Летась у Тальяці беларуская суполка “Нёман” папоўнілася за кошт юных артыстаў
11.01.2017 17:39:46
Актывісты ў беларускіх суполках ведаюць: няма ў іх будучыні без абнаўлення. Аднак як моладзь у суполкі завабіць? Любы досвед карысны. Заслугоўвае ўвагі й тое, што адбываецца апошнім часам у расійскім горадзе Тальяці.
На гурт “Купалінка” з Тальяці прыемна паглядзець
Неяк увосень Людміла Дзёміна, якая ўзначальвае Беларускую мясцовую нацыянальна-культурную аўтаномію “Нёман” гарадской акругі Тальяці, даслала ў рэдакцыю здымкі з канцэрта “Шчасця вашаму дому!”. На сцэне ў прыгожых беларускіх строях — маладыя хлопцы й дзяўчаты. “Зусім новая “Купалінка”, — напісалі мы ў адказ. — І ўсе беларусы?”. Як вядома, Людміла Дзёміна і Сяргей Шылкін — нашы актыўныя пазаштатныя аўтары. Інфармуюць пра справы ў суполцы “Нёман”, у Аўтаградзе, які з-за праблем на аўтавытворчасці перажывае цяпер не лепшыя часы. Дзякуючы ім збольшага пра беларускае жыццё ў Тальяці ведаюць і нашы чытачы. І ў чарговым пісьме Людміла Дзёміна паведаміла: не ўсе маладыя артысты з беларускімі родавымі каранямі, аднак жывы інтарэс да беларускай культуры яны маюць. А таленавітай моладзі ў суполку шлях заўсёды адкрыты.
Вітаем цябе, племя маладое! Калі ласка ў нашу вялікую беларускую сям’ю! Дарэчы, у самой Беларусі цяпер дружна жывуць прадстаўнікі каля 140 нацый і народнасцяў. Здорава, што ў Тальяці актывісты суполкі змаглі так арганізаваць дзейнасць, што пацягнуліся ў яе і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Вядома ж, праяўляць адкрытасць і дружалюбнасць — гэта вельмі па-беларуску! Ну не правяраць жа радаводы ў тых, каго прывабіць беларуская культура. Усім на гэтай ніве хопіць і месца, і працы, і славы. Згадаем: і стваральнік “Песняроў” Уладзімір Мулявін — ураджэнец Свярдлоўска, цяперашняга Екацярынбурга. А ў народным самадзейным калектыве “Журавачка” курганскай суполкі “Батькавщина” беларускія песні цудоўна спявае рускі Уладзімір Лушнікаў з жонкаю Нінай. Прыклады можна доўжыць, і сталыя чытачы “Голасу Радзімы” іх ведаюць. Мы б нават рэкамендавалі беларусам у гарадах замежжа, дзе па нейкіх прычынах беларуская дыспара малалікая ці не вельмі актыўная, ствараць клубы сяброўства: беларуска-расійскага, беларуска-ўкраінскага і гэтак далей. Хай пашыраецца кола сяброў Беларусі, у тым ліку і за кошт людзей іншых нацыянальнасцяў.
...Стары год артысты тальяцінскіх творчых гуртоў “Купалінка” і “Зорачкі” праводзілі разам: па ініцыятыве, пэўна ж, Людмілы Дзёмінай. На фота, дасланым у рэдакцыю, бачны на святочным стале сокі, печыва, цукеркі, яблыкі, бананы, мандарыны... Яшчэ на здымку — прыгожыя твары, і Людміла Дзёміна сярод іх, і вялікі тканы дыван з выявай святой Еўфрасінні Полацкай на сцяне за імі.
Цяпер у тальяцінцаў з суполкі “Нёман” ідуць рэпетыцыі: рыхтуюць новую праграму, у якой будзе больш за 20 песень. Поспехаў вам, сябры!