На адным з будынкаў у сталіцы Узбекістана ўсталяваны барэльеф, прысвечаны класіку беларускай літаратуры
14.02.2018 12:21:35
Тыя, хто ведае старонкі біяграфіі Якуба Коласа, можа згадаць: менавіта ва Узбекістане паэт з жонкай і двума сынамі жылі ў эвакуацыі. Таму заслугоўвае ўвагі той факт, што ў дружалюбнай краіне памятаюць пра даўнія сяброўскія сувязі паміж нашымі народамі. На сайце Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа напісана: “У Ташкенце ўсталявалі барэльеф і аднавілі мемарыяльную дошку ў гонар Якуба Коласа — выдатнага беларускага паэта, заснавальніка новай беларускай літаратуры”. Такія важныя знакі узбекістанска-беларускага культурнага супрацоўніцтва цяпер можна пабачыць на фасадзе будынка праектнага інстытута “Цяжпром”, які размешчаны ў Ташкенце на вуліцы Пушкіна. У тым будынку, нагадваюць супрацоўнікі музея, у час вайны размяшчаліся многія эвакуяваныя літаратары, у тым ліку са жніўня 1941 па лістапад 1943 года жыў і Якуб Колас. Першапачаткова ж месцам жыхарства паэта з сям’ёй у вайну была падмаскоўная Клязьма.
Варта нагадаць, што мемарыяльная дошка ў гонар Якуба Коласа размяшчалася там і раней, аднак пад час рэканструкцыі вонкавых частак будынка была знятая. А на месца вярнулася толькі цяпер — ужо разам з устаноўкай і барэльефа. Які, з удзячнасцю ўдакладніла дырэктар Коласаўскага музея Зінаіда Камароўская, быў выкананы адмыслова да гэтай падзеі загадчыцай кафедры дызайну Ташкенцкага архітэктурна-будаўнічага інстытута Марынай Барадзіной.
Зінаіда Мікалаеўна таксама ўдзельнічала ў адкрыцці барэльефа і дошкі ў гонар Песняра ў Ташкенце, сустракалася там з мясцовымі беларусамі. Каментуючы падзею, добрым словам згадала і Святлану Дудзюк, цяперашнюю старшыню Беларускага культурнага цэнтра “Світанак” з Ташкента. У плыні многіх спраў, якімі заняты быў музей ды ягоныя супрацоўнікі ў юбілейны для класіка год, не было часу Зінаідзе Камароўскай “аформіць свае ўражанні на паперы” ад цёплых сустрэч у сонечным Ташкенце, у тым ліку й з супляменнікамі-беларусамі. То маем надзею, што пра тое яшчэ — раскажам. Будзем рады атрымаць вестачку і ад Святланы Дудзюк: пра навіны ў беларускай суполцы. Як вядома, Святлана Мікалаеўна змяніла летась на пасадзе старшыні Лілію Станіславаўну Белазёраву: газета “Голас Радзімы” пра тое паведамляла (“Світанак” з Ташкента. — ГР, 12.10.2017).
Дарэчы, сябры з Ташкента спецыяльна зрабілі яшчэ адзін барэльеф з “ташкенцкай” выявай беларускага класіка ў дар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Аднак, гаворыць Зінаіда Камароўская, самой ёй перавезці яго ў Мінск самалётам было б праблематычна — і гэтыя клопаты ўзялі на сябе дыпламаты з беларускай Амбасады ва Узбекістане.
Рыгор Гарэшка
Голас Радзімы № 7 (3559), чацвер, 15 лютага, 2018 у PDF