21 февраля телеканал «Беларусь 3» отпразднует Международный день родного языка. Что ждет зрителей
16.02.2024 07:34:00
Юлиана ЛЕОНОВИЧ
«Беларусь 3» адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы: што чакае гледачоў
У сераду, 21 лютага, у кожнага чалавека на гэтай планеце ёсць нагода для цудоўнага свята. Бо менавіта ў гэты дзень ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Галоўны культурны канал Белтэлерадыёкампаніі таксама далучыцца да незвычайнай міжнароднай акцыі. Цягам дня «Беларусь 3» прапануе сваёй аўдыторыі цікавы беларускамоўны кантэнт з лепшымі тэлепраектамі ўласнай вытворчасці, а таксама мастацкімі і дакументальнымі стужкамі на роднай мове. Акрамя таго, гледачоў чакаюць чарговыя выпускі пазнавальных праектаў, якія адлюстроўваюць самыя розныя бакі нашай культурнай спадчыны.
На першым плане
Для самых маленькіх у перадачах «Дабраранак» (пачатак у 7:00) і «Калыханка» (пачатак у 20:40) будуць паказаны мультфільмы вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». У 11:00 госцем праекта «Кадры жыцця» стане вядомы айчынны пісьменнік, сцэнарыст, рэжысёр Уладзімір Мароз. Ён распавядзе пра ўласны творчы шлях і падзеліцца сакрэтамі стварэння дакументальнага кіно. Мала хто ведае, што перад тым, як скончыць Літаратурны інстытут у Маскве і прыйсці ў дакументалістыку, Уладзімір Вікенцьевіч атрымаў яшчэ адну адукацыю. У 1975 годзе ён скончыў архітэктурны факультэт Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытута, некаторы час працаваў архітэктарам на «Інтэграле» і ў «Мінскпраекце».У 15:45 у эфіры сацыякультурнага тэлеканала пакажуць мастацкі фільм «Цераз могілкі» вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм», які ў 1994 годзе ўвайшоў у спіс 100 лепшых стужак пра вайну. Вядома, што рэжысёр Віктар Тураў, тады ўжо прызнаны майстар, даведаўся пра гэта выпадкова. Удава рэжысёра Тамара Турава ўзгадвала ў інтэрв’ю:
— Сітуацыя выйшла анекдатычная. Пра сваё міжнароднае прызнанне Віктар Цімафеевіч пачуў ад кагосьці з расійскіх калег, здаецца, гэта быў Сяргей Салаўёў. А ўжо праз год яго афіцыйна запрасілі ў Францыю як члена ганаровага камітэта кінематаграфістаў з нагоды святкавання стагоддзя сусветнага кіно. На «Беларусьфільме» гэтую навіну ўспрынялі з вялізным здзіўленнем...
Таксама не сакрэт, што амаль за кожны фільм Тураву даводзілася ўступаць у барацьбу, часта пачынаючы нават з назвы. Афішы з надпісам «Цераз могілкі», якія з’явіліся ў кінатэатрах напярэдадні 20-годдзя Вялікай Перамогі, некаторыя крытыкі палічылі ледзь не аплявухай у адрас народа-пераможцы. Пачынаўся фільм выразна: ад бяроз камера спускалася ўніз, да могілак, падрабязна спыняючыся на кожным магільным каменні. Настолькі падрабязна, што можна было прачытаць імёны ўсіх, хто знайшоў пад імі вечны спакой... У канчатковай версіі засталіся толькі верхавіны бяроз і агульны план. Але абараніць назву Тураву дапамаглі: у ЦК КПБ знайшоўся чалавек, які здолеў пераканаць чыноўнікаў ад кіно, што вобраз могілак тут зусім не прымяншае народнага подзвігу...
У цэнтры сюжэту стужкі — група беларускіх партызан, якія бяруць на сябе задачу па падрыве гітлераўскіх ваенных эшалонаў. У групу ўваходзяць вясковы стараста Сазон Іванавіч Кулік, 16-гадовы Міхась і былы механік Бугрэеў, які знаходзіць неабходныя прылады для падрыву. Утрох яны рыхтуюцца да чарговага акту партызанскага супраціву ў царкоўнай старожцы, але іх планы парушаюць гітлераўскія акупанты…
Ад прадзедаў спакон вякоў…
У 17:10 творчая група праграмы «Жывая спадчына» зладзіць фальклорную экспедыцыю ў аграгарадок Перароў Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласці, каб даведацца пра традыцыю вырабу прыпяцкага чоўна, што набыла статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Гледачы пазнаёмяцца ў тым ліку з вядомым майстрам Леанідам Шаўцом, які свой першы човен зрабіў у 1998 годзе. І вось ужо больш за 25 гадоў драўляная лодка спраўна служыць свайму гаспадару.Дарэчы, з кожным разам знайсці тых, хто перадае традыцыі, веды, тэхналогіі ды мову продкаў будучым пакаленням, усё цяжэй, не ўтойвае аўтар праграмы «Жывая спадчына» Надзея Габец:
— На вялікі жаль, застаецца ўсё меней тых, хто памятае і захоўвае традыцыі нашых продкаў. Бабулі ды дзядулі сыходзяць, моладзь з’язджае ў горад, няма каму працягваць справу… Напрыклад, калі мы рыхтавалі праграму пра культуру бандарніцтва ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, сутыкнуліся з праблемай: у жывых ужо не засталося тых майстроў, якія б рабілі бочкі спакон веку. У горадзе працуе дзіцячая школа, якая захоўвае і папулярызуе гэта народнае рамяство, але гэта зусім не тое… Таму нам давялося шукаць бондара не тое што ў Іванаўскім раёне — па ўсёй Брэсцкай вобласці! Каб толькі пабачыць тыя сапраўдныя драўляныя нарыхтоўкі…
Адразу пасля «Жывой спадчыны» ў сваёй аўтарскай праграме «Люблю і памятаю» Уладзімір Арлоў успомніць дырыжора народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Таксама на працягу ўсяго святочнага дня ў міжпраграмных перапынках на тэлеканале «Беларусь 3» будуць гучаць вершы класікаў — Уладзіміра Караткевіча, Аркадзя Куляшова, Сяргея Грахоўскага, байкі Кандрата Крапівы ў выкананні прадстаўнікоў беларускай культуры.
leonovich@sb.by