Руплівец на ніве фактаў
29.03.2012 21:00:00
Без архіўных адкрыццяў Віталя Скалабана немагчыма ўявіць гісторыю ХХ стагоддзя
Яго няма, а кнігі гісторыка выходзяць — значыць, справы Віталя Скалабана абганялі час. Ён шукаў і знаходзіў раней невядомыя дакументы і, як кажуць даследчыкі, уводзіў іх у навуковы ўжытак.
Неяк, наведваючы Віталя Уладзіміравіча ў яго кабінеце (яшчэ ў старым будынку Нацыянальнага архіва, што на вуліцы Кірава ў Мінску), я даўся дзіву, колькі на стале (і, вобразна кажучы, “пад сталом”) ляжала ў спадара Скалабана папак з падборам дакументаў пра розных дзеячаў нашай гісторыі мінулага стагоддзя.
Сёння ж я хачу сказаць колькі слоў пра Скалабана як пра чалавека, які ўсё жыццё прысвяціў гістарычнай навуцы, раскрыццю праўды.
Захапляючыся кругаглядам Віталя Уладзіміравіча, я спачатку яго дапякаў (а мо нават і ўпікаў): “Чаму ж вы, спадар Скалабан, не выдасце сваіх кніг?” І раптам кнігі, зборнікі дакументаў Скалабана ў апошнія гады сталі выходзіць! Магчыма, чытачы нават і не заўважаць пад вокладкамі імя ўкладальніка. Так, напрыклад, гісторык спрычыніўся да публікацыі мноства раней невядомых дакументаў пра Янку Купалу ў Поўным зборы твораў паэта (тамы 8-9, Мінск, 2002-2003). Але не памятаю, каб ён тым хваліўся. Неспадзяванкаю для мяне сталі і складзеныя Віталем Уладзіміравічам разам з Вячаславам Селяменевым кнігі з дакументамі “Купала і Колас, вы нас гадавалі”. Усяго іх мае быць тры.
Нядаўна ж у кнігарні ўбачыў яшчэ адну “цагліну”, якая выйшла з творчай “печы” Скалабана (над кнігай разам з ім увіхаўся гэткі ж руплівы архівіст Мікалай Токараў) — зборнік дакументаў і матэрыялаў “Інстытут беларускай культуры. 1922—1928”.
Адзіная вядомая мне кніга, дзе імя Скалабана вынесена на вокладку, — “Время и бремя архивов и имен” (Мінск, 2009). Тут сабраныя пад адной вокладкай нарысы пра літаратараў паводле архіўных дакументаў, надрукаваныя разам з Людмілай Рублеўскай у газеце “Советская Белоруссия”. Налічваецца з паўсотні артыкулаў, напісаных Скалабанам разам з журналістамі “СБ”, у тым ліку з аўтарам гэтых радкоў. Артыкулы пра невядомыя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, таямніцы жыццяпісаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, такіх супярэчлівых асоб, як Лаўрэнцій Цанава, Лукаш Бэндэ, пра лёс Крыжа Ефрасінні Полацкай папулярызавалі тую інфармацыю, якая раней была даступная толькі лічаным супрацоўнікам Нацыянальнага архіва Беларусі.
Спадар Скалабан на першай кнізе зборніка “Купала і Колас, вы нас гадавалі” пакінуў асабліва дарагі мне аўтограф: “Шаноўнаму Віктару Корбуту — на ўспамін пра сустрэчы ў Кульку і “СБ” — шчыра Віт. Скалабан. 11.10.2010”. Калі ж я вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце культуры (“Кульку”) і хадзіў на лекцыі Скалабана, то не мог і здагадвацца-марыць, што выкладчык стане маім калегам. І настаўнікам — чалавекам, які правільна зарыентаваў у гістарычнай навуцы.
З таго часу я жыву “паводле Скалабана” — можна сказаць, яго вачыма гляджу на кожнае новае гістарычнае даследаванне, гэтак жа крытычна стаўлюся да новых “фактаў”, якія з’яўляюцца ў кнігах, газетах пра падзеі мінуўшчыны. Бо, як вучыў Віталь Уладзіміравіч на лекцыях па архіўнай справе, аснова асноў гісторыі — дакумент. І ён прыносіў нам на лекцыі гэтыя дакументы. Не толькі копіі з Нацыянальнага архіва, дзе працаваў і меў доступ нават да папер з грыфам “Зусім сакрэтна”. Ён насіў “каштоўныя паперы” ў галаве. І без спасылкі на фонды, вопісы, справы і аркушы Скалабану можна было верыць: ён цытуе дакладна.
Скалабан, праўда, любіў недагаворваць: пачне пра нешта расказваць і раптам змоўкне. Ніколі не казаў лішняга. І выказваў толькі тыя меркаванні, у якіх быў упэўнены на 100 працэнтаў. Скалабан знаёміў з фактамі. А высновы мусіў рабіць чытач.
Я спадзяюся, што знойдуцца паслядоўнікі, якія працягнуць справу навукоўца. Мяркую, варты гэты чалавек і таго, каб у будынку Нацыянальнай бібліятэкі, дзе цяпер месціцца Нацыянальны архіў, з’явілася мемарыяльная дошка ў памяць Віталя Уладзіміравіча Скалабана. Гэта можа і мусіць зрабіць грамадскасць у памяць пра выдатнага даследчыка. Аднаго з тых, хто вяртаў нам гістарычную памяць.
Віктар Корбут