Суша: Брестская Библия — памятник объединения. В Бресте сегодня презентовали факсимиле
24.09.2019 19:52:35
Валентина КОЗЛОВИЧ
Сёння ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна прэзентавалі факсімільнае выданне Брэсцкай (Радзівілаўскай) Бібліі. Вага кнігі —15 кілаграмаў, у ёй 1500 старонак, а кошт выдання — 1,5 тысячы долараў. Створана 11 экземпляраў факсіміле. Сёння ў Брэсце кожны жадаючы змог пагартаць старонкі аднаго з іх і зрабіць здымак на памяць.
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, каардынатар і навуковы кіраўнік выдання Алесь Суша не толькі распавёў пра факсіміле, пра арыгінал, але і аспрэчыў некаторыя міфы:
— Брэсцкая Біблія 1563 года — не проста самая дарагая, прыгожая і самая рэдкая кніга, але і самая загадкавая. За чатыры з паловай стагоддзі гісторыі яна нарадзіла цэлы шэраг міфаў, легенд, абрасла нерэальнымі гісторыямі. Некаторыя мы сёння аспрэчылі, як, напрыклад, гісторыю пра знішчэнне кнігі, звязаную з яе паленнем, канфіскацыяй, спробай ліквідаваць гістарычную памяць. Нібыта гэта зрабілі сыны Мікалая Радзівіла Чорнага — спалілі на вогнішчы па рэлігійных прычынах як непрыдатную да новых умоў. Гэта міф. Кнігу цанілі. Тут жа, у Брэсце, у XVII стагоддзі адзін з мясцовых жыхароў перадаваў кнігу дочкам у якасці пасагу. Яе ахоўвалі і стагоддзямі выкарыстоўвалі ў набажэнствах у розных канфесіях. Брэсцкая Біблія — помнік яднання людзей розных этнічных, канфесійных рухаў, а не помнік знішчэння.
Вядомы гісторык, краязнавец, аўтар кніг Валерый Мароз — адзін з нямногіх брэстаўчан, хто трымаў у руках не толькі факсіміле, але і поўныя экземпляры Брэсцкай Бібліі:
— Брэсцкая Біблія ў кантэксце еўрапейскага духоўнага і культурнага абмену — з’ява выключная, таму што яна з’явілася на еўрапейскай тэрыторыі, добра талеранаванай, бо тут былі мусульманства, іудаізм, праваслаўная рэлігія, каталіцызм, а таксама шматлікія намінацыі, якія ўзніклі ў выніку пратэстантызму. Трэба аб’ектыўна зазначыць, што ні адна краіна Еўропы не была так падрыхтавана да выдання пратэстанцкай Бібліі, як ВКЛ. Выхад факсімільнага выдання Брэсцкай Бібліі — культурная падзея нацыянальнага маштабу. І гэты маштаб павялічваецца ў межах нашага горада.
На вялікі жаль, да тэмы Брэсцкай Бібліі беларусы прыйшлі зусім нядаўна, апошнімі ў свеце.
— Гэта дзіўная сітуацыя, бо на працягу амаль чатырох стагоддзяў гэтая Біблія існавала, чыталася, знаходзілася ў малельнях, цэрквах, яе вывучалі, аналізавалі, крытыкавалі. Але потым забыліся і ў пэўнай ступені адракліся яе. Мы засталіся без Брэсцкай Бібліі ў рэчаіснасці і ў грамадскай свядомасці. У XX стагоддзі ў Беларусі амаль не было нават публікацый пра Брэсцкую Біблію! Зараз Беларусь далучаецца да вывучэння гэтай спадчыны, — лічыць Алесь Суша.
Дарэчы, сёння Брэст мае не толькі факсіміле, але і арыгінал. Гэта падарунак гораду з рук Прэзідэнта на святкаванні 1000-годдзя. Пакуль не называюцца ні кошт кнігі, ні час, калі яе можна будзе ўбачыць у экспазіцыі. Вядома толькі, што фаліянт захоўваеца ў Музеі гісторыі горада, а выкупілі яе ў замежніка брэсцкія прадпрымальнікі.
Першую спробу вярнуць Брэсцкую Біблію зрабіла Брэсцкая абласная бібліятэка імя М.Горкага. Гэта быў першы крок, ініцыяваны намеснікам дырэктара бібліятэкі Алай Мяснянкінай. Купілі фрагмент. Пасля таго для падрыхтоўкі факсіміле было зроблена цэлае даследаванне арыгіналаў па ўсім свеце. Асабліва іх многа, паводле сцвярджэння Алеся Сушы, у Польшчы, Літве і Расіі, найлепшы экземпляр — у Кембрыджскім універсітэце Вялікабрытаніі. Некалькі прыватных уладальнікаў Брэсцкай Бібліі жывуць у Беларусі. Але для горада набыты фаліянт з замежнай калекцыі.