Сімволіка печы ў народнай традыцыі
07.03.2009 01:00:00
* Тую ж самую двухсастаўную мадэль уяўляла сабой і печ (хаця на самай справе ў структурных адносінах печ мела тры гарызонты: падпечак, вусце і комін). Вусце печы, там дзе варылася ежа, сімвалізавала жыццё. Своеасаблівым сімвалам жыцця, чароўнай жар-птушкай, былі жывыя палаючыя вугалькі: “Поўны засечак красных яечак”, “Поўна карыта золатам наліта”. Іх загортвалі на ноч у спецыяльнае заглыбленне, а раніцай з малітвай віталі і распальвалі новы агонь. Існавала павер’е: калі за ноч агонь патухаў, то гэта было нядобрым знакам. Агонь у печы тушылі толькі ў выключных сітуацыях: калі ў хаце нехта паміраў або падчас эпідэміі ці мору хатняй жывёлы.
* Каб захаваць дабрабыт сям’і, дбайныя гаспадыні не пазычалі “агню” пасля заходу сонца. Калі трэба было “ажыўляць” новую хату, вугалькі прыносілі з печы старой хаты. Пры першым рытуальным купанні нованароджанага ў ваду клалі дзевяць вугельчыкаў — як надзейны сродак ад сурокаў.
* Печ заўсёды трымалі заслоненай. Асабліва гэта “залатое правіла” выконвалі тады, калі нехта збіраўся ў далёкую дарогу ці жанчыны пачыналі прасці, ткаць і т.д.
* Уважліва сачылі за тым, каб ніхто не садзіўся на печ, пакуль у ёй выпякаўся хлеб. Калі з печы вымалі хлеб, то на яго месца абавязкова клалі адно-два палены, каб “дабрабыт у хаце не пераводзіўся”.
* А яшчэ ў дзень святкавання святой Аўдакеі — у той дзень, калі пачыналі гукаць вясну, з лесу прыносілі сухое галлё і палілі ў печы. Лічылася, што тады вясна будзе хуткай і цёплай.
* Ніжні (падпечак) і верхні (комін) гарызонты печы былі звязаны са светам (дакладней, цемрай) продкаў. У падпечак вылівалі ваду, якой мылі нябожчыка. Комін лічылі своеасаблівым каналам сувязі з “тым” светам, светам продкаў. Калі чалавек паміраў, то ў печы адчынялі юшку, каб душа (д-ушка, тая самая юшка) лягчэй пакінула цела і ўзнеслася па коміну на Нябёсы. У дзень ушанавання продкаў юшку абавязкова адчынялі на ноч, каб душам продкаў было лёгка прыляцець і праведаць сваіх родных. Калі ж пачыналася навальніца, юшку зачынялі, каб засцерагчы хату і дамачадцаў ад нячыстай сілы і перуновых стрэл — маланак.
* Гэты кароткі экскурс у гісторыю традыцыйнай культуры і тлумачэнне сімволікі зон сялянскага жытла даюць магчымасць зразумець сэнс аднаго з самых першых рытуальных дзеянняў гаспадыні ў дзень гукання вясны: навошта першую “галушку” адразу ж кідалі назад у печ. Так, гэта было не што іншае, як абавязковая ахвяра продкам.
Пасля гэтага печыва з павагай складвалі ў кошык, накрывалі ручніком і ставілі на покуці, дзе яно захоўвалася да абеда, пакуль не распачнецца агульнавясковае выкананне абраду.