Меў агульны псеўданiм «Шаўцы»
1920-я. Вясковая моладзь едзе ў гарады. Атрымлiвае адукацыю, творча сцвярджаецца. На выступы маладых беларускiх паэтаў збiраюцца тысячы слухачоў. Аляксандр Каратай паступае ў Мiнскi педiнстытут, далучаецца да лiтаратурнага працэсу. Тады i ўтварылася цiкавае лiтаратурнае трыа пад агульнай назвай «Шаўцы» — Пятро Глебка, Паўлюк Трус i Максiм Лужанiн. Юныя паэты выпускалi газету «Чырвоны прамень».З будучай жонкай пазнаёмiўся на пасяджэннях «Маладняка»
У 1925 годзе Максiм Лужанiн стаў сябрам «Маладняка». Ён — прыгожы, плячысты, дзёрзкi, падобны да Маякоўскага i знешне, i манерай чытання. Разам з сябрамi пяройдзе ва «Узвышша». На лiтаратурных тусоўках Аляксандр бачыцца з прыгожай iнтэлiгентнай дзяўчынай — дачкой мiнскага чыгуначнiка-немца, падчарыцай дырэктара школы. Звалi прыгажуню Яўгенiя Пфляўмбаўм. Васемнаццацiгадовая Яўгенiя ўжо мела свой паэтычны зборнiк — на трох з паэткамi Зiнаiдай Бандарынай i Наталляй Вiшнеўскай. Яўгенiя закахалася ў Аляксандра Каратая. Яна яшчэ не ведала, што наступны яе зборнiк выйдзе толькi праз шэсцьдзесят гадоў.У 1931 годзе Пятро Глебка сцвярджаў, што Максiм Лужанiн належыць да «групы спадарожнiкаў правага крыла» — пiсьменнiкаў, якiя «найбольш былi пад уплывам буржуазнай iдэолёгii». Лужанiн «перабудаваўся» i быў залiчаны Глебкам да «левага крыла».
Быў сасланы ў Сiбiр
У 1933-м Лужанiна арыштавалi разам з iншымi «узвышэнцамi». Давялося пабываць у «амерыканцы» — унутранай турме ГПУ. Там у зняволеных маладых паэтаў была прыкмета: калi голуб на акно сядзе галавой да камеры — некага яшчэ прывядуць, павернецца хвастом — некага забяруць з рэчамi. Лужанiна саслалi на два гады ў Сiбiр, у Марыiнск. Яўгенiя Пфляўмбаўм паехала за iм. Працавала настаўнiцай, насiла мужу перадачы праз сумёты.Удзельнiчаў у абароне Сталiнграда
Пасля вызвалення Лужанiн апынуўся ў Маскве. Там тады жылi бацькi ягонай жонкi. А калi пачалася вайна, паэта прызвалi ў армiю. Давялося ўдзельнiчаць у абароне Сталiнграда, дзе быў паранены. Лужанiн у аповесцi «Добры хлопец Дзiк» успамiнаў: «За адзiн момант я ўявiў сваё нядоўгае жыццё на вайне. Пажары, што гасiў у Маскве пасля першых бамбёжак. Выблiскi ад залпаў «кацюш» пад Катлубанню, ад якiх па стэпе беглi шасцiпалыя кiпцюры агню, падпальваючы небакрай i ўсю прастору за небакраем. Непрытомнасць пасля мiнамётнага налёту, калi, засыпаны зямлёю, не мог паварушыцца, шпiталь у Iванаве».Быў асабiстым сакратаром Якуба Коласа
Пасля вайны Лужанiн i Яўгенiя Пфляўмбаўм вярнулiся ў Мiнск. I нечакана Аляксандр Каратай зрабiўся асабiстым сакратаром Якуба Коласа. На гэтай пачэснай пасадзе — яна называлася «рэферэнт Акадэмii навук» — правёў шмат гадоў, але галоўнае, пасябраваў з сям’ёй Коласа. Вынiкам плённай сумеснай працы стала кнiга «Колас расказвае пра сябе», за якую аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмiю.Яўгенiя Пфляўмбаўм i Якуб Колас.
Святкаваў «трайны» дзень нараджэння
Так сталася, што дзень нараджэння Максiма Лужанiна — 2 лiстапада, у Яўгенii Пфляўмбаўм — 1 лiстапада, у Якуба Коласа — 3 лiстапада. А тут яшчэ i свята Дзяды, якое прыпадае на 2 лiстапада. Таму ўсё святкавалi за адным разам. Лужанiн расказваў, што калi быў жывы Колас, то хадзiлi адзiн да аднаго ў госцi, i на стале заўсёды прысутнiчалi грыбы — i Колас, i Лужанiн былi зацятымi грыбнiкамi. Да апошнiх сваiх дзён Аляксандр Амвросьевiч, якi перажыў i Якуба Коласа, i жонку, адзначаў тры днi нараджэння разам.Большасць перакладаў за яго рабiла жонка
У апошнiя гады свайго жыцця Максiм Лужанiн займаўся тым, што прыводзiў да ладу творчую спадчыну жонкi. Яна пiсала ўсё жыццё, кожны дзень, але нiколi не друкавалася — у доме мусiў быць адзiн паэт. Таму i першая асобная кнiга выйшла, калi аўтарцы было 86 гадоў. Яшчэ ў адным Максiм Лужанiн хацеў аднавiць справядлiвасць. У ягонай бiблiяграфii шмат перакладаў класiкi на беларускую мову. Дык вось Яўгенiя Эргардаўна, выдатны стылiст, якая з дзяцiнства валодала рознымi мовамi, сапраўдны аўтар амаль усiх гэтых перакладаў, i «Клiма Самгiна» Горкага, i «Маладой гвардыi» Фадзеева, i «Гора ад розуму» Грыбаедава, i «Вiшнёвага саду» Чэхава, i твораў Байрана. Лужанiн тлумачыў, што падпiсваў пераклады сваiм прозвiшчам, бо як сябар Саюза пiсьменнiкаў меў куды вышэйшыя ганарары.Перанёс у Амерыцы iнфаркт
У 1968 годзе Максiм Лужанiн удзельнiчаў у рабоце XXIII сесii Генеральнай Асамблеi ААН. I раптам — iнфаркт. Лужанiн патрапiў у амерыканскi шпiталь, дзе яго паставiлi на ногi. Вiдаць, каб выправiць непрыемны казус, ён напiсаў твор «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», дзе апiсаў рэалii буржуазнай краiны вельмi змрочна, згадаўшы i расiзм у дачыненнi да чорнаскурай медсястры, i галадаючых iндзейцаў, i бяздомных жабракоў у ценi хмарачосаў.У 1970-х Лужанiн стаў заслужаным дзеячам культуры дзвюх краiн — БССР i Польскай Народнай Рэспублiкi.
Незадоўга да смерцi пераклаў «Чорнага чалавека» Ясенiна
I сам Максiм Лужанiн быў выдатным стылiстам, шмат зрабiў для развiцця беларускай мовы. У яго ёсць выдатныя вершы. Незадоўга да смерцi ён пераклаў верш Сяргея Ясенiна «Чорны чалавек». Атрымалася цудоўна.Памёр Максiм Лужанiн у 2001 годзе, не дажыўшы трох тыдняў да 92 гадоў. Месца для пахавання сябе i жонкi доўга выбiраў сам. Iх магiлы — на могiлках ля вёскi Паперня пад Мiнскам.
cultura@sb.by