуе публiцыстычныя творы класiкаў i сучаснiкаў беларускай лiтаратуры. Напрыклад, даследуе эсэ, нарысы, артыкулы Мiхася Стральцова, Алега Лойкi, Генадзя Пашкова, Максiма Гарэцкага i многiх iншых аўтараў. Алiна Сабуць — вядомы ў нашай краiне крытык i лiтаратуразнаўца. Яна кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Янкi Купалы. Узнагароджана Нацыянальнай лiтаратурнай прэмiяй.

Алiна Сабуць даследуе гiсторыю беларускай лiтаратуры XX-XXI стагоддзяў у сусветным кантэксце, тэндэнцыю да эсэiзацыi. Напрыклад, у выданнi прааналiзавала «Загадку Багдановiча», напiсаную Мiхасём Стральцовым.  

Крытык звяртае ўвагу на фiласофска-аналiтычныя развагi з рытарычным сцвярджэннем цi запытаннем. Напрыклад, цi разумеў бацька Максiма Багдановiча Адам Ягоравiч, што цяпер у народа была патрэба ў паэтах — непасрэдных выказнiках народных дум?!

— Стральцоў-эсэiст распавядае пра загадку жаноцкасцi, а менавiта пра тое, што прываблiвала Максiма Багдановiча ў стрыечнай сястры Анюце Гапановiч, — прыкмячае Алiна Сабуць. — Важным момантам у абмалёўцы партрэта аўтар эсэ робiць так званыя беларускiя ўражаннi паэта. Як нi парадаксальна, самым моцным уражаннем стала смерць мацi, а не беларуская прастора, не думкi бацькi-этнографа, якi ў 1911 годзе лiчыў «карцiну беларускага адраджэння даволi бязрадаснай».

Справа ў тым, што менавiта пасля смерцi мацi сям’я пераехала ў Нiжнi Ноўгарад i раз’яднала малога Максiма з Радзiмай. Яшчэ Алiна Сабуць аналiзуе публiцыстыку Алега Лойкi, на творчым рахунку якога амаль сто кнiг, у тым лiку паэтычных. Купалазнаўца Лойка напiсаў пра песняра кнiгу «Як агонь, як вада».

— Гэта была першая пасля Купалавага бiёграфа Льва Клейнбарта мастацкая бiяграфiя песняра, напiсаная ў жанры рамана-эсэ, — расказвае Алiна Сабуць. — Твор — пра ўзыходжанне беларускага прарока, «бацькi нацыi» Янкi Купалы на нацыянальны, агульначалавечы парнас. Гэта няўмольнае жаданне паспрыяць беларусам споўнiць Купалаў запавет «заняць свой пачэсны пасад мiж народамi».

Спынiмся таксама на падарожных нарысах Генадзя Пашкова, дакладней — на яго лiрычна-дакументальным дзённiку «Палескiя вандроўнiкi». Любоў да роднай зямлi, жаданне глыбей спа­знаць свой край, таемную прыроду — першааснова для Генадзя Пашкова, расказвае ў лiтаратуразнаўчай навiнцы Алiна Сабуць:

— Пiсьменнiк тры гады запар у час адпачынку плаваў з сябрамi-аднадумцамi па цудоўным палескiм кутку. Вынiкам гэтых падарожжаў i стаў лiрычна-дакументальны дзённiк нарысаў. У аснове кнiгi — уражаннi ад плавання на вёслах па рэках Прыпяцi i Гарынi. Жыццёвая фiласофiя палешукоў, «двухжыльных», як iх непадробна натуральна называе Пашкоў, раскашуе i ў галубiцкiх дыванах, i ў столiнскiм старадаўнiм парку, i ў маляўнiчых абдымках палескай прыроды.

Алiна Сабуць прыкмячае, што Палеская зямля — знак радаводнай памяцi, спадчынна-духоўны храм у мысленнi Пашкова-нарысiста. Гэта якраз тое, што гаючым бальзамам кладзецца на душу кожнага, хто даражыць Бацькаўшчынай. Падсумоўваючы сказанае, крытык сцвярджае: вядучыя жанры беларускай мастацкай публiцыстыкi XX-XXI стагоддзяў — эсэ i нарыс.

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter