Масавыя акцыі пратэсту сёлета пракаціліся па ўсім свеце, закрануўшы Алжыр, Ганконг, Грэцыю, Іран, Іспанію, Егіпет, Ліван, Расію, Судан, Турцыю, Францыю, Чылі і многія іншыя краіны.
Тэктанічныя зрухі народнага незадавальнення адбыліся на араба-афрыканскай дузе. Дзеянні дзяржаў там вельмі падобныя: відавочная няроўнасць, беднасць, неўладкаванасць моладзі, карупцыя, расчараванне ва ўладах, якіх абвінавачваюць у несумленным размеркаванні рэсурсаў. Такім чынам, неэфектыўныя ўрады не выконваюць абяцанняў, а народ выходзіць на вуліцы.
Выступленні ўва многіх рэгіёнах планеты супраць кіруючых эліт не спыняюцца ўжо на працягу некалькіх месяцаў і болей. Так, у Францыі рух «жоўтых камізэлек» адзначыў гадавіну сваіх жорсткіх выступленняў супраць урада, а пачыналася ўсё з беспарадкаў моладзі ў прыгарадах Парыжа — з біцця шкла ў вітрынах крамаў і кафэ, марадзёрства і падпалаў аўтамабіляў. Цяпер — жорсткае супраціўленне паліцыі і страйкі супраць непапулярнай пенсіённай рэформы ўрада прэзідэнта Эмануэля Макрона.
Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) прасачыла ўзровень жыцця сваіх членаў наконт разрыву паміж беднымі і багатымі ў гэтых краінах. Даследчыкі лічаць, што сацыяльная няроўнасць паміж згаданымі катэгорыямі грамадзян зараз дасягнула крытычных значэнняў і замаруджвае развіццё эканомікі. 34 членаў арганізацыі няроўнасць ў даходах і ўзроўні жыцця ў 1985—2005 гадах «пазбавіла» 4,7 працэнта эканамічнага росту. Галоўная прычына пагаршэння сітуацыі — стан рынку працы (амаль кожны трэці работнік працуе няпоўны рабочы дзень).
Для разумення: у 80-я гады мінулага стагоддзя разрыў у даходах паміж 10 працэнтамі найбольш багатых і 10 працэнтамі найбольш бедных грамадзян па АЭСР быў у сем разоў, а ў двухтысячныя — у дзевяць разоў большы. Зараз ён складае 9,6. Напрыклад, у ЗША такі разрыў удвая большы — ў 18,8 раза (15,1 — 2007 год). Да ведама: у Францыі адпаведны паказчык — 7,4, у Германіі — 6,6, а ў Швецыі — 5,8 раза. Узровень сацыяльнай няроўнасці ў Расіі, па сутнасці, адпавядае тым жа Злучаным Штатам.
Між іншым, група эканамічных экспертаў пад кіраўніцтвам Тома Пікеці (Францыя) прэзентавала даклад аб тым, што ўзровень няроўнасці (як даходаў, так і багацця) за апошнія трыццаць гадоў значна вырас практычна ва ўсіх краінах. Адбыўся апераджальны рост спекуляцыйнага ўзбагачэння. Напрыклад, верхнія дзесяць працэнтаў грамадства прысвойваюць сабе 37 працэнтаў нацыянальнага багацця ў краінах Еўрасаюза. У Бразіліі і на Блізкім Усходзе гэты паказчык складае суадносна 55 і 61 працэнт. Але найбольш відавочны рост маёмаснай няроўнасці ў ЗША, дзе адзін працэнт насельніцтва краіны трымае каля 40 працэнтаў нацыянальнага багацця (у 1980-м гэты паказчык не перавышаў 22 працэнты). Паводле слоў спецдакладчыка ААН па правах чалавека Філіпа Алстона, амерыканская мара хутка ператвараецца ў амерыканскую ілюзію.
Паводле статыстыкі спецыялісты зрабілі выснову, што сёння развітыя краіны па маштабах сацыяльнай няроўнасці скаціліся да ўзроўню 1913 года, а менавіта да пачатку Першай сусветнай вайны.
Тым часам пратэстныя настроі насельніцтва ў розных рэгіёнах планеты толькі растуць. У Іраку і Ліване яны назіраюцца з кастрычніка. Іх удзельнікі патрабуюць адстаўкі ўрадаў, якія, на думку маніфестантаў, вінаватыя ў карупцыі, беспрацоўі, наступствах тэрарызму і эканамічным крызісе.
Каля мільёна незадаволеных уладамі выйшлі і на вуліцы ў Чылі. У Сант’яга былі зафіксаваны падпалы і акты марадзёрства. Дэманстранты таксама запатрабавалі павышэння зарплат і пенсій, зніжэння цэн на лекі і правядзення канстытуцыйнай рэформы.
Цікава, што сёлета ў Глабальным рэйтынгу чалавечага развіцця наша рэспубліка палепшыла паказчыкі, заняўшы 50-е месца сярод 189 краін. Сёлета справаздача ААН была прысвечана тэме няроўнасці.