Андрэй Рэцікаў з Наваполацка адраджае беларускую батлейку
05.01.2018 12:22:54
Заходжу ў Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка, і вось яна — прыгажуня батлейка сустракае мяне прама на ўваходзе. Гэта не стартавы, а другі па ліку экзэмпляр з васьмі, зробленых на сёння кіраўніком народнага тэатра лялек “КапялюШ”. Больш за трыццаць гадоў мінула, як Андрэй Рэцікаў, па адукацыі філолаг, прыйшоў працаваць у Цэнтр і заняўся “лялечнай” справай. Перыядычна ён збіраў матэрыялы пра тэатр, а ў 1997—1998 гадах патрапіў у “Беларускую хатку”, дзе ўразіўся батлейкай. У 2003-м самастойна зрабіў яе сам. Дарэчы, тэатральныя прыгоды Рэцікава пачаліся не з вешалкі — з забавы. Неяк сядзеў у майстэрні сябра-дызайнера, на стале ў якога ляжала пашытая лялька на руку, узгадвае Андрэй:
— Узяў яе і міжвольна пачаў агучваць. Знаёмы абарочваецца і кажа: калі пасля гэтага ты не паставіш лялечны спектакль і не пакажаш дзецям, не будзеш мець рацыі. Так неўзабаве мы сшылі некалькі лялек, на шырме самі намалявалі дэкарацыі і якраз на Каляды паставілі п’есу “У лясным гушчары” паводле Ф. Аляхновіча. Зараз тэатру “КапялюШ” ужо — страшна ўявіць — 21 год.
Творчы калектыў, у які ўваходзілі Рэцікаў і кампанія, працаваў ад абласной філармоніі і распаўся ў 2003-м. Акцёры разбегліся: пасля змяненняў у вядзенні гастрольнай дзейнасці іх перасталі запрашаць. Андрэя і самога часам наведвала крамольная думка: прасцей здацца, закрыць тэатр. Але не. Аднойчы на нейкім мерапрыемстве ён убачыў на сцэне плакат са словамі з Бібліі: “Не закопвайце свае таленты”. Гэта быў той самы знак, які надаў сіл. Пасля рэбрэндынгу лялечны тэатр “Ліхтарык” стаў “КапелюШом”. Першы выхад у свет пад такой назвай здарыўся ў 2003-м. “Авантуры паноў Кубліцкага і Заблоцкага” па матывах камедыі Пятра Васючэнкі ацаніў нават сам аўтар кнігі. У дзіцячай бібліятэцы ў Полацку якраз была яго сустрэча з чытачамі. Андрэй Міхайлавіч беражліва захоўвае афішу з аўтографам “Уся справа ў КапелюШы”.
Андрэй, акрамя таго, што дае лялечныя спектаклі, майстар па рамёствах, займаецца дрэваапрацоўкай. Нідзе спецыяльна гэтаму не навучаўся. Хіба што атрымаў бонус таленту ад дзеда Вікенція, які быў чырванадрэўшчыкам. Атрымліваецца на ўра: пару гадоў таму яго конь-качалка ўзяў першае месца на выставе “Забава”, што праходзіла на “Славянскім базары”. Такі каняка вытрымлівае нават дарослага рыцара, смяецца ўмелец:
— У Наваполацку неяк быў Дзень горада. Міма маіх “скакуноў” не змаглі прайсці хлопцы з клуба гістарычнай рэканструкцыі. Як былі яны на шэсці ў даспехах, так і селі катацца на драўлянага каня на колцах. Адзін едзе, другі цягне — феерычная карцінка!
Разам з Рэцікавым зазіраем у абіцель “КапелюШа”, які займае паўпаверха Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры. Тут можна прасачыць усе этапы стварэння лялечнага спектакля. У адным кабінеце — дрэваапрацоўчыя станкі, эскізы, у другім — мноства лялек і цацак, самі батлейкі, з якімі кіраўнік тэатра знаёміць мясцовых школьнікаў. Гэта — батлеечны клас, пра які новапалачанін марыў яшчэ з 1996 года, а ўвасобіў задуманае толькі праз 13 гадоў. Дзецям цікава прачытаць пра батлейку, а потым, не адкладаючы, убачыць яе ўжывую, упэўнены суразмоўца:
— Дзверцы раскрываюцца, і заўсёды: “Ах, казка, цуд!” Вочы малых гараць, ты адчуваеш столькі энергетыкі — не перадаць словамі. І дарослыя рэагуюць не менш моцна, нібы вяртаючыся ў часы, калі самі былі маленькія. Паказальна, прыязджаем з гастролямі ў Мінск, а да нас падыходзяць салідныя дзядзькі і цёткі і кажуць, што так чакалі “КапялюШ”, убачыўшы тэатр у мінулы раз.
І ўсё ж такі справа не проста ў “КапелюШы”, а ў лялечніку — душы прадстаўлення. Андрэй, калі толькі зрабіў рэканструкцыю батлейкі, перажываў: як зацікавіць гледачоў? Сёння ён ужо не сумняваецца, што харызма, талент і шчырасць таго, хто стаіць за шырмай цуду, вырашаюць усё. Плюс імправізацыя, уменне падхапіць смяшынкі прама з паветра.
У батлеечным класе можна ўбачыць і ўнікальны “віцебскі жлоб”. Гэта тэатр ценяў, які быў папулярны ў Віцебскай губерні паўтара стагоддзя таму. Батлейшчык запальвае свечку, і вобразы лялек па чарзе з’яўляюцца на напаўпразрыстай сценцы-экране. Апошнюю такую батлейку захоўвалі ў краязнаўчым музеі Віцебска, і яна згарэла ў час Вялікай Айчыннай. Засталіся толькі падрабязнае апісанне і малюнкі батлейкі, па якіх у наваполацкім Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры Рэцікаў і рэканструяваў яе.
Майстар можа доўга расказваць пра кожную з мноства створаных ім лялек. Для сваіх “падапечных” ён зусім не Карабас-Барабас, а, хутчэй, клапатлівы тата. Сам вырабляе неабходныя дэталі для прадстаўлення і агучвае марыянетак таксама адзін. Бывае, іграе 22 персанажы, выходзіць на паклон, а гледачы са здзіўленнем пытаюцца: “А астатнія дзе?”
За плячыма Андрэя Рэцікава сотні адыграных лялечных спектакляў у розных кутках краіны. Адным з самых папулярных праектаў быў мабільны тэатр лялек “Жан і П’ер”. Сцэнарый да яго па матывах французскіх казак Андрэй напісаў за ноч. А потым два гады з камандай ездзіў з вялікімі роставымі лялькамі па гарадах і вёсках. Кананічны Людаед са спектакля гадоў дзесяць вісіць без справы і ад таго, жартуе суразмоўца, схуднеў удвая. Сам Андрэй Рэцікаў сядзець без справы не ўмее і не збіраецца. У планах — удасканальваць батлеечныя спектаклі, абавязкова ўносячы ў іх навінкі па тэксце і дэкарацыях. Яшчэ ёсць блакітная мара — зрабіць нешта накшталт залы славы “КапелюШа”, лялькі якога дораць непадробную радасць.
ДАВЕДКА “НГ”
Батлейка — беларускі народны тэатр лялек. Ён зарадзіўся ў XVI стагоддзі і да XIX стагоддзя ў асноўным паказваў біблейскія сюжэты: нараджэнне Хрыста, праследаванне яго царом Ірадам. Потым батлейка эвалюцыяніравала, з часам пайшла з царквы і трапіла ў рукі рамеснікаў, якія дапоўнілі яе бытавымі сцэнамі.
Navumavahanna@mail.ru
Фота аўтара