Житель городского поселка Дружный Пуховичского района открыл за госсубсидию школу личностного роста
05.12.2019 10:22:00
Татьяна ШИМУК
Па вядомай пірамідзе патрэбнасцей Абрахама Маслоу асабістае ўдасканаленне, інтэлектуальнае развіццё персоны знаходзяцца на вяршыні простай псіхалагічнай матрыцы. Стваральнікі школ развіцця асобы выдатна ведаюць аб гэтай важнай патрэбнасці людзей і арганізуюць супольнасці для самавыяўлення — розныя адукацыйныя школы. Адзін са стваральнікаў такога бізнесу падзяліўся з карэспандэнтам «Р» сваёй гісторыяй поспеху.
Прадпрымальнік скарыстаўся паслугамі мясцовага бізнес-інкубатара пры адкрыцці школы развіцця асобы.
Інжынер і асоба
Аляксандр Шэлег нарадзіўся ў Дружным пад Мінскам у шматдзетнай сям’і. Паступіў у БНТУ на бюджэт і паспяхова яго скончыў. З дыпломам інжынера-механіка адпрацаваў па размеркаванні па спецыяльнасці, паспеў паўдзельнічаць у розных праектах на прамысловых прадпрыемствах у якасці канструктара, менеджара і лагіста. Нават у бухгалтарскіх тонкасцях пачаў разбірацца.Але бліжэй да свайго трыццацігоддзя, калі ў працы па найме дасягнуў пэўных вяршынь, Аляксандр задумаўся: а куды далей ісці і дзе развівацца? Прадпрымальніцтва заўсёды прыцягвала хлопца.
— Прааналізаваў сітуацыю на рынку такіх нематэрыяльных паслуг, як адукацыйныя праекты, і вырашыў заняцца трэнінгамі асобаснага росту і арганізацыяй дадатковых заняткаў для моладзі і дарослых, — узгадвае Аляксандр Шэлег.
Праўда, дзелавая ініцыятыва захапіла пачаткоўца не адразу. Ён доўга ўзважваў усе «за» і «супраць»:
— Чалавек я самакрытычны: хадзіў на трэнінгі, якія праходзілі ў бізнес-інкубатарах для прадпрымальнікаў, думаў, ці змагу абараніць свой план у аддзеле садзейнічання занятасці па месцы жыхарства. Вырас я ў простай, сціплай сям’і: мама працавала інжынерам, а тата — вадзіцелем. У нас вопыту прадпрымальніцтва, нейкіх стартавых капіталаў на бізнес, вядома ж, не было. Сыходзіў у свабоднае плаванне з даволі высокааплатнага месца працы. Але бацькі ўсё ж такі прынялі мой выбар і маральна мяне падтрымалі.
У Аляксандра ёсць старэйшая сястра Таццяна і брат-блізнятка Аркадзь. Прадпрымальнік усміхаецца і кажа, што ўсе сваякі заўважаюць — ён і брат вельмі розныя па характары, але аб’ядноўвае братоў цікавасць да ўсяго новага і крэатыўнасць:
— Ён — мой брат — мастак, шмат малюе, займаецца веб-дызайнам, а я вось пайшоў у інжынерыю. Нягледзячы на новы праект у адукацыі, я не кідаю сваёй тэхнічнай захопленасці і гатовы развівацца творча, напрыклад, займацца рознымі прыладамі, якія ўдасканальваюць сучаснае жыццё чалавека, — кажа Аляксандр.
Ажыццявіць круты прафесійны разварот і пайсці з інжынераў у прадпрымальнікі — гэта смелы крок. Пытаюся ў Аляксандра, як ён пабудаваў працу на новай ніве без гуманітарнай адукацыі. Бо ў школе развіцця асобы трэба быць хутчэй за ўсё кампетэнтным псіхолагам і добрым арганізатарам. Але прадпрымальнік сваю справу ведае:
— Я прыцягваю да трэнінгаў вядомых экспертаў. За аснову ўзяў самыя актуальныя сярод насельніцтва напрамкі развіцця: здароўе, бізнес, асоба, адносіны. Асабліва сустрэчы дапамагаюць людзям сціплым, замкнёным у сабе. Сучаснай моладзі часам цяжка загаварыць з кімсьці, бо многія «завіслі» у гаджэтах, быццам у шкарлупіне. Інтэрактыўная накіраванасць мерапрыемстваў дазваляе не проста падзяліцца ведамі, а выказаць свае эмоцыі, разняволіцца псіхалагічна.
Аляксандр Шэлег спрабуе свае сілы ў якасці вядучага тэматычнага семінара.
«Давёў пару да ЗАГСа»
Прадпрымальнік асвойвае ў адукацыйнай дзейнасці тое, што перш за ўсё цікава яму самому. Нядаўна дзякуючы Аляксандру адбыліся эканамічныя семінары на тэму «Грашовы паток», псіхалагічныя кансультацыі па эфектыўнасці і аптымізме ў розных справах. Ужо некалькі разоў Аляксандр праводзіў «хуткія спатканні» для моладзі. Праект атрымаўся цікавы — у выніку нават утварылася пара, якая стварыла сям’ю дзякуючы рамантычнай сустрэчы «ўсляпую».Апошнім часам пачатковец спрабуе асвоіць новы вектар дзейнасці — так званы адукацыйны турызм. Аляксандр лічыць:
— Задумка набывае папулярнасць ва ўсім свеце. Справа мае будучыню — на стыку асветы і пагоні за новымі ўражаннямі ў экскурсіях, велапаходах, узыходжаннях і сплавах… Лічу, што карысная для кар’еры і асабістага жыцця інфармацыя лепш за ўсё засвойваецца не ў сценах аўдыторыі, а на прыродзе. Для арганізацыі кожнага навучальнага падарожжа прыцягваю прафесійных гідаў з пляцовак кшталту Белпаходбай і г.д. Звычайна дастаткова пяці ўдзельнікаў — калі набіраецца гурт, тады мы некуды стартуем…
Арыфметыка школы развіцця
Для рэалізацыі свайго адукацыйнага напрамку прадпрымальнік атрыманую дзяржаўную субсідыю ў памеры 3200 рублёў выдаткаваў з розумам: набыў якасную камеру, штатыў, абсталяванне для асвятлення, моцны ноўтбук. Таксама пад праект быў створаны сайт. Рэгулярна аднаўляюцца старонкі ў сацсетках — афішамі мерапрыемстваў і справаздачамі. Расходная частка прадпрымальніка штомесяц складаецца з арэнды залаў і пляцовак пад мерапрыемствы, ганарару лектару альбо некалькім фронтменам мерапрыемства.Аляксандр штомесяц плаціць падаткі па спрошчанай сістэме ў памеры 5 працэнтаў ад выручкі, робіць адлічэнні ў ФСАН. Па кансультацыю юрыста і бухгалтара прадпрымальнік звяртаецца ў бізнес-інкубатар. Тут жа можна скарыстацца канферэнц-залай і кабінетам для перамоў.
Рэалізацыя праекта школы асобы за пару месяцаў ужо прынесла свае плады. Прыбытак у гэтай справе цалкам залежыць ад ступені актыўнасці прадпрымальніка і колькасці заявак на той ці іншы семінар. Па словах заснавальніка школы, у сярэднім можна выручыць каля тысячы рублёў у месяц. Кошт аднаго семінара стартуе ад 20 рублёў, а невялікага курса лекцый — ад 200 рублёў. Аднак сумы даволі ўмоўныя, таму што на канчатковы кошт пакета адукацыйных паслуг уплывае шэраг фактараў: кошт арэнды аўдыторыі, заробак лектараў, колькасць слухачоў і іншыя.
Аляксандр не баіцца канкурэнцыі ў гэтай сферы, кажа, што ў яго як у творчага інжынера ёсць свае аўтарскія «фішкі» ў праекце. Прадпрымальнік разважае так:
— Сёння веды — не багаж за плячыма, але ў паўсядзённым жыцці гэты «чамадан» трэба перыядычна адкрываць, без гэтага не абысціся ў кар’еры і жыцці. Мяне натхняе арганізацыя адукацыйных праектаў. Акрамя таго, што і сам я шмат цікавага дазнаюся падчас іх правядзення, дык яшчэ змяняю жыццё іншых людзей у пазітыўны бок.
shimuk@sb.by